ЗАЯЦ I ВОЖЫК

У вадзiн ясны сонечны дзень стаяў вожык каля дзьвярэй свайго дому, склаўшы рукi на жываце, i напяваў песеньку. Сьпяваў ён сваю песеньку, сьпяваў i раптам уздумаў: «Пайду я на поле ды на сваю бручку зiрну. Пакуль мая жонка дзяцей мые ды апранае, я пасьпею i ў поле схадзiць i вярнуцца дадому».

Пайшоў вожык i сустрэўся падарозе з зайцам, якi таксама йшоў у поле на сваю капусту паглядзець.

— Добры дзень, паважаны заяц! Як вы маецеся?

А заяц быў вельмi важны й горды. Замест таго, каб ветлiва прывiтацца з вожыкам, ён толькi кiўнуў галавою ды сказаў груба:

— Што гэта ты, вожык, так рана па полi лётаеш?

— Я на шпацыр выйшаў, — кажа вожык.

— На шпацыр? — запытаўся заяц насьмешлiва. — А па-мойму, на такiх кароценькiх ножках далёка ня зойдзеш.

Пакрыўдзiўся вожык за гэткiя словы. Ня любiў ён, калi гаварылi пра ягоныя ногi, якiя запраўды былi кароткiя ды крывыя.

— Цi ня думаеш ты, — запытаўся ён у зайца, — што твае ногi бегаюць хутчэй i лепш?

— Вядома, — адказаў заяц.

— А цi ня хочаш ты зы мною навыперадкi пабегчы? — пытаецца вожык.

— З табою навыперадкi? — кажа заяц. — Не сьмяшы ты мяне, калi ласка. Няўжо-ж ты на сваiх крывых нагах мяне абгонiш?

— А вось пабачым, — адказвае вожык. — Убачыш, што абганю.

— Ну, давай пабяжым, — кажа заяц.

— Пачакай, — адказвае вожык, — спачатку я схаджу дадому пасьнедаю, а праз паўгадзiны вярнуся на гэтае месца. Тады i пабяжым. Добра?

— Добра, — сказаў заяц.

Пайшоў вожык дадому. Iдзе й думае: «Заяц, вядома, хутчэй за мяне бегае. Але ён дурны, а я разумны. Я яго перахiтру».

Прышоў вожык дадому i кажа жонцы:

— Жонка, апранайся хутчэй, прыдзецца табе зы мною ў поле йсьцi.

— А што здарылася? — пытаецца вожычыха.

— Ды вось мы з зайцам паспрачалiся, хто хутчэй бегае — я цi ён. Я павiнен зайца абагнаць, а ты мне ў гэтай справе дапаможаш.

— Што ты — звар'яцеў? — зьдзiвiлася вожычыха. — Ён-жа цябе адразу перагонiць.

— Не твая справа, жонка, — сказаў вожык. — Апранайся хутчэй ды пойдзем. Я ведаю, што раблю.

Апранулася жонка ды пайшла з вожыкам у поле.

Падарозе вожык кажа жонцы:

— Мы пабяжым з зайцам вось па гэтым доўгiм полi. Заяц пабяжыць па аднэй баразьне, а я па другой. А ты, жонка, стань у канцы поля каля маёй баразны. Як толькi падбяжыць пад цябе заяц, ты крыкнi: «Я ўжо тут!». Зразумела?

— Зразумела, — адказвае жонка.

Так яны й зрабiлi. Завёў вожык жонку на канец свае баразны, а сам вярнуўся на тое месца, дзе пакiнуў зайца.

— Ну, што-ж — кажа заяц, — пабяжым?

— Пабяжым, — адказвае вожык.

Сталi яны кажны ў пачатку свае баразны.

— Раз, два, тры! — крыкнуў заяц.

I абодвы яны пабеглi з усiх ног.

Прабег вожык крокаў тры-чатыры, а потым цiхенька вярнуўся на сваё месца i сеў. Сядзiць ды адпачывае. А заяц усё бяжыць ды бяжыць. Дабег да канца свае баразны, а тут вожычыха яму i крычыць:

— Я ўжо тут!

А трэба сказаць, што вожык i вожычыха вельмi падобныя адзiн да другога. Зьдзiвiўся заяц, што вожык яго перагнаў.

— Пабяжым цяпер назад, — кажа ён вожыку. — Раз, два, тры!

I пусьцiўся заяц назад хутчэй. А вожычыха засталася сядзець на сваiм месцы.

Дабег заяц да пачатку баразны, а насустрач яму вожык крычыць:

— Я ўжо тут!

Яшчэ больш зьдзiвiўся заяц.

— Пабяжым яшчэ раз, — кажа ён вожыку.

— Добра, — адказвае вожык. — Калi хочаш, пабяжым яшчэ раз.

Так семдзесят тры разы бегаў заяц туды й назад.

А вожык усё яго пераганяў. Прыбяжыць заяц да пачатку баразны, а вожык крычыць: «Я ўжо тут».

На семдзесят чацьверты раз дабег заяц да сярэдзiны поля ды павалiўся на зямлю.

— Умарыўся, — кажа, — не магу больш бегаць.

— Вось бачыш цяпер, у каго ногi лепшыя?

Нiчога не адказаў заяц i пайшоў з поля — ледзь ногi пацягнуў.

А вожык з вожычыхай паклiкалi сваiх дзяцей i пашлi зь iмi на шпацыр.

Загрузка...