Жыў дзед i баба. I былi ў iх дочкi — дзедава дачка i бабiна дачка. Дзедаву дачку звалi Галя, а бабiну — Юля.
Баба сваю родную дачку песьцiла, даглядала, а дзедаву ў чорным целе трымала i ўсё шукала прычэпкi, каб iзь сьвету зьвесьцi.
Пайшоў аднойчы дзед на кiрмаш, купiў бычка-трацячка. Прывёў дахаты i кажа дочкам:
— Будзеце пасьвiць яго па чарзе — адна дзень i другая дзень.
Пагнала ў першы дзень бычка на пашу дзедава дачка. Злая мачыха дала ёй верацяно i мех кудзелi.
— Глядзi, — кажа, — каб за дзень усю кудзелю спрала, кросны выткала, палатно выбялiла i ўвечары дамоў прынесла. А калi ня зробiш — ня жыць табе.
Вывела Галя бычка з хлява, пагладзiла па шыi i пагнала на пашу. Гонiць, а сама горкiмi сьлязьмi залiваецца.
Бычок пытаецца:
— Дзеўка-дзявiца, русая касiца, чаго плачаш?
— Як-жа мне ня плакаць, бычок? Загадала мне мачыха гэты мех кудзелi спрасьцi, кросны выткаць, палатно выбялiць i ўвечары дамоў прынесьцi… Цi-ж зраблю я за дзень такую работу?
— Ня плач, — адказвае бычок, — ганi мяне на шаўковую травiцу, на сьвежую расiцу, там мы што-небудзь прыдумаем.
Прыгнала Галя бычка на шаўковую травiцу, на сьвежую расiцу. Наеўся бычок, напасьвiўся, а потым i кажа:
— Цяпер кладзi мне ў правае вуха кудзелю i верацяно. А сама хукнi ў левае вуха i глядзi, што будзе.
Палажыла Галя бычку ў правае вуха кудзелю i верацяно, хукнула ў левае вуха i глядзiць. Аж там — кудзеля прадзецца, кросны ткуцца, палатно белiцца i ў сувой скочваецца…
Як усё было зроблена, выняла Галя гатовы сувой палатна i вясёлая пагнала бычка дахаты.
Злая мачыха сустрэла яе на дварэ:
— Ну, што: спрала кудзелю?
— Спрала, — кажа Галя, i падала ёй гатовы сувой палатна.
Мачыха аж за галаву хашлася: такую работу зрабiла яе падчарка! А тут i суседкi прыйшлi — дзiвяцца, якое тонкае палатно выткала Галя. Усе хваляць яе, не нахваляцца.
Прыйшла чарга гнаць бычка бабiнай дачцэ Юлi. Дала ёй мацi верацяно i поўмяха кудзелi.
— Спрадзi, — кажа, — дачушка, гэтую кудзелю i вытчы палатно яшчэ лепшае, чым выткала твая няродная сястра. Хачу, каб цябе людзi хвалiлi, а не яе.
Узяла Юля тоўсты дубец i пагнала бычка. Гонiць ды ўсё хвошча яго дубцом. Бычок давай кiдацца туды-сюды, а Юля бегае за iм, кляне на чым сьвет стаiць. Бегала, бегала i верацяно згубiла.
Прыгнала яна сяк-так бычка на пусты выган, палажыла кудзелю, а сама спаць уклалася. Бычок узяў кудзелю, пабэрсаў нагамi i ўтаптаў у балота.
Прачнулася пад вечар Юля, глядзiць — кудзеля ў балоце ўтоптана… Схапiла яна дубец ды давай бычка бiць. Бычок пабег дахаты, i яна за iм з крыкам.
Дома мацi пытаецца ў яе:
— Ну, як, дачушка: зрабiла работу?
— Ды не, — кажа дачка.
— Чаму?
— Бычок вiнаваты. Празь яго я верацяно згубiла, а потым яшчэ ён i кудзелю маю ў балота ўтаптаў…
Узлавалася мачыха на бычка. Пайшла да дзеда i кажа:
— Зарэж, дзед, бычка!
— Цi ня здурэла ты, баба? — падзiвiўся дзед. — Навошта нам яго рэзаць?
Тут баба як затупае нагамi, як накiнецца на дзеда з кулакамi:
— Калi не зарэжаш, дык я цябе вон выганю разам з тваёй дачкою!
Нiчога не парадзiш — згадзiўся дзед зарэзаць бычка.
Пачула гэта Галя, пабегла ў хлеў да бычка, абкяла яго за шыю i залiлася сьлязьмi.
— Дзеўка-дзявiца, русая касiца, чаго ты плачаш? — пытаецца бычок.
Расказала яму Галя, што надумалася зрабiць злая мачыха.
— Ня плач, дзеўча, — кажа бычок. — Лепш паслухай, што я табе параю. Як зарэжуць мяне, вазьмi маю печань, i там знойдзеш залатое зярнятка. Пасадзi тое зярнятка ў садку каля хаты. Вось i ўсё.
Галя так i зрабiла, як сказаў бычок.
Вырасла зь зярняткi яблынька з залатымi яблыкамi.
Хто нi iдзе цi ня едзе каля садка — усе дзiвяцца з залатой яблынькi.
Ехаў аднойчы з вайны прыгожы малады гусар. Убачыў яблыньку i спынiўся. Працягнуў руку да яе, каб сарваць залаты яблык. А яблынька — дзын, дзын, дзын! — i паднялася ўгору. Апусьцiў гусар руку — яблынька зноў стала на сваё месца.
Убачыла гэта праз акно Галя i кажа да мачыхi:
— Пайду я сарву гэтаму прыгожаму гусару адзiн яблычак.
А мачыха як затупае на яе, як закрычыць:
— Я табе галаву сарву!
Схапiла яна Галю ды засадзiла пад карыта, а ў садок паслала Юлю: няхай, думае, лепш родная дачка сарве гэтаму гусару яблык, можа, ён закахаецца ў яе…
Падышла Юля да яблынькi, а тая — дзын, дзын, дзын! — i паднялася ўгору.
Узлавалася Юля на яблыньку, пачала яе лаяць апошнiмi словамi.
А тут якраз па дварэ хадзiў пеўнiк. Ускочыў ён на плот i кукарэкае:
— Ку-ка-рэ-ку! Дзедава дачка пад карытам схавана, а бабiна хоча яблыкi яе сарваць ды выйсьцi замуж за пана…
Пачуў гэта гусар, зьлез з каня i пайшоў у хату. Знайшоў там пад карытам дзедаву дачку. Як зiрнуў на яе, дык вачэй ня можа адарваць: так яна яму спадабалася.
— Дзеўка-дзявiца, — пакланiўся ёй гусар. — Сарвi мне на памяць залаты яблык з сваёй яблынькi.
Падышла Галя да яблынькi — i ўсе яблыкi ўпалi да яе ног.
Сабрала яна iх у прыпол, прынесла гусару. Гусар падхапiў яе, пасадзiў на каня побач з сабою i павёз да сваiх бацькоў.
Дома яны згулялi вясельле i сталi жыць-пажываць у згодзе ды ў ладзе. Нарадзiўся ў iх сын, ды такi прыгожы, што бацькi не наглядзяцца на яго.
Тым часам злая мачыха не магла спаць ад зайздрасьцi, чаму гусар не яе дачку, а дзедаву замуж узяў. I ўсё думала, як яе iзь сьвету зьвесьцi.
Аднаго разу кажа яна сваёй дачцэ:
— Схадзi ты, дачушка, да сястры ў госьцi. Паклiч яе з сабою купацца ды ўтапi…
Паслухала Юля маткi, пайшла ў госьцi да сястры. Падгаварыла яе купацца. На рэчцы кажа ёй:
— Сядзь ты, сястрыца, на кладцы, я табе плечы памыю.
Села Галя на кладцы, а Юля ськiнула яе ў ваду i пабегла дахаты.
Чакаюць дома Галю — няма. Малы сын плача, нiхто суцешыць ня можа. Узяла яго нянька на рукi, пайшла ўздоўж рэчкi гукаючы:
— Галя, Галюся, твой маладзён плача, есьцi хоча. Куры сьпяць, гусi сьпяць, адзiн ён ня ўсыпаецца, маткi не дачакаецца…
I чуе яна голас з вады:
— Ой, цяжка мне выйсьцi да сына: камень ногi падбiвае, вада вочы залiвае…
Пачуў малы сынок матчын голас i яшчэ мацней заплакаў.
— Ой iду, сынок, ой бягу, — адгукаецца мацi. — Слухаць плач твой, сынок, не магу.
Выйшла мацi з вады, накармiла сына, ён i заснуў. А сама назад пайшла.
Вярнулася нянька дадому, расказала, што было каля рэчкi.
Назаўтра сам бацька ўзяў залаты яблык i сына ды пайшоў да рэчкi. Прыйшоў на бераг i гукае:
— Галя, Галюся, твой маладзён плача, есьцi хоча…
Пачула мацi плач сына i адказвае:
— Ой, iду, сынок, ой бягу: слухаць плач твой, сынок, не магу.
Выйшла яна на бераг, пакармiла сына, — ён i заснуў. Тады муж дастаў зь кiшэнi залаты яблык i даў жонцы. I як толькi ўкусiла яна залаты яблык — адразу апрытомнела.
Зарадаваўся муж, прывёў яе дадому. Сталi яны зноў жыць добра i шчасьлiва.
А злую мачыху i яе дачку больш да сябе i на парог ня пускалi.