Новая кніга гісторыка-біяграфічных нарысаў, роздумаў і літаратурных партрэтаў майго сябра з Маладзечна гісторыка літаратуры, краязнаўца і выдаўца Міхася Казлоўскага мае назоў “Галасы разбуджаных птушак”. У ёй 330 старонак і 76 фотаздымкаў, многія з якіх друкуюцца ўпершыню.
“Галасы разбуджаных птушак” — плён працы Міхася Казлоўскага за апошнія пяць гадоў. Як сказана ў анатацыі кнігі, у ёй аўтар распавядае пра навучальныя ўстановы Маладзечна, Радашковіч, Вілейкі, расказвае пра лёсы слаўных, але забытых дзеячаў былой Заходняй Беларусі, змяшчаецца іх ліставанне, даецца разгорнуты малюнак змагання за нацыянальныя правы беларускага народа.
І гэта сапраўды так. Аўтар вельмі цікава, далікатна, шчыра, на падставе новых знаходак, знаёміць тых, хто цікавіцца гісторыяй і каго хвалюе лёс нашай Бацькаўшчыны і яе знакамітых людзей з жыццём і творчасцю Аляксандра Уласава, Янкі Быліны, Адама Більдзюкевіча, Браніслава Туронка, Івана Козела, Адольфа Клімовіча, Вольгі Таполі, Рамана Семашкевіча, Генадзя Каханоўскага, Пётры Мірановіча і многіх іншых невядомых і малавядомых людзей нашай зямлі..
Апісваючы лёсы знакамітых беларусаў Заходняй Беларусі, аўтар не мог абыйсці і тых, хто нарадзіўся ці звязаў свой лёс з Беласточчынай. “Настаўнік” — так назваў адзін з артыкулаў кнігі Міхась Казлоўскі. І прысвечаны ён памяці Віктара Піліпавіча Казлоўскага, які быў для аўтара кнігі дзядзькам Віцем ці проста Піліпавічам. Але гэта быў надзвычайна разумны, адукаваны і чулы чалавек. У свой час ён скончыў Маладзечанскую гімназію імя Тамаша Зана, вучыўся ў Віленскай беларускай семінарыі. Яго настаўнікамі былі Франук Грышкевіч і Станіслаў Грынкевіч (абодва нарадзіліся на Беласточчыне). У канцы 1944 года Віктара Казлоўскага арыштавалі органы НКВД. І сядзеў ён у Мінску на Валадарцы не абы з кім, а са сваімі настаўнікамі Франуком Грышкевічам і Станіславам Грынкевічам. Вось як апісвае пра гэта Міхась Казлоўскі: “Аднойчы, як вялі на чарговы допыт, Франук Грышкевіч выскачыў у лесвічную пралётку. Так закончылася жыццё гэтага славутага паэта, вучонага, настаўніка. А было яму крыху больш за сорак. Перад адступленнем немцаў сябры параілі яму паехаць за мяжу. Адмовіўся. “Перад сваім народам я ні ў чым не вінаваты”, — быў адказ. Памыляўся. Віна яго была ў тым, што празмерна любіў Беларусь і свой народ, а такое не даравалі. Вельмі мужна вёў сябе ў турме Станіслаў Грынквіч, адзін з лідэраў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, аўтар шматлікіх літаратуразнаўчых, філасофскіх і медыцынскіх кніг, доктар –псіхіятар, які ў час вайны працаваў у Віленскай беларускай настаўніцкай семінарыі. Яго дапытваў сам міністр Дзяржбяспекі БССР Цанава. Кожны раз, вяртаючыся ў камеру, Грынкевіч гаварыў Віктару Казлоўскаму: “Мне, як спецыялісту, было б вельмі цікава назіраць, як паводзіць сябе чалавек у экстрымальных сітуацыях, каб не было так страшна”. Рэч у тым, што ў час допытаў яму выдзіралі жмутамі бараду, якая паспела адрасці ў турме, ставілі на доўгія гадзіны па стойцы “Зважай!”, садзілі на ножку табурэткі, змяшчалі ў карцэр, білі, тапталі, адным словам, здзекваліся, як маглі. А недзе ў пачатку 1945 года выклікалі на чарговы допыт, і назад у камеру ён ужо не вярнуўся”.
У кнізе Міхася Казлоўскага змешчаны таксама некаторыя запісы семінарыста Віктара Казлоўскага. У запісах ад 28 лістапада 1942 года чытаю: “Сёньня вельмі важная зьява ў нашым школьным жыцьці, а гэта ні больш ні меньш, як зьмена дырэктара. Нашага мілага, найлепшага із беларусаў Грышкевіча ад нас забіраюць, а даюць нам нейкага, на жыда падобнага, із гутаркай непрыемнай Карнюка. Калі апошнія словы гаварыў да нас Франук Грышкевіч як дырэктар, дык нейкі смутак агарнуў душу і цяжка зрабілася на сэрцы. Вось красамоўца дык красамоўца! Так шкода, ох, як шкода аддаваць такія каштоўнасьці, такі ідэал, але што зробіш, бо людзі ёсьць злыя і зараз вырвуць з рук тое, што саладзіла жыцьцё іншым”.
Дарэчы, Франук Грышкевіч быў не толькі дырэктарам, але і выкладчыкам беларускай літаратуры ў семінарыі. А яму на змену на пасаду дырэктара прыйшоў Антон Карнюк.
Ці не ўпершыню ў сваёй кнізе Міхась Казлоўскі ў артыкуле “Недаспяваная песня” згадаў пра Міколу Ільяшэвіча — роднага брата паэта Хведара Ільяшэвіча. Мікола Ільяшэвіч — скончыў Пражскі універсітэт, працаваў выкладчыкам у Віленскай беларускай гімназіі, выдаў кнігу “ Кароткі нарыс псіхалогіі”, падрыхтаваў і хацеў выдаць асобнаю кнігаю сваю грунтоўную працу “Беларусь як антрапагеаграфічная адзінка” (застаецца пакуль невядомай).
Мікола Ільяшэвіч у 1933 годзе сустрэў прыгожую і разумную дзяўчыну Ніну Алексяюк з Тапалян, што каля Міхалова з Беласточчыны, якая тады вучылася ў рускай гімназіі. Яны хацелі ўзяць шлюб, але здарылася бяда: 2 верасня 1934 года ва ўзросце 31 года Міколы не стала. На паховінах брата Хведар Ільяшэвіч знаёміцца з гэтай дзяўчынай і праз пэўны час яны пажаніліся. Як сцвярджае Алена Глагоўская, у іх было двое дзяцей — Марыя і Юрка. Цяпер дачка жыве ў Шчэціне і працуе неўролагам. Магчыма ў яе захоўваецца архіў бацькі і дзядзькі Міколы.
Нашчадкам слаўных крывічоў назваў у сваёй кнізе Міхась Казлоўскі слыннага сына зямлі беларускай Адольфа Клімовіча (1900-1970). Адольф Клімовіч — выдатны беларускі інжынер, журналіст, рэдактар, выдавец, лідэр Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Перад пачаткам Другой сусветнай вайны жыў у мястэчку Харошчы на Беласточчыне. А сюды з сям’ёй ён завітаў таму, што святаром тут служыў а. Віктар Шутовіч, родны дзядзька ягонай жонкі. У канцы 1939 годзе пераехаў у Вільню, дзе аднаўляў беларускае грамадскае і культурнае жыццё, разам з Адамам Станкевічам быў на прыёме ў прэзідэнта Літвы Смятоны.
14 жніўня 1952 Адольф Клімовіч быў арыштаваны савецкімі спецслужбамі і прыгавораны да расстрэлу. Але смерць Сталіна яго выратавала і расстрэл замянілі 25 гадамі. 20 верасня 1957 года з Інты ён вярнуўся на Беларусь. Спачатку жыў у Барысаве, пасля ў Вільні. Шмат рабіў дзеля беларускай справы, як сказала Ларыса Геніюш: “А ён да апошняга дня думаў пра свой народ, нешта ўсё хацеў зрабіць для культуры і нешта рабіў”.
Прачытаўшы кнігу Міхася Казлоўскага адкрыў для сябе яшчэ адно імя — Тодара Куніцкага. Аўтар з вялікім замілаваннем піша пра тое, як ён шукаў звесткі разам з Ленай Глагоўскай і, наогул, які гэта быў шчыры і здольны чалавек, юрыст, медык, гісторык, адзін з арганізатараў Беларускага студэнцкага саюза пры Віленскім універсітэце ў 1921 годзе. Памёр Тодар Куніцкі ў 1985 годзе ў Гданьску, дзе і пахаваны…
Разважаць над кнігаю Міхася Казлоўскага можна доўга. Ды і ён мае рацыю, калі адзін з раздзелаў кнігі назваў “Забытае рэха вяртаю”. Аўтар стварыў цэлую энцыклапедыю забытых беларускіх імёнаў, пра якіх мы павінны ведаць і шанаваць іх. Таму рэха, дзякуючы аўтару, данесла да нас дзесяткі новых імёнаў нашых суайчыннікаў, якія шчыра і самаадданана служылі
Беларусі і яе людзям. Пра кожнага героя кнігі Міхася Казлоўскага можна пісаць асобныя манаграфіі, выдаваць іх творы, ставіць ім помнікі. Але верыцца, што іх галасы бясследна не знікнуць з рэхам у нашай гісторыі. Тыя беларусы, пра якіх напісаў Міхась Казлоўскі, як птушкі, баранілі сваё гняздо. Яны — гонар нашай Айчыны! І добра, што знайшоўся даследчык, які пра іх сабраў звесткі і выдаў такую каштоўную кнігу.
2006