Былi ў бацькi два сыны. Вырасьлi яны, як дубы, а бацьку ўсё няма палёгкi.
Большы, праўда старанны быў хлопец, ды вось бяда: змалку ўсё розныя пасткi майстраваў, а як падрос, дык дастаў сабе стрэльбу i не разлучаўся зь ёю. Людзi на работу iдуць, а ён стрэльбу на плячо ды шмыг у лес цi на балота. Цягаецца там увесь дзень, дахаты-ж з пустымi рукамi iдзе, галодны, як воўк. Топча лапцi, а прыбытку нiякага. Калi-ж часам i ўпалюе якое зайчанё, дык хутчэй нясе пану, каб той даў пораху.
Перш сварыўся на яго бацька, потым бачыць — нiчога не парадзiш, калi ў сына такая ахвота.
А меншы сын такi гультай удаўся, хоць ты яго з хаты ганi. Дзень i ноч сядзiць з вудаю на рэчцы, за гаспадарку-ж анi не бярэцца. Наловiць жменю пяшкуроў цi яршоў, — якая ад iх карысьць? Хiба што кату паласавацца.
Пачаў i на яго бацька сварыцца, што толькi час марна трацiць. Але меншы сын ня слухае бацькi, бо вядома, ахвота горш няволi.
А каб апраўдацца перад бацькам, што з пустымi рукамi прыходзяць, выдумляюць сыны розныя прычыны.
Стралец расказвае:
— Сяньня з самага ранку натрапiў я на чараду коз. Была там каза з казьлянятамi ды стары казёл барадаты. Але толькi я злажыўся, каб выстралiць, ажно ў казла, лiха на яго, у ноздрах восы заказыталi. Ён як чмыхнуў, дык цэлы рой восаў выляцеў з ноздраў. Давай тыя восы казу з казьлянятамi кусаць… Ну, яны i пасмалiлi, як шалёныя, у гушчар. Я за iмi. Выскачыў на палянку, а там стаiць на заднiх лапах вялiзны, як вол, мядзьведзь. Бурчыць сярдзiта ды абараняецца пярэднiмi лапамi ад чмялёў. Ну, думаю, гэта, вiдаць, толькi што выйшаў зь яго чмялiны рой. У такi час мядзьведзь вельмi злосны. Пабаяўся я страляць у яго, а хутчэй скокнуў на елку. Дык вось i сядзеў там, на елцы, увесь дзень, пакуль мядзьведзь ня сышоў…
Рыбак расказвае:
— Сяджу гэта я на беразе, цiкую за паплаўком. Раптам нейкi шчупачышча цоп за кручок — i на дно! Я за вудзiльна цягну, ажно жылы ў мяне трашчаць. Давалок да берагу, а шчупак вiль хвастом i будзь здароў… Бадай цябе! Закiнуў другi раз вуду. Зноў той шчупачышча папаўся. Падцягнуў яго да берагу, хацеў рукамi ўхапiць, ды ня ўстрымаўся i — шабулдых у ваду!.. Насiлу жывы выкарабкаўся.
Слухае бацька сыноў ды толькi галавою круцiць:
— Праўду бо людзi кажуць, што ў стральца дым густы, ды абед пусты, а рыбак як намочыцца, дык i рыбы яму не захочыцца.
Думаў, думаў бацька, як яму сыноў адвучыць ад благой прывычкi, але нiчога ня можа прыдумаць. Аднойчы зайшоў да яго стары жабрак i папрасiўся нанач.
Разгаварыўся бацька з жабраком, на сыноў паскардзiўся.
— Выгадаваў, — кажа, — дзяцей, а падмогi на старасьць нiякай. Бо, вядома, стралец страляе, а гаспадарка гуляе…
Выслухаў жабрак бацькаву скаргу i параiў, што яму зрабiць, каб прывучыць сыноў да гаспадаркi.
Назаўтра бацька кажа сыном:
— Вось што, сынкi, ёсьць у мяне адна далёкая радня. Пайду я да яе. А вы сабе жывiце, як хочаце.
Сабраўся i пайшоў.
Засталiся сыны гаспадарамi.
Доўга яны гаспадарылi цi нядоўга, але хутка дажылiся так, што няма чаго, як кажуць, i ў рот палажыць. Пачалi браты спрачацца, хто вiнаваты. Спрачалiся, а праўды так i не знайшлi.
Толькi вось празь некаторы час зноў зайшоў да iх той стары жабрак.
Ну, вядома, трэба пакармiць падарожнага чалавека. А ў братоў анi кавалка хлеба.
Стралец дакарае брата:
— Няхай-бы ты хоць якую людзкую рыбiну злавiў, каб было чым чужога чалавека прыняць.
Рыбак адказвае стральцу:
— Няхай-бы ты хоць якое казьлянё падстрэлiў…
Паслухаў iх жабрак i кажа:
— Дзякую вам, хлопчыкi, за клопат. Ёсьць у мяне хлеб, што добрыя людзi далi.
Дастаў ён з торбы хлеб, сала i пачаў частаваць стральца i рыбака. Сорамна iм прымаць пачостку ад жабрака, ды голад ня цётка.
Накiнулiся браты на жабракову торбу i як бачыш усю апрасталi.
— Чаму вы такiя бедныя? — пытаецца ў iх жабрак. — Хiба ў вас няшчасьце якое цi што?
Браты цяжка ўздыхнулi:
— Зусiм прапала наша гаспадарка…
— А як-жа вы раней жылi?
— Бацька гаспадарыў, дык хлеб i вёўся.
— А што ён, ваш бацька: малады цi стары?
— Ды зусiм стары ўжо…
— Вось бачыце, — кажа жабрак, — ён стары, ды гаспадаркаю кармiўся сам i вас кармiў. А вы маладыя, дужыя i бяз хлеба галееце…
Брыдка стала братом, радзей пачалi яны iз стрэльбай ды вудай цягацца, а больш гаспадаркай займацца.
Мiнуў год, i зажылi яны зноў, як трэба.
Тым часам вярнуўся бацька з гасьцей. Паглядзеў: гаспадарка як мае быць! Узрадаваўся ён i кажа да сыноў:
— Вось цяпер я магу спакойна i памiраць, бо бачу, што вы розуму набралiся: ловiце, страляеце i гаспадарку даглядаеце.