САБАКА I ВОЎК

Быў у ваднаго гаспадара сабака. Шчыра служыў ён гаспадару, ды не агледзеўся, як пастарэў. Горш сталi бачыць яго вочы, i цяжэй яму стала вартаваць гаспадарава дабро. Тады скупая гаспадыня перастала кармiць яго, а потым i зусiм пачала з двара праганяць.

«Чым так жыць, — думае сабака, — лепш няхай мяне воўк зьесьць».

Надумаўся ён i пайшоў у лес шукаць ваўка. Iдзе ён лесам, а тут насустрач i воўк бяжыць.

— Куды, сабака, iдзеш? — пытаецца воўк.

— Да цябе.

— Чаго?

— Зьеш ты мяне, воўча…

I расказаў ён ваўку пра сваю бяду.

Бачыць воўк, што сабака надта худы — яшчэ зубы паломiць, i кажа:

— Не, цяпер я цябе есьцi ня буду. Трэба, каб ты трохi патлусьцеў.

— Як-жа я патлусьцею, — кажа сабака, — калi мяне гаспадыня зусiм ня кормiць?

— Нiчога. Мы зробiм так, што яна цябе з ахвотаю будзе кармiць.

— Дзе там! — пакруцiў хвастом сабака. — Гаспадыня мая вельмi скупая.

— Слухай ты мяне, — кажа воўк. — Iдзi дадому i сядзi там на агародзе. Адвячоркам, як пачне цямнець, я прыбягу i ўхаплю лепшага гаспадаровага падсьвiнака. Ты наробiш брэху, пабяжыш за мною, i я табе аддам падсьвiнака. Гаспадар убачыць гэта i загадае гаспадынi добра кармiць цябе. А празь месяц, як патлусьцееш, — прыходзь да мяне, тады я цябе зьем.

Сабака падумаў i згадзiўся.

Адвячоркам прыбег воўк, ухапiў падсьвiнака i павалок цераз агароды.

Тут сабака як наробiць ляманту, як кiнецца за ваўком…

Пачуў гэта гаспадар, выскачыў з хаты, бачыць: воўк падсьвiнака валачэ цераз агароды, а сабака яго даганяе, адбiрае.

— Туйга! Туйга! — закрычаў гаспадар на ўсю сiлу. — Кусi яго, Лыска!

Воўк тым часам кiнуў падсьвiнака, а сам ходу ў лес.

— Малайчына, Лыска! — пахвалiў гаспадар сабаку, прывёў на кухню i загадаў жонцы кармiць яго.

Жыве Лыска прыпяваючы. А празь месяц зрабiўся такi тлусты, аж шэрсьць блiшчыць. I пра дагавор з ваўком забыўся.

Вось аднойчы сабралiся ў гаспадара госьцi. П'юць, гуляюць, песьнi сьпяваюць. Нямала тут i Лыску перапала — цэлую кучу касьцей пад стол яму накiдалi.

Наеўся Лыска ды выйшаў на двор — у сваю будку. Глядзiць — аж у будцы воўк чакае яго.

— Чаго ты тут? — зьдзiвiўся сабака.

— Па цябе прыйшоў, — адказвае воўк. — Памятаеш наш дагавор з табою?

Спалохаўся сабака — ня хочацца яму на воўчыя зубы трапляць. Вось ён i кажа:

— Ня еш ты мяне, воўк. Я цябе за гэта добра пачастую самаю смачнаю ядою.

— Адкуль-жа ты возьмеш?

— У майго гаспадара госьцi. Там пад сталом поўна касьцей — навет зь мясам. Хадзем!

— Баюся. Яшчэ заб'юць мяне там.

— Ня бойся, не заб'юць, — угаворвае сабака. — Я цябе правяду так, што нiхто i ня ўбачыць.

Згадзiўся воўк i пайшоў за сабакам.

Лыска пакiнуў яго ў сенцах, сам убег у хату, махнуў хвастом i патушыў лучыну.

— Цяпер бяжы пад стол, — паклiкаў ён ваўка. Воўк так i зрабiў.

Сабака накармiў ваўка, навет вiном напаiў. Сядзяць яны сабе пад сталом ды зюкаюць пацiху.

А тым часам госьцi засьпявалi вясёлыя песьнi.

Воўк слухаў, слухаў, ды кажа сабаку:

— Мне таксама сьпяваць хочацца.

— Маўчы лепш, — адказвае сабака.

Воўк памаўчаў крыху ды зноў за сваё:

— Ня вытрымаю, — кажа, — аж язык сьвярбiць, гэтак сьпяваць захацелася.

I зацягнуў на ўсю хату басам:

— Ау-ау!

А сабака таксама ня вытрымаў ды давай падпяваць яму:

— Гаў, гаў! Цяў, цяў!..

Пачулi гэта госьцi, ухапiлi хто качаргу, хто чапялу, набiлi ваўка i выкiнулi яго з хаты разам з сабакам.

Ачухаўся воўк i кажа сабаку:

— Ну i накармiў-жа ты мяне! Я табе не дарую гэтага.

— Сам вiнаваты, — кажа сабака. — Трэба было маўчаць.

— Не, — не згаджаецца воўк, — гэта ты вiнаваты. Навошта ты завёў мяне ў хату?

Спрачалiся яны, спрачалiся, нарэшце воўк кажа:

— Калi так, давай будзем ваяваць: хто каго зваюе, той таго i зьесьць. Зьбiрай сваё войска i прыходзь да мяне ў лес.

— Што-ж, — кажа сабака, — няхай будзе так.

Назаўтра ўзяў ён барана, ката i пеўня сабе ў памочнiкi ды пайшоў на вайну з ваўком.

А воўк запрасiў да сябе ў ваякi мядзьведзя, дзiка i зайца. Сабраў ён сваё войска, выйшаў на ўскраек лесу i чакае.

— Палезь ты, Мiхайла, — кажа ён да мядзьведзя, — на елку ды паглядзi, цi ня iдзе сабака iз сваiм войскам.

Мядзьведзь узьлез на елку, прыгледзеўся i кажа:

— Iдзе!

— Ну, дык злазь! — клiча воўк. — Будзем ваяваць.

— Не, ня зьлезу, — адказвае мядзьведзь.

— Чаму?

— Страшна.

— Што-ж там за войска такое, што ты гэтак спужаўся? — пытаецца воўк.

— Такое войска, што я нiколi i ня бачыў, — адказвае мядзьведзь калоцячыся. — Адзiн ваяка тоўсты i калматы, зь вiламi iдзе; другi — грозны, вусаты, ззаду пiку нясе; трэйцi — у шапачцы чырвонай, iз шпорамi на нагах, шабляю махае… Першы iдзе, галавою трасе ды ўсё крычыць: «Бэ! Я ўсiх пакалю, на вiлы пасаджу!» Другi сярдзiта чмыша, па бакох азiраецца i ўсё мармыча: «Мне, мне iх давай!» А трэйцi, ганарысты такi, крычыць: «Куды, куды iсьцi! Я адзiн усiх паб'ю!».

Дзiк пачуў гэта ды хутчэй у мох па самыя вушы зашыўся. А воўк бачыць, што не пасьпее схавацца, — стаў на заднiя лапы i стаiць. «Хавайся за мяне, — кажа ён пералалоханаму зайцу. — Яны падумаюць, што я — пень, i абмiнуць нас».

Прыходзiць сабака iз сваiм войскам, бачыць — нiдзе нiкога няма.

Тут якраз барану рогi засьвярбелi. Глядзiць ён — побач нейкi пень стаiць. Разагнаўся баран ды — трах! — рагамi ў пень. У ваўка ад гэтага i галава раскалолася. Павалiўся ён дагары ды ногi выцягнуў. Заяц выскачыў з-пад ваўка, але сабака згледзеў яго i адразу злавiў.

Дзiку ў гэты час, як на бяду, села муха на вуха. Паварушыў ён вухам, каб сагнаць яе, а кот падумаў, што там мыш. Кiнуўся туды ды давай мох разграбаць. Так i дзярэ дзiка вострымi кiпцюрамi! Цярпеў, цярпеў, дзiк, а потым усхапiўся ды наўцёкi…

Певень напужаўся дзiка, залопаў крыльлямi, узьляцеў на елку i нарабiў крыку:

— Куды, куды?

Мядзьведзь падумаў, што гэты самы грозны ваяка да яго дабiраецца, i залез iз страху аж на верхнi сук. Сук ня вытрымаў, зламаўся, мядзьведзь грукнуўся вобземлю i забiўся.

З таго часу больш i не сябруюць сабака з ваўком.

Загрузка...