КАРАЛЕВIЧ, ЧАРАЎНIК I ЯГОНАЯ ДАЧКА

У ваднаго караля быў маленькi сын, i хтосьцi яму сказаў, што ён зьгiне. Калi хлапец гэты падрос, то адзiн раз стаў прасiцца, каб яму дазволiлi пайсьцi на паляваньне. Кароль доўга яго ня пушчаў, але потым даў яму людзей, войска ды кажа:

— Ну, iдзi, сынку, пазабаўляйся. — А тым людзям загадаў, каб яго пiльнавалi.

Хадзiлi яны доўгi час па лесе, аж пад вечар убачыў той хлапец вельмi пекную птушку ды й пачаў за ёю ганяцца: ганяўся, ганяўся i заблудзiў. Ходзiць ён, ходзiць, аж узыйшоў на такi мост, што, калi iдзеш у вадзiн бок, мост топiцца ў ваду, калi iдзеш у другi, то таксама. Няма яму дзе дзецца. Нарэшце, падыходзiць да яго якiйсьцi чалавек ды й кажа:

— Я цябе даўно чакаю, хадзi за мною, я цябе вывяду на бераг. — Вывеў яго i кажа:

— Ну, цяпер хадзi за мною, я цябе завяду да хаты.

Завёў яго да свае хаты, загадаў даць пiць, есьць i кажа:

— Ляж спаць, а заўтра я табе дам працу: калi ты яе зробiш, то будзе добра, а калi ня зробiш, то будзе табе сьмерць.

Назаўтра яго збудзiў той чалавек, загадаў жонцы даць яму есьцi, а затым павёў на працу. Прыйшлi яны да лесу, а там ляжыць агромнiсты камень, вось той чалавек яму й кажа:

— Як ты зробiш за дзень у гэтым каменi дванаццаць пакояў, зусiм такiх, як трэба, толькi ключы аддаць, то добра, а калi не, то сьмерць цябе чакае.

I даў яму малаток ды долата, а сам пайшоў да дому.

Той хлапец падзюбаў, падзюбаў, бачыць, што нiчога ня зробiць, сеў ды й плача. Аж прыносiць яму таго чараўнiка дачка палудзень i кажа:

— Чаго ты плачаш?

— Ай, — кажа — плачу: казаў мне твой татуля зрабiць дванаццаць пакояў у каменi, а я — кажа, — ня дам i жаднае рады.

— Цiха, — кажа, — ня плач, сядзь i еш, я табе дапамагу.

А калi хлапец пасiлкаваўся, яна яму кажа:

— Ляж цяпер, сваё гора засьнi.

Лёг хлапец i зараз-жа заснуў, а яна клiкнула нячыстых духаў; як бачыш зрабiлi яны дванаццаць пакояў у каменi. Тады яна яго будзiць:

— Устань, — кажа — бо я адыходжу; на табе ключ; калi прыдзе мой татка-чараўнiк i запытае цябе, цi добра зрабiў, то скажы: усё добра, толькi адно вакенца крывое, бо калi скажаш, што ўсё добра, то будзе з табою кепска. А ключы ня йначай як яму ў рукi дай, бо калi дзе паложыш, то ён папсуе табе працу.

Пад вечар iдзе той чараўнiк да каралевiча i пытае:

— А, што, добра зрабiў?

— Добра, — кажа каралевiч, — толькi адно вакенца ў сенцах крыва стаiць.

Тады чараўнiк кажа:

— Ну, хлопча, добры зь цябе майстар, iдзi да хаты.

Ён зноў загадаў даць яму пiць, есьць i кажа:

— Заўтра я дам табе шчэ працу, калi ты яе зробiш, то будзе добра, калi-ж не, то сьмерць цябе чакае.

Той пайшоў, лёг i спаў аж да самага сьвету. Назаўтра рана збудзiў яго чараўнiк, загадаў даць пiць, есьцi, павёў да лесу, даў яму шкляную сякеру i кажа:

— Ну, калi ты за дзень зрубiш гэты лес, ацярэбiш яго i ў сажнi паскладаеш, то будзе добра, а калi не, то сьмерць цябе чакае.

Чараўнiк завярнуўся ды пайшоў дадому, а гэты хлапец секануў у дрэва, сякера высыпалася i няма чым рубаць. Сеў ён i плача. Аж у палудзень прыносiць тая самая есьцi i кажа:

— Чаго ты зноў плачаш?

— А як-жа мне ня плакаць, калi мяне твой татуля так нацiрае, што я цябе мо больш i не пабачу.

А яна яму кажа:

— Э, глупства, не бядуй, еш i ляж адпачыць, я табе дапамагу, але глядзi, каб ты аба мне не забыўся.

Тут-жа ён прырок ёй, што нiколi не забудзе. А пад'еўшы, палажыўся спаць. Яна тымчасам клiкнула сваiх памоцнiкаў, i ўвачавiдкi сажнi стаяць. Тады яна кажа:

— Уставай ужо, а калi прыдзе чараўнiк i запытае, цi добра зрабiў, то скажы: усё добра, толькi адна хвоя зламалася напалову. А не кажы, што я табе дапамагаю, бо ён цябе будзе пытаць.

Прыходзiць чараўнiк i пытае:

— А што, добра зрабiў?

— Добра, толькi адна хвоя зламалася напалову.

— О, — кажа — то ты, мусiць, лепшы майстар за мяне. Але цi не дапамагае табе дачка мая?

— Ы-ы, яшчэ, то не дапамагала, толькi прынясе палудзень, я зьем, i зараз яна iдзе назад.

— Ну, то йдзi дадому.

Завёў, напаiў, накармiў дасыта i кажа:

— Iдзi-ж спаць, бо заўтра зноў чакае цябе праца.

Назаўтра даў яму напарстак, завёў яго да возера ды й кажа:

— Вылi з возера за дзень усю ваду, а дно пясочкам жоўценькiм высып. Апрача таго, палiчы рыбаў, колькi будзе вялiкiх, i колькi малых.

Той вылiваў, вылiваў напарсткам ваду, але й знаку няма. Аж прыносiць тая есьцi, а ён плача.

— Чаго ты ўсё плачаш.

— А як-жа мне ня плакаць, то-ж казаў мне бацька твой напарсткам ваду вылiць, а я вылiваю i знаку няма.

— Э, глупства, я табе дапамагу, але памятай, каб ты мяне не забыўся.

Ён пад'еў i палажыўся спаць. Як бачыш, так вада вылiта, i дно жоўценькiм пясочкам пасыпана.

— Ну, устань, але памятай, калi прыдзе татуля i запытае, цi зрабiў, кажы зрабiў. — А рыбу палiчыў? — Палiчыў: большай трыста шэсьцьдзесят, а меншай ня зьлiчыў. Тады ён табе скажа, што гэта не твая праца, а мая, то ты не кажы, што гэта я зрабiла, бо было-б з табою кепска. Ну, а пасьля ён табе скажа, каб ты пазнаў, каторая табе абед насiла, а нас ёсьць сем, то над маёй галавою будзе муха лятаць; а другi раз — ззаду будзе кветачка ў мяне, а трэйцi раз — будзе на пазурку зялёная нiтачка. — Сказаўшы гэта, пайшла да хаты.

Неўзабаве прыходзiць чараўнiк i пытае:

— А што, зрабiў?

— Зрабiў.

— Рыбу аблiчыў?

— Аблiчыў: большай трыста шэсьцьдзесят, а меншай не аблiчыў.

— О, мусiць, то мая дачка зрабiла, а ня ты? — А ён:

— Не, — кажа, — далi-Бог не: яна толькi прынесла есьцi i зараз-жа пайшла.

— Ну, iдзi дадому, калi ты пазнаеш, каторая прыносiла табе палудзень, то я цябе ажаню зь ёю, а калi не — то галаву адарву.

Пайшлi. Прыходзiць, аж ён паставiў сем паненак, як адна, нiякае адмены нiдзе няма.

— Ну, — кажа — выбiрай.

Прыгледзеўся ён над катораю муха лятала i кажа:

— Вось гэта.

— Ну, добра, iдзi спаць.

На другi дзень вывяў зноў сем, як адну, i кажа:

— Выбiрай цяпер.

Так абыйшоў ён кругом, угледзiў белую кветачку i кажа:

— Гэта мая.

Чараўнiк толькi галавою пакруцiў i думае сабе: ну й хiтры-ж ты.

Назаўтра выводзiць зноў сем галубiц, як адна, анiякае адмены, i кажа:

— Ну, хлопча, выбiрай, каторая табе палудзень насiла.

Хадзiў ён кругом, хадзiў i ўгледзеў на пазурку зялёную нiтачку, ды й кажа:

— Калi ня мыляюся, то гэта мая. А чараўнiк:

— Ну, — кажа, — ты лепшы штукар за мяне.

Назаўтра iх ажанiў i загадаў, каб матка пiльнавала, каб часам яны не паўцякалi. А нявеста цiха кажа каралевiчу:

— Мы ўцячом, але паставiм дванаццаць зэдлiкаў, то гэтыя зэдлiкi будуць за мяне адказваць.

Так i зрабiлi, а самi наўцекача. Матка пытае:

— Галена, ты ёсьць?

— Ёсьць.

Так яна пытала дванаццаць разоў, а зэдлiкi адказвалi; запытала трынаццаты раз — цiха, дык яна як крыкне:

— Мужу, уставай — няма!

Тады чараўнiк кажа:

— Бяжы хутчэй, мацi, калi ўпусьцiла, ганi iх.

Мацi зрабiлася цёмнаю хмараю i гонiцца, а дачка тое пачула й кажа:

— Гонiць нас мацi, я стану вялiкiм лесам, а ты маленькаю птушачкаю, толькi ня дайся ёй ухапiць.

Вырас адразу вялiкi лес, а маленькая птушачка лятае ў iм. Пачала баба за птушкаю ганяцца: лятала, лятала, ды не ўхапiла. Вярнулася назад, чараўнiк пытае:

— А што ты бачыла?

— Так i так.

— А чаму ты ня брала, то-ж гэта яны, — ганi баба iзноў.

Баба зноў зрабiлася цёмнаю хмараю i гонiць, а дачка тое пачула й кажа:

— Ну, гонiцца зноў мацi, я зраблюся вялiкаю гарою, зарослаю церняю, а ты будзеш салавейчыкам, толькi ня дайся ёй ухапiць.

I стала адразу вялiкая гара, зарослая церняю, а салавейчык песьню сьпявае. Хмара надыйшла, стала баба за салавейчыкам хадзiць: хадзiла, хадзiла — ня дала рады прадзiраць гэтага церня калючага, завярнулася i паляцела, а яны далей уцякаюць. Прылятае да хаты, а ён:

— А што, бачыла?

— Так i так.

— Чаму ты, дурная баба, ня брала, то-ж гэта яны й былi. Ганi трэйцi раз, як знойдзеш, забiрай.

Узяла баба iз сабою тры гарэхi i зноў гонiць iх, а дачка пачула й кажа:

— Я буду возерам, а ты качуром — ня дайся-ж ты ёй ухапiць.

Прыляцела баба, хадзiла кругом возера i не ўхапiла.

— Ну, ты, — кажа, — мяне не шкадуеш, а я цябе шкадую: на табе, дачка, тры гарэхi, яны табе ў няшчасьцi дапамогуць.

А потым паляцела назад, а яны з гарэхамi — уцякаюць далей. Калi-ж падыйшлi блiзка да дому таго хлапца, яна й кажа:

— Я затрымаюся ў карчме, а ты iдзi дадому, толькi глядзi, каб цябе бацькi не цалавалi, бо ты аба мне зусiм забудзеш.

Ён зайшоў у хату, а бацькi з радасьцi давай яго цалаваць, дык ён i чыста забыўся. Пабыўшы крыху, гавораць яму, каб жанiўся. Дык ён i жэнiцца. Сабралася шмат народу, а чараўнiковая дачка раскусiла азiн гарэх i вынула зь яго сукню, як месяц, убралася й iдзе. А матка каралевiча, як пабачыла яе, пачала бедаваць, што тую пакiне. Клiкнула яна яе да пакою, дала ёй такога вiна, што яна выпiла i заснула. Зьнялi яны тады зь яе тую сукню i схавалi. Прачнулася яна — няма сукнi. Заплакала з гора i пайшла.

Аж на другi вечар зноў зьяжджаюцца госьцi, яна раскусiла другi гарэх, дастала зь яго сукню, як зоркi на небе, убралася i пайшла. Матка яго яе пабачыла, зноў таксама зрабiла. Тая назаўтра прачнулася, але што-ж зробiш? Заплакала зноў i пайшла. Iдзе, аж спатыкае нейкую старую бабу. Тая падыйшла да яе i пытае:

— Чаго ты, доньку, плачаш?

— Так i так; парадзь мне, бабка, што мне рабiць, я яго ад сьмерцi ратавала, а ён мяне забыў, хоць мы ўжо пажанiўшыся былi.

Тады бабка кажа:

— Убярыся ты ў кепскае адзеньне, напiшы лiст, занясi i палажы пад люстэрка, дзе ён чэшацца, а ўвечары ўбярыся i iдзi. — Яна так i зрабiла.

У вечары раскусiла яна гарэх, дастала сукню, як сонца, апранула на сябе i iдзе. А ён, прачытаўшы лiст, успомнiў яе, засмуцiўся моцна, выйшаў на вулiцу i стаў пiльнаваць. Пастаяў крыху, аж бачыць — iдзе. Пацалаваў яе, перапрасiў i йдуць разам да хаты, а людзi дзiвяцца, што гэта за яснасьць такая, аж вiдна, як удзень. Увайшлi, яна пакланiлася бацьком, расказалi, што было i, замест вясельля, зрабiлi толькi вялiкi баль.

На гэты баль i мяне клiкалi, казалi, каб я iм паказаў камэдыю, а я iм сказаў, каб мне далi шкляныя боты, з масла капялюш i папяровы сурдут. Музыка то зайграла, я хацеў пайсьцi танцаваць, але шкадаваў, каб не пабiлiся боты, ськiнуў iх i ўцёк, бо хацеў паказаць дома, што гэта за штука. Iшоў, iшоў, аж ноч занялася, лёг каля каменя начаваць. Дождж як пайшоў, чыста сурдут размок, я схапiўся i далей, а тут сонца як прыгрэла, капялюш растапiўся на галаве. Абуў боты шкляныя i iду, аж спаткнуўся на камень, а яны — дзын-дзын i пабiлiся. Тады я давай ужо йсьцi босы: iшоў, iшоў, прыйшоў на свой пасеў i тутка сеў. Байку вам сказаў, усё роўна як зьвязаў, а тыя ўсё жывуць, мёд вiно п'юць, мне затое, што стуль уцёк — не даюць.

Загрузка...