БРАТЫ-ПАЛЯЎНIЧЫЯ

Жылi-былi ў вадной вёсцы стары iз старою. Было ў iх тры сыны.

Слаўныя гэта былi хлопцы й добрыя работнiкi. Але найбольш за ўсё любiлi яны на паляваньне хадзiць.

Ды вось бяда: не шанцавала iм на паляваньнi. Бывала, што цэлы дзень па лесе ходзяць, а на вячэру нiчога i ня прынясуць.

«Вiдаць, зьвялiся зьвяры ў нашых лясох, — думаюць браты, — трэба было-б хiба нам куды-небудзь глыбей у пушчу падацца».

Вось аднаго разу пайшлi яны ўсе трое ў лес. Хадзiлi, з купiны на купiну пераскаквалi, па балотах i мхох адзiн за адным прабiралiся i не заўважылi, як ад дому далёка адыйшлi i з дарогi зьбiлiся.

Глядзяць браты — глухi лес кругом, нi дарожкi нiдзе, нi сьцяжынкi.

— Пойдзем, браты, куды вочы глядзяць, — кажа старэйшы брат.

I падалiся браты-паляўнiчыя проста цераз пушчу…

Доўга яны шлi, i вось прыходзяць, нарэшце, да вялiкага каменя. Iдзе ад таго каменя далей у лес сьцяжынка, а на каменi напiсана:

«Гэта сьцежка вядзе ў Вахрамеева царства. Шмат у тым царстве i зьвяроў i птушак, ды толькi паляўнiчыя туды па адным хадзiць павiнны».

— Ну, браты, здаецца, нам пашанцавала, — кажа старэйшы брат. — Пайду я першы ў Вахрамеева царства, паспрабую шчасьця. А вы мяне тут чакайце. Калi праз тры днi не вярнуся, — iдзеце мне на дапамогу.

Малодшыя браты згадзiлiся. Селi яны пад елкай, агонь расклалi, а старэйшы брат падаўся па вузкай сьцежцы ў лес.

Iдзе ён, а лес кругом гусьцейшым робiцца, усё цямнейшьм. I раптам выбягае на сьцежку вялiзны леў.

Схапiў старэйшы брат свой самастрэл, прыцэлiўся, а леў i кажа яму:

— Не забiвай мяне, паляўнiчы! Я дам табе за гэта сваё маладое дзiцянё. Прыйдзе час — яно табе ў бядзе дапаможа.

I выходзiць на сьцежку маленькае львянё. Зьдзiвiўся паляўнiчы.

— Добра, — кажа — ня буду цябе бiць.

I пайшоў далей, а львянё ўсьлед за iм пабегла. Прайшоў старэйшы брат крыху i бачыць — выходзiць на сьцежку вялiкi мядзьведзь.

Прыцэлiўся паляўнiчы, а мядзьведзь i кажа яму чалавечым голасам:

— Не забiвай мяне, чалавеча! Вазьмi лепш з сабою маё дзiцянё. Прыйдзе час — яно табе ў бядзе дапаможа.

I выходзiць з хмызьняку маленькi калматы мядзьведзiк.

Згадзiўся паляўнiчы й далей пайшоў, а мядзьведзiк зь львянём сьледам за iм бягуць.

Прайшоў крыху, а перад iм на сьцежцы вялiзны воўк стаiць. Зубы шчэрыць, вочы агеньчыкамi гараць.

«Ну, гэтага то ўжо застрэлю», — думае паляўнiчы.

А воўк просiцца ў яго:

— Пашкадуй мяне, паляўнiчы! Вазьмi лепш з сабою маё дзiцянё. Яно табе будзе час — у бядзе дапаможа.

I дае ён паляўнiчаму маленькага ваўка.

Iдзе паляўнiчы далей, а за iм трое зьверанят бягуць.

Настраляў паляўнiчы рознай дзiчыны, увечары адпачыць пад хвойкаю сеў. Расклаў агонь, пачаў дзiчыну смажыць.

«Павячэраю, — думае, — тады да братоў вярнуся i рэшту дзiчыны iм занясу».

Раптам зашумелi дрэвы, захiсталi вяршынямi. Сьвiст i грукат па лесе пайшоў.

Глядзiць паляўнiчы — ляцiць празь лес мiж дрэў Баба-Яга. Валасы матляюцца, спаднiца надзiмаецца, сама ў ступе сядзiць, памялом паганяе. Прыляцела й апусьцiлася недалёка каля агню.

— Фу! фу! — кажа. — Нешта вельмi-ж тут смажаным мясам пахне.

А паляўнiчы адрэзаў кавалак мяса ды й падае ёй.

— На, — кажа, — бабка, зьеш.

— Не, хлопча, — адказвае Баба-Яга. — Я да цябе падыйсьцi баюся. Бачыш ты, якiя каля цябе страшныя зьвяры сядзяць. Дай ты мне па пяць валаскоў iз сваей галавы ды з галоў тваiх зьвяроў, — тады я да цябе блiжэй падыйду.

Засьмяяўся паляўнiчы, даў ей пучок валаскоў, а Баба-Яга ўзяла валаскi i дзьмухнула на iх. I ператварыўся раптам старэйшы брат у вялiкi асмалены пень, а зьвяры — у пянькi крыху меншыя.

Баба-Яга тымчасам зарагатала, села ў ступу i назад паляцела.

Вось сядзяць малодшыя браты каля агню, чакаюць старэйшага. Тры днi мiнаюць — не варочаецца старэйшы брат.

— Трэба да яго на дапамогу йсьцi. Вiдаць, нешта нядобрае зь iм здарылася, — кажуць браты.

I пайшоў сярэднi брат старэйшага шукаць.

I здарылася зь iм усё тое-ж, што i iз старэйшым.

Застаўся ля каменя адзiн малодшы брат. Тры днi чакаў ён старэйшых. Потым ня вытрымаў — пайшоў iх шукаць.

Iдзе ён па сьцежцы, а дрэвы перад iм гольле апускаюць, дарогу загароджваюць. Шэпча яму лiсьце:

— Ня йдзi далей, бяда будзе!

— Не баюся нiчога, — адказвае малодшы брат, — вiдаць, з братамi маiмi й запраўды тут бяда здарылася. Хто-ж выратуе iх, калi ня я?

Iдзе малодшы брат па сьцежцы. Адзiн за адным яму па дарозе зьвяры трапляюцца, дзяцей сваiх яму аддаюць. А дрэвы шумяць жаласна, галiнкi скрыпяць журботна:

— Вярнiся, паляўнiчы, чакае цябе сьмерць лютая!

Сьмяецца паляўнiчы й далей iдзе.

Прыходзiць ён на палянку. Сеў, агонь расклаў. Глядзiць — побач два вогнiшчы патушаных, а вакол пнi асмаленыя стаяць.

«Цi ня тут толькi мае браты сядзелi?» — думае паляўнiчы.

I раптам чуе — шум, сьвiст, дрэвы гнуцца, кусты да зямлi сьхiляюцца, ляцiць Баба-Яга ў ступе, валасы матляюцца, спаднiца надзiмаецца, сама памялом сьлед замятае.

Прыляцела Баба-Яга, апусьцiлася на палянку.

— Добры дзень, хлапчына!

— Добры дзень, бабка, — адказвае паляўнiчы.

— Што гэта ў цябе так смачна смажаным пахне?

— Вазьмi, бабка, паеш, — кажа паляўнiчы i падае ёй кавалак мяса.

А Баба-Яга адказвае:

— Не, сынок, баюся я тваiх зьвяроў. Дай ты мне пяць валаскоў iз сваей галавы ды па пяць валаскоў iзь зьверанят, — тады падыйду.

— О, не, бабка, не на таго натрапiла, — адказвае паляўнiчы. — А ну, зьвераняткi мае, дапамажыце мне з бабкай паквiтавацца.

Кiнулiся зьвераняты на Бабу-Ягу.

Львянё яе за горла хапае, ваўчанё — за ногi, мядзьведзянё лапамi камечыць.

Напужалася Баба-Яга, запiшчэла, закрычала, загаласiла. А паляўнiчы й кажа:

— Цяпер я ведаю, што з маiмi братамi здарылася. Гэта твая работа. Кажы, што ты зь iмi зрабiла, а не, дык мае вартаўнiкi цябе жывую зьядуць.

Бачыць Баба-Яга, што няма рады ёй. Дзьмухнула яна на пнi — ажылi старэйшыя браты, ажылi й iхныя зьвяры.

Накiнулiся трое львянят, трое ваўчанят i трое мядзьведзянят на Бабу-Ягу i разарвалi яе на кавалкi.

Пачалi з таго часу браты сьмела ў пушчу на паляваньне хадзiць. Шмат дзiчыны ў ёй стралялi, шмат зьвяроў лавiлi, i добра жыць сталi.

Загрузка...