Жылi дзед i баба. Дзед у лес хадзiў дровы сячы, а баба дома была, пiрагi пякла.
Аднаго разу злавiў дзед у лесе дзiкага парсючка i прынёс яго дахаты. Харошы быў парсючок — стракаценькi ды паласаценькi.
Пачала баба парсючка кармiць — i цестам, i мукою, i сьвежаю травою.
Але, вядома, дзiк — яму жалудоў давай. Цягне яго ў лес па жалуды.
Нiчога ня зробiш, пачала яго баба ў лес пускаць, жалуды зьбiраць. Цэлы дзень ён у лесе гуляе, а нанач дахаты бяжыць. Такi добры парсючок быў!
Аднойчы бяжыць ён у лес, а насустрач яму галодны воўк.
— Парсюк-парсючок, дзiк-дзiчок, — кажа воўк, — я цябе зьем.
Парсючок хiтры быў, падумаў i адказвае:
— Ня еж мяне шэры воўк, лепш iдзi iз мною на жалудовую палянку: там чарада гусей ходзiць.
А воўк да гусей вельмi ахвочы. Паверыў ён дзiчку-парсючку i пайшоў за iм на жалудовую палянку.
На дарозе была вялiкая воўчая яма. Парсючок яе ведаў ды абыйшоў, а воўк бух у яму! I сядзiць там.
Назаўтра парсюк зноў пайшоў на жалудовую палянку.
Iдзе ды iдзе, сустракае яго лiсiца.
— Куды iдзеш, парсючок?
— Па жалуды.
— Вазьмi i мяне з сабою.
— Хадзем.
Iдуць яны, iдуць, падыйшлi да ямы. Парсючок абыйшоў яму, а лiсiца — бух! ваўку на галаву.
На трэйцi дзень сустракае парсюка заяц.
— Куды iдзеш, парсючок?
— Па жалуды.
— Вазьмi i мяне з сабою.
— Хадзем.
Дайшлi да ямы — i заяц туды паляцеў. Стала iх цяпер у яме трое: воўк, лiсiца i заяц.
Сядзяць яны ў яме, захацелi есьцi. Лiсiца кажа:
— Давайце крычаць: хто слабей крыкне, таго зьядзём.
Крыкнуў воўк — моцна.
Крыкнула лiсiца — таксама ня надта слаба.
Крыкнуў заяц — зусiм слаба: толькi пiскнуў.
Ну, яго i зьелi. Воўк усе косьцi паеў, а лiсiца кiшкi сабе ўзяла i ў пясок закапала.
Назаўтра ўзноў прагаладалiся. Лiсiца дастала кiшкi ды есьць патроху.
— Што гэта ты, кумка, ясi? — пытаецца воўк.
— Кiшкi.
— Дзе ты iх узяла?
— Лапаю сабе жывот распарола i дастала.
Воўк паверыў, распароў сабе кiпцюрамi жывот ды сканаў.
Лiсiца i яго зьела.
Прыляцеў да ямы дрозд. Лiсiца просiцца ў яго:
— Дрозьдзiк-драздок, вызвалi мяне зь ямы!
— Як-жа я цябе вызвалю?
— Накiдай у яму гальля, i я вылезу.
Дрозд накiдаў гальля, лiсiца вылезла зь ямы i кажа:
— Дрозьдзiк-драздок, вызвалiў ты мяне?
— Вызвалiў.
— Накармi-ж цяпер мяне.
— Як-жа я цябе накармлю?
— Вунь баба на поле iдзе, мiску блiноў кясе. Ты заляцi ёй наперад ды сядзь на дарозе.
— I ўсё?
— Усё.
Паляцеў дрозд i сеў пасярод дарогi. Баба ўбачыла дразда, паставiла мiску з блiнамi i кiнулася яго лавiць. А лiсiца схапiла блiны ды за кусты.
Наелася лiсiца блiноў, прыйшла к дразду:
— Дрозьдзiк-драздок, вызвалiў ты мяне?
— Вызвалiў.
— Накармiў?
— Накармiў.
— Цяпер напаi.
— Як-жа я цябе напаю?
— А вунь, бачыш, чалавек бочку зь пiвам вязе. Ты ўзьляцi на бочку ды дзяўбi затычку.
— I ўсё?
— Усё.
Паляцеў дрозд, сеў на бочку ды давай дзяўбсьцi затычку.
Убачыў гэта фурман, схапiў кол ды па дразду. Дрозд узьляцеў угару, а фурман з усяе сiлы — па бочцы! Бочка разьбiлася, пiва вылiлася. Цэлая лужына налiлася.
Паехаў чалавек, бядуючы, далей, а лiсiца напiлася пiва з лужыны, колькi ёй хацелася, ды пабегла да дразда:
— Дрозьдзiк-драздок, вызвалiў ты мяне?
— Вызвалiў.
— Накармiў?
— Накармiў.
— Напаiў?
— Напаiў.
— Цяпер пацеш ты мяне.
— Як-жа я цябе пацешу?
— А вунь на таку дзед з бабаю гарох малоцяць. Ляцi туды i садзiся на лоб то бабе, то дзеду.
— I ўсё?
— Усё.
Паляцеў дрозд на ток, сеў бабе на лоб. Убачыў дзед дразда ды — трах! цэпам. Але не па дразду, а па бабiным лобе. Дрозд фыркнуў i перасеў на дзедаў лоб. Тады баба з крыкам: «А кыш!» — бах цэпам дзеду ў лоб!..
Лiсiца аж качаецца ад сьмеху, пазiраючы, як дзед малоцiць бабiн лоб, а баба — дзедаў.
Набiлi яны сабе гузакоў, кiнулi малацьбу ды пайшлi дахаты прымочкi на лобе ставiць.
А дразду хоць-бы што — паляцеў сабе ў лес, пасьвiстваючы.