Быў сабе вол, баран, гусак i пеўнiк. Надыходзiла зiма, дык вол кажа:
— Ведаеце што? — зiма надыходзiць, холад будзе, — пастаўма хатку.
Дык тыя на яго як напалi:
— Выдумаў лiха знае што! Дык стаў сам, калi такi майстра. У нас ёсьць пер'е, у барана — воўна, то й не памерзьнем.
— Ну, як сабе хочаце, а я сваё зраблю.
Як тыя пайшлi, вол паставiў хатку, нанасiў сена, саломы й ляжыць сабе, як пан.
Вось надыйшла зiма з марозам. Прыбягаюць да яго пеўнiк, баран i гусак.
— Пусьцi нас, дзядзька, у хатку, бойся Бога, такi мароз, мы памерзьнем!
А гусак падняў ножку й кажа:
— Бач, дзядзька, якiя ў мяне ножкi чырвоныя! — зараз паадпадаюць.
— А вы, — кажа вол, — гультаi! Ня пушчу! Як хаткi, дык няма каму паставiць, а як пагрэцца, то ёсьць каму!
Але тыя як пачалi лемантаваць, прасiцца: «А мой дзядзечка, а мой ты такi, а мой сякi, а мой гэтакi!» — вол пашкадаваў i пусьцiў. Дык пеўнiк зараз палез на печ грэцца, гусак ходзячы па хаце ўсё тупоча, каб ногi разагрэць, баран лобам у сьцяну лупiць — грэецца, а вол есьцi iм варыць.
Ано-ж прыходзiць воўк, адчыняе ад хаткi дзьверы, а баран гэтта як вытне яму раз лобам, як не паправiць; гусак давай шчыпаць, вол рагамi, а певень на печы спалохаўся i ўсё крычыць: «Ка-ка-рэ-ку». Воўк як не панясецца наўцекi да сваiх i кажа:
— А мае-ж вы браткi, мае саколiкi, гэта-ж у лесе кавалi хатку паставiлi паўнютка кавалёў! Як увайшоў, дык адзiн як даў мне молатам, другi вiламi зялезнымi, а трэцi давай шчыпцамi цiснуць, а яшчэ адзiн нейдзе зь печы ўсё крычыць: «Ды падавайце-ж мне яго сюды! Ды падавайце-ж мне яго сюды!» Мала я не абамлеў. Маю я шчасьце, што гэтак ня было, бо, каб ня дай Божа, дык той, зь печы зьлезшы, чыста зь мяне скуру зьдзёр-бы.