Жыў адзiн бедны чалавек з жонкаю. Нарадзiлася ў iх дачка. Прышлося спраўляць радзiны. А ў чалавека таго нi хлеба, нi да хлеба. Чым гасьцей частаваць?
Пайшоў бядняк на рэчку па ваду. Аж бачыць — ляжыць у кустох цялушачка. Ды такая слабая, што сама i ня ўстане.
Прынёс ён цялушачку дахаты i кажа жонцы:
— Давай зарэжам яе: будзе чым гасьцей пачаставаць.
Спадабалася жонцы цялушачка — такая рыжанькая ды лысенькая.
— Не, — адказвае яна, — хай лепш гадуецца.
— Дык яна-ж зусiм кволенькая. Яе, вiдаць, нехта знарок выгнаў, каб у хляве ня здохла.
— Нiчога, можа як i выгадуем. Падрасьце дачка — будзе ёй малако.
Паслухаў чалавек жонку, i пачалi яны гадаваць цялушачку.
Падужэла тая, расьце, як на дражджах. I дачка таксама расьце, як на дражджах. Ды такая разумнiца ўдалася, што i старыя ахвотна слухаюць яе.
Выгадавалася з лысенькай цялушкi слаўная карова.
Падрасла дзяўчынка, стала ёй сем гадоў, пачала сама пасьвiць карову.
Заглядзеўся аднойчы багаты сусед на карову бедняка.
— Адкуль у цябе такая добрая карова? — пытаецца.
Бядняк i разказаў яму ўсё, як было.
— Эгэ, — кажа багацей, — дык гэта-ж мая цялушка! Гэта я выгнаў яе — ня думаў, што яна на ногi ўстане. Не, тады я забяру сваю карову назад…
Зажурыўся бедны чалавек.
— Я-ж яе гадаваў, — кажа. — I яна цяпер мая.
Не згаджаецца багаты:
— Не аддасi дабром — пойдзем да пана на суд.
Што рабiць? Пайшлi да пана на суд.
Багаты падаў пану руку, прывiтаўся: вядома, багаты з багатым свае людзi. Пан кажа яму:
— Садзiся ў мяне.
Багаты сеў у крэсла, а бедны стаiць у парозе, шапку зьняўшы. Пан на яго i не глядзiць.
— Ну, што добрага скажаш? — пытаецца пан у багатага.
— Ды вось, пане, якая справа, — пачаў скардзiцца багаты. — Сем гадоў таму назад гэты чалавек забраў маю цялушачку i цяпер не аддае…
Выслухаў пан i бедняка. А потым кажа iм:
— Добра. Суд мой будзе такi. Я загадаю вам тры загадкi: што на сьвеце сыцей за ўсё, што на сьвеце саладзей за ўсё, што на сьвеце шпарчэй за ўсё? Хто адгадае, таму i застанецца карова. А цяпер iдзiце дахаты, падумаўце. Заўтра прыдзеце з адгадкамi.
Вярнуўся бедны чалавек дахаты, сеў i плача.
— Чаго ты, тата, плачаш? — пытаецца дачка.
— Ды так i так, — адказвае бацька. — Хоча багаты сусед адабраць у нас карову. Пайшлi мы зь iм да пана на суд. А той загадаў нам тры загадкi. Хто з нас адгадае, таму i карова застанецца. Дзе-ж мне адгадаць тыя загадкi!
— А якiя, тата, загадкi? — пытаецца дачка. Бацька сказаў.
— Нiчога, тата, ня турбуйся, — кажа дачка. — Кладзiся спаць. Ранiца за вечар мудрэйшая, заўтра што-небудзь прыдумаем.
А багаты прыйшоў дадому i радуецца.
— Ну, баба, карова будзе наша! Трэба нам з табою толькi адгадаць тры загадкi: што на сьвеце сыцей, што саладзей, i што шпарчэй?
— Вось, дзiва! — усьмiхнулася жонка. — Тут i адгадваць няма чаго. Сыцей за нашага рабога парсюка нiкога на сьвеце няма. Саладзей за лiпавы мёд ад нашых пчол таксама няма нiчога. А шпарчэй за нашага гнядога жарабца нiхто ня зможа бегчы: ён-жа як памчыцца, дык i вецер не дагонiць!
— Праўда, — згадзiўся мужык, — так я i скажу пану.
Назаўтра прыходзяць бедны з багатым да пана.
— Ну, што, адгадалi мае загадкi? — пытаецца пан.
Багаты выйшаў наперад:
— Ды тут i адгадваць няма чаго: няма нiкога i нiчога на сьвеце сыцей за майго рабога парсюка, саладзей — за лiпавы мёд ад маiх пчол i шпарчэй — за майго гнядога жарабца.
— А ты, — пытаецца пан бедняка, — адгадаў?
— Адгадаў, пане: няма нiчога сыцей за зямлю, бо яна ўсiх кормiць; няма нiчога саладзей за сон, бо хоць якое гора, а засьнеш дык i забудзешся; i няма нiчога шпарчэй за людзкiя думкi, бо сам ты яшчэ тут, а думкi ўжо далёка-далёка…
Правiльна адгадаў бядняк! Прышлося пану прысудзiць яму карову.
— Хто гэта цябе навучыў так адказваць на мае загадкi? — пытаецца пан у бедняка.
— Мая дачка-сямiгодка.
Зьдзiвiўся пан: ня можа таго быць, каб такая малая беднякова дачка адгадала яго загадкi! I захацелася яму паглядзець на разумную дзяўчынку. Прыехаў ён аднойчы да бедняка, а той якраз з жонкаю ў полi быў. Сустрэла пана беднякова дачка-сямiгодка.
— Дзяўчына, — пытаецца пан, — да чаго мне коней прывязаць?
Паглядзела дзяўчынка на санi i калёсы, што стаялi на дварэ, i кажа:
— Можаш да зiмы прывязаць, а можаш i да лета.
Пан i вочы вылупiў: як гэта можна коней прывязаць да зiмы або да лета? Сьмяеццца, вiдаць, зь яго гэтае дзяўчо?
— Ну, хоць да саней прывяжы, а хоць да калёс, — растлумачыла дзяўчынка.
Бачыць пан: беднякова дачка сапраўды надта разумная. Ня гонар гэта пану. Дачуюцца людзi, што яна разумнейшая за пана, тады хоць з маёнтку ўцякай.
Пагаварыў пан зь дзяўчынкай i паехаў, а ёй сказаў, каб увечары бацька да яго прыйшоў.
Прыйшоў увечары бядняк да пана.
— Нiчога, — кажа пан, — разумная твая дачка. Але я ўсё-ж разумнейшы.
Даў пан бедняку рэшата яек.
— На, — кажа, — занясi дачцы i скажы, каб яна пасадзiла на iх квактуху i вывела мне да заўтра куранят на сьнеданьне. А ня зробiць гэтага — загадаю бiзуноў даць.
Прыйшоў бацька дахаты засмучаны. Сеў на лаве i плача.
— Чаго ты, тата, плачаш? — пытаецца дачка.
— Ды вось, дачушка, бяда якая: загадаў табе пан новую загадку.
— Якую?
Бацька паказаў дачцы рэшата зь яйкамi.
— Сказаў, каб ты на гэтыя яйкi квактуху пасадзiла i вывела куранят да заўтра яму на сьнеданьне. Хiба-ж гэта можна зрабiць?
Дачка падумала i кажа:
— Нiчога, тата. Заўтра што-небудзь прыдумаем. А пакуль што бяры, мама, гэтыя яйкi, пячы яечню на вячэру.
Ранiцай дачка кажа бацьку:
— На табе, тата, гаршчок, iдзi да пана. Скажы, каб ён за дзень ляда высек, выкарчаваў i ўзараў, проса пасеяў, зжаў i змалацiў ды ў гэты гаршчок насыпаў куранят кармiць.
Пайшоў бацька да пана, падаў яму гаршчок i сказаў усё, як дачка загадала.
Пан паскуб вусы, паморшчыўся i кажа:
— Разумная твая дачка, ды я ўсё-ж разумнейшы!
Узяў ён тры сьцяблiнкi лёну, падаў бедняку:
— Скажы дачцы, каб яна да заўтра гэты лён сьцерла, спрала i выткала i пашыла мне зь яго кашулю.
Вярнуўся бацька дахаты засмучаны. Дачка пытаецца:
— Што сказаў табе пан?
Падаў бацька ёй тры сьцяблiнкi лёну i разказаў, што пан загадаў.
— Нiчога, — адказвае дачка, — кладзiся, тата, спаць, заўтра што-небудзь прыдумаем.
Назаўтра дае дачка бацьку тры кляновыя дубчыкi i кажа:
— Занясi пану i папрасi — няхай ён iх пасадзiць, за адну ноч вырасьцiць i зробiць снасьць для кроснаў, каб было на чым палатно яму для кашулi выткаць.
Пайшоў бядняк да пана, падаў тры дубчыкi i сказаў, як дачка навучыла.
Пачырванеў пан i кажа:
— Разумная твая дачка — нiчога ня скажаш. Ды я ўсё-ж разумнейшы! Перадай-жа ты ёй, каб яна да мяне нi пехатою прыйшла, нi на канi прыехала, ня голая i не адзетая i каб падарунак мне прынесла, а я каб ня мог яго прыняць. Калi зробiць усё гэта, то вазьму яе за дачку — вырасьце, панi будзе! А ня зробiць — дрэнна ёй будзе…
Вярнуўся бацька дахаты яшчэ больш засмучаны.
— Ну, што табе, тата, пан сказаў? — пытаецца дачка.
— Ды вось, дачушка, нарабiла ты сваiмi адгадкамi бяды i нам i сабе…
Расказаў ёй бацька, што пан загадаў.
— Нiчога, тата. Як-небудзь абдурыш пана i на гэты раз. Злавi ты мне толькi жывога зайца.
Пайшоў бацька ў лес, паставiў сiло i злавiў зайца.
Дачка закруцiлася ў рыбацкую сетку замест сукенкi, села на кiёк i паехала з зайцам да пана.
Пан стаiць на ганку i дзiвiцца: зноў перахiтрыла яго беднякова дачка! Узлаваўся ён i нацкаваў на яе сабак — думаў, тыя разарвуць разумнiцу. Дзяўчынка выпусьцiла з рук зайца — сабакi i памчалiся за iм.
Падышла яна да пана.
— Лавi, — кажа, — свой падарунак: вунь ён у лес пабег.
Прышлося пану ўзяць разумную дзяўчынку за дачку.
Паехаў неўзабаве пан за мяжу, а дзяўчынцы сказаў:
— Глядзi-ж, каб ты тут безь мяне ня судзiла маiх людзей, бо дрэнна табе будзе.
Засталася дзяўчынка адна ў маёнтку. Здарылася ў гэты час такая справа. Пайшлi два дзядзькi на кiрмаш. Адзiн купiў калёсы, другi — кабылу. Запрэглi кабылу ў калёсы i паехалi дамоў. Па дарозе спынiлiся адпачыць. Ляглi i паснулi. А як прачнулiся, бачаць: бегае ля калёс малое жарабятка. Дзядзькi заспрачалiся. Той, чые калёсы былi, кажа: «Жарабя маё, гэта мае калёсы ажарабiлiся!» А той, чыя кабыла, сваё даводзiць: «Не, жарабя маё, гэта мая кабыла ажарабiлася!»
Спрачалiся, спрачалiся ды вырашылi ехаць да пана на суд.
Прыехалi, а пана няма дома.
— Рассудзi хоць ты нас, — просяць дзядзькi прыёмную дачку.
Даведалася дзяўчынка, што ў iх за справа, i кажа:
— Няхай той з вас, чыя кабыла, выпража яе з калёс, ды вядзе ў руках, а той чые калёсы, кяхай цягне iх на сабе ў другi бок. За кiм жарабя пабяжыць, той яго i гаспадар.
Дзядзькi так i зрабiлi. Жарабя пабегла за кабылаю, на гэтым i спрэчка ў iх скончылася.
Вярнуўся пан з-за мяжы i дачуўся, што разумная дзяўчынка безь яго суды судзiла. Узлаваўся ён, нарабiў крыку:
— Што-ж ты не паслухала мяне? Цяпер ты не мая дачка. Бяры сабе з маёнтку, што пажадаеш, ды iдзi дахаты, каб я цябе больш ня бачыў!
— Добра, — кажа дзяўчынка, — але мне хочацца на адход цябе вiном пачаставаць.
— Частуй, — буркнў пан. — толькi хутчэй.
Напаiла яго дзяўчынка вiном, пан i заснуў бяз памяцi. Загадала яна тады слугам запрэгчы каня, палажыла пана ў карэту i павезла дахаты. Дома з бацькам зьняла яго з карэты ды перанесла ў сенцы на салому.
— Вось табе, — кажа, — пасьцель замест пярын. Ачухвайся тут.
Прачнуўся назаўтра пан, аглядаецца — дзе-ж гэта ён? Убачыў сваю прыёмную дачку, якую прагнаў, i пытаецца:
— Чаму я тут, у бруднай мужыцкай хаце, ляжу?
— Ты сам так захацеў, — сьмяецца дзяўчынка. — Ты сказаў мне: «Бяры сабе з маёнтка, што пажадаеш, ды iдзi дахаты». Я i ўзяла цябе. Уставай ды iдзi замест бацькi паншчыну адбываць. Ты мужык дужы, роботнiк зь цябе будзе нядрэнны.
Пачуўшы гэта, пан усхапiўся на ногi i так драпануў назад у свой маёнтак, што толькi яго i бачылi. Навет ад коней з карэтаю адрокся.