Жыў-быў цар-чараўнiк. Клiкнуў ён клiч па ўсяму царству: «Хто схаваецца ад мяне, таму поўцарства аддаю!». Знайшоўся такi ахвотнiк — Сiняя сьвiта налева пашыта. Прыходзiць ён да цара-чараўнiка:
— Я, — кажа, — бяруся схавацца так, што ты мяне ня знойдзеш.
— Добра, — кажа цар. — Калi схаваешся — поўцарства табе, а не — галава з плеч. Расьпiшыся.
Расьпiсаўся Сiняя сьвiта i давай хавацца. Перад царом стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полi бег шэрым зайцам.
Як бегчы, так бегчы — забег у трыдзевятае царства.
А ў тым царстве быў дужа вялiкi луг. Прыбег ён на той луг i перакiнуўся ў тры кветкi.
На другi дзень цар устаў, паглядзеў у свае чараўнiчыя кнiгi i кажа:
— Перада мною стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полi бег шэрым зайцам. Забег на вялiкi луг у трыдзевятае царства i перакiнуўся ў тры кветкi розных колераў.
Паклiкаў цар слуг i загадаў iм схадзiць у тое царства i прынесьцi зь вялiкага лугу тры кветкi розных колераў.
Пайшлi слугi. Доўга iшлi цi нядоўга, але дайшлi да вялiкага лугу, сарвалi тыя кветкi, загарнулi ў хустачку i прынесьлi цару.
Цар разгарнуў хустачку i сьмяецца:
— А што, Сiняя сьвiта, цi схаваўся ты ад мяне?
Сiняя сьвiта перакiнуўся ў чалавека i кажа:
— Дазволь мне, цар, схавацца яшчэ раз.
Цар дазволiў.
Сiняя сьвiта налева пашыта перад царом стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полi бег шэрым зайцам. Як бегчы, так бегчы, забег за трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства. А ў тым царстве быў такi мох, што зьверху балота, а пад нiзам возера. Зайшоў ён у мох, перакiнуўся рыбай-вокунем, забраўся на самае дно возера i сядзiць там.
Ранiцай цар устаў, паглядзеў у свае чараўнiчыя кнiгi i кажа:
— Перада мною стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полi бег шэрым зайцам. Забег за трыдзевяць зямель у трыдзесятае царства i схаваўся ў мохавым балоце, перакiнуўся ў рыбу-вокуня!
Загадаў цар сваiм слугам iсьцi ў трыдзесятае царства ачысьцiць мохавае балота i злавiць там вокуня.
Слугi так i зрабiлi: ачысьцiлi балота, закiнулi невады i злавiлi вокуня. Загарнулi яго ў хустачку, прынесьлi цару.
— Ну, што, Сiняя сьвiта налева пашыта, цi схаваўся ты ад мяне i другi раз? — сьмяецца цар.
Сiняя сьвiта перакiнуўся ў чалавека i кажа:
— Дазволь, цар, схавацца яшчэ раз.
Цар дазволiў.
Сiняя сьвiта перад царом стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полi бег шэрым зайцам. Як бегчы, так бегчы, забег у трыдзесятае царства, дзе расьце такi дуб, што карэньнi ў зямлi, а вяршыня ў небе. Улез ён на дуб, перакiнуўся iголкаю, зашыўся пад кару i сядзiць там. Прыляцела на дуб птушка Нагай, пачула нюхам, што пад карою чалавек сядзiць, ды пытаецца:
— Хто тут ёсьць?
— Я, — кажа Сiняя сьвiта.
— А чаго ты сюды залез?
— Дык вось, узяўся ад цара-чараўнiка схавацца, а нiяк не ўдаецца.
— Хочаш, я цябе схаваю?
— Схавай, добрая птушка. Век буду табе дзякаваць.
Птушка Нагай перакiнула яго пярынкаю, узяла пад крыло, занесла ў царскi палац i палажыла соннаму цару за пазуху.
Ранiцай цар устаў, памыўся, паглядзеў у чараўнiчую кнiгу i кажа:
— Перада мною стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полi бег шэрым зайцам, забег у трыдзесятае царства. Ёсьць у тым царстве дуб, што карэньнi ў зямлi, а вяршыня ў небе. Забраўся ён за яго кару i сядзiць там, перакiнуўшыся iголкаю.
Загадаў цар слугам сьпiлаваць дуб, пакалоць на дровы i спалiць.
Слугi так i зрабiлi, а Сiняй сьвiты не знайшлi. Прыходзяць i кажуць цару:
— Няма там Сiняй сьвiты.
— Як няма? — усхадзiўся цар. — Ня можа гэтага быць!
— Няма i ўсё, — кажуць слугi.
Выйшаў цар на ганак, пачаў клiкаць:
— Сiняя сьвiта налева пашыта, пакажыся!
— Зьбяры, — адказвае Сiняя сьвiта, — сваiх генэралаў, тады пакажуся.
Цар чуе голас Сiняй сьвiты, а ня ведае, адкуль iдзе той голас.
Круцiўся ён, круцiўся, усюды заглядваў, а Сiняя сьвiта, як вадой разьлiўся.
Ну, рабiць няма чаго, сабраў цар сваiх генэралаў. Выйшаў на ганак i зноў клiча:
— Сiняя сьвiта, пакажыся!
— Не, — чуе голас Сiняй сьвiты, — сьпярша пры генэралах адпiшы мне палавiну царства, тады пакажуся. Бо ты падманiш — я цябе ведаю!
Як не хацелася цару, а прыйшлося адпiсаць палавiну царства. Як толькi пры генэралах паставiў ён на ўказе сваю царскую пячатку, — з-за пазухi яго выпырхнула лёгкая пярынка i стала добрым малайцом.
— Вось i я! — кажа Сiняя сьвiта.
Схапiў ён той указ ды ў кiшэню. Перастаў тады цар-чараўнiк хованкамi займацца.