XI


Раніцай другога лістапада Міхаіл Андрэевіч Рылюк даведаўся, што з фронту ў Мінск на дапамогу Мінскаму Савету прыйшоў браняпоезд. Рылюк кватараваў каля Аляксандраўскага вакзала ў невялікім драўляным доміку, які належаў дэпоўскаму слесару Андрэю Белахвосту. Белахвост паведаміў яму пра браняпоезд і яшчэ сказаў, што браняпоезд спыніўся на мосце Палескай чыгункі і ўсе ягоныя гарматы і кулямёты накіраваны на горад.

— Нарэшце, — узрадаваўся Рылюк, — нарэшце ў нас, Андрэй, таксама ёсць сіла...

Ён, спяшаючыся, апрануўся і пайшоў на Петраградскую вуліцу, у Мінскі Савет. Па дарозе яго ўвесь час не пакідала радасць.

— Нарэшце мы зможам заткнуць раты крыкунам з «Камітэта выратавання рэвалюцыі», — думаў ён. — Жданаву з Калатухіным і ўсёй іхняй кампаніі надышоў канец. Хваліліся, што адным махам справяцца з бальшавікамі, крычалі, што бальшавікі сядзяць на накрыўцы каструлі, у якой ужо закіпела вада. Ажно самі сядзелі на гэтай накрыўцы...

У Мінскім Савеце ён сустрэўся з таварышамі з бальшавіцкай фракцыі, адразу ж спытаўся:

— Адкуль браняпоезд?

— З другой арміі. Камендант браняпоезда падпрапаршчык Пралыгін.

Усе былі радасныя, усе адчувалі, што з сённяшняга дня перавага ў сіле на баку бальшавікоў.

Рылюк адразу ж пайшоў у дэпо. Па дарозе, сустрэўшы двух маладых хлопцаў, мурзатых, закопчаных, відаць, памочнікаў машыніста, спытаўся:

— Дзе тут знайсці Голубева?

— Каля пакгаўза. Маршыруе са сваімі чырвонымі гвардзейцамі, — сказалі хлопцы.

На пляцы, на якім зусім не расла трава, але затое тлуста блішчала мазута і валяліся кавалкі наздраватага шлаку, рабочыя-дружыннікі займаліся страявой падрыхтоўкай. Апрануты яны былі хто ў што: у салдацкія шынялі, у марскія бушлаты, у кіцелі чыгуначнікаў, у шэрыя сялянскія світкі. Камандзір атрада Іосіф Голубеў, каржакаваты, плячысты, з цёмнымі заліхвацкімі вусамі, кончыкі якіх загіналіся ўгору, хадзіў уздоўж строю. Быў ён у чорнай бліскучай скуранцы, на баку, у вялікай драўлянай кабуры, вісеў маўзер. Яны паздароўкаліся, і Рылюк сказаў:

— Чуў пра браняпоезд, Пятровіч?

Голубеў кіўнуў галавой.

— Падмога падаспела ў самы раз. А наша задача зараз, Пятровіч, яшчэ болей узяць пад кантроль станцыю, усе цягнікі, што ідуць з фронту. Ні адна жывая душа не павінна праслізнуць у бок Петраграда да Керанскага. Дэмабілізаваных будзем прапускаць, але толькі без зброі.

— У нас мала народу. Усяго пяцьдзесят штыкоў, — спахмурнеў Голубеў. — Не хопіць сілы.

— Звяжамся з чыгуначным вузлом, з таварышам Чатырбокам. Яны дапамогуць. Першы рэвалюцыйны полк Мінскага Савета таксама павінен даць людзей.

— Ну тады дзела, — узрадаваўся Голубеў. — На замок возьмем станцыю... — Ён павярнуўся да свайго атрада, вясёлы, узбуджаны, крыкнуў:

— Перакур, хлопцы!

Дружыннікі адразу разбіліся на купкі. Востра запахла тытунёвым дымам.

— Скажы, добры чалавек, — падышоў да Рылюка пажылы чыгуначнік з трохлінейкай за плячыма, у салдацкім шынялі, у суконнай нямецкай шапцы з доўгім казырком, — ці доўга гэтая самая рэвалюцыя будзе працягвацца? Як думаеш: да калядаў справімся?

— А гэта ўжо ад нас саміх залежыць, — засмяяўся Рылюк. — Згуртуемся, ударым дружна, не дадзім буржуям апамятацца, сілу сабраць — тады і пераможам.

— Мне трэба, каб да калядаў усё скончылася, — строга сказаў пажылы чыгуначнік, варухнуўшы сівымі бровамі, — на каляды я свайго сына Ваську жаніць думаю. Васька! — паклікаў ён.

Падышоў хлопец гадоў дваццаці, высокі, кучаравы. У вялікіх, чырвоных ад ветру руках стрэльба, на нагах — самаробныя белыя буркі.

— Мой сын, — пахваліўся чыгуначнік. — Качагарам працуе, а хутка памочнікам машыніста будзе.

Хлопец глянуў на бацьку, на Рылюка, сарамяжна ўсміхнуўся і зноў адышоўся ўбок.

Неўзабаве з 1-га рэвалюцыйнага імя Мінскага Савета палка прыйшла да чыгуначнікаў падмога — ажно цэлая рота салдат. Рылюк вельмі ўзрадаваўся, што камандуе ротай ягоны стары знаёмы Іван Юшкоў.

— Ну і малайчына, — ціснуў Рылюк руку Юшкову. — Быць табе, Іван, генералам. Арол!

Юшкоў задаволена ўсміхаўся, прыгладжваў свае доўгія чорныя вусы. Ён таксама быў рады сустрэчы.

За апошнія тыдні ён пасушэў з твару, скура на шчоках пасмуглела, пацвярдзела, быццам увесь час абпякала яе сонца. У яго прарэзаўся звонкі камандзірскі голас, нечаканы нават для яго самога. Усё было добра ў Івана Юшкова, і толькі дзве рэчы вярэдзілі ягонае сэрца, асабліва ноччу, калі заставаўся ён сам-насам з цішынёй і цемрай. Першае: даўно ён не бачыў сваёй сям'і, жонкі, цяжка сумаваў па іх. Другое: усё часцей успамінаўся яму незабыўны звонкагалосы сябра — гармонік, які давялося кінуць у балоце каля вёскі Пагулянкі. Гэту страту перажываў ён так востра яшчэ і таму, што адчуваў — не пры яго сённяшнім чыне і пасадзе іграць на гармоніку. Свае ж таварышы, свае салдаты засмяюць. Але ні адна жывая душа не здагадвалася пра яго душэўныя пакуты, бо ён хутчэй бы памёр, чым сказаў каму хоць слоўца пра такое.

— Будзем, значыць, разам службу несці, Андрэевіч? — гаварыў ён, трасучы Рылюку руку. — Добра... добра... Са мной яшчэ адзін твой знаёмы ёсць. Ведаеш хто? Радзімовіч Кузьма.

— Зямляк! — узрадаваўся Рылюк. — А ну пакажы мне яго хутчэй.

— Ну і пахарашэў ты, хлопец, — гаварыў ён праз колькі хвілін, аглядаючы Кузьму з ног да галавы. — Плечы шырокія, вочы смелыя. Усе дзяўчаты твае будуць.

Кузьму было няёмка ад такіх слоў, ён моцна паціснуў Рылюку руку, сказаў наўмысна нізкім голасам:

— Я ж не нявеста, Міхаіл Андрэевіч, каб мяне гэтак хваліць. Салдату не фігура патрэбна, а сіла.

— Э, не кажы, — памахаў пальцам Рылюк. — Сіла сілаю, а гусару вусы ніколі не перашкаджалі...

Ён заўважыў Кузьмову разгубленасць і перамяніў гаворку, спытаўся:

— Дзе ж, хлопцы, калі не сакрэт, стаіць ваш полк?

— У бараках на Каломенскай плошчы. Насупраць будынка Савета, — адказаў Юшкоў.

— Запрашаю вас, хлопцы, вечарам да сябе. Чай піць будзем. Фронт успомнім. Нябось, засумавалі па фронце? — хітра прыжмурыўся Рылюк.

— Фронт не жонка, — усміхнуўся Юшкоў. — Па ім разумны чалавек не засумуе...

Увечары Кузьма з Юшковым пайшлі да Рылюка. Неслі з сабой бохан чорнага хлеба, некалькі сухіх воблік, сінявата-белы цукар у палатняным мяшэчку, бо няёмка было ісці ў госці з пустымі рукамі. Ледзь адышліся ад Аляксандраўскага вакзала, як з усіх бакоў Навалілася густая цемра. Карасінавыя ліхтары, што былі панатыканы на невысокіх драўляных слупках на скрыжаваннях вуліц, не гарэлі — нехта ўсе іх пабіў. Снегу тут было мала, а калі і ляжаў, то чорны, пасыпаны вугальным пылам, закураны паравозным дымам. Уздоўж вуліцы за штыкетнікамі, драўлянымі і металічнымі, стаялі невысокія, падобныя адна на адну хаткі. Рэдка ў якой з іх гарэла святло. Нарэшце ўсё-такі знайшлі тую хатку, у якой кватараваў Рылюк.

— Ну і цемра егіпецкая тут у вас, Андрэевіч, — сказаў Юшкоў, здымаючы з галавы папаху, жмурачы вочы. — Ледзь мы з Кузьмой ногі не паламалі. Трэба табе ў цэнтр горада перабірацца. Усё-такі ты ў бальшавікоў начальнік, а жывеш — бог ведае дзе.

Рылюк, вясёлы, па-хатняму апрануты, завіхаўся каля стала, на якім дыміўся медны бліскучы самавар, запрасіў сесці, закашляўся:

— Бальшавіцкі начальнік, кажаш. Вось, таму што начальнік, і жыву бліжэй да народа. А што цёмна на вуліцы — не бяда, Іван. Убяромся ў сілу — электрычныя ліхтары па ўсім Мінску запалім.

Ён, прыгнуўшыся, глянуў у нізкае маленькае акенца, за якім глуха чарнеў змрок:

— Позна ўжо, таму і цёмна. Французы і палякі такі час называюць часам паміж ваўком і сабакам.

Кузьма сеў на рыпучы драўляны ўслон, падкурчыў ногі, каб не так былі відны пабітыя брудныя боты, з цікаўнасцю аглядаў хатку. Была яна дужа бедная, але чыстая, акуратная. Сцены былі зусім голыя — паміж чорна-жоўтых патрэсканых бярвенняў віднеліся шнуркі шорсткага карычневага моху. У куце стаяла невялікая печ, зробленая на адну цагліну, з тоўстай жалезнай трубою, з кружкамі для чыгункоў, з пячуркай, у якой, скруціўшыся абаранкам, грэўся вялікі жоўты кот. Каля печы мясцілася драўляная шафа для посуду. Акрамя печы і шафы ў пакоі былі стол, два табурэты, нізкі ложак, пакрыты шэрай салдацкай коўдрай, паліца з кнігамі. Над сталом на сцяне вісеў партрэт прыгожай маладой жанчыны.

— Спартанскае ў мяне жыццё, хлопцы, — гаварыў Рылюк, калі селі за стол і пачалі піць чай з вялікіх металічных кубкаў. — У ссылках прывык. Але калі-небудзь такі раптам сум возьме, аж душу выверне — захочацца, ведаеце, хатняга цяпла, белай фіранкі, мяккай падушкі... Сум гэты я, вядома, адразу за шкірку і з душы — вон.

Ён усміхнуўся. Сівыя валасы яго серабрыліся, бялелі, як снег месячнай ноччу.

— А гэта хто? — спытаўся Кузьма і кіўнуў галавой на жанчыну на партрэце. Яна глядзела на ўсіх загадкава і трошкі сумна.

— Гэта мая жонка. — Рылюк чаранком лыжкі пачаў калоць цукар. — Ніна Іпалітаўна... Тут, у Мінску, на машынабудаўнічым заводзе працавала. Ведаеце завод фірмы «Якабсон, Ліўшыц і кампанія»? На ім мая Ніна свідравальшчыцай была. Пазнаёміліся мы, пакахаліся, пажаніліся і... у вясельнае падарожжа паехалі, у сібірскую ссылку. А там зноў ссылка — Урал, зноў Сібір... дзяцей некалі было завесці. Ніна мая ў партыю ўступіла, нелегальную літаратуру распаўсюджвала, дынаміт у сваім куфэрчыку хавала. А ў ссылцы пайшла ад мяне. Быў такі Бржазоўскі, паляк. Вясёлы, прыгожы паляк. Таксама ссыльны. Ну яна і пайшла ад мяне да яго, пакахала, значыць, гэтага Бржазоўская.

Ён змоўк. Кузьма адчуў, што кубак апякае пальцы. «Навошта я толькі пытаўся? — падумалася яму. — Гора чалавечае разварушыў...»

Але Рылюк ужо гаварыў пра Андрэя Белахвоста, у якога кватараваў.

— У Андрэя сям'і сем душ. Сам ён да любой работы здатны. Капейчыну не кране, дзецям і жонцы прынясе. А ўсё роўна: з хлеба на квас заўсёды перабіваецца. Тут у нас цэлая слабада рабочых-чыгуначнікаў. Дык, ведаеце, як яны канцы з канцамі зводзяць? З вёскай сувязь не парываюць. З іхняй радні нехта абавязкова ў вёсцы на сваёй паласе сядзіць. І вось яны ці араць, ці сеяць, ці жаць — на дзянёк-другі ў вёску пад'едуць. Ну, а адтуль на чорны дзень бульбачкі сабе прывязуць. Так і жывуць. Напалову рабочыя, напалову сяляне.

— У нас такога няма, — шумна сёрбаў гарачы чай Юшкоў. — У нас, на Урале, ужо нашы прадзеды толькі на жалезе сядзелі, толькі з жалеза жылі.

— Ваш край я трохі ведаю, — сказаў Рылюк і зноў падліў гасцям кіпетню ў кубкі. — А ў нас у Мінску, ды і па ўсёй Беларусі, рабочы клас, калі чэсна сказаць, яшчэ слабаваты, яшчэ жыве ў ім сялянскі дух.

— Чым жа дрэнны сялянскі дух?— адставіў ад сябе кубак Кузьма.

Рылюк глянуў на яго, усміхнуўся, дакрануўся рукой да пляча:

— Ты не крыўдзіся. І Масква з вёскі пачыналася. Усе мы, у нейкім сваім калене, сяляне. Але разумееш, дужа сядзіць у душы ў селяніна ягоная паласа. І часам ён сваё жыццё і жыццё астатніх людзей мерыць на шырыню гэтай паласы. Ды толькі — новы час, новыя песні.

Ён устаў з-за стала, высокі, худы, касцісты, вочы ягоныя свяціліся:

— Рэвалюцыя абудзіла нашага селяніна. Што такое рэвалюцыя, хлопцы? Гіганцкі плуг, які ўзараў аблог народнага жыцця. Быльнёг, пустазелле, якія толькі і ведалі, што смакталі зямныя сокі, ён вырваў з карэннем. Затое чарназём упершыню за тысячагоддзі ўбачыў над сабой неба, увабраў у сябе сонечныя промні.

Кузьма і Юшкоў, не адрываючыся, глядзелі на Рылюка.

— Ну і складна ты можаш гаварыць, Андрэевіч, — шумна выдыхнуў Юшкоў. — Аж сляза сэрца прапякае. Відаць, усе вы, хто па ссылках ды па турмах мучыліся, мастакі па гэтай частцы.

— Дарэмна так думаеш, — адразу аслабеў, абмяк тварам Рылюк. — У турмах нас на цыцэронаў не вучылі. Наадварот, за кожнае лішняе слова — карцэр, па тры дні адна пустая баланда...

— Значыць, жылі ў вас унутры гэтыя словы. А зараз — на волю вырываюцца, — не здаваўся Юшкоў.

Рылюк нічога не адказаў, толькі сумнавата ўсміхнуўся.

Развіталіся позна. Рылюк выйшаў іх праводзіць на вуліцу, паціснуў рукі, стаў, прыхіліўшыся плячом да штыкетніка. Яшчэ доўга бачыў Кузьма, як бялее ў цемры яго кашуля. «Разумны чалавек, — думаў Кузьма. — Чалавек нібы крэмень, а вочы сумныя...» І зноў успомнілася яму, як казаў Рылюк пра сялянскі дух, што жыве ў сэрцах многіх людзей, нават гарадскіх людзей. І ў ім, Кузьме, гэты дух жыве. Добра гэта ці дрэнна? Што дрэннага ў тым, што яму амаль кожную ноч сніцца зямля — вясенняя — разапрэлая, узараная; восеньская — шэрая ад дажджоў, жоўтая ад лісця, якое сцелецца пад нагамі? А хіба кепска любіць працу, да поту, да гарачых мазалёў? А які бог ці які чалавек забараняе шанаваць жывёлу: каня, карову, авечку? Я хачу новага жыцця, я б'юся за яго, — думаў ён, ідучы па цёмнай ціхай вуліцы, — але я буду біцца за яго яшчэ лепш, кроў сваю аддам за яго, калі яно пашкадуе, зберажэ, не выпаліць з душы тое дарагое, тое святое, чым помніцца дзяцінства: звон сакавіцкаґа ручая, жаўранка над раллёй, шапаткія каласы на ўзмежку поля.

Дзесяткі эшалонаў кожны дзень ішлі з фронту ў Мінск. З халодных гнілых акопаў, з-за калючага дроту, з-пад шрапнелі ехаў расійскі салдат. Уцякаў ад вайны, ад калецтва, ад смерці. Чакалі яго галодныя дзеці, змарнелая жонка, пусты свіран, чакалі як збавення, як апошняй надзеі, і таму, ледзь толькі спыняўся эшалон, выскокваў ён з цяплушкі і, злы, абсівераны, страшны, бег да начальніка станцыі, тыкаў яму ў грудзі чорнай руляй вінтоўкі, крычаў, раздзіраючы рот:

— Пуць! Давай пуць!

У гэтым крыку былі адначасова і пагроза, і просьба. Фронт зрабіўся дзіравым рэшатам.

— У гэтых Іванаў зноў рэвалюцыя, — белазуба смяяліся немцы. Трон пад іхнім кайзерам стаяў, здавалася, непарушна і цвёрда, як востры шышак на жалезнай афіцэрскай касцы.

А Іваны ехалі ў бок Мінска. Ехалі цэлымі ротамі, палкамі, ехалі ў цяплушках, на адкрытых платформах, пад снегам, пад ледзяным ветрам. У цяплушках і на платформах спявалі песні, гулялі ў карты, курылі, пілі гарэлку, грызлі сухары, спрачаліся і марылі хутчэй дабрацца дадому, узяць зямлю, якую даў ім Ленін. Але ў Мінску ўжо яны не беглі з вінтоўкай і матам да начальніка станцыі, як у першыя дні. Іх сустракалі чырвонагвардзейскія атрады. Акопны народ адразу цішэў і лагаднеў. «Толькі б не завярнулі назад на фронт, — з трывогай думаў кожны салдат. — Касцьмі ляжам, а праб'ёмся на ўсход...»

— Выйсці ўсім з цяплушак! — камандавалі чырвонагвардзейцы. Кузьма разам з таварышамі абыходзіў цяплушкі і платформы, заглядаў ва ўсе куткі. Проста на снезе на пероне вырастала куча зброі: трохлінейкі, рэвальверы, шаблі, кінжалы, гранаты. Часам з-пад нараў з кучы саломы выкочвалі новенькі, змазаны, зараджаны «максім».

— Навошта гэту арудзію дамоў цягнеш? Гэта ж табе не швейная машына, — строга пытаўся Юшкоў у якога-небудзь дрымучага барадача.

Барадач разгублена лыпаў вачамі, чухаў патыліцу, здымаў з галавы папаху, зацярушаную саломай, і нарэшце адказваў:

— Ды такое яно дзела, таварыш начальнік... У хадзяйстве яно ўсё спатрэбіцца...

Кузьма глядзеў на «максіма», на барадача і думаў, што не такі ён ужо бяскрыўдны, гэты мужычок-кулачок у салдацкім шынялі, як прыкідваецца.

Аднойчы, калі правяралі чарговы эшалон, Кузьме ціха таўхнуў пад бок худы чарнавокі салдацік, шапнуў:

— Бачыш вунь таго? Казначэй нашага армейскага камітэта. Цэлы мільён дамоў валачэ.

Кузьма не паверыў, але на ўсякі выпадак разам з Беланогавым падышоў да казначэя, загадаў:

— Выкладвай, дзядзька, цалковыя.

У казначэя былі жоўта-зялёныя, нейкія дымныя вочы. Ён пабляднеў, у яго дробна закалаціліся няголеныя шчокі.

— Таварышы, — заікаючыся, сказаў ён, — таварышы дарагія, не губіце... У мяне хату маланкай спаліла ў Курскай губерні... Карову ваўкі зарэзалі...

Казначэй раптам сеў на снег, пачаў здзіраць з ног вялікія растаптаныя боты. Ступакі брудных ног былі абкручаны тоўстымі пачкамі грошай. Грошы востра пахлі потам. Калі Кузьма з Беланогавым, згробшы грошы ў конскую торбу для аўса, ішлі да Юшкова, да іх падбег чарнавокі салдацік, папрасіў:

— Дайце трохі мне... Я ж вам сказаў...

Ён глядзеў на іх паглядам галоднага хворага сабакі.

— Адыдзі! — таўхнуў яго плечуком Кузьма. Гэтыя прагавітыя чорныя вочкі быццам калолі яго проста ў сэрца.

— Спазніўся, служывы, — весела рагатнуў Беланогаў. — Кацярынак і керанак нідзе не бяруць. Золатам трэба расплачвацца.

Грошай налічылі дзевяноста восем тысяч.

«Колькі людзей едзе з фронту, — ужо не раз думаў Кузьма. — І добрыя людзі едуць, і погань плыве. Здаецца, уся Расія зрушылася з месца. А хто іх заменіць? Што будзе, як германец папрэ? Чырвонагвардзейцамі ўсе дзіркі не заткнеш».

Гэтыя думкі гнялі, сціскалі сэрца. Хацелася самому кінуць усё і паехаць дамоў. Адсюль, ад Мінска, да Асіповічаў вёрст сто цягніком, там вёрст трыццаць па шляху, па лясной дарозе і — Чмялі. Як гэтыя, даехаў бы на голай платформе, нават не еў і не спаў бы. Толькі б тэлеграфныя слупы лічыў.

Але падыходзіў Юшкоў, круціў чорны вус, пачынаў жартаваць:

— Што задумаўся, зямеля? Можа, маладзіц сабе падшукаем?

І забывалася ўсё благое. Ён зноў ішоў разам з усімі да эшалонаў, што шчацініліся штыкамі, правяраў цяплушкі, закінуўшы за спіну трохлінейку, залазіў на платформы. З кожным днём узмацнялася злосць на тых, што ўцякалі з фронту. Бягуць, як зайцы. Адно ў галаве — да сваіх свінак і каровак ды да цёплай бабскай спадніцы дабрацца. А хто будзе абараняць Савецкую ўладу, што іх людзьмі зрабіла, зямлю ім дала? Во ён, той самы сялянскі дух, пра які гаварыў Рылюк. Залезці б толькі ў свой бярлог, адгарадзіцца ад усяго свету дубовым плотам пад неба і, хоць зямля трэсні, — ні чужой бяды не ўбачыш, ні гора людскога не пачуеш. І ні ручаёў не трэба, ні жаўранкаў. Адно — болей ухапіць зямлі, чым сусед. Значыць, не ва ўсіх ён аднолькавы, дух гэты сялянскі. Адных ён вучыць усё жывое любіць, другім вочы засцілае, як гнілы балотны туман.

Прыйшоў новы эшалон. Як боб, пасыпаліся з цяплушак салдаты.

— Ста-а-а-наві-сь! — напругшыся ўсім целам, крыкнуў Юшкоў.

Сяк-так пастроіліся. Чырвонагвардзейцы пачалі адбіраць у акопнікаў зброю. Тыя аддавалі яе ахвотна, быццам пякла яка ім рукі. Гаварылі:

— Бярыце гэтае жалеза, толькі дадому нас прапусціце.

Кузьма павольна ішоў уздоўж, забіраў трохлінейкі і шаблі. Былі яны халодныя, мёрзлыя.

Адзін салдат аддаў адразу чатыры трохлінейкі. Кузьма глянуў на яго, сказаў:

— У цябе, пэўна, усе грудзі ў Георгіях. Трэба ж: адзін з чатырох вінтовак страляў.

— Ды не, — сумна ўсміхнуўся акопнік. — Адна ў мяне трохлінеечка. Вось гэтая, з абсмаленым прыкладам. А тры астатнія — падабраў, як сяброў сваіх у зямлю закопваў. Вінтоўкі, брат, жывуць болей, чым салдаты.

Кузьма пайшоў далей, але гэтыя словы зноў і зноў успаміналіся яму. Каля адной цяплушкі ён пачуў сумны і стомлены жаночы голас. Жанчына гаварыла салдатам і чырвонагвардзейцам:

— Свайго жаніха, героя унтэр-афіцэра з фронту вязу. Выпалілі яму германцы вочы. Свету белага не бачыць мой Грышачка.

Словы былі як механічныя, як завучаныя. Відаць, у доўгай дарозе яна паўтарала іх не раз, прывыкла да іх, як прывыкаюць жабракі прасіць міласціню. Ён прайшоў бы, пэўна, міма гэтых слоў, таму што многа гора бачыў за апошні час і ўжо ведаў, што нельга суцешыць усіх гаротных і пашкадаваць усіх сэрца не хопіць. Але голас... Дужа знаёмы быў гэты жаночы голас. І Кузьма азірнуўся. Жанчына, яшчэ маладжавая, з чорнымі, неахайна прычасанымі валасамі, са схуднелым зеленавата-белым тварам, у пацёртай футры з рудой вавёркі, глядзела на яго. Гэта была Галасоўская. Каля яе, трымаючыся за яе руку, стаяў, таксама яшчэ малады, унтэр-афіцэр, светла-русы танклявы прыгажун з чорнай, шаўковай павязкай на вачах. Твар у яго быў завостраны, каменны, як ва ўсіх, хто не бачыць сонца. Галасоўская, не міргаючы, глядзела на Кузьму, а ён глядзеў на унтэр-афіцэра. Сэрца яго пачало калаціцца. «Пастой, пастой, — адчуваючы, як кроў прылівае да шчок, думаў ён. — Дык гэта ж Стахееў. Паручнік Стахееў, а ніякі не унтэр-афіцэр. Бач ты, як морду сваю паганую хавае...»

— Іван! — паклікаў Кузьма Юшкова, а сам падышоў да сляпога унтэр-афіцэра і сарваў у яго з вачэй павязку.

— Ды ты што, крывасмок, семя крапіўнае, з героя вайны здзекуешся, жылы выдзіраеш?! — закрычалі салдаты, што за хвіліну да гэтага жаласліва слухалі Галасоўскую і давалі ёй і Стахееву сухары і цукар. Адзін з іх цяжкой халоднай рукою ўляпіў Кузьме па вуху.

— Ён лепей, чым вы, бачыць, гэты герой, — сказаў Кузьма і пачаў церці вуха рукавом шыняля. Салдаты знямелі. Сляпы, якога яны толькі што шкадавалі, глядзеў на іх прыгожымі блакітнымі вачамі. У гэтых вачах былі адчай і гнеў.

Падышоў Юшкоў, глянуў на унтэр-афіцэра, усё адразу зразумеў. Сказаў праз зубы:

— Што — абмыўся крывёй нашага Пчалаводава, гад? Мала табе крыві было? А зараз сваёй заплоціш. За земляка майго дарагога заплоціш.

Стахееў слухаў, апусціўшы галаву, потым нечакана плечы ў яго здрыгануліся, на шчоках зайгралі жаўлакі. Ён крыкнуў, пырскаючы слінай, і вочы зрабіліся сталёвымі:

— Скаціна! Мяне палохаеш? Я — рускі афіцэр! Страляй рускага афіцэра!

Худой белай рукой ён з трэскам разадраў на грудзях брудную кашулю. Усе ўбачылі: на белых валасатых грудзях ззяе маленькі залаты крыжык.

— Расстраляем — не сумнявайся, — спакойна сказаў Юшкоў. З якой асалодай ён стукнуў бы зараз кулаком у гэты злы, ненавісны твар, але ён быў камандзірам, адзіным камандзірам сярод усяго гэтага натоўпу, і ён да болю прыкусіў ніжнюю губу, стомленым голасам загадаў: — Беланогаў і Радзімовіч, завядзіце пакуль што яго ў вакзал.

— А што са мной зробяць? — ціха спыталася Галасоўская ў Кузьмы, калі ён вярнуўся з вакзала.

Кузьма маўчаў. Яму не хацелася ні глядзець на гэтую жанчыну, ні размаўляць з ёю. Яму з абвостранай, нейкай хваравітай выразнасцю ўспамінаўся луг каля вёскі Пагулянкі, шарэнгі мокрых, заляпаных тванню салдат, звонкі жаночы голас, які называў прозвішчы, і згорбленыя спіны тых, што, падпарадкоўваючыся гэтаму голасу, выходзілі са строю.

— Што са мной зробяць, Кузьма? — зноў спыталася яна. І ён падумаў, што яна ўпершыню назвала яго па імені.

Ён маўчаў.

— А я тады не сказала твайго прозвішча, — ускінуўшы галаву, суха і горда выдыхнула Галасоўская. І ў ім быццам лопнула нейкая спружына.

— Вас, мадамачка, я сваімі рукамі ўтапіў бы ў балоце каля вёскі Пагулянкі. Помніце такую вёску? — амаль крыкнуў ён.

Яна памаўчала, потым іранічна і высакамерна, як гэта могуць рабіць толькі тыя, хто нарадзіўся з блакітнай крывёю, усміхнулася:

— Нямногаму ж навучылі цябе твае бальшавікі... — і змоўкла. Твар яе зрабіўся мармурова-белы.

Кузьма крутнуўся, пайшоў ад эшалона. Ён баяўся, што не зможа авалодаць сабою і зробіць нешта жорсткае, нядобрае, чаго ніколі не прымала яго душа. Толькі зараз ён заўважыў, што ідзе снег і ўсё пакрыта снегам, нават рэйкі. Каля вакзала яму нечакана напаткаўся Рылюк.

— Чаго ты такі, Кузьма? — уважліва паглядзеў на яго Рылюк. І Кузьма, спяшаючыся, хвалюючыся, расказаў яму ўсё: пра Пчалаводава, пра Юшкова, пра Галасоўскую і Стахеева.

Яны ішлі каля высокага чыгуначнага насыпу, і зверху халодны вецер нёс ляскатанне цяжкіх колаў, свісткі паравозаў, рэшткі дыму.

Дым чорнай сажай асядаў на снезе, на белых бухматых дрэвах.

— Барацьба, — сказаў адно толькі слова Рылюк, і на ягоных бровах ззялі сняжынкі. Колькі крокаў яны прайшлі моўчкі, потым Рылюк паклаў Кузьму на плячо сваю лёгкую далонь: — А ты ведаеш, пра што я думаў? У нашай мове, аказваецца, няма жаночага роду ў слова звер. Няма звярыцы. Тыгрыца ёсць, ільвіца, а звярыцы няма. Добра, праўда?

Кузьма здзіўлена паглядзеў на яго. Яны яшчэ пагаварылі пра сёе-тое, і Кузьма вярнуўся на вакзал.

Галасоўскай ужо не было, і ён нават не пацікавіўся, дзе яна.

— Кузьма, — звярнуўся да яго Юшкоў, — завядзеш пана паручніка ў гарадскую камендатуру. Здасі асабіста ў рукі каменданту таварышу Крывашэеў ці яго памочніку. Разам з Беланогавым пойдзеш.

Стахееў ішоў без шапкі, згорбіўшыся. Беланогаў загадаў яму ўзяць рукі за спіну, цыркнуў слінай праз зубы:

— Уздумаеш уцякаць — прыстрэлім, як сабаку.

Кузьма глядзеў на штык сваёй вінтоўкі, на вузкую

спіну Стахеева, на сняжынкі, што павольна раставалі на гэтай спіне. Часам боты ў Стахеева слізгаліся, ён траціў раўнавагу, ледзь не падаў, але рукі ўсё роўна трымаў, як было загадана.

«Баіцца... Жыць хоча», — падумаў Кузьма, ды ў ягоным сэрцы не было спачування да гэтага чалавека. Гэты чалавек, каб зноў вярнулася яго сіла і воля, расстраляў бы і Кузьму, і Беланогава на месцы — і белыя пальчаткі з рук не зняў бы.

Стараліся ісці па цішэйшых вуліцах, каб асабліва не трапляцца на вочы народу. Навошта ведаць цікаўным, хто, каго і куды вядзе? Недзе на сярэдзіне дарогі Стахееў пачаў глуха, надрыўна кашляць, аж плечы калаціліся.

— Хай адкашляецца, — сказаў Беланогаву Кузьма, і яны спыніліся. Стахееў кашляў, прыгнуўшы галаву, цёр падбародкам аб плячук, крывіўся.

Выйшлі на Нямігу, і народу пабольшала.

— Ідзі хутчэй! — Кончыкам свайго штыка крануў Кузьма спіну Стахеева. Вясковыя цёткі, з новымі бліскучымі чыгунамі ў руках, разявіўшы раты, глядзелі на іх.

— Глядзіце, бабкі, каб у рот фурманка не ўехала, — усміхнуўся Беланогаў.

Насустрач з магазінчыка вывалілася на вуліцу кампанія польскіх уланаў, чалавек восем. Усе ў штанах з чырвонымі лампасамі, у рагатых канфедэратках. Уланам, бачна па ўсім, было весела.

— Гуляюць жарабкі, — буркнуў, гледзячы на іх, Беланогаў. Не любілі ў Мінску гэтых ваяк генерала Доўбар-Мусніцкага. Створаны ў час вайны па дазволу Часовага ўрада 1-ы Польскі корпус, з кожным днём рабіўся ўсё больш анархічным, нахабным, не прызнаваў ні дэкрэтаў Савецкай улады, ні самую гэтую ўладу.

Уланы параўняліся, перайшлі на другі бок вузкай вуліцы.

— Што гэта, Яцэк? — спытаўся ў свайго таварыша малады светлабровы улан, амаль хлапчук, у якога з-пад канфедэраткі тырчалі чорныя круглыя навушнікі.

— Хрыста вядуць на Галгофу, — адказаў той.

Палякі стрымана засмяяліся.

І тут Стахееў крута павярнуўся да іх, бухнуўся каленямі ў мокры снег:

— Панове воіны, не дайце загінуць хрысціянскай душы.

— Уставай! — шмаргануў яго рукой за каўнер Беланогаў. Але падбеглі уланы, абступілі Стахеева. Ад іх пахла гарэлкай і цыбуляй.

— Свабода павінна быць для ўсіх... Што гэта за свабода, калі чалавека, як быдла, вядуць пад канвоем? — перакручваючы рускія словы, гаварыў Кузьму светлабровы і трымаў рукой яго вінтоўку.

— Нельга рабіць такое!

— Ганьба! — крычалі палякі, перайшоўшы ўжо на сваю мову.

Стахееў раптам штурхнуў светлабровага з усяе сілы на Кузьму, а сам з вуліцы скочыў у невялічкі дворык, які быў якраз насупраць, і запёрся з сярэдзіны.

— Пусці! — крыкнуў Кузьма улану і стукнуў яго прыкладам у грудзі. Той асеў на снег.

Беланогаў, налёгшы плячом, хацеў выламаць нізенькія дзверы. Было чутно, як там, за дзвярамі, трашчыць, страляе чарапіца — пэўна, Стахееў узлазіць на страху.

«Не дай бог, уцячэ...» — жахнуўся Кузьма і, распіхнуўшы уланаў, палез цераз плот. На развітанне яны паспелі пачаставаць яго звонкай аплявухай, ад якой анямела шчака. На плоце Кузьма зачапіўся крысом шыняля за штыкеціну і паляцеў потырч носам. Адразу ўсхапіўся, агледзеўся. Крокі за тры ад яго, стоячы на ганку, калаціўся ад страху маршчыністы сівабароды яўрэй — гаспадар дома. Пэўна, выходзіў на двор па патрэбе, ды так і застыў з рукой, якая дарэмна спрабавала зашпіліць гузікі ў плюшавых нагавіцах.

— Тут бег чалавек, — задыхаючыся, нават не гледзячы на старога, хрыпла сказаў Кузьма. Стары ўсё яшчэ трымцеў ад страху і пальцам паказваў сабе за спіну:

— Там... там...

Двор быў квадратны, глухі, як глыбокі калодзеж, і Стахееў сігануў проста цераз хляўчук. На чарапічнай страсе віднеліся праломы, віліся свежыя трэшчыны. Кузьма з Беланогавым не палезлі на страху. Калі ж яны аббеглі двор, то трапілі ў такія лабірынты вулачак, дворыкаў, гліняных сцен, што ў роспачы спыніліся. Беланогаў плюнуў сабе пад ногі: «Уцёк!» — і, каб на нечым адвесці душу, са злосцю ўсадзіў штык у нізенькія дзверцы з дошак, за якімі пачынаўся новы дворык. Дзверцы жалобна зарыпелі.

— Ну як, узрадавалі таварыша Крывашэін? — весела спытаўся Юшкоў, калі яны вярнуліся ў свой барак-казарму.

— Збег ён, — глуха сказаў Кузьма.

— Хто? — не зразумеў Юшкоў.

— Сучка Стахееў збег, — Кузьма раптам хліпнуў носам. — Рабі што хочаш...

Юшкоў паглядзеў на яго, як на ідыёта, потым пабялеў, стукнуў кулаком па калене:

— Каму даверыў?! Шчанюкі сляпыя! Што мне Пчалаводаў скажа за кроў яго неадпомшчаную?

Ён прабег з кута ў кут, спыніўся, звёў бровы ў чорную трапяткую спружыну:

— На губу! На трое сутак — абодвух!

Другі раз за апошнія месяцы сядзеў Кузьма на гаўптвахце.

Толькі зараз пасадзілі яго свае, лепшы сябра пасадзіў. Гэта было асабліва крыўдна.

«Ніколі не дарую яму», — падумаў Кузьма, намацаў у цемры халодны чурбанок, сеў на яго, абшчапіў галаву рукамі. Хацелася плакаць. Праз колькі гадзін ён заснуў, звіўшыся абаранкам на мулкіх дошках каля Беланогава. Сон быў цяжкі, трывожны. Сярод ночы ён раптам усхапіўся, няўцямна паглядзеў у цемру. Пакутна і шчымліва ўсплылі ў памяці словы: «Што мне Пчалаводаў скажа за кроў яго неадпомшчаную?»


Загрузка...