Жыў дзед, жыла бабка. Была ў iх курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкi ў чарапiцу ды паставiла на палiцу. Мышка бегла, хвосьцiкам махнула, чарапiца ўпала, яечкi пабiлiся.
Плача дзед, плача бабка, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскi ляцяць, сарокi трашчаць, гусi крычаць, сабакi брэшуць.
Iдзе воўк:
— Дзедка, бабка, чаго вы плачаце?
— Як-жа нам ня плакаць? Была ў нас курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкi ў чарапiцу ды паставiла на палiцу. Мышка бегла, хвосьцiкам махнула, чарапiца ўпала, яечкi пабiлiся.
I воўк завыў.
Iдзе мядзьведзь:
— Воўк, чаго выеш?
— Як-жа мне ня выць? Жыў дзед, жыла бабка. Была ў iх курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкi ў чарапiцу ды паставiла на палiцу. Мышка бегла, хвосьцiкам махнула, чарапiца ўпала, яечкi пабiлiся. Плача дзед, плача бабка, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскi ляцяць, сарокi трашчаць, гусi крычаць, сабакi брэшуць… А я брахаць ня ўмею, дык i завыў.
Выслухаў мядзьведзь казку i адарваў сабе хвост.
Так з таго часу i жыве з куртатым хвастом.