Жылi дзед i баба. Мелi яны сына i ката. Сына звалi Марцiнам, а ката Максiмам.
Памерлi дзед i баба. Застаўся Марцiн з катом Максiмам.
Марцiн гультай быў вялiкi, усё на печы ляжаў, а кот яду яму насiў: то птушку дзе зловiць, то каўбасу цi сала ў суседзяў украдзе…
Вось так жылi яны, жылi — згарэла хата, адна глiняная печ засталася.
— Што рабiць будзем? — пытаецца кот у гаспадара. — Трэба хату будаваць.
— Ат, — кажа Марцiн, — навошта нам хата? Хопiць i печы.
Пажылi яны з год на печы, а тут i печ развалiлася.
— Што рабiць будзем? — зноў пытаецца кот у гаспадара.
— Ты, — кажа Марцiн, — як сабе хочаш, а я надумаўся жанiцца: вазьму багатую жонку, яна мне пабудуе хату.
— Хто за такога гультая пойдзе замуж? — сьмяецца кот. — Ты-ж толькi любiш ляжаць на печы, у цябе i выгляд нечалавечы.
— Пойдзе! — кажа Марцiн. — Няма чаго сьмяяцца! Сама царэўна пойдзе. Iдзi, Марцiн, да цара. Скажы яму — так i так: пан Марцiн, па прозьвiшчу Глiнскi-Папялiнскi, сватаецца да тваёй дачкi. Ну i зрабi ўсё, як трэба: нагавары яму, што багацейшага за мяне пана ўва ўсiм царстве не знайсьцi…
— Цяжкую ты загадаў мне службу, пан Марцiн Глiнскi-Папялiнскi, — кажа кот.
— Нiчога, iдзi, а то папругi дастанеш! — пагразiў яму гаспадар.
— Ну што-ж, паспрабую шчасьця.
Нанасiў кот гультаю Марцiну яды ў запас, каб той з голаду не памёр, а сам выправiўся ў далёкую дарогу.
Iдзе ён, iдзе, прыходзiць у лес. Бяжыць насустрач заяц.
— Куды, кот, iдзеш? — пытаецца ён.
— Да цара.
— Чаго?
Кот падумаў i кажа:
— На суд…
— На якi суд?
— Праўды хачу дайсьцi.
— Якой праўды?
— А вось якой. Дзе што котка ўкрадзе або нашкодзiць — усё на ката звальваюць. Кот, кажуць, сьмятану зьлiзаў, кот сала ўкраў… А ката там i блiзка ня было. Не магу я пярпець такога паклёпу на сябе.
— Пайду хiба i я з табою! — кажа заяц.
— Чаго?
— Таксама на суд. Дзе што зайчыха зробiць — усё на зайца кажуць. Хто ў садзе прышчэпы папсаваў? Заяц! Каго сабакi ганяюць? Зайца! А там зусiм i ня заяц быў, а зайчыха. Не магу я такой няславы цярпець. Пайду да цара на суд.
— Дык што-ж ты — адзiн пойдзеш? -кажа кот. — Хто табе аднаму на судзе паверыць. Там трэба сьветкi мець.
— А ты чаму адзiн iдзеш?
— Ну, у мяне iншая справа. Там у мяне дзядзькi, бацькi, дзяды, браты жывуць. Усе па слову скажуць, мне i павераць. Вось каб ты набраў сотнi тры сьветак, тады можна сьмела iсьцi.
Як пакоцiцца заяц, як наробiць крыку на ўвесь лес:
— Дзядзькi, бацькi, дзяды, браты, бяжыце сюды!
Тут, як бачыш, з усiх бакоў пасыпалiся зайцы.
Назьбягалася iх цэлая чарада.
Прывёў кот Максiм зайцоў да царскiх палацаў. Бачыць — на дварэ вялiкi хлеў стаiць. Ён i кажа зайцам:
— Пачакайце вы ў гэтым хляве. Скончыцца мой суд, тады я вашу скаргу падам цару.
Зайцы паскакалi ў хлеў, а кот — бразь! — ды i зачынiў iх там на засаўку.
Iдзе ён да царскiх палацаў, падскокваючы, у лапкi плешчучы.
Узыходзiць на ганак, стукае ў дзьверы:
— Адчынiце!
Адчынiў яму салдат-вартавы.
— Чаго трэба? — пытаецца.
— Пакажы, дзе цар жыве.
Салдат паказаў.
Увайшоў кот Максiм у вялiкi пакой, а там цар сядзiць.
— Добры дзень, ваша вялiчаства-вымператарства!
— Добры дзень, каток! — адказвае цар. — Што скажаш?
— Ды вось прыслаў табе мой гаспадар пан Марцiн Глiнскi-Папялiнскi гасьцiнчыка.
— Дзе-ж той гасьцiнчык?
— У хляве.
Прыйшоў цар у хлеў, паглядзеў, а там поўна зайцоў, як зачынiць.
— Мусiць, дужа багаты твой гаспадар, калi гэтулькi зайцоў прыслаў? дзiвiцца цар. — Мусiць, у яго яшчэ больш ёсьць.
— Ён, панок-царок, такi багаты, што дай ты рады. Усяго ў яго многа, няма толькi гаспадынi ў пакоях. Прыслаў мяне тваю дачку сватаць.
Павёў цар ката ў палацы, накармiў, напаiў, ды яшчэ i на дарогу ў торбу даў. А пра дачку змаўчаў.
Вярнуўся кот Максiм дахаты. А яго гаспадар ледзьве дыхае: усе катовы запасы даўно паеў.
Разьвязаў кот торбу, дастаў адтуль усё, што з дарогi засталося, i пачаў кармiць гаспадара.
Акрыяў сяк-так пан Глiнскi-Папялiнскi ды пытаецца ў ката:
— Ну, што табе цар сказаў?
— Нiчога цiкавага, — кажа кот.
— Дык iдзi яшчэ раз да цара. Толькi нанасi мне больш яды ў запас.
Нанасiў кот яму яды, а сам зноў пайшоў да цара.
Прыходзiць у лес, а тут насустрач яму воўк:
— Куды iдзеш, кот?
— Да цара.
— Чаго?
— На суд.
I расказаў ваўку, на якi суд ён iдзе. Воўк кажа:
— Дык i я пайду з табою! Мяне таксама часта дарэмна лаяць.
— Аднаму табе суд не паверыць, — кажа кот.
— А ты чаму адзiн iдзеш?
— Што ты параўняўся зы мною. Мяне ўся царская радня ведае, а ад цябе навет сабакi ўцякаюць, калi дзе ўбачаць. У мяне там дзядзькi, бацькi, дзяды, браты…
— Дык што-ж мне рабiць?
Зьбяры сотнi тры сьветак, тады павераць.
Падскочыў воўк, аб зямлю стукнуў ды завыў на ўвесь лес:
— Дзядзькi, бацькi, дзяды, браты, бяжыце сюды!
Назьбiралася ваўкоў з усяго лесу.
Павёў iх кот Максiм да цара.
Прыходзяць на царскi двор. Нецярплiвыя ваўкi кажуць:
— Мы першыя пойдзем на суд.
— Не, — кажа кот, — мая скарга там даўно ляжыць. Як скончыцца мой суд, тады я падам вашу скаргу i вас паклiчу. А пакуль што пачакайце ў гэтым хляве.
Ваўкi падагнулi хвасты ды пацягнулiся ў хлеў. Як толькi зайшлi ўсе, кот бразь! — i зачынiў iх там. А сам падаўся ў палацы, у лапкi плешчучы.
Узыходзiць на ганак: стук, стук! Знаёмы салдат адчынiў яму. Кот проста да царскiх пакояў шыбае. Увайшоў да цара, добры дзень даў.
— Што скажаш, каток? — пытаецца цар.
— Так i так, — кажа кот Максiм, — прыслаў табе мой гаспадар пан Марцiн Глiнскi-Папялiнскi новы гасьцiнчык.
— Добра, — кажа цар.
Прыйшоў у хлеў, глядзiць, а там ваўкоў лiкам-нялiчана: i ў загарадках поўна набiта i яшчэ пад страхою, на вышках, процьма.
Загадаў цар ваўкоў пабiць, усiм слугам футры пашыць, а кату кажа:
— Перадай пану Глiнскаму-Папялiнскаму: няхай сам да мяне ў госьцi прыедзе.
Прыбег кот дахаты ўночы, задыхаўшыся. Пачаў тармасiць гаспадара. Ледзьве дабудзiўся.
— Уставай, — кажа, — я ад цара прыйшоў.
Раскатурхаўся сяк-так Глiнскi-Папялiнскi, пытаецца:
— Што цар сказаў?
— Сказаў, каб ты сам да яго ў госьцi ехаў.
Пачухаў Глiнскi-Папялiнскi патылiцу:
— У чым-жа я паеду? Я-ж голы, як бiзун.
— Нiчога, — кажа кот, — што-небудзь прыдумаем.
Сабралiся яны i бягом пабеглi да цара.
Бягуць, бачаць — недалёка ля гасьцiнца цэлае войска салдат сьпiць. Кот спынiў гаспадара.
— Пачакай, — кажа, — тут.
А сам крадкам пайшоў да войска. Назьнiмаў у сонных салдат шапак i напакаваў iмi два мяхi. Адзiн мех на плечы ўськiнуў, другi гаспадару даў. I пайшлi сабе далей.
Падыходзяць да рэчкi. Кату пiць захацелася. Паставiў ён мех ля мосту, гаспадара за каравульнага пакiнуў, а сам палез у рэчку ваду пiць. Напiўся вады, бачыць — паўзе рак у нару. Кот схапiў яго за вус i выкiнуў на бераг.
Рак пачаў прасiцца:
— Пусьцi мяне ў ваду. Можа, я табе таксама якую-небудзь службу саслужу.
Кот падумаў i кажа:
— Якую-ж ты мне можаш саслужыць службу?
— У вадзе, — кажа рак, — любую. Загадай, што хочаш, усё зраблю.
— Падкапай да ранiцы маставыя слупы, — загадаў кот.
— Добра, — кажа рак. — Гэта я магу.
Пусьцiў кот рака, i той адразу-ж ухапiўся за работу.
— А ты, — кажа кот Марцiну, — як толькi абвалiцца мост, раськiдай шапкi па вадзе i чакай мяне тут.
Сказаў кот гэтак, пераскочыў цераз мост ды пабег да цара ў палацы.
Прыбягае, дакладвае цару:
— Так i так, ваша вялiчаства-вымператарства… Ехаў да цябе ў госьцi мой гаспадар, пан Глiнскi-Папялiнскi, ды бяда здарылася: мост зламаўся, уся яго пяхота i коньнiца патапiлася, адзiн ён застаўся голы, бо абмундзiраваньне з вадою сплыло…
Тут цар сеў у карэту, ката з сабою пасадзiў, прыехаў да маста. Глядзiць, i праўда: толькi шапкi ад войска па вадзе плаваюць.
Паспачуваў цар пану Глiнскаму-Папялiнскаму ды загадаў лепшым сваiм краўцом i шаўцом пашыць яму новае абмундзiраваньне.
Як бачыш пашылi краўцы i шаўцы новае абмундзiраваньне. Адзеўся Глiнскi-Папялiнскi, прыхарашыўся i паехаў з царом у палацы.
Пагаманiў зь iм цар, пачаставаў, а потым i кажа:
— А цяпер хацеў-бы я паглядзець твой маёнтак: калi ты i праўда такi багаты, дык аддам за цябе дачку.
Спужаўся Глiнскi-Папялiнскi: якое-ж ён багацьце пакажа цару? Увесь яго маёнтак — адна глiняная печ, ды i тая развалiлася.
Пачуў пра гэта кот Максiм. Паклiкаў ён свайго гаспадара ўбок i шэпча яму:
— Ня бойся! Усё добра будзе.
Запраглi царскiя канюхi самых лепшых коней у самую лепшую карэту. Сеў цар у карэту i паехаў. А кот наперадзе пабег — дарогу паказваць.
Едзе цар, едзе, пад'яжджае да маёнтку Зьмея Гарынавiча. Кот наперадзе бяжыць. Бачыць: пастухi вялiкую чараду кароў пасуць. Падбягае ён да пастухоў.
— Чые вы? — пытаецца.
— Зьмея Гарынавiча.
Кот натапырыў вусы, грозны стаў:
— Не кажыце нiкому, што вы пастухi Зьмея Гарынавiча, а кажыце — Марцiна Глiнскага-Папялiнскага. Бо за мною ляцiць Гром зь Пяруном — ён заб'е вас.
Сказаў так кот Максiм i пабег далей. Сустракае вялiкую чараду коней. Падбег да канюхоў i пытаецца:
— Чые вы, канюхi?
— Зьмея Гарынавiча.
— Не кажыце, што вы Зьмея Гарынавiча, а кажыце — пана Глiнскага-Папялiнскага. Бо за мною ляцiць Гром зь Пяруном — ён заб'е вас.
Тым часам царская карэта з громам пад'ехала да пастухоў.
— Чые вы? — пытаецца ў iх цар.
— Пана Марцiна Глiнскага-Папялiнскага, — адказваюць пастухi.
— О, — дзiвiцца цар, багаты пан Глiнскi-Папялiнскi!
Гэтак-жа адказалi i канюхi.
Пакуль цар ехаў, кот прыбег у двор Зьмея Гарынавiча. Убачыў самога Зьмея i крычыць.
— Хавайся, Зьмей Гарынавiч! Едзе Гром зь Пяруном — ён цябе заб'е i на муку сатрэ.
Спужаўся Зьмей Гарынавiч:
— Куды-ж мне схавацца?
Кот паглядзеў i ўбачыў вялiкае дуплё ў старой лiпе.
— Лезь хутчэй сюды! — кажа Зьмею.
Залез Зьмей у дуплё, а кот забiў дуплё паленам ды яшчэ i глiнаю замазаў. Потым пабег да Зьмеевых слуг.
— Чые вы? — пытаецца.
— Зьмея Гарынавiча.
— Не кажыце нiкому, што Зьмея Гарынавiча, а кажыце, што пана Марцiна Глiнскага-Папялiнскага. Бо за мною ляцiць Гром зь Пяруном — ён заб'е вас.
— Добра, — кажуць напалоханыя слугi.
Прыехаў цар у маёнтак Зьмея Гарынавiча. Слугi кiнулiся сустракаць яго.
— Чый гэта маёнтак? — пытаецца цар.
— Пана Марцiна Глiнскага-Папялiнскага! — у вадзiн голас адказалi слугi.
— Ну, што-ж, — кажа цар, — сапраўды багаты пан Глiнскi-Папялiнскi. Аддам за яго дачку.
Тут цар вярнуўся ў свае палацы, паклiкаў музыкаў i загадаў iграць вясельле.
Усяго там было: хто хацеў, тое пiў i еў. I я там быў, еў i пiў, па барадзе цякло, а ў роце ня было.