БАРАН БОК АБАДРАН

Быў раз дзед, а ў таго дзеда баран. I захацеў той дзед зарэзаць свайго барана. Толькi пачаў рэзаць, трошкi бок абадраў, а баран усхапiўся ды ўцёк i схаваўся ў лiсiную норку.

Прыйшла лiса ў норку, ажно там нехта сядзiць. Спужалася лiсiца i пытаецца:

— Хто там?

А баран ёй адказвае:

— Я баран, бок абадран, чатыры нагi, два рагi, — як дам рагамi, дык ты паляцiш уверх нагамi!

Лiсiца спужалася i пабегла ваўка прасiць.

— А воўчанька ты мой, а кумочак мой, — хадзi, памажы маёй бядзе, паглядзi, хто гэта ў мяне ў норцы сядзiць.

Паслухаў воўк лiсу, пайшоў зь ёю ў нару выганяць барана. Прыйшоў, ды сап, сап — носам нюхае.

— Хто там?

— Я баран, бок абадран, чатыры нагi, два рагi, — як дам рагамi, дык ты паляцiш уверх нагамi!

Воўк спужаўся ды ўцёк. Пайшлi яны зь лiсiцай ды к медзьвядзю, пачалi медзьвядзя прасiць:

— Мядзьведзiнка, бацiнка, — хадзi, памажы нашай бядзе, паглядзi, хто гэта ў лiсiнай норцы сядзiць.

Паслухаў мядзьведзь, пайшоў зь iмi да норкi, прыйшоў, ды пытаецца:

— А хто там? А баран яму:

— Я баран, бок абадран, чатыры нагi, два рагi, — як дам рагамi, дык ты паляцiш уверх нагамi!

Мядзьведзь спужаўся, ды ўцёк.

Iдуць яны, iдуць каля саду, ды бачаць — ляцiць пчолка. Давай яны гэтую пчолку прасiць.

— Пчолка, душачка, — хадзi, паглядзi, хто гэта ў лiсiнай норцы сядзiць.

Паляцела пчолка зь iмi, прыляцела i пытаецца:

— А хто там?

— Я баран, бок абадран, чатыры нагi, два рагi, — як дам рагамi, дык ты паляцiш уверх нагамi!

А пчолка ня спужалася, — у норку, ды давай кусаць барана за абарваны бок.

Баран спалохаўся, выскачыў з норкi, ды давай уцякаць.

Загрузка...