ЯК Я ГЛЯНУ НА ТВОЙ НОС, ДЫК УСПОМНЮ ПРА СВОЙ ХВОСТ

Жыў сабе на сьвеце бедны селянiн. Яму ў жыцьцi не шанцавала. Гаспадарка ня ручыла, скацiна не вялася, дзецi хварэлi, жонка была сварлiвая i ў хаце быў заўсёды неспакой i звадка. Адно ў яго было шчасьце, што ён быў добры музыка i меў добрую скрыпку. Гэты чалавек любiў лес, поле, асаблiва свой шнюрок збожжа. Як толькi ў яго находзiлася вольная хвiлiна, ён браў сваю скрыпачку, выходзiў за гумно на ўзгорачак, садзiўся на каменьчыку i iграў на сваей скрыпачцы рознымi галасамi. Гукi яго галасiстай скрыпкi разносiлiся па полi, лесе i сенажацi, i адбiвалiся ад лесу цудоўным рэхам. Ён тады забываўся на сваю беднасьць, гора i на сваю язычлiвую жонку.

Аднаго разу, калi ён так iграў, з норкi выскачыла яшчарка. Калi скрьшачка выдавала жаласьлiвыя гукi, яшчарка стаяла спусьцiўшы галаву i слухала, а калi ён iграў вясёлыя танцы, дык яшчарка танцавала i датуль скакала, пакуль музыка ня пераставаў iграць, а за добрую iгру кажны раз яшчарка выплёўвала чырванца, ветлiва кланялася i хавалася iзноў у сваю норку. Час iдзе, а музыка прыходзе на гэта месца iграць. У яго ўжо i грошы завялiся, ён разбагацеў, i дома пачало шанцаваць: скацiна стала вясьцiся, дзецi перасталi хварэць i жонка паспакайнела. Цяпер толькi жонка прыставала да музыкi, каб сказаў, адкуль бяруцца ў яго грошы. Сьпярша ён маўчаў, але што раз яна горш прыставала i выпытвала i нарэшце не сьцярпела ды спытала:

— Цi ня красьцi ты ходзiш або можа забойствам займаешся?

I тады ён мусiў прызнаццца жонцы i расказаў ёй усю праўду. Жонка даведаўшыся праўду, пачала яго яшчэ горш лаяць i нехтаваць.

— Ды дзе-ж гэта вiдана, каб яшчарка давала чырванцы? Гэта яшчэ горш як зладзейства цi разбой. Гэта-ж мабыць нячысьцiк у выглядзе яшчаркi табе грошы дае. Ты, вiдаць, сам запрадаўся нячыстай сiле i нас усiх хочаш запрадаць.

А музыка спакойна адказвае:

— Я iграў сабе, каб разьвесялiць сваё гора, а калi яна паскакала i заплацiла мне чырванца, то й дзякуй ёй, я-ж у яе платы не дамагаўся.

Але жонка i слухаць не хацела, толькi крычыць:

— Трэба ратавацца ад нячыстай сiлы!

— Як-жа ратавацца? — кажа музыка. Жонка падумала i сказала:

— Вазьмi з сабой сякеру i iдзi iграць на тое самае месца, а калi яшчарка выскача з норкi, то тады вазьмi ды засячы сякерай.

Музыка паслухаў жонкi, узяў сякеру за пояс i скрыпачку ў рукi ды пашоў iграць. Сеў на каменьчыку, а сякеру выняў з-за пояса i паставiў ля ног. Калi пачаў iграць, то яшчарка, як i перш, выбегла i пачала танцаваць. Музыка ўспомнiў загад жонкi, але нiяк ня мог падняць сякеру на нявiнную вясёленькую яшчарку. Калi музыка скончыў iграць, яшчарка ветлiва пакланiлася, выплюнула чырванца i зьвярнулася да свае норкi, але ў гэты мамэнт музыка схапiў сякеру i сякануў па яшчарцы, але пасьпеў адсеч толькi хвост. Яшчарка тады як крутнулася назад, ды як падскочыла да твару музыкi i адкусiла яму нос, а сама спакойна зьвярнулася i спаважна палезла ў сваю норку, а музыка ўзяў сваю скрыпачку i пайшоў да хаты.

Пасьля гэтага ён доўга лячыў свой нос, доўга хадзiў па леках, растрацiў усё сваё багацьце. А калi абяднеў, то скацiна зноў ня стала вясьцiся, дзецi зноў сталi хварэць i жонка больш ранейшага стала грызьцiся. Музыка, каб разьвесялiць сваё гаротнае жыцьцё, пайшоў зноў на той самы камень iграць. I калi ён зайграў жаласную песьню, яшчарка зноў вылезла з свае норкi i стала спусьцiўшы галаву слухаць дзiўную музыку. А калi музыка iзноў зайграў вясёлыя танцы, дык яшчарка пусьцiлася ў скокi. Калi музыка перастаў iграць, яшчарка зноў пакланiлася, выплюнула чырванца i павярнулася ў сваю норку. Гэтак iзноў завялося сяброўства ў бязносага музыкi i бясхвостай яшчаркi. Музыка зноў стаў багацець.

Аднаго разу музыка, пасьля свае iгры i танцаў яшчаркi, пачаў перапрашаць яшчарку:

— Выбачай, мiлая яшчарка, што я, паслухаўшы сваей старой бабы, спаганiў тваю аздобу, адсекшы твой хвост.

А яшчарка кажа:

— Ат нiчога, я анi ня гневаюся на цябе за тваю распусту, а даўно забылася праз гэта: толькi: — Як я гляну на твой нос, дык успомню пра свой хвост.

Загрузка...