ПАЛЯШУКI Й ПАЛЯВIКI

Было ў бацькi дванаццаць сыноў, усе рослыя ды ўдалыя хлопцы.

Жылi яны на вялiкай палянцы, мiж цёмнага лесу. Вялi там сваю гаспадарку, палявалi на дзiкiх зьвяроў i птушак.

Стары бацька, сiвы, як голуб, сядзеў сабе ў кажушку зiмой i ўлетку ды толькi камандаваў. I былi ў той сям'i лад ды згода.

Суседзi жылi ад iх далёка i не рабiлi iм шкоды, бо баялiся дружнай сям'i.

Пажанiлiся сыны, пайшлi ў iх свае дзецi. Вялiкая вырасла сям'я. Ды ўсе слухалi старога бацьку, i кажны рабiў сваю работу.

Але вось па некаторым часе памёр бацька, i пачалiся ў сям'i нялады. Жонкi братоў сварацца, адна адну заядаюць, — рады няма. Такая пайшла мiж iмi калатня, пгго й мужыкi нiчога зрабiць ня могуць. Крычаць жонкi, хочуць дзялiцца.

«Ну, што-ж, — думаюць браты, — трэба дзялiцца».

Пачалi дзялiцца. Ды справа гэта не такая й лёгкая, як iм здавалася. Сяк-так з крыкам ды зыкам падзялiлi дабро й жывёлу. А як дайшло да зямлi, дык тут ледзь адзiн аднаго не пазабiвалi: нiяк ня могуць падзялiць сваю палянку, каб нiкому крыўды ня было. Перасварылiся браты з-за зямлi i сталi адзiн аднаму ворагамi.

Толькi два малодшыя браты жылi мiж сабою ў вялiкай згодзе: куды адзiн, туды й другi. Не захацелi яны калацiцца з братамi за зямлю, пакiнулi бацькаву хату ды падалiся ў сьвет шукаць iншага прытулку.

Зрабiлi браты з двух дубоў вялiкiя санi, запрэглi ў iх шэсьць пар валоў, наклалi дабро, пасадзiлi жонак зь дзяцьмi ды паехалi на санях па пяску. А каровы i дробная жывёла ззаду за iмi пайшлi.

Працягнулi крыху валы дубовыя санi па пяску ды сталi, як укопаныя. Калёс тыя браты ня мелi i нiчога пра iх ня ведалi, бо нiкуды яны з свайго лесу ня толькi ўлетку, але i зiмою ня езьдзiлi.

Пачалi браты адпiлоўваць круглыя калодкi ды падкладваць пад палазы. Коцяцца калодкi, i санi паўзуць уперад.

Надакучыла меншаму брату падкладваць калодкi пад палазы, вось ён i кажа большаму:

— Давай зробiм такую прыладу, каб калодкi самi круцiлiся пад палазамi.

I зрабiлi яны першыя ў тым краi калёсы. Лёгка пайшлi цяпер валы, так што браты i самi паселi на воз. Едуць i дзiвяцца, як яны да гэтага часу абыходзiлiся без калёс.

Ехалi яны, ехалi, даехалi да вялiкай ракi. Агледзелi раку — усюды глыбока, нiдзе няма зручнага месца, каб пераехаць уброд. А тут такая навальнiца ўсхадзiлася, што лес, як зьвер, раве. Ломiць навальнiца дрэвы, як саломiнкi, ды шпурляе ў раку. Плывуць яны па вадзе цэлымi сьцiртамi.

Паглядзеў на iх малодшы брат, падумаў i здагадаўся, як перабрацца цераз раку.

Налавiлi яны з братам дрэў, ачысьцiлi гальлё, калоды зьвязалi адну з аднэй i зрабiлi моцны плыт. А як сьцiхла навальнiца, узьвезьлi свой воз на плыт. Самi стаяць на плыце ды кiруюць доўгiмi жэрдкамiбусакамi, а плыт плыве, як параход.

Убачылi каровы, што валы паплылi на другi бераг, кiнулiся ў раку ды за iмi наўздагон. Толькi свiньнi i авечкi не адважылiся скакаць у ваду. Стаяць на беразе, рохкаюць, мэкаюць. Вярнулiся потым браты з плытам назад i забралi iх.

Гэтак усе i пераправiлiся праз шырокую i глыбокую раку.

Паехалi яны далей i забралiся ў такую пушчу, што й канца ёй няма.

Пачалi браты церабiць прасекi ў пушчы ды масьцiць грэблi. Але дзе там! Чым далей, тым лес гусьцей, а ў iм такiя нетры, што й выбрацца нельга.

Большы брат змарыўся, аслабеў.

— Застануся, — кажа ён меншаму брату, — я тут, бо ня хопiць у мяне сiлы з гэтага лесу выцерабiцца.

I застаўся з сваёю сям'ёю жыць у лесе.

З таго часу i яго самога i ўвесь яго род пачалi зваць паляшукамi.

А малодшы брат не захацеў заставацца ў лесе. Быў ён дужы, як тур, i спадзяваўся на сваю сiлу. Ён адзiн церабiў прасекi, масьцiў грэблi i ехаў далей.

I да гэтых часоў засталiся яшчэ на Палесьсi тыя прасекi ды грэблi, што нарабiў малодшы брат.

Цi доўга ён так выбiраўся зь цёмнага лесу, цi не, але вось нарэшце пачалi трапляцца прагалiны ды палянкi зь пяскамi. Асеў малодшы брат на гэтых палянках, пачаў iх араць i сеяць збожжа.

I з таго часу празвалi яго самога i ўвесь яго род палявiкамi.

А потым размножылiся паляшукi й палявiкi, занялi новыя лясы i палi ды сталi добрымi суседзямi.

Так i цяпер жывуць.

Загрузка...