Лена ціўкалі кулі. Здавалася, дробныя шэрыя птушкі, што ўвесь дзень лёгкай чародкай кружыліся ў снежным полі непадалёку ад акопаў, пакарміліся нарэшце — можа, зернем з копаў мёрзлай саломы, можа, сеннай пацярухай, якая была рассыпана там, дзе стаялі батарэйныя коні — і зараз зрэдку падаюць свой ціхі сыты голас.
Кузьма Радзімовіч, з крамянымі ад холаду шчокамі, узняўшы адубелы каўнер шыняля, сядзеў у траншэі на мулкім смаляным карчы, які выпрасіў у кашавараў, і глядзеў на германскія пазіцыі. Бруствер быў замецены снегам, і таму ён, каб лішне не выторкваць галавы, руляй вінтоўкі пракруціў у снезе невялічкую дзірку. Хапала глядзець толькі адным вокам. Сажняў за сто перад сабой ён бачыў рэдкія купкі кустоў, чорную звілістую палоску ручая, якая разломвала непарушную бель снегу на дзве палавіны — рускую і нямецкую. Ручай не замерз, і ўсе дзівіліся, чаму такое здарылася, бо маразы былі пякучыя. Разведчыкі казалі, быццам уверх па ручаі вёрстаў за сем адсюль немцы льюць у ручай газу і падпальваюць яе. Кузьма, як і большасць салдат, не верыў гэтаму.
Правы нямецкі бераг ручая быў высокі, пагоркавы; снег злізала ветрам. Вужакамі спляталіся там траншэі першай лініі абароны. Кузьма бачыў густую непраходную сцяну калючага дроту, не дужа замаскіраваныя воўчыя ямы, бетонныя каўпакі кулямётных гнёздаў. Немцы ўчапіліся ў пагорак надзейна, мёртвай хваткай, як воўк у мяса, і таму адчувалі сябе там па-гаспадарску. Упэўнена плылі ў шэрае зімовае неба тонкія дымкі іхніх паходных кухняў.
Кузьма паварушыўся на сваім карчы, памахаў рукамі, каб разагрэцца. Лепш, вядома, было б прабегчы па траншэі трушком туды-сюды, паскакаць, але траншэя была неглыбокая, а немцы стралялі трапна. І таму ён, адчуваючы, як пруцянее ад холаду, баліць спіна, увабраў галаву ў каляны каўнер, на імгненне заплюшчыў вочы. І адразу ж, здрыгануўшыся, зноў спалохана і паспешліва іх расплюшчыў, бо недзе зусім блізка, як не над самым вухам, грымнула кулямётная чарга. Снег праменным белым струменьчыкам пацёк з бруствера ў траншэю. Кузьма, каб лепей бачыць, трохі прыўзняўся са свайго сховішча.
Кулямёт біў з нямецкага боку. Кулі ўспорвалі снежны цалік, і снег узвіваўся ўгору малюсенькімі мяккімі воблачкамі, якраз так, як бывае, калі ў лузе наступіш нагою на грыб-пухаўку.
З трэцяй роты да іх, у другую роту, проста па полі подбегам ішоў салдат. Быў ён без вінтоўкі — абедзве рукі былі заняты бачкамі з кашай. Як горб, тырчала на спіне зялёная торба, у якой звычайна носяць хлеб. Утуліўшы галаву ў плечы, глядзеў салдат толькі ў адну кропку — сабе пад ногі, быццам у гэтым быў яго паратунак, быццам — узнімі ён галаву, паглядзі наўкол, і адразу наскрозь прашыюць нямецкія кулі.
«Дурань нейкі», — адчуваючы, як страх і разам з тым востры салодкі адчай запаўняюць сэрца, падумаў Кузьма. Уся другая рота, затаіўшы дыханне, глядзела на салдата са сваёй траншэі. А ён раптам спатыкнуўся і, выставіўшы ўперад локці — бачкі не выпусціў з рук, — цяжка паваліўся потырч носам у снег.
— Гатоў, — сам сабе сказаў Кузьма, але салдат трошкі паляжаў, відаць, аддыхаўся і зноў узняўся на ногі. Было відно, што ён хістаецца ад стомы і страшнага нечалавечага напружання. З галавы ў яго звалілася шапка, і жоўта-белыя, як смятана, валасы шкуматнуў вецер.
— Дык гэта ж Сцяпан Шчэннікаў, наш кашавар, — загаманіла другая рота. — Чаму ж ён, сабачы сын, з трэцяй роты нам полудзень нясе?
Усе з яшчэ большай цікаўнасцю — свой жа чалавек ішоў пад кулямі! — пачалі глядзець, што будзе далей. Немцы ці то разгубіліся, ці, хутчэй за ўсё, пашкадавалі героя-вар'ята, толькі іхнія кулі не кранулі Шчэннікава, і неўзабаве ён, як рыба, шырока хапаючы паветра сінягубым ротам, уваліўся ў пярэднюю траншэю. Усе кінуліся да яго. Але фельдфебель Мыльнікаў наліўся гнеўнай цяжкой чырванню, тузануў свісток, што на скураным шнурку заўсёды боўтаўся ў яго на грудзях, крыкнуў:
— Назад!
І першы падышоў да Шчэннікава. Той, прагна, захліпіста сапучы, ірвануў да сваёй непакрытай, белавалосай галавы шырокую сінюю ад холада далонь, адрапартаваў:
— Гаспадзін фельдфебель! Абед у размяшчэнне роты дастаўлены!
На лбе, шчоках і нават на вушах у яго густа ззяў халодны пот.
— Малайчына, Шчэннікаў! Герой! — паляпаў кашавара па плячы фельдфебель. — Будзеш мець георгіеўскі крыж 4-й ступені.
— Рад старацца! — аж узвіўся Шчэннікаў. Мыльнікаў грозна агледзеў сваіх салдат, што стоўпіліся ў вузкім праходзе траншэі, гучна хмыкнуў, сказаў:
— Вось як трэба ваяваць, краты акопныя. Зямлю цалуеце, пузам яе вылушчваеце, а Шчэннікаў пад кулямі ў поўны рост ходзіць.
І, выцершы чорныя вусы насоўкай, свіснуў у свісток:
— На малітву — станавісь!
Прагаварылі-праспявалі «Спасі, госпадзі, людзі твая». Потым хуценька дасталі з-за халяваў ботаў лыжкі, пачалі сёрбаць кашу з салам. Селі, хто дзе мог. Хто на парожнюю зарадную скрынку, хто проста на снег; Кузьма, як уюн, круціўся на сваім карчы. Стараслужачы Сава Лапшын, лепшы сябра фельдфебеля Мыльнікава, паважна дастаў са свайго белага палатнянага ранца — дзе толькі знайшоў такую? — прыгожую пярэстую коўдру, прылёг на яе, смачна крактануў:
— Эх, каб гэта коўдра ды бабай была...
Ніхто не засмяяўся. Лапшыну гэта не спадабалася. Ён лічыў сябе самым дасціпным, самым смелым чалавекам у роце, разам з Мыльнікавым пачынаў службу ў дзесятым годзе, і таму, на яго думку, гэтыя зялёныя навабранцы павінны былі лічыць за шчасце, што ён есць разам з імі, глядзіць на іхнія брудныя фізіяноміі. Лапшын пакруціўся на сваёй коўдры і, каб зноў нешта сказаць, павярнуўся да Шчэннікава, які са шчасліва-блазнаватым выразам на твары сядзеў побач.
— Чаму так мала кашы прынёс?
— У мяне бачок прастрэлілі, — пахваліўся Шчэннікаў.
І сапраўды, усе ўбачылі ў бачку невялікую рваную дзірку.
— Табе твой разанскі гаршчок трэба было прастрэліць, — лапнуў рукой Лапшын кашавара па галаве. — Чаго папёрся па полі? Не было іншай дарогі?
Але тут, нечакана для ўсіх, за Шчэннікава заступіўся сам фельдфебель Мыльнікаў.
— Размовы! Хто там? Зноў Юшкоў выскаляецца?! — крыкнуў фельдфебель, хоць добра чуў, што ўсе маўчалі, а гаварыў адзін Лапшын. Фельдфебель сядзеў непадалёку ад салдат, на металічным нямецкім ложку, засланым нямецкай пярынай. Усё гэта такое непрывычнае для перадавой багацце адбілі ў немцаў у час начной атакі.
Лапшын змоўк, злосна каўтнуў гарачую кашу. Не чакаў, відаць, ад старога сябра такой строгасці. Але ён быў не з тых, хто апошняе слова аддае суседу. Ён пакруціў сваёй кароткай шыяй, адкашляўся і накінуўся на вальнапісанага Яфіма Агародніка, які ціхенька сёрбаў сваю порцыю, зашыўшыся ў самы цёмны куток:
— Эй, чорненькі, чаго ад людзей хаваешся? Хадзі — салам накармлю.
Зараз ужо некаторыя засмяяліся ў рукаў: ведалі — пачнецца цікавае. Фельдфебель Мыльнікаў таксама навастрыў вушы, паблажліва-іранічна ўсміхаўся са сваёй пярыны.
— Хочаш сала? Смачнае, — не адставаў ад Яфіма Агародніка Лапшын.
Агароднік, маленькі, карычнявокі, з шырокім ротам і вялікімі жоўтымі зубамі, спалохана ўздрыгнуў, згорбіўся, моцна прыціснуў да грудзей свой кацялок, нібы баяўся, што адбяруць. Ён, як і ўсе іудзеі і магаметане, еў асобна, сала не ўжываў наогул. Зараз ён нагадваў маленькую безабаронную мыш, якая павінна была трапіць у загадзя падрыхтаваную пастку.
— Які ж ты ваяка, калі сала не ясі?
Лапшын смачна ікнуў, паляпаў сябе па жываце.
— Я такі ж рускі воін, як і ты, — ціхім дрыготкім голасам сказаў Агароднік, і вушы ў яго пачырванелі.
— Такі, ды не такі, — весела засмяяўся Лапшын. — Не набівайся, Фіма, у радню.
— У нас адно ацечаства — Расія, — яшчэ больш прыгнуўся Агароднік над сваім кацялком.
Здавалася, каб мог, ён зашыўся б у гэты кацялок — толькі б не чуць слоў Лапшына, не бачыць ягоных халодных сытых вачэй.
— Дай, Лапшын, чалавеку паесці, — крутнуўся на сваім карчы Кузьма.
Лапшын, нібы апёкся, густа, аж да сінізны, пачырванеў, сказаў, як плюнуў:
— А ты чего лезешь, лапоть? Молчи! А то дам гразнай трапкай па бруху!
Гэта была абраза. Лапшын здзекаваўся з Кузьмовага вымаўлення. У Кузьмы перацяла дыханне, затрымцела брыво. Захацелася схапіць кацялок і плюхнуць гарачай кашай у ненавісныя вочы. Але адразу ж нейкі холад разліўся па целе. Холад і млявасць. Быццам нехта шапнуў на вуха: «Не лезь на ражно... Усё роўна будзеш вінаваты...»
Яфім Агароднік раптам скрывіўся, нібы праглынуў горкае, хліпнуў носам, апусціў галаву на грудзі. Нагадваў ён птушку з перабітым крылом. Плечы ў яго здрыгануліся, затросся снежны пыл на іх.
— Канчай абед! — крыкнуў Мыльнікаў. — Пчалаводаў, Радзімовіч і Агароднік — у сакрэт!
Як толькі змерклася, асцярожна выбраліся на бруствер пярэдняй траншэі, прыслухаліся, папаўзлі па снезе ў бок немцаў. Неба над зямлёй было сіне-залатое. Вецер ляпіў з хмар нейкія дзівосныя палацы, дрэвы, вогненныя горы. Але ўсё гэта ў імгненне вока разбуралася, тухла, чарнела. Толькі вялікае зарыва, як вострае чырвонае крыло, трапятала на захадзе.
Пэўна, недзе гарэла вёска.
Уваліліся ў цесны, вузкі, як павярнуцца, акопчык, затаілі дыханне. У Кузьмовых грудзях аж бухала сэрца. У цемры, што ўсё цяжэй навальвалася на зямлю, ледзь відны былі пярэднія колікі нямецкай драцяной агароджы. Кузьма міжволі ўздрыгнуў, успомніў, як казалі стараслужачыя: «Германец палонных не бярэ. Зловіць Івана — адразу на кол садзіць...»
— Я ведаю, чаму сёння Шчэннікаў па полі ішоў, пад кулямётамі, — зашаптаў над самым вухам Яфім Агароднік. — Учора ў афіцэрскай зямлянцы ў карты гулялі. І штабс-капітан Кукавераў пайшоў на заклад, што яго кашавар самы смялейшы...
Кузьма, аж па самыя плечы ўціснуўшыся ў снег, глядзеў на нямецкія пазіцыі, на далёкае зарыва, упіраўся левым каленам у нейкі востры мёрзлы глыж і зноў, які ўжо раз, успамінаў, як забралі яго ў войска. Пяцёра чмялёўцаў трапілі ў вогненны вір: Рыгор Кавалёў, Язэп Сазанавец, Іван Кіпцюрчык, Рыгор Міхейчык і Кузьма. Пагналі іх у войска ў канцы шаснаццатага года, а недзе ўжо праз месяц засталіся жывыя толькі Кузьма з Іванам Кіпцюрчыкам. На Кузьмовых вачах забіла Язэпа Сазанаўца. Ішлі ў атаку, і Язэп бег крокаў за дзесяць ад Кузьмы. Раптам там, дзе толькі што ён быў, шугануў уверх чорны пясок і жоўтае полымя. Калі развеяўся дым, нікога там ужо не было. З глыбокай яміны вілася лёгкая белая пара. Кузьма сцёр з твару нешта цёплае і ліпкае і зноў пабег. Толькі ноччу, пасля бою, калі ляжалі як забітыя у нейкім рэдзенькім лясочку і зверху паліваў дождж, ён раптам скалануўся скрозь сон, здагадаўся: гэта ж Язэпава кроў пырснула яму тады на шчокі.
Паступова ён пачаў прывыкаць да таго, да чаго, здавалася б, нельга прывыкнуць — да смерці. Яна была ўсюды. Яна лопалася ў небе шрапнеллю, быццам расцвіталі нейкія дужа прыгожыя кветкі, якіх ён раней не бачыў. Яна ўздымала малюсенькія фантанчыкі вады ці гразі, быццам дождж ішоў, — гэта калі ён, як і ўсе, ляжаў, уткнуўшыся тварам у зямлю, а спераду, з агню і куродыму, білі варожыя кулямёты. І ўсюды былі трупы, трупы... З чорна-сінімі тварамі, з уздутымі жыватамі. Потым, калі пачалося марадзёрства, ён бачыў мёртвых салдат, сваіх і германскіх, у споднім адзенні ці нават зусім голых. На закуранай чорнай зямлі ляжалі яны, як абкораныя бярвенні ў лесе ў Незабітоўскага.
Чмялі здаваліся яму цяпер светлым сном, які прысніўся аднойчы, каб болей ніколі не паўтарыцца. Не верылася, што недзе крычаць пеўні, ёсць зялёная трава, ёсць рэчка Гразёўка, над якой шумяць вольхі і лётаюць срабрыстыя стракозы. Не верылася нават, што ёсць маці з бацькам, брат Антон, сястра Дзіна. Праўда, у першыя дні вайсковай службы, сярод усіх жахаў і смерцяў, быў у яго верны сябар — Сівец, іхні конь. Ён вазіў на Сіўцу параненых у прыфрантавы лазарэт, а ў рэдкія хвіліны перадыху расчэсваў каню грыву, чысціў яго, гладзіў і аднойчы ноччу нават паплакаў, уткнуўшыся ў цёплы конскі бок. Але параненага Сіўца прыстрэлілі, і Кузьму накіравалі на перадавую.
І вось ён тут, у гэтым цесным халодным акопе, які ў любую хвіліну можа зрабіцца магілай і для яго, і для Пчалаводава з Агароднікам.
Кузьма сцяўся ў камяк, успомніў, што ці сёння, ці заўтра зноў давядзецца сустрэцца з Іванам Кіпцюрчыкам. У вялікія паны-начальнікі выбіўся Іван. А не хацеў жа ісці ў войска. Як толькі ні выкручваўся. Хацеў, каб белы білет яму далі. Піў лясны грыб-трут, каб лёгкія пачарнелі. Піў сажу. Вошчаную нітку цягнула яму баба Еўка праз нос і вуха, каб трохі недачуваў. Нічога не памагло. Жалезным здароўем абдарыў бог Івана, калі пусціў у белы свет. І вось з-за гэтага здароўя павінен ён быў ці скласці галаву, ці зрабіцца на ўвесь свой век калекам. І дваццаць дзесяцін бацькавай зямлі маглі выслізнуць з ягоных рук.
Службу Іван пачаў, як уюн. Усюды паспее, усюды пралезе, усім дагодзіць. Начальства яшчэ рот не закрые, а ён ужо загад выканаў. І вочы такія адданыя, пакорныя, як у Лаўрэнавага Мурзіка. Угору пайшоў Іван. Праўда, сваіх аднавяскоўцаў спачатку не цураўся. Пагаворыць, Чмялі разам паўспамінае. Ды неўзабаве пабіла хлопцаў, а Івана аднаго з усёй роты паслалі ў афіцэрскую школу. Пасля наступленняў пад Нараччу і пад Баранавічамі вялікія страты былі ў рускім войску. Свінец не выбіраў, дзе салдат, дзе афіцэр, усіх касіў, і таму афіцэраў засталося не густа. Відаць, і там Кіпцюрчык вылузваўся са скуры, бо месяцы праз тры вярнуўся назад з пагонамі падпаручніка на плячах. Памажнеў, папрыгажэў, чорныя вусікі адгадаваў. І, галоўнае, вочы змяніліся. З'явіўся ў іх нейкі сталёвы бляск.
Прызначылі Кіпцюрчыка Кузьмовым узводным. Ну, думаюць усе, свой жа хлопец, акопнік, разам гразь мясілі. Ён-то наша жыццё разумее, хоць якую перадышку дасць. Ды здарылася зусім нечаканае. Назаўтра ж пагнаў іх «свой хлопец» на раскіслы ад мокрага снегу пляц. У бліскучых, аж ззялі, ботах, горды, непрыступны, як бог, Кіпцюрчык круціў белай рукой канечык чорнага вуса (казалі, спецыяльна з афіцэрскай школы прывёз нейкай мазі — мазаў рукі, каб белыя зрабіліся), навучаў:
— Уперад, малойчыкі! Ура! — І ў атаку. Дабег — і калі ў тулава, зламаўся штык — бі па мордзе прыкладам.
Яны няскладна крычалі: «Ура!» — і беглі па халодным месіве са снегу і вады.
— Не так, маць вашу... — злаваўся Кіпцюрчык. — Кладзіся! Будзеце ў мяне зямлю зубамі грызці.
Яны ляжалі ў вадзе, аж пачыналі ледзянець жываты і калені, а Кіпцюрчык пыхкаў папяросай, стаяў, узяўшы рукі ў бокі, гаварыў:
— Слухай свайго камандзіра! Па-французску, хвалямі, першае аддзяленне наперадзе, другое і трэцяе яму ў патыліцу, у атаку — бягом!
І так — з раніцы да вечара.
З нямецкага боку раптам бліснуў пражэктар. Халодная белая паласа святла спачатку няўпэўнена хіснулася, потым, раскалоўшы цемру, слізганула над самым акопчыкам. Кузьма ўціснуў твар у снег, перастаў дыхаць. Побач, як скамянелі, Пчалаводаў з Агароднікам. Прамень пражэктара здаваўся бясконцай, моцнай і злавеснай рукой нейкага страшыдлы. Вось зараз яна схопіць іх траіх, адарве ад зямлі і пакажа нямецкім кулямётам.
Пасля паўночы прыпаўзла змена — Юшкоў з Лyсковічам. Кузьма, злы, скалелы, папоўз у сваю траншэю. І ўвесь час думаў пра Кіпцюрчыка: «Трэба ж зрабіцца такім гадам. Гатоў у людзей з кішок вяроўкі віць...»
Назаўтра, адразу пасля малітвы, з'явіўся ў траншэі Кіпцюрчык, загадаў Мыльнікаву:
— Усім рыдлёўкі ў рукі — і марш да афіцэрскай зямлянкі ход сувязі капаць!
Ён ужо быў павярнуўся да выхада, як раптам у Кузьмы вырвалася:
— Дык мы ж, Іван, усю ноч у сакрэце ляжалі, не спалі...
Кіпцюрчык на хвіліну аслупянеў. Ягоныя шчокі наліліся сіняватай беллю, пальцы на правай руцэ затрапяталіся. Ён прыжмурыў вочы, падскочыў да Кузьмы:
— Гаспадзін падпаручнік! Ваша благароддзе! Зразумеў — хто я для цябе? Паўтары!
У Кузьмы быццам зялёны туман паплыў у вачах. Злосць, якую доўга хаваў, якую запіхваў на самае дно душы, імгненна выбухнула ў сэрцы. Так рэзка разгінаецца маладая сагнутая бярэзіна.
— Ты — Іван Кіпцюрчык з Чмялёў, — павольна, гледзячы проста ў вочы Кіпцюрчыку, сказаў Кузьма. — Твой бацька — кульгавы Цімох. Твая маці — Параска, што на кірмашы аб'елася зялёнай цыбуляй.
— Маўчаць! — зароў, як апечаны, Кіпцюрчык. Ён забегаў вакол Кузьмы, нібы прымерваючыся, з якога боку яго стукнуць. — На бруствер пастаўлю! Пад ружжо! Там ты не загаворыш — закукарэкаеш! Фельдфебель! Пад арышт яго!
Мыльнікаў як з-пад зямлі вырас, падскочыў, сарваў з Кузьмы дзягу.
З паўгадзіны Кузьма прасядзеў у закутку траншэі, дзе звычайна размяшчаліся тэлефаністы, потым яго пагналі ў афіцэрскую сталоўку мыць падлогу. Падлога была заляпаная гразёю, з тоўстых яловых дошак, якія густа шчацініліся стрэмкамі. Кіпцюрчык сядзеў тут жа, у сталовай, курыў.
Зайшоў нейкі незнаёмы Кузьме капітан, худы, лысы, з шэрымі мяшкамі пад вачыма. Паглядзеў, халодна ўсміхнуўся, сказаў Кіпцюрчыку:
— Выхоўваеце, падпаручнік? Трэба, трэба... А то ў акопах наш салдат робіцца дужа лянівы. Ануча і вядро з вадой — гэта не шпіцрутэны. Гэта болей дэмакратычна, але, ведаеце, добра ўплывае на грубіянаў і балбатуноў...
Ён сеў побач з Кіпцюрчыкам, закурыў, гаварыў далей, быццам і не было ў сталоўцы Кузьмы:
— Войска — гэта дысцыпліна перш за ўсё. Адзін мой знаёмы унтэр-афіцэр, ведаеце, што рабіў? Любіў чысціню ў казарме. Дык ён прымушаў сваіх малойчыкаў есці брудныя анучкі. І што вы думаеце? Елі.
Кіпцюрчык моўчкі слухаў, згодна ківаў галавою, а сам, не міргаючы, усё глядзеў, як, укленчыўшы, шаруе яловыя дошкі Кузьма.
Лысы капітан строс з папяросы попел сабе пад ногі, спытаўся ў Кіпцюрчыка:
— Вы чыталі «Афіцэрскую памятку» графа Талстога? Не? І добра зрабілі. Трэба ж так запэцкаць граззю ўсё рускае афіцэрства. Шкада, што гэты граф-пісака ўжо нябожчык. Я выклікаў бы яго на дуэль, я прымусіў бы яго адмовіцца ад сваіх брудных слоў. І вось плён такой пісаніны — нас не паважаюць, нас не баяцца, з нас смяюцца.
Ён нервова ўстаў, пацёр худой белай рукой лысіну.
— І сярод нас, афіцэраў, ужо ёсць, ужо завяліся разумнікі, якія крычаць пра лібералізм, пра любоў да бліжняга. Яны гатовы расцалаваць першага сустрэчнага салдата, хоць той глядзіць на іх, як зацкаваны воўк. Адкуль узяліся гэтыя белыя вароны?
Капітан раптам дробненька, ненатуральна засмяяўся, нахіліўся да Кіпцюрчыка:
— Здаецца, я пачынаю разумець... Гэта — паўкроўкі. Ведаеце, гадоў сто назад у багатых маёнтках дужа любілі браць для сваіх першынцаў мамак-карміцелек з вёскі. Далікатныя пані бераглі грудзі і кармілі дзяцей грудным малаком прыгонных сялянак, сваіх рабынь. І што атрымалася? Кожнае пакаленне разам з гэтым малаком улівалася ў жылы дваранства рабская кроў. Сёння, праз дзесяцігоддзі, яна падае свой голас. Мамкі адпомсцілі! Толькі жорсткасцю, толькі цвёрдасцю можна вынішчыць у сабе гэтую атруту. Кажу вам гэта, як дваранін двараніну.
Кіпцюрчык, якому капітан паклаў на плячо руку, густа пачырванеў, разгубіўся на імгненне. Быццам баяўся, што вось-вось сваімі халоднымі пранізлівымі вачамі капітан убачыць, якая цячэ ў ім, Кіпцюрчыку, кроў.
— Фельдфебель! — закрычаў Кіпцюрчык, гледзячы на Кузьму. — Падлога брудная! Хай зноў перамые. А каб не спяшаўся, забяры ў яго анучу і дай зубную шчотку!
Пакутліва цягнуўся для Кузьмы гэты дзень. Аглушаны крыўдай, растаптаны знявагай, мыў і мыў ён падлогу. Прыходзілі афіцэры, здзекліва-абыякава глядзелі на яго. Так глядзяць у людным доме на ката ці на сабаку. Упершыню зразумеў Кузьма, што ёсць людзі, якім прыемна бачыць пакуты іншых людзей.
«Хіба ж я не чалавек? — думаў ён. — Чаму я павінен поўзаць каля іхніх ног? Чаму можна на мяне пляваць? Я ж чалавек...» Крыўда і злосць віравалі ў ім. Але што ён мог зрабіць? Гэта была злосць са сцятымі зубамі. Аж да самай ночы прабыў ён у сталоўцы, шараваў падлогу зубною шчоткай.
Увесь наступны дзень з самай раніцы ішоў снег. Знявечаная, абпаленая зямля сустракала яго з радасцю і палёгкай. Быццам быў ён белай гаючай марляй, якая забінтоўвала страшныя зямныя раны. Пагорак, на якім умацаваліся немцы, адразу пасвятлеў, папрыгажэў. Каўпакі кулямётных гнёздаў зрабіліся падобныя на белыя бухматыя сумёты. Але, як мурашкі, выбеглі са сваіх траншэяў немцы з чорнымі рыдлёвачкамі ў руках — шах! шах! — скінулі снег, прытапталі яго, прыгладзілі, вярнулі каўпакам шэры, змрочны колер, колер смерці.
Ціха было на перадавой. Чутно было, як падае на зямлю снег.
А праз ноч, на самым досвітку, пачалася атака. Перад гэтым усім далі хлеба і варанага мяса. Але Кузьма не стаў есці. Успомніў, як дзед Ігнат павучаў: «Перад боем, барані бог, не еш. Лягчэйшы і спрытнейшы будзеш. А то стукне куля ў поўны жывот, і ўсе кішкі ў цябе лопнуць...»
Кузьма схаваў хлеб з мясам у кішэню, падумаў: жыў буду — пасля бою перакушу.
Лёгкая руская артылерыя біла па нямецкіх траншэях. Там, дзе закапаліся ў зямлю немцы, стаялі грывастыя касмылі агню і дыму. Нешта там дзумкала, рыпела, быццам тупой пілой вадзілі па жалезе. У пякельнай артылерыйскай віхуры трашчалі бетон і чалавечыя косткі.
Твары ва ўсіх былі бледныя, напружаныя. Фельдфебель Мыльнікаў, чырвоны, узбуджаны, па самыя вушы ўздзеў на галаву жалезную каску — ва ўзводзе толькі ў яго аднаго была каска, — стараючыся быць бадзёрым і смелым, закрычаў, перасільваючы гарматны грукат:
— Ну, малайцы, з богам! За братоў нашых сербаў!
Выскачылі з траншэі. Шчокамі, усім тварам адчуў Кузьма, што вецер, які ляцеў насустрач, цёплы, не зімні. Дзесьці ззаду, са смуродлівага зялёнага дыму, глухі сіпаты голас загадаў:
— Трацілавай гранатай! Беглы агонь!
Як маланка, бліснула вострае асляпляльнае полымя, над галовамі прашыў паветра цяжкі шыпучы метал і праз імгненне гваздануў у зямлю там, дзе, не бачныя воку, сярод агню і крыві, мітусіліся немцы. Світальны снег, які раз-пораз асвятлялі выбухі, не блішчаў, не ўспыхваў зорачкамі ці іголкамі, а быў жоўта-белы, нібы твар нябожчыка.
Кузьма, адчуваючы, як шалёна калоціцца сэрца, разам з усімі бег уперад. Каб не накрыць сваю пяхоту, змоўкла руская артылерыя, і стала чутно, як тонка свішчуць, хвошчуць у зямлю і ў жалеза кулі. Салдаты падалі, нібы снапы.
«Вось зараз і мяне... Зараз і я брыкнуся», — білася ў галаве неадчэпная думка. Ён пераскочыў цераз забітага — здаецца, гэта быў Лапшын, — цяжка хлюпаючы, пабег па ручаі, па вугальна чорнай ледзяной вадзе. Ён са здзіўленнем і страхам думаў, што ягонае цела ўжо амаль не падпарадкоўваецца яму — наспружыненае і гарачае, ляціць насустрач смерці.
Уперадзе наступаючых беглі каманды сапёраў і грэнадзёры, узброеныя ручнымі гранатамі. Яны ўзрывалі і рэзалі драцяныя агароджы, рабілі праходы. Дрот скручваўся пругкімі калючымі спіралямі, хапаў за ногі і за шынялі.
Нарэшце, апамятаўшыся, гахнула нямецкая артылерыя. Кожнае імгненне гэтага чакалі ўсе і здрыгануліся, пахаладзелі, калі з дымнага чорнага неба, нібы пярун, ляснуліся вобзем нямецкія цяжкія снарады — «чамаданы». Здалося, лопнула чэрава зямлі. Густа шуганулі ўгору пясок, каменне, шматкі дроту і жалеза. Наваколле пахіснулася, страціла раўнавагу. Неба накрыла тых, хто атакаваў, сваёю цяжкой свінцовай далонню.
Толькі некалькі дзесяткаў чалавек па інерцыі заскочылі ў першую нямецкую траншэю. Астатнія засталіся на полі і ў ручаі, на схілах пагорка, на калючым дроце, пашкуматаныя і пасечаныя свінцом. Многія каналі ў нечалавечых пакутах і, як літасці, прасілі хутчэйшай смерці.
Кузьма скокнуў у траншэю, дно якой было замошчана дошкамі, стаіўся за яе паваротам, агледзеўся. Усюды валяліся рыжыя калматыя нямецкія ранцы, гільзы ад патронаў, патрушчаныя бярвенні, напрэжаныя чыгуначныя рэйкі, нейкія кажухі, падушкі, пярыны. Чалавек пяць мёртвых немцаў у сваіх светла-сініх шынялях ляжалі, нібы спалі, сярод гэтай разрухі. На невялічкім століку, што неяк ацалеў, убачыў Кузьма бохан белага хлеба, цукар і патэльню з вялікімі кавалкамі мяса, якія яшчэ былі цёплыя, дыміліся. Дзіўна было глядзець на ўсё гэта, на пару, што лёгкімі кольцамі вілася над патэльняй і была адзінай няўлоўнай прыкметай жыцця.
— Не бяры! Можа, атручанае, — спалохана крыкнуў Кузьме салдат, які хвілінай пасля яго скокнуў у траншэю. У салдата дрыжалі тонкія чорныя, як дзявочыя, бровы.
— Не выйсці нам адсюль... Усім хана будзе... — шаптаў, нібы ў ліхаманцы, салдат і прыціскаўся да сценкі траншэі, хрысціўся. Над галавой рэзалі на шматкі неба снарады.
— Адступаем! Адступаем! — разнеслася наўкол.
Кузьма, прыгінаючыся, пабег назад з траншэі. Здавалася, вось-вось рухне на зямлю неба. Кузьму заляпіла вочы гарачым пяском, кінула, як трэску, у нейкую яміну. Тут канаў рыжы барадаты салдат, стагнаў, схапіўшыся рукамі за жывот, з якога выпаўзалі на снег сінія кішкі.
— Ой, мама... Ой баліць...
Кузьма пабег ад салдата, балюча стукнуўшыся каленам аб кола ад фурманкі, упаў, усхапіўся і зноў пабег. Ён бег праз густы чорны дым і ўсё не мог забыцца, як ідзе пара ад чалавечых кішок. І тут яго, як бы з-пад зямлі, нехта паклікаў:
— Радзімовіч...
Аддалялася артылерыйская кананада, рэзкі марозны вецер разганяў дым, усё наўкола вярталася да жыцця, святлела, і Кузьма ўбачыў Івана Кіпцюрчыка. Падпаручнік быў без шапкі, з ускудлачанымі валасамі і белым тварам. Яго амаль па шыю засыпала зямлёю ў варонцы. Толькі тырчала галава. Ён, відаць, быў паранены, бо моршчыўся.
— Радзімовіч... — зноў ціха пазваў, быццам выдыхнуў, Кіпцюрчык.
Кузьма разгублена спыніўся, не ведаў, што рабіць. Яго клікаў паранены, клікаў свой, але ж гэта быў Кіпцюрчык, ад аднаго голасу якога калісьці пачынала трывожна ныць душа. Кузьма стаяў і маўчаў, глядзеў, як пакрываюцца снегам бровы падпаручніка.
З агню і дыму выходзілі між тым, зрабіўшы сваю страшную крывавую работу, салдаты. Пячатка бою, які толькі што адгрымеў, яшчэ ляжала на іхніх стомленых, закопчаных тварах. Сёння яны засталіся пакуль што жывыя, і радасць свяцілася ў іх вачах.
Падышоў Іван Юшкоў, былы металіст з Екацярынабургскай губерні, ссутулены, чорнавалосы, з апушчанымі ўніз, нібы памочанымі ў вадзе, вусамі. Глянуў на Кузьму, на Кіпцюрчыка, галава якога, быццам бручка, тырчала з зямлі, спачатку здзівіўся, потым спахмурнеў. Рукі ягоныя дробна дрыжалі. Падышлі яшчэ салдаты, ціхія, засяроджаныя: Ягор Пчалаводаў, Іван Бычыхін, Іван Беламесных, Кандрат Лусковіч, Аўдзей Жабрэеў. Здавалася, не па ўзаранай снарадамі зямлі толькі што беглі і поўзалі яны, а вярнуліся з нябёсаў. Усе маўчалі. Раптам Юшкоў адвярнуўся ад Кіпцюрчыка, ад ягонай ускудлачанай галавы, бліснуўшы белым худым целам, спусціў з клубоў нагавіцы, сеў па патрэбе. Потым гэтае ж самае зрабілі іншыя, зрабілі ўсе, апрача Пчалаводава і Кузьмы. Яны сядзелі кружком, а ў цэнтры гэтага страшнага круга пагарды і помсты памірала, матлялася над зямлёй галава Кіпцюрчыка. Кіпцюрчык раптам усхліпнуў і адразу ж заціх.
— Пайшлі, хлопцы, — падцягваючы нагавіцы, сказаў Іван Юшкоў.
Потым у цеснай траншэі, на якую з чорнага зімняга неба падаў мяккі іскрысты снег, Кузьму ўсю ноч снілася адзінокая галава, што тырчала з мёрзлай зямлі. Галава на вачах ледзянела, рабілася бліскучая, гладкая, звонкая, адрывалася ад зямлі і кацілася проста на Кузьму. У яго ўсё замірала ў грудзях, ён хацеў уцячы, схавацца дзе-небудзь, але ногі не слухалі, быццам прымярзалі да зямлі. І тады ён крычаў ад страху, прачынаўся, бачыў чорнае неба над сабой, барадатую галаву Ягора Пчалаводава.
— Ты чаго крычыш? — пытаўся Пчалаводаў. І голас Пчалаводава напамінаў бацькаў голас. Кузьму здавалася: усё гэта ён сніць — траншэю, выбухі, смерць, кроў, сінія чалавечыя кішкі на белым снезе. Варта толькі некалькі разоў запар рэзка расплюшчыць і заплюшчыць вочы, страсянуць галавой, і ўсё сплыве, і застанецца бацька ў кажусе, абсыпаны снегам Сівец, што борздзенька бяжыць па глухой лясной дарозе. А ён, Кузьма, будзе ляжаць на спіне, тварам уверх, і мяккае пахучае сена будзе казытаць шчокі.
— Маладзён ты яшчэ, Кузьма, — казаў між тым Пчалаводаў, глыбей насоўваючы на галаву папаху. — Гэта кроў у табе крычыць. І свая. І чужая, тая, што праліў...
— Нікога я не забіваў і нічыёй крыві не праліваў. — Кузьму ўжо не хацелася спаць, і ён быў рады, што Пчалаводаў пачынае з ім гаворку. Пчалаводаў закурваў, хаваў цыгарку ў рукаў, кашляў. Потым упэўнена гаварыў:
— Забіў і ты. Хоць аднаго, ды забіў. Ужо год ваюем. Можа, і не хацеў пацэліць, а забіў. Але бог нам, воінам, адпусціць грэх, чалавечую кроў з душы здыме... Запомні: не плоць на вайне пакутуе, а дух...
Гэты самы Пчалаводаў здзівіў усіх тым, што ў час атакі кінуў у германца, які хацеў прапароць яго кінжалам, ручную бомбу, не вырваўшы з яе папярэдне чаку.
Германца ён толькі аглушыў і потым казаў усім, усміхаючыся ў светлую бараду:
«А навошта жывога чалавека рваць на шматкі? Я і так яму добра ўляпіў — будзе помніць...»
За гэта яму давялося пасядзець трое сутак на гаўптвахце, бо ротнаму, штабс-капітану Кукавераву, не спадабалася такая, нечаканая ў барадатага з пудовымі кулакамі асілка, гуманнасць.
Кузьма неяк вельмі хутка пасябраваў з Пчалаводавым. Калі выпадала вольная часіна, яны зручней масціліся дзе-небудзь у зацішку і пачыналі гаворку. Больш гаварыў Пчалаводаў. І ўвесь час рукі яго былі нечым занятыя: то ён лапіў шынель альбо штаны, то сушыў анучы.
— Баскі ты хлопец, Кузьма, — гаварыў Пчалаводаў, — па-нашаму, па-ўральску, значыць, добры. У дваццаць гадкоў толькі сям'ю заводзіць, дзеткамі абсыпацца, а ты ў акопах і днюеш і начуеш. А я, здаецца ўжо, і нарадзіўся салдатам. З дзевяноста дзевятага года прызыву...
Ён змаўкаў, задуменна глядзеў некуды ўдалячынь, відаць было — успамінаў сябе маладога.
— З Тагіла я. З Ніжняга Тагіла. Ёсць яшчэ Верхні. У нас там заводаў, як грыбоў у лесе. Гудкі гудуць, вечарам агонь на паўнеба — у мартэне плаўку даюць. Маё сямейства на Выі жыве — ёсць такі ў Тагіле пасёлачак. Жонка Дар'я, дзеткі, тры раты. Ужо пра мяне, відаць, і забыліся. А прозвішча ў нас Пчалаводавы. Хто такое прыдумаў? Ніколі ж пчоламі ні дзед, ні прадзед не займаліся. Вось у мяне сусед. Дык яго прозвішча Жалязноў. Гэта ўжо наша, уральскае. У нас жа кругом жалеза. Нашым жалезам мы і германца б'ём. Толькі вось што я думаю: навошта жывога чалавека жалезам зністажаць? Чалавек жыць павінен.
— Дзядзька Ягор, — пытаўся Кузьма (ён Пчалаводава зваў дзядзькам), — як ты думаеш: калі вайна скончыцца?
— Як нас паб'юць, Кузьма. Як нікога ўжо не застанецца ў салдаты браць.
— Хто ж тады на зямлі жыць будзе?
— Цар Мікалай з Вільгельмам-кайзерам.
— А Жабрэеў кажа, — Кузьма азірнуўся па баках, — цара трэба скідваць...
— Можа, і так. — Пчалаводаў лапіў шынель, які парваў аб калючы дрот, і іголка так і мільгала ў яго тоўстых, жоўтых ад тытуню, пальцах. — Жабрэеў вучоны — яму відней...
— Як жа без цара можна жыць?
— А так, як я без свайго бацькі, царства яму нябеснае, жыву. Дваццаць гадоў, як бацьку на гары Благадаці каменем задушыла. А я жыву, і дзяцей на ногі паставіў.
Слухаць такія словы было нязвыкла, страшнавата.
Але Кузьму зноў і зноў хацелася чуць іх. Так было ў дзяцінстве, калі ён разам з Антонам забіраўся на абламаную верхавіну вольхі высока над ракой і скакаў адтуль галавой уніз у ваду. Кожны раз аж сэрца замірала, але зноў хацелася скокнуць, быццам нехта падпіхваў.
Пра рознае гаварылі ў акопах. Іван Юшкоў, зямляк Пчалаводава, часам пацягваўся да хрусту ў касцях, уздыхаў:
— Эх, як там мая Антаніна? Ляжыць недзе, бедная, у халодным ложку, мужа ўспамінае...
— Так яна па табе і засумавала, — падколваў хто-небудзь, — тылавікоў хапае. Яны, як бугаі адкормленыя. А што бабе трэба? Пагладзіць, пашкадуе які-небудзь, яна і рукі ўгору, як германец, — забірай у палон...
— Мая не такая, — цямнеў тварам Юшкоў.
— Усіх вайна разгарачыла. А што твая? І яе нехта ціскае...
— Ну ты, падла, — усхопліваўся, як звер, Юшкоў. — Я табе зараз зубы палічу.
Пра жанчын гаварылі з нейкай злосцю, груба, быццам помсцілі ім за сваю адзіноту. Шмат хлусілі пра свае перамогі над жанчынамі. У гэтай хлусні і ў гэтай злосці былі свае прычыны: усім не хапала цеплыні, звычайнай увагі, якая так патрэбна чалавеку, асабліва калі чалавек кожны дзень ходзіць ля смерці.
У канцы лютага на левы фланг палка падвялі некалькі рот ратнікаў апалчэння. Апалчэнцы былі сытыя, вясёлыя, чыста апранутыя. У тыле яны назапасілі гарэлкі. Гарэлка падагравала іхнюю ваяўнічасць і патрыятызм. Апалчэнцы з пагардай глядзелі на шэрых акопнікаў, брудных, вашывых, лічылі іх палахліўцамі. Тыя ў сваю чаргу адразу іх узненавідзелі і пачалі называць «крыжаносцамі».
— Хай «крыжаносцы» ваююць, — гаварыў Юшкоў, стаўшы да ветру.
З акопаў апалчэнцаў вецер даносіў дружны смех, гугнявую песню грамафона.
— Іч ты, развесяліліся, — нават ціхманы Кандрат Лусковіч не вытрымліваў, пляваўся.
— Нічога. Хутка і ім сумна стане. — Белавалосы Жабрэеў узнімаў каўнер шыняля, жмурыў сінія вочы. — Для іх каля нямецкіх акопаў на калючым дроце георгіеўскія крыжы павешаны.
— Скулу ім у бок, а не крыжы. Ім драўляных крыжоў падвязуць, — гарачыўся Юшкоў, але Пчалаводаў, строга глядзеў на яго, гаварыў:
— Пра смерць не ўспамінай, хлопец. Яна і так за плячамі стаіць...
Неяк над акопамі пакруціўся варожы аэраплан, скінуў бомбы. Выбухам забіла Івана Бычыхіна, што быў веставым у камандзіра роты. Штабс-капітан Кукавераў прызначыў веставым Кузьму. Не хацелася Кузьму адрывацца ад сваіх хлопцаў, з якімі ўжо пасябраваў за гэтыя месяцы, але Пчалаводаў сказаў:
— Ідзі, ідзі... Яно, вядома, сярод афіцар'я многа паскуд. Але ж усё-ткі зацішней, не так лоб пад кулю падстаўляць будзеш.
Афіцэрская зямлянка была выкапана ў схіле высокага пясчанага ўзгорка, пад трайным накатам з тоўстых сасновых бярвенняў. Туды не пранікала дзённае святло, і таму палілі стэарынавыя свечкі. Кузьма браў пукі свечак і ўтыкаў іх проста ў сцены.
У Кукаверава ўвесь час балелі зубы, і ён хадзіў, абвязаўшы тоўстую няголеную шчаку шаўковай насоўкай. Моршчыўся ён заўсёды — дрэннае ці добрае гаварылі яму. Часта да афіцэраў прыходзілі сёстры міласэрдзя з лятучага лазарэта. Яны ўразілі Кузьму: танклявыя, дужа прыгожыя, у строгіх чорных сукенках, у белых касынках з чырвонымі крыжамі. Яму нават здалося напачатку, што яны выпраменьваюць святло.
«Ведама, гарадскія, — успамінаючы свае Чмялі і чмялёўскіх дзяўчат, — думаў Кузьма, — кожны дзень па хунту мыла змыльваюць, а ў дзікалоне, пэўна, купаюцца».
Была сярод іх адна, якую ўсе звалі графіня. Высокая, чорнавалосая, вочы чорныя-чорныя, як вечаровае неба. «Графская дачка ці жонка, — разважаў сам з сабою Кузьма. — Бач ты, і яна ў акопы пайшла...»
Афіцэры і іхнія госці часта пілі. Кукавераў моршчыўся, казаў:
— На хворы зуб! — і спрытна куляў чарку.
Здзівіла Кузьму, што прыгожыя сёстры міласэрддзя п'юць, як і мужчыны.
Калі выпівалі, паручнік Стахееў, кучаравы, светла-русы, браў гітару з блакітным бантам. Гітара ў ягоных руках, здаецца, плакала, так сумна іграў ён.
— Вы песіміст, паручнік, — казала графіня, — у вашым узросце трэба іграць мажорнае. Такое, каб крылы за спінай вырасталі.
— Ах, графіня, — сумна і прыгожа ўсміхаўся Стахееў, — у гэтых акопах згніюць самыя моцныя крылы. Падумаць толькі: мы страцілі ўжо васемнаццаць губерняў.
І спяваў:
Гэй ты, Русь мая,
Русь дзяржаўная,
Ты радзіма мая
Праваслаўная.
— Імперыя вялікая, — чырванеў ад выпітага Кукавераў. — Матухну Расію ні манголы не скарылі, ні Банапарт. Будзем спадзявацца на божую літасць...
— Трэба спадзявацца на гарматы і салдат, Аляксандр Міхайлавіч. Як не хочацца думаць, што надыдзе дзень, і ў «Рускім слове» ў спісах загінуўшых надрукуюць: «Паручнік Стахееў. Вечная яму памяць».
— Фі, паручнік, — гнеўна зводзіла бровы графіня. — Не трэба ж так раскісаць. А нашы салдаты — героі. Падыдзіце, калі ласка, сюды, — звярнулася яна неяк да Кузьмы, што прынёс Кукавераву пакет, — вып'ем за перамогу нашай зброі.
Кузьма, які хацеў ужо выйсці з зямлянкі, ад нечаканасці нават спатыкнуўся. Ніхто нідзе ніколі не называў яго на «вы». А графіня сама падышла да яго з маленькай залочанай чаркай у руцэ:
— Выпіце...
Яе вочы ў паўзмроку зямлянкі здаваліся шэрымі. Кузьма разгубіўся і не ведаў, што рабіць.
— Выпі, Радзімовіч, — літасціва дазволіў Кукавераў.
Усе афіцэры павярнуліся да Кузьмы. Паручнік Стахееў глядзеў на яго, на графіню, церабіў доўгімі вузкімі пальцамі бант на гітары, іранічна ўсміхаўся.
Гарэлка, як вар, апякла ўсё ўнутры. Графіня глядзела на Кузьму прыгожымі вачыма, і на яе белай тонкай шыі ўздрыгвала сіняя жылка. Кузьма выцер рукавом губы, папрасіў дазволу выйсці, і калі ўжо зачыніў цяжкія, абабітыя бляхай дзверы, пачуў за спінаю голас Стахеева:
— Ён так глядзеў на вас, графіня. І ведаеце, што ён думаў: чаму яна падае такую маленькую чарку?
Там, у зямлянцы, дружна зарагаталі. А ў Кузьмы пацямнела ўваччу: захацелася поўнай жменяй зачэрпнуць шэрага мокрага пяску, убегчы ў зямлянку і шпурнуць гэты пясок у нахабны рот, што сказаў такія словы. Але ён быў салдат, просты салдат у брудным, прапаленым ля кастроў шынялі, ён быў чарвяк пад бліскучым ботам паручніка, і ён толькі глыбока ўздыхнуў і схаваў свой гнеў на самае дно душы.
«Яны ўсе пагарджаюць мной, — думаў ён, ідучы ў свой узвод, бо толькі Пчалаводаў мог зразумець яго. — Хто я для іх? Чорны мужык, які смярдзіць гноем, з якога можна смяяцца колькі ўлезе. А ці смяялася графіня?» Ён многае аддаў бы, каб даведацца пра гэта. Чамусьці Кузьму здавалася, што яна, такая "далікатная і прыгожая, не можа смяяцца з чужой бяды. Яму зноў, аж да болю ў грудзях, захацелася дадому: там зараз ідзе ціхі снег, кладзецца на палосы, на стрэхі хат, там маці паліць у печы, глядзіць на полымя, абіраючы бульбу, і ўспамінае яго. А бацька з Антонам пайшлі пад паветку, сякуць дровы або рамантуюць сані. І так мірна там, так бела ад снегу. Здаецца, скінуў бы шынель, цяжкія боты і босы пабег туды, і родная зямля сагравала б ногі.
Ва ўзводзе ён знайшоў толькі Пчалаводава і Жабрэева. Яны ўзрадаваліся яго прыходу.
— Юшкоў і Лусковіч у лазарэце, — сказаў Пчалаводаў, — Юшкоў, дурная галава, хацеў смеласць сваю паказаць: вылез на бруствер і пачаў там на гармоніку іграць. Ну германец, ведама, і пекануў яго па казённым месцы. А ў Лусковіча нешта з жыватом. Аж пазелянеў хлопец... А ты чаго такі сярдзіты?
Кузьма хацеў змоўчаць, але не вытрымаў: расказаў пра ўсё, што здарылася ў афіцэрскай зямлянцы.
— І з-за гэтага ты скіс? — здзівіўся Пчалаводаў. — Дзякаваць богу, Кузьма, што па зубах хто-небудзь з залатапузых не заехаў. А слова — што? Словам мужыка не заб'еш. Не такія словы чулі.
— Не тое ты гаворыш, Іванавіч, — трасянуў кужэльнымі валасамі Жабрэеў, — чалавеку ў душу плюнулі, у самае, можна сказаць, святое. Мы пра душу толькі ў час малітвы ўспамінаем. А яна ж кожны дзень у кожным з нас жыве, баліць, хоча, каб яе паважалі. Наступі ботам на травінку якую-небудзь. Сагнецца, здаецца, растаптаў яе. А адыдзешся — зноў выпрасталася. Так і душа...
— Іч ты, — з павагай глянуў Пчалаводаў на Жабрэева, — складна гаворыш. Душа, як травінка. Іч ты... — Яму падабаліся людзі, якія ўмелі прыгожа і разумна гаварыць, гэта ў іх ад бога, — думалася яму.
Кузьму таксама спадабаліся словы Жабрэева.
— Пчалаводаў! — даляцеў раптам з суседняга бліндажа, дзе стаялі піраміды са зброяй, бас фельдфебеля Мыльнікава. — Бягом да мяне!
Пчалаводаў таропка ўзбіў на галаве папаху, падцягнуў тужэй папружку, пабег на голас. Неўзабаве адтуль пачулася:
— Чаму ў цябе, нягоднік, вада ў ствале вінтоўкі? Вадой будзеш страляць? Маўча-а-аць!..
Жабрэеў узяў Кузьму пад руку, павёў па траншэі, па дошках, заляпаных гразёю і мокрым снегам, пад накат з бярвенняў, дзе яны спалі на самаробных нарах.
Там спыніўся, паглядзеў на Кузьму сінімі і празрыстымі, як лёд, вачамі, спытаўся:
— Ты вясковы?
— З Ігуменскага павета Мінскай губерні.
— Значыць, не табе расказваць пра сялянскую жытуху... — Ён панізіў голас. — Я даўно да цябе прыглядаюся, Радзімовіч. Талковы ты хлопец. Слухай — падавайся ў нашу партыю.
— Якую партыю? — спалохаўшыся, азірнуўся па баках Кузьма. Ён чамусьці падумаў, што ўсё гэта Жабрэеў падстроіў наўмысна і недзе побач іх падслухоўвае фельдфебель Мыльнікаў.
— Сялянскую партыю. Сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Хочаш зямлі і волі свайму бацьку і сабе?
— Ну, хачу. Хто ж гэтага не хоча? — няўпэўнена сказаў Кузьма.
— Ды ты не палохайся, — усміхнуўся Жабрэеў. — Я ніводнай жывой душы пра гэта не скажу. Гэта — між намі. Разумееш?
Кузьма маўчаў, калупаў наском бота сучок, што вытыркаўся з дошкі.
— Падумай, — сказаў Жабрэеў, ляпнуўшы яго па плячы. — Хлопец ты талковы.
«Зямлі і волі бацьку і сабе, — думаў Кузьма, калі Жабрэеў пайшоў ад яго, грукаючы па мокрых дошках ботамі. — Вядома, хачу. Чалавекам стаць хачу...» Ён зноў успомніў здзеклівыя словы паручніка Стахеева, і маршчыны, глыбокія, рэзкія, ляглі над бровамі.
У самым канцы зімы, як гром з неба, прыйшла навіна — скінулі цара. Раставаў снег, неба было звонкае і высокае, сляпіла вочы агністае сонца. Каля траншэяў, у полі, звінелі ручайкі, яшчэ нябачныя пад снегам. Іх сярэбраны звон браў за душу.
Прыехалі салдаты з лазарэтаў з Мінска і сказалі, што галоўнакамандуючы Заходнім фронтам генерал Эверт ходзіць з чырвоным бантам. Потым прыйшоў загад № 1 Петраградскага Савета. Афіцэры захваляваліся. Некаторыя пачалі знікаць з перадавой, быццам раставалі разам з зімовым снегам. Паручнік Стахееў кінуў іграць на гітары, хадзіў пануры, з халодным бляскам у вачах. З фельдфебеля Мыльнікава садралі пагоны, надавалі яму кухталёў. Ад яшчэ большай бяды выратаваў яго камандзір палка палкоўнік Талубко — перавёў у гаспадарчы ўзвод.
— Слухай, брацец, — сказаў Кузьму штабс-капітан Кукавераў, і вочы яго мітусіліся, як мышаняты ў цёмным закутку. — Ідзі ў свой узвод. Абыдуся я без веставога. Свабода!
Ён спрабаваў засмяяцца, але гэта яму не ўдалося. Кузьма ў той жа дзень вярнуўся да сваіх і адразу ўбачыў шмат змен. Усе быццам памаладзелі, былі вясёлыя, шмат гаварылі. Юшкоў — на папасе вялікі чырвоны бант — сядзеў на нарах і нешта выразаў ножыкам-складанчыкам.
— Што гэта ты робіш? — пацікавіўся Кузьма. Юшкоў глянуў на яго вясёлымі вачыма:
— Пячатку для нашага ротнага салдацкага камітэта. Я ж, дарагі ты мой, знатнецкім гравёрам быў. Бывала, такую мадаму выражаш з дрэва ці з каменя каляровага. Тут табе і грудзі, і ножка, як жывая...
— А што за камітэт такі?
— Гэ! Ды ты што — з неба зваліўся? Камітэт — гэта наша з табой зараз начальства. І пячатку яму трэба, каб, значыцца, усё па форме было. Адным словам — свабода, грамадзянін Радзімовіч! А вось і наш начальнік... — Ён рукой, у якой трымаў ножык, паказаў на Пчалаводава, што ўвайшоў у бліндаж.
Плечы Пчалаводава былі абсыпаны мокрым снегам. Ён збіў яго папахай, змахнуў ваду з барады, паздароўкаўся з Кузьмой:
— Было такое дзела. Выбралі мяне, Кузьма, у ротны камітэт. Кажуць: ты ўжо салдацкай кашы нямала з'еў — кіруй народам. А як гэтым народам кіраваць? Дзякуй богу, Жабрэеў у нас за галоўнага. У яго галава варыць...
Пчалаводаў гаварыў усё гэта неяк сарамліва, нават вінавата, але было відно — тым, што яго абралі ў камітэт, вельмі задаволены.
— Што ж з вайной будзем рабіць, Ягор Іванавіч? — Юшкоў паднёс блізка да вачэй пячатку, уважліва разглядаў сваю работу.
— Ды каб на яе мор, Ваня, — прысеў на нары Пчалаводаў. — Яна ўсім, як костка ў горле. Я сёння, толькі сказалі б, дадому пешшу пайшоў бы. Але Жабрэеў кажа: дужа не па нутру германцу, што ў нас, у Расіі, свабода аб'явілася. Хоча зноў Мікалая нам вярнуць...
Юшкоў пахукаў на пячатку, моцна дзьмухнуў і пачаў церці яе аб рукаў гімнасцёркі. Потым узняў на Пчалаводава і Кузьму чырвоныя стомленыя вочы:
— А я думаю: не ўсім яна, як костка ў горле. Ёсць такія, што рады ёй. Чым болей людзей заб'юць, пакалечаць, тым болей ім грошай. Праўда, Кузьма? — Ён глянуў на Кузьму, быццам пракалоў чорнымі вачамі.
Кузьма разгубіўся:
— Дык жа Жабрэеў кажа...
— Што вы ўсе са сваім Жабрэевым, як з пісанай торбай, носіцеся? Жабрэеў... Жабрэеў... — Юшкоў ажно падскочыў з нараў. — Учора вы Мыльнікава баяліся, сёння Жабрэева. А хто ён такі? Што ў яго ўсярэдзіне, вы ведаеце? Ого, як ён ужо нос задраў — не падступішся...
Усе змоўклі, усім стала няёмка. Юшкоў таксама адчуў, што пагарачыўся, заляпаў рукамі па кішэнях, пачаў шукаць табаку. Са столі бліндажа, з тоўстых пазелянелых бярвенняў капала вада, светлыя бліскучыя кроплі біліся ў дно снараднай гільзы. Здавалася, у бліндажы прыцмоквае дзіця. І ўсе ўспомнілі, што на дварэ вясна, што чырвонае сонца зганяе з палёў снег. Кузьму на імгненне ўбачыліся далёкія Чмялі: цырубалкі тырчаць са стрэх, як вострыя блішчастыя коп'і, дзеці збіваюць іх снежкамі, бяруць у рот, смокчуць, аж язык пруцянее ад холаду.
У гэты час у бліндаж увайшоў Жабрэеў, вясёлы, упэўнены, з-пад шэрай папахі выбіваюцца белыя мяккія стружкі валасоў.
Убачыў Кузьму, узрадаваўся:
— Здароў, Радзімовіч. Да нас вярнуўся? Добра. Тут у нас павесялела. Заўтра едзем у Нясвіж выбіраць камітэт нашага баявога 29-га Сібірскага палка...
Гаварыў ён наўмысла моцна, бадзёра, у сініх вачах успыхвалі агеньчыкі.
— Слухай, Жабрэеў, — зноў сеў на нары Юшкоў, — тут мы цікавімся — калі ж можна будзе скончыць усю гэтую заваруху? Зямля з-пад снегу вылазіць. Трэба араць, сеяць.
— Ты наконт вайны? — На пераноссі ў Жабрэева, як праменьчыкі, збегліся тонкія маршчыны. — Вораг напірае, Іван. Вось скруцім яму рогі, тады і дадому можна падавацца.
— Дык і германцу ж трэба араць, хлеб сеяць. Што ён — жалеза будзе жэрці? — не здаваўся Юшкоў.
Жабрэеў ледзь прыкметна спахмурнеў, быццам воблачка набегла на твар:
— Да нас з Петраграда едзе ваенны міністр Гучкоў. Я думаю, ён нам усё добра расталкуе. Не можам жа мы, зразумей, Іван, фронт агаліць. Хлыне германец, як саранча. Усю Расію падамне, да тваёй Екацярынбургскай губерні дойдзе. Што тады рабіць будзеш?
— Не ведаю, куды ён дойдзе, а дзяліць мне з ім нечага. І мае, і яго дзеці плачуць, — рашуча сказаў Юшкоў.
Ён устаў з нараў, накінуў на плечы шынель, моўчкі пайшоў да выхада.
— І праўда, Жабрэеў, — стаміўся народ. Трэці год у акопах сядзім. Ні жонак, ні дзетак не бачым. Хіба можна так? — гэта ўжо казаў Пчалаводаў. Яму было і няёмка гаварыць супраць Жабрэева, такога разумнага, разважлівага, але і крывіць душой ён не мог.
— А як ты, Кузьма, думаеш? — павярнуўся Жабрэеў да Радзімовіча.
І Кузьма зразумеў: чакае ад яго старшыня ротнага камітэта падтрымкі. Але ён таксама сказаў тое, што думаў:
— Я — як і ўсе. А ваяваць ужо ніхто не хоча...
Над траншэямі ўладарыла вясна. Неба было высокае, бязмежнае. Адзінокія воблакі, як кавалкі бела-сіняга лёду, ззялі на небасхіле. У час заходу край неба лёгка чырванеў, потым рабіўся густа-вішнёвы, агністы, аж вачам было балюча глядзець. Снег на брустверах асядаў, шарэў, пакрываўся бліскучай ледзяной скарынкай, пад якой булькатала вада. У такія хвіліны салдаты з болем у сэрцы думалі аб родным доме, аб зямлі і дзецях. Такая прыгажосць нараджалася наўкола, а ім, салдатам, трэба было паміраць.
Кузьма глядзеў, як апускаецца ў снежна-белы прасцяг сонца, і думаў, што зараз у Чмялях пачынаюць паліць у печах, рыхтаваць вячэру. Вось і маці нахілілася каля печы, паклала на загнетак бярэмца дроў. Потым узяла сушэйшае паленца, кінула яго ў яшчэ слабае полымя. Весела шуганулі іскры, клубом паляцелі ў комін, з коміна ў халоднае вечаровае неба. І адна іскрынка ўзнялася высока-высока і зледзянела там, ператварылася ў зорку, каб ноччу свяціць над Кузьмовым акопам.
Назаўтра раніцай паехалі ў Нясвіж на палкавы мітынг. З роты ехала чалавек трыццаць. Запрэглі батарэйных коней-біцюгоў у сялянскія фурманкі, весела калаціліся па дарозе, што ззяла вялізнымі лужынамі, у якіх адбіваліся высокія белыя воблакі. Кузьма кіраваў фурманкай, і яму нават крыху боязна было ўязджаць у гэтыя бліскучыя лужыны, бо яны здаваліся бяздоннымі.
Ва ўсіх на папахах палымнелі чырвоныя банты. Іван Юшкоў узяў у дарогу свой старэнькі гармонік, іграў вясёлае, няскладнае.
— Юшкоў! — крыкнуў яму з пярэдняй фурманкі Жабрэеў. — Сыграй «Марсельезу».
— Што? — перапытаў Юшкоў.
— «Марсельезу». Гімн свабоднага народа.
— У нас на Урале такіх не іграюць, — хмура адказаў Юшкоў і зайграў «Барыню».
Праехалі вёску Караліны. З хат, двароў выходзілі людзі, пераважна жанчыны і старыя, глядзелі на салдат. На тварах у іх было чаканне. Здавалася, хочуць яны нешта сказаць, нешта спытаць, але саромеюцца.
Разам з Кузьмой у фурманцы сядзелі Пчалаводаў, Юшкоў, Лусковіч і паручнік Стахееў. Стахееў утуліў галаву ў каўнер шыняля, за ўсю дарогу не вымавіў ні слова, нібы гаварыць развучыўся. Толькі аднойчы, калі Кузьма, загледзеўшыся, накіраваў каня ў глыбокую залітую вадою калдобіну і іх добра такі падкінула, шчокі Стахеева пачырванелі, і ён крыкнуў:
— Правей трымай!
Наогул, паручніка за апошнія дні быццам падмянілі. Сінія вочы патухлі, ён пацяжэў, пастарэў. Кузьма, каб сам не чуў, ніколі не паверыў бы, што паручнік так хвацка ўмее іграць на гітары і так добра спявае.
Затое Юшкоў быў дужа вясёлы, можа, дзеля таго, падумалася Кузьму, каб пазлаваць паручніка. Юшкоў пераспяваў ужо ўсе вядомыя яму песні і штурхаў у спіну Пчалаводава:
— Ягор, якія ў вас у Тагіле частушкі пра фабрычных дзевак пяюць? Успомні.
— Адчапіся ты, — смяяўся Пчалаводаў. — Іч ты, пра дзевак яму захацелася...
Усе смяяліся, нават маўклівы Лусковіч. Толькі Стахееў сядзеў з каменным тварам і ледзь прыкметна крывіў губы.
Нарэшце паказаўся Нясвіж: вежы ратушы, фарнага касцёла, радзівілаўскага замка. Каля горада сінелі невялікія азёры. Усё гэта пад яркім веснавым сонцам выглядала па-святочнаму.
— Тут некалі марская школа была. На маракоў вучылі, — сказаў раптам Лусковіч. Усе здзіўлена паглядзелі на яго, толькі Стахееў не варухнуўся.
— Адкуль ты ведаеш? — іранічна павёў чорным вокам па маўчуну Лусковічу Юшкоў. — Адсюль да таго мора, як да майго Урала.
— Была марская школа, — пачырванеўшы, упарта паўтарыў Лусковіч. — Я ў адной старой кніжцы чытаў.
У Нясвіжы было поўна салдат. Цывільныя трапляліся зрэдку. Здавалася, шматтысячнае войска ўзяло штурмам горад, пабіла ці паразганяла жыхароў і зараз не ведае, што рабіць далей. Салдаты хадзілі купкамі, былі ўзброеныя, спрачаліся, махалі рукамі. Некаторыя на папахі і шынялі паначаплялі чырвоных бантаў. Георгіеўскія кавалеры і «ўдарнікі» трымаліся больш салідна і паважна. Сярод гэтага кіпучага людскога мурашніку яны, відаць, ведалі сабе цану. Дзе-нідзе стаялі невялікія яўрэйскія лавачкі, у якіх можна было купіць кавалак мыла, тытунь, селядцоў, нават пляшку гарэлкі. Тут жа працавалі вулічныя фатографы, захінуўшыся амаль па пяты чорнымі прасцінамі, чаравалі над сваімі трыногамі. Якому-небудзь салдаціку заставалася толькі ўсунуць галаву ў круглую дзірку, прарэзаную ў вялікім лісце фанеры, пастаяць так мінут дзесяць — дваццаць, і ён мог быць упэўнены, што ўся вёска ахне, атрымаўшы ягоную фатаграфію, — такім малайцом зрабіўся ён. Шырокія волатаўскія плечы, пукатыя грудзі ў медалях, моцная рука ўсаджвае штык вінтоўкі проста ў пуза прусаку, што ляжыць каля салдацкіх ног. Хоць усё гэта было намалявана на фанеры, а сваёй заставалася толькі галава, усё роўна прыемна было ўявіць сябе такім — прыгожым, смелым, непераможным.
Штаб 2-й арміі размяшчаўся ў радзівілаўскім замку. Фурманкі прагрукацелі па мокрым, бліскучым бруку, доўга аб'язджалі замак, нарэшце спыніліся на невялікай плошчы, наўкол якой стаялі нізенькія драўляныя хаткі. Плошча была шэрая ад салдацкіх шынялёў. У цэнтры яе стаяла зробленая на скорую руку трыбуна. Над трыбунай, нацягнуты на двух шастах, матляўся лозунг — вялікія чорныя літары па белай прасціне: «29-ы Сібірскі полк абароніць дэмакратыю і свабоду!»
Як толькі спыніліся, Жабрэеў саскочыў з фурманкі і, працуючы локцямі, пачаў прабірацца праз натоўп да трыбуны, Пчалаводаў і Кузьма хацелі падацца за ім, але Юшкоў плюнуў, махнуў рукой:
— Што вы там не бачылі? Яму ж трэба да начальства быць бліжэй, а вам што? Ці брахаць будуць, ці праўду казаць — і адсюль пачуем.
Ён перакінуў рэмень ад гармоніка цераз плячо, прымерыўся вокам да ніжэйшых сукоў дрэва, што расло тут на плошчы, раптам лёгка падскочыў, падцягнуўся на руках і ўжо сядзеў на дрэве.
— Ну і лаўкач ты, Іван, — толькі і сказаў Пчалаводаў.
А Юшкоў гаварыў зверху:
— Наш Жабрэеў ужо на трыбуне. Каля камандзіра палка круціцца. Бач ты: і нейкая баба там. Нічога сабе мадама. І капітан Кукавераў, як кот, аблізваецца каля мадамы.
Кузьма выцягваў шыю, станавіўся на пальчыкі, але ўсё роўна папахі і шырокія спіны перашкаджалі бачыць, што робіцца на трыбуне. Ён толькі чуў густы і сіплы голас камандзіра палка палкоўніка Талубко:
— Мы ўсе грамадзяне вольнай Расіі, яе сыны і воіны. Вясна народаў прыйшла і ў нашы акопы. Яшчэ ўчора мы былі бяспраўныя слугі дэспатызму, а сёння мы гаворым усяму свету: руская армія ўзняла над сабой гордыя сцягі свабоды, руская армія не дазволіць нікому задушыць гэтую свабоду ў калысцы.
Салдацкі натоўп узбуджана-радасна зароў. Паляцелі ўгору папахі. Нехта стрэліў з рэвальвера. Незразумелая радасць і весялосць перадаліся і Кузьму. Хацелася крычаць нязвыклыя прыгожыя словы, якія ап'янялі, як віно, як пацалунак жанчыны. Але зверху Юшкоў запытаўся ў тых, што на трыбуне, быццам халоднай вады лінуў за каўнер.
— Калі дадому? Калі мір з германцам заключым?
— Я адкажу вам, грамадзянін салдат, — як званочак сярод глухіх удараў барабана, прарваўся раптам праз тлум мужчынскіх галасоў высокі жаночы голас, і Кузьма ўздрыгнуў: графіня! Гэта была яна. Кузьма амаль на плечы ўзлез здаравеннаму рыжавусаму акопніку, што стаяў перад ім, і ўбачыў графіню: у простым салдацкім шынялі, з чырвоным бантам у нічым не прыкрытых, ярка-чорных доўгіх валасах. Твар яе быў бледны, прыгожы, нібы яна ўжо была памёршая, але ўваскрэсла, ажыла, і з кожным словам усё ярчэй загараліся вочы, усё гусцей пунсавелі шчокі.
— Я адкажу вам, — гаварыла яна, гледзячы з трыбуны на Юшкова, што, як шпак, сядзеў на дрэве. — Я сястра міласэрдзя. Я бачыла, як паміраюць ад куль, гранат, бомбаў і снарадаў рускія салдаты. Гэта сапраўдныя героі. Не адступіўшы ні кроку назад, яны паміралі, як гапліты спартанскага цара Леаніда, як воіны Аляксандра Македонскага. За іх плячамі была святая Русь, і яны біліся за яе да канца. Хіба ж вы, іх браты, не адпомсціце за іхнюю пралітую кроў? Хіба вы зможаце спаць спакойна, калі вам прысніцца гэта кроў?
Натоўп загуў, закалыхаўся. Здавалася, крыкні цяпер гэтая прыгожая жанчына: «Ідзіце памрыце!» — і ўсе б пайшлі на смерць. Толькі Юшкоў быў на дзіва спакойны, і калі трохі прыціхла, ён — настырная душа — спытаўся ў сястры міласэрдзя:
— Няўжо вам, грамадзяначка, так хочацца нямецкай крыві?
— Ах ты сволач! — крыкнуў рыжавусы акопнік, падскочыў, ухапіў здаравеннымі рукамі Юшкова за нагу. — Зараз мы з табой расквітаемся... — Але Юшкоў лёгка ўдарыў яго ботам у твар. Рыжавусы адразу закрыў твар рукамі. На пальцах зачырванелася кроў. Тады яшчэ з дзесятак салдат, злых, рашучых, падбегла да дрэва. Здавалася, вось-вось вырвуць яго з карэннем, і ўжо не паздаровіцца Юшкову.
— Што вы робіце, хлопцы? — раскінуў перад імі рукі Пчалаводаў.
Ён быў падобны на курыцу-квактуху, што бароніць сваё занадта шустрае, неразумнае пылянятка.
А Юшкоў раптам выхапіў нешта з-за пазухі — граната! — падумаў Кузьма, — размахнуўся, страшна выкаціў чорныя вочы.
— Разыдзі-і-ісь! Мяса нараблю!
Салдаты пабялелі ад страху, спыніліся. Усе чакалі: вось-вось рэзка апусціцца ўскінутая аж за плячо рука і грымне выбух. І, як збавенне, зноў прагучаў жаночы голас.
— Грамадзяне салдаты! У свабоднай арміі не можа быць самасуду.
Усе гэтыя імгненні душа Кузьмова як бы разрывалася на дзве часткі: ён прагна, з нейкай нязвыклай, абвостранай асалодай лавіў кожнае слова прыгожай графіні і адначасова захапляўся Юшковым, ягонай смеласцю.
Юшкоў схаваў руку за пазуху, разгубленыя хмурныя салдаты глядзелі на яго з нянавісцю, але стаялі на месцы.
— Іван, — сказаў Пчалаводаў, гледзячы на Юшкова, — ты, як малое дзіця. Злазь адтуль. Пойдзем... Ну іх усіх к богу.
Юшкоў, не выцягваючы руку з-за пазухі, скокнуў на зямлю. Ноздры яго тонкага, трошкі гарбатага носа трапяталі. А з трыбуны ўжо загаварыў Жабрэеў. Гаварыў ён спакойна, роўна, быццам нічога не здарылася. Да Кузьмы мала даходзілі яго словы, ды Кузьма, па праўдзе кажучы, стараўся ў іх і не ўнікаць. Дужа многа слоў чуў ён за апошнія месяцы, слоў прыгожых, часам мудрагелістых, незразумелых, каб, як малы хлапчук, развесіць вушы, слухаючы яшчэ аднаго разумніка.
«Гаварыць лёгка. Ты б поле ўзараў, поту салёнага паглытаў», — ужо не раз думаў ён, гледзячы, як упэўнена вылазіць на трыбуну чарговы прамоўца. Такія думкі былі ў ім, відаць, ад спрадвечнай сялянскай маўклівасці, спрадвечнай адзіноты, калі толькі зямля, конь ды плуг цэлы дзень перад вачамі, і няма з кім перакінуцца слоўцам. А калі і стрэнеш жывую душу, то, аказваецца, і гаварыць няма аб чым. Хіба пра сваю паласу, свайго каня, якога трэба падкаваць, пра ўчарашні дождж, што збіў з яблынь квецень. І ўсё будзённымі, шэрымі словамі. Але нават і такія словы, як плугі, сціраюцца ад частага ўжытку.
Яны выбіраліся з натоўпу, як раптам Пчалаводаў таўхануў Кузьму пад бок:
— Чуеш? Пра цябе гавораць.
Кузьма вельмі здзівіўся, прыслухаўся.
— Таму, што ён селянін, такі ж, як і вы, селянін у салдацкім шынялі, — гаварыў Жабрэеў. — Ён спіць у траншэі і сніць сваю зямлю, свой плуг, які пакрыўся ржою. І адна ў яго думка: хутчэй разбіць праклятага германца і вярнуцца да мірнай працы. Такіх, як Кузьма Радзімовіч, вельмі многа. І я заклікаю вас: уступайце, як і ён, у партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Толькі наша партыя разумее селяніна, абараняе яго інтарэсы.
Юшкоў насцярожана глянуў на Кузьму:
— Дык ты, аказваецца, эсэр. А маўчыш!
— Нікуды я не ўступаў, — пачырванеўшы, запярэчыў Кузьма, — гэты Жабрэеў наплёў, чаго не было.
У палкавы камітэт з Кузьмовых знаёмых выбралі Івана Беламесных, Жабрэева, штабс-капітана Кукаверава і графіню — сястру міласэрдзя — прозвішча яе аказалася Галасоўская.
«Смелая і рашучая, — думаў Кузьма пра Галасоўскую. — І прыгожая...»
Гэтая апошняя якасць сястры міласэрдзя найбольш уражвала Кузьму: сярод крыві і бруду, сярод смерці і знішчэння, сярод салёных акопных анекдотаў павінна было, хоць у марах, быць у чалавека нешта светлае, чыстае, патаемнае, сваё, як вірлівая крынічка ў лузе, якая хаваецца ў густой траве, якую ведаеш толькі ты адзін ды яшчэ неба і вецер. Без гэтага нельга, без гэтага чалавек можа незаўважна для сябе самога апусціцца ніжэй той рысы, якая аддзяляе яго ад бяздушнага аўтамата, ад жывёлы. Чым гэта называецца? Ідэалам? Богам у душы? Кузьма, вядома, не мог даваць такія вызначэнні, ён проста не ведаў іх і не чуў пра іх. Але на самым дне ягонай душы разгараўся кволы агеньчык, які запаліла гэта дзіўная, незразумелая, прыгожая жанчына, амазонка, што жыла сярод грубых, ачарсцвелых душою мужчын і ў той жа час заставалася светлай і чыстай. Ён не быў наіўны. Ён разумеў, што не пара ёй: багатай і прыгожай, з блакітнай графскай крывёю пад далікатнай белай скурай. Ён нікому нічога не мог сказаць, бо яго адразу б засмяялі, проста палічылі б дурнем. Але ніхто не мог адабраць у яго права ў рэдкія хвіліны сустрэч глядзець на яе здалёк, бачыць яе гордую галаву, тонкія маленькія рукі, чорныя валасы, якія вельмі добра ўпрыгожваў бы вянок са звычайных палявых кветак, што ўлетку растуць каля Чмялёў. Ніхто не мог забараніць яму ў думках плесці гэты вянок.
Пад вечар выехалі з Нясвіжа. Паручнік Стахееў, як ні шукалі яго, як ні чакалі, нібы праз зямлю праваліўся.
— Збег, — адразу растлумачыў усім Юшкоў. — Яму, сцерве, нашы парадкі, як нож у горла. Помню, ён мяне муштраваў: «Кладзіся! Устаць! Кладзіся! Устаць!» Звер, не лепшы за Кіпцюрчыка. Муштруе, у гразь кладзе, а сам смяецца: «Цярпі, пяхота. Мае дзяды на тваіх верхам ездзілі...» Шкада, што я да яго не паспеў дабрацца. Я б яму паездзіў.
Чырвонае сонца садзілася за вежамі замка, нібы крывёю абпырсквала іх. Пасля тлуму мітынгу, шуму і крыку незвычайная цішыня стаяла ўсюды. Падмарожвала. Блішчасты тоненькі лёд зацягнуў каляіны, крышыўся і звінеў пад коламі фурманкі, як шкло. На небе з густой халоднай сінечы выплывалі зоркі.
— Іван, — спытаўся Кузьма ў Юшкова, — а куды ты сваю гранату дзеў?
— Якую гранату? — спачатку не зразумеў Юшкоў, а потым затросся ад рогату. — Гэ, хлопцы, дык я і вас напалохаў. Гэта ж бінокль, нямецкі цэйс. Я яго, як у дазор хадзілі, зняў з іхняга афіцэра забітага... — Ён дастаў з-за пазухі бінокль, даў патрымаць Кузьме: — Харошая штука. Я, як дзяўчаты з лазарэта прыходзілі да апалчэнцаў, глядзеў. Ну ж і ціскалі «крыжаносцы» сястрычак.
— Дай і я пагляджу, — папрасіў Кузьма.
Ён перадаў лейцы Пчалаводаву, няўмела прыклаў бінокль да вачэй. На чыстым полі заскакалі рысачкі, крыжыкі.
— Ты вось гэту штукенцыю крутані, — параіў Юшкоў.
Праз колькі імгненняў лес, што кволай сіняватай палоскай віднеўся на небасхіле, раптам быццам вырас, быццам падбег да іхняй фурманкі. Нават птушынае гняздо чарнелася на тонкай высокай сухадрэвіне. Кузьма павольна вёў біноклем па лесе, па вялікай паляне, над якой віўся густы белы дым — пэўна, нехта запаліў вогнішча. Вось відзён на паляне стажок сена, ужо абскубаны знізу. На стажку сядзіць варона. Усё такое мірнае, зразумелае. Добра і неяк цёпла было думаць, што гэта ласі, напалоханыя вайной, месячнай ноччу выходзяць з ляснога гушчару, асцярожна выцягваючы ўперад гарбаносыя пысы, выдзіраюць са стажка пахучае сена. І лядок блішчыць пад месяцам і звініць пад іхнімі моцнымі капытамі. Праз лес вяла дарога. Чорнай стужкай яна выбягала на паляну, потым на поле. Кузьма слізгануў біноклем па дарозе, пачаў забіраць у балотца, з якога тырчалі гнілыя лядашчыя асіны і бярозы, але раптам вярнуўся назад, бо на дарозе ўбачыў аўтамабіль. Быў аўтамабіль чорны, доўгі, з адкрытым верхам. Ён ляніва і ў той жа час неяк весела падскокваў на выбоінах. Вечаровае сонца раз-пораз успыхвала ў ветравым шкле. Шафёрам быў салдат, ужо немалады, трохі згорблены, з вялікімі англійскімі крагамі на руках. А ззаду шафёра сядзелі — Кузьму спачатку здалося, што ён памыліўся — капітан Кукавераў і Галасоўская. Так, гэта былі яны. Добра было відаць, што ў капітана, як заўсёды, перавязана шчака — баляць зубы. Ён нахіляўся да пляча Галасоўскай, нешта гаварыў ёй, усміхаўся. І яна таксама адказвала яму ўсмешкай. Чорныя яе валасы струменіліся пад ветрам, часам закрывалі твар. І яна тады адмахвала іх рукою. У Кузьмы балюча і сумна заныла сэрца. Трэба ж было браць гэты пракляты бінокль! Нічога б не бачыў і нічога не ведаў.
— Куды гэта ты ўгледзеўся, як сляпы Мэндаль у капейку? — весела спытаўся ў яго Юшкоў.
— На лес гляджу, — хмурна перасмыкнуў вуснамі Кузьма і адразу аддаў Юшкову бінокль. — А бінокль твой, Іван, відаць, сапсаваны. Няправільна паказвае...
Юшкоў здзіўлена і недаверліва глянуў на яго, але нічога не сказаў.
Праз некалькі дзён з зямлі ўжо зусім сышоў снег. Зямля ляжала чорная, мокрая, недагледжаная. Паміж акопамі, на нейтральнай паласе, з-пад снегу паказаліся трупы людзей і коней. Адзін труп, чамусьці без бота на левай назе, ляжаў якраз перад акопамі трэцяй роты. Вялікі счарнелы палец босай нагі паказваў у неба. Часам на труп садзілася варона.
Кузьму здавалася нават, што ён бачыць яе вочы, маленькія і халодныя, як шкляныя шарыкі.
— І нас вароны кляваць будуць, — сумна і сярдзіта гаварыў Пчалаводаў і стараўся не глядзець у той бок.
Усё часцей сніліся Кузьму родная хата, маці з бацькам, дзед Ігнат, Дзіна і Антон. Здавалася, сто гадоў не быў ён ужо дома і ніколі больш не вернецца туды. «І нас вароны кляваць будуць», — заселі ў галаве словы Пчалаводава, і ён прывык да іх, як прывыкаюць у цяжкім паходзе да мазалёў на нагах. Ён нават перастаў баяцца гэтых слоў, бо смерць хадзіла блізка, а страшней смерці нічога на свеце не бывае. Колькі перадумаў ён за доўгія ночы! У думках вяртаўся ў свае Чмялі, заходзіў у крайнюю хату, потым у наступную і гасцяваў гэтак ва ўсіх дварах, успамінаючы, дзе хто жыве, старых і малых, успамінаючы, як заве кожны гаспадар свайго каня ці карову. Такія вяртанні зрабіліся неабходнасцю, ён ужо не мог заснуць, каб у думках не наведацца дадому. Амаль штоночы ўспаміналася яму і тое, як, адыходзячы ў войска, засунуў у хлеўчуку за крокву хустку Франі Перуноўскай. Перад гэтым на вечарынцы ў Перуноўскіх танцаваў з Франяй, і яна, расчырванелая, зеленавокая, прыціскалася да яго моцнымі гарачымі грудзьмі, загадкава глядзела ў твар. Потым, ужо як выйшлі на вуліцу, усе пачалі кідацца снежкамі. Ён таксама зляпіў снежку, шыбнуў у Франю. Франя падбегла да яго, хацела паваліць у снег, хустка ў яе збілася на плечы, і тады Кузьма схапіў хустку. І не аддаў яе, прынёс дадому за пазухай. Цікава, ці знойдзе Антон, ці хто-небудзь хустку за кроквай? А як знойдзе, дык што падумае?
Кузьма любіў свайго малодшага брата, хоць і лічыў яго занадта ціхмяным, слабаком і маўчуном. «У маці ўдаўся Антон, — думалася Кузьму. — Хлопец добры, але яму лепш бы ў спадніцы нарадзіцца».
Між тым мінулася вясна, убіралася ў сілу лета, гарачае, навальнічнае. Над акопамі паплылі снежна-белыя аблокі. Пасля абеду яны цямнелі, цяжэлі, рабіліся вялікімі і сярдзітымі; іх пачыналі крэсліць сліпучыя вогненныя маланкі. Дождж ліў як з лубу. Вада цякла за каўняры салдацкіх гімнасцёрак, пеністымі ручаямі ўрывалася ў акопы.
— Няйначай, сусветны патоп надыходзіць, — спалохана казаў Пчалаводаў і хрысціўся, гледзячы на разгневанае неба.
Неяк у пачатку ліпеня ўсяму палку загадалі пастроіцца. У акопах пакінулі толькі пасты аховы, а ўсю асноўную масу салдат сагналі ў шырокай балоцістай лугавіне. З сасновых жэрдак змайстравалі трыбуну, і на яе вылезлі камандзір палка Талубко, старшыня палкавога камітэта Жабрэеў і яшчэ некалькі незнаёмых людзей.
— Не ведаеш, Іванавіч, што будзе? — спытаўся Юшкоў у Пчалаводава.
Пчалаводаў, схуднелы, з дужа загарэлым тварам, наморшчыў лоб, заціснуў наздрыну вялікім пальцам, гучна смаркануўся:
— Не ведаю. Кажуць, у нейкія нацыянальныя часці нас будуць забіраць.
Што гэта за часці, ніхто не ведаў. І таму ўсе вельмі ўважліва пачалі слухаць, што гаворыць палкоўнік Талубко. А той, выціраючы спатнелую бліскучую лысіну насоўкай, растлумачыў, як мог, што з дазволу Часовага ўрада ў арміі фарміруюцца часці з воінаў іншых нацыянальнасцей і дзеля гэтага прыехалі ў полк прадстаўнікі Украінскай цэнтральнай рады і Польскага камітэта. Першым пачаў заклікаць усіх землякоў пад свой жоўта-блакітны сцяг украінец. Гаварыў пра ўсё: пачынаючы з хутарка над стаўком у стэпе, дзе так вольна дыхаецца, дзе спяваюць чарнавокія дзяўчаты і варацца галушкі, і канчаючы духам Казакаў Запарожскай Сечы, які, нягледзячы ні ка што, жыве ў кожным, хто меў шчасце нарадзіцца па-над дняпроўскімі кручамі.
— Спраўна чэша, — прыцмокнуў языком Юшкоў.
Прадстаўнік Польскага камітэта быў ужо ў сваёй форме: на галаве нейкая рагатая высокая шапка з казырком, на штанах — яркія чырвоныя лампасы. Быў ён худы, даўгалыгі, гаварыў, смешна перакручваючы рускія словы.
Потым разам з Талубко і Жабрэевым украінец і паляк павольна пайшлі ўздоўж салдацкага строю, заглядваючы ў твары, шукаючы добраахвотнікаў. Даволі многа салдат згадзілася запісацца ва ўкраінскія часці. Да паляка ж падышло чалавек дзесяць, і ён нервова кусаў тонкія губы. Усім на здзіўленне аб'явілі сябе ўкраінцамі браты Вастрацовы, Рыгор і Максім, Іван Гразноў, Іван Цыплёнкаў — усе родам недзе з-пад Варонежа. Выходзячы са строю, Рыгор Вастрацоў вінавата ўсміхнуўся, растлумачыў суседзям:
— Гавораць, што ўкраінцаў адправяць служыць на радзіму. Можа, бліжэй да дому трапім.
Калі параўняліся з Кузьмой, Жабрэеў раптам сказаў:
— А ты, Радзімовіч, куды хочаш запісацца?
— Я? — сумеўся Кузьма. — Не ведаю... А навошта гэта?
— Якой жа ты нацыі? — не сунімаўся Жабрэеў.
Кузьма паціснуў плячыма, азірнуўся наўкола:
— Не ведаю. Як і ўсе...
Тады ажывіўся паляк. Тонкія губы раскрыліся ва ўсмешцы. Доўгім белым пальцам ён падзываў да сябе Кузьму.
— Радзімовіч? Наш чалавек. Ідзі, ідзі сюды...
Але Кузьма не кратаўся з месца. Гэта раззлавала палкоўніка Талубко. Гарачыня, дыхаць нечым, нейкія ідыёцкія нацыянальныя часці, а тут яшчэ гэты баран не ведае, хто ён.
— Хто ж ты, нарэшце? Ці не помніш, дзе нарадзіўся? — злосна прасіпеў Талубко і палез у кішэню за насоўкай, бо чырвоны твар аж ільсніўся ад поту.
— З Мінскай губерні, з Ігуменскага павета я, — пераступіў з нагі на нагу Кузьма. — Мужыкі мы...
Яму было няёмка, што ўсе глядзяць на яго, хоць праз зямлю праваліся.
— Наш чалавек, — зноў заўсміхаўся, пазваў яго пальцам паляк. — Ідзі сюды, да мяне... Ты — поляк.
Цяпер ужо Кузьма раззлаваўся. Чаго яны ўсе прычапіліся да яго? Што ім трэба?
— Я не паляк, — сказаў ён, сярдзіта глянуўшы на паляка. — Я праваслаўнай веры і па-польску гаварыць не ўмею.
— Ну што з яго возьмеш? — разгневана крутнуўся Талубко. — Пойдзем далей.
Ён сцякаў потам, з агідай адчуваў, як мокрая кашуля прыліпае да спіны, і яму хацелася хутчэй скончыць усе справы з гэтымі гора-ваякамі, што надумаліся ствараць свае арміі, і паехаць у Нясвіж у лазню. Там у Мойшы ёсць густое халоднае піва, і там сумуе прыгожанькая ўдава-капітанша.
Яны зноў пайшлі ўздоўж строю, а Кузьма глядзеў ім услед, і злосць усё яшчэ кіпела ў яго ўсярэдзіне.
— Дык, гаворыш, — ты мужыцкай нацыі? — весела таўхануў яго пад бок Юшкоў. — Ну і адчыбучыў, Кузьма. Малайчына.
— Мы з ім беларусы, — раптам сказаў маўклівы Лусковіч.
Ён стаяў у другой шарэнзе, ззаду Кузьмы, увесь нейкі сіні, з балячкамі на твары, з зялёнымі стомленымі вачыма, у якіх трымцеў сум. Здавалася: падзьмі зараз вецер, і ён паваліцца. Усе здзіўлена глянулі на яго.
— Беларусы? — перапытаў Юшкоў. — Адкуль ты ведаеш?
— Ведаю. — Лусковіч міргнуў рыжаватымі вейкамі і замоўк. І цяпер, усе гэта ўжо ведалі, цэлую гадзіну, а мо і болей, з яго і абцугамі слова не выцягнеш.
— Ну, то, беларусы, стойце разам з намі, — сказаў Пчалаводаў і паляпаў па плячы Кузьму,
А яшчэ праз некалькі тыдняў у размяшчэнні роты з'явіліся двое цывільных мужчын: адзін пажылы, высокі, са снежнай сівізной на галаве, другі — маладзейшы, з рабаціннем на твары, з трохі касаватымі вачыма.
— Хто гэта? — спытаўся Кузьма ў Юшкова.
Той паціснуў плячыма:
— Не ведаю. Кажуць, што родзічы Лусковіча з Мінска прыехалі...
І сапраўды, мужчыны па-хатняму развязалі свае торбачкі, дасталі з іх сала, яйкі, хлеб, пачалі частаваць салдат. Але Кузьму здзівіла тое, што маўклівы Лусковіч, здавалася, ніколькі не павесялеў, сядзеў у куточку на нарах і бліскаў адтуль зялёнымі вачыма.
— Чаму бліжэй да родзічаў не садзішся? — падышоў да яго Кузьма.
Лусковіч глянуў на Кузьму, нічога не сказаў, толькі рыжаватыя вейкі ўздрыгнулі. А старэйшы мужчына хітравата глянуў на салдат, спытаўся:
— Як жыццё, работнічкі?
— Ваюем, — за ўсіх адказаў Пчалаводаў.
Ён яшчэ не зразумеў, што гэта за людзі і як з імі трэба трымацца.
— Многа сінякоў германцу насадзілі? — уставіў сваё слова касаваты.
— Ат, друг, не пытайся, — махнуў рукой Пчалаводаў. — Трэці год і цела, і душа ў сіняках...
Тады сівы ўзняўся са свайго месца, азірнуўся на дзверы, цвёрдым голасам сказаў:
— Вось што, хлопцы, — пагаварыць нам трэба. Мы з Мінскай арганізацыі РСДРП, ад таварышаў Мягкова, Кнорына і Міхайлава.
— Бальшавікі? — стрэльнуў па ім цыганістым паглядам Юшкоў.
— Бальшавікі.
— А ў нас тут бальшавікоў не дужа шануюць. У нас палкавое камітэцкае начальства больш у эсэрах ходзіць. Вось і Кузьма з эсэраў, — Юшкоў кіўнуў галавой у бок Кузьмы.
Кузьма ўвесь успыхнуў, зачырванеўся, са злосцю сказаў:
— Што ты ўсё за мяне гаворыш? Мне ж цяляты язык не адкусілі. Які я эсэр? Жабрэеў збрахаў, і ты брэшаш следам за ім...
Яму стала так крыўдна, што ён ледзьве стрымаўся, каб не выбегчы з бліндажа. Юшкоў разгублена заўсміхаўся, пачаў накручваць на палец своў доўгі абвіслы вус. Відаць, не чакаў, што Кузьма можа так пакрыўдзіцца.
Сівы мужчына ўважліва глянуў на Кузьму, быццам абмацаў ягоны твар строгімі халаднаватымі вачыма.
— І чаго ж вы, бальшавікі, дабіваецеся? — парушыў няёмкае маўчанне Пчалаводаў.
— Перш за ўсё міру. Годзе народу гнінь у акопах. Часовы ўрад працягвае вайну, бо гэта выгадна і нашым капіталістам і Антанце. Мы за неадкладную публікацыю ўсіх тайных дагавораў і пагадненняў цара Мікалая. Зямля павінна належыць тым, хто на ёй працуе, — сялянам.
— А вось мы горназаводскія, уральскія, — зноў загаварыў Юшкоў. — І я, і Пчалаводаў, і Беламесных. І яшчэ многа хлопцаў ёсць. Як наконт нас бальшавікі мазгуюць?
Сівы заўсміхаўся, ягоны твар прасвятлеў:
— Быў я ў вашых краях. Праўда, не па сваёй волі. Быў у Алапаеўску, у Сатцы. Магутная зямля!
Ён на хвіліну змоўк, нібы ўспамінаў нешта дарагое, страчанае назаўсёды, а потым рашуча трасянуў сівой чупрынай:
— Рабочым — васьмігадзінны рабочы дзень. Поўны кантроль над фабрыкамі і заводамі. Рабочы клас пазінен стаць гаспадаром нашай прамысловасці.
— Значыць, з нас капіталістаў хочуць зрабіць, Ягор, — весела ляпнуў Юшкоў далонню па спіне Пчалаводава. — Эх і начаплю ж я белую манішку...
Усе засмяяліся. І тут быццам нехта таргануў
Кузьму за язык:
— А ці праўда, што Ленін немец? Кажуць, рыжы, картавы.
Сівы мужчына перастаў смяяцца, глянуў на Кузьму:
— Хто табе сказаў? Глупства ўсё гэта. Ленін — рускі. Залаты чалавек. Паболей бы Расіі такіх «немцаў».
Нарэшце і Лусковіч не вытрымаў, падаў голас са свайго кутка:
— Як там у Мінску народ жыве?
— Гібее народ. Прыціснулі так, што не прадыхнеш. У чатырнаццатым годзе фунт мукі быў дзесяць капеек, а цяпер два рублі і дзевяноста пяць капеек. Масла каштавала сорак капеек, цяпер за яго тры дзевяноста дзяруць. А міністру працы Скобелеву хоць бы хны. Заклікае, каб усе рабочыя падпісваліся на пазыку свабоды.
— І чаго ж вы ўсё-ткі да нас прыехалі, калі не сакрэт? Мы ж вас маслам не пачастуем. Хіба толькі ружэйным. — Юшкоў зрабіў твар строгім, нават сярдзітым, ведаў — у яго гэта добра атрымліваецца.
— Сакрэту няма, хлопцы, — старэйшы пачаў развязваць яшчэ адзін мяшок, больш цяжкі. — Нам трэба, каб Заходні фронт ішоў за намі, за бальшавікамі. Будуць тут у нас свае людзі — і ў Мінску нам будзе лягчэй. Асабліва цяпер гэта трэба. У Петраградзе Керанскі расстраляў дэманстрацыю салдат і рабочых. Партыя і Ленін у падполлі. Але партыя жыве, і вам вось падарунак прыслала. — Ён дастаў з мяшка кіпу газет. — Наша «Звёздачка». У Мінску надрукавалі. Усё ў ёй сказана, што рабіць, як рабіць, за кім ісці. Юшкоў узяў газеты.
— Гэта мы пачытаем... — азірнуўся наўкола: — Хто самы вялікі грамацей? — І аддаў газеты Кузьме.
— Ты будзеш чытаць, вочы ў цябе маладзейшыя. Газеты пахлі свежай фарбай, шамацелі. Кузьма ўзяў іх, расшпіліўшы гузікі гімнасцёркі, засунуў за пазуху.
— Толькі асцярожней, — глянуў на яго сівы. — Начальству вашаму не абавязкова іх бачыць. Цяпер жа, сам ведаеш, строга з гэтым. Гучковы і керанскія пра свабоду слова, аб якой так крычалі, даўно забыліся.
— Цяпер на фронце ўведзена смяротная кара, — ціха сказаў са свайго кутка Лусковіч, але ўсе пачулі яго словы.
— Цьфу на цябе, — аж плюнуў Пчалаводаў. — Не палохай ты нас, Кандрат. Маўчыш, маўчыш, а потым, як скажаш...
Між тым сівы, падняўшыся з нараў, гаварыў:
— Кожную пятніцу наш сувязны будзе прыязджаць з Мінска. Ці, можа, во ён, — кіўнуў галавой на маладзейшага, — ці хто іншы. Але кожную пятніцу нехта будзе. Трэба, каб салдат прачнуўся, праўду ўбачыў...
Праменьчык сонца, тоненькі, чырванаваты, заляцеў раптам у бліндаж, затрапятаў на сцяне. Гэта было так нечакана, што ўсе аж уздрыгнулі, азірнуліся. У бліндаж увайшоў Жабрэеў, вясёлы, жыццярадасны, але бледны, пад вачамі сінія цені. Убачыў незнаёмых людзей, адразу сагнаў з твару ўсмешку, суха паздароўкаўся, спытаўся:
— Хто будзеце?
Сівы спакойна палез рукой ва ўнутраную кішэню пінжака, дастаў пашпарт.
— Міхаіл Андрэевіч Рылюк. Мінскі мешчанін. Машыніст электрастанцыі, — павольна прачытаў Жабрэеў, гледзячы і ў пашпарт і на сівога.
— Так точна. Рылюк, — сівы слаба ўсміхнуўся. — Прыехаў наведаць пляменніка, падняць, як кажуць, баявы дух. — Ён паказаў на Лусковіча, потым павярнуўся да маладзейшага. — А гэта мой яшчэ адзін пляменнік — Сцяпан Баско. Захацелася хлопцу пораху панюхаць, так прасіўся — давялося і яго ўзяць.
Жабрэеў не стаў правяраць дакументаў у Сцяпана, усё яшчэ падазрона спытаўся:
— Аб чым гаварылі з пляменнікам?
— Пра што ж мужчынам гаварыць? — ускінуў на плячо мяшок Рылюк. — Пра дзевак, вядома.
— І пра перамогу, грамадзянін Жабрэеў. Але не падумайце, што над дзеўкамі, над ворагам, — гэта ўжо Юшкоў падкалупнуў старшыню палкавога камітэта.
Жабрэеў ледзь прыкметна зморшчыўся, але адразу заўсміхаўся, даў зразумець, што задаволены жартам.
Ноччу, калі ўжо даўно пайшлі Рылюк з Баском і былі, пэўна, у Нясвіжы, чыталі газеты. Збіліся ў цесную купку каля Кузьмовых нараў, уважліва слухалі, маўчалі. Толькі «смаркачык» — снарадная гільза, поўная газы, і ў ёй кнот — слаба варушыў язычком сіняватага полымя, патрэскваў, дыміўся.
Калі Кузьма засынаў, накрыўшыся шынялём, успомнілася яму, як казаў бацька, праводзячы яго ў войска: «Дужа галаву з акопа не вытырквай. І, барані бог, сцеражыся паліцікаў. Чмуту ў вочы напусцяць, абвядуць вакол пальца, і загінуў чалавек...»
Ён правальваўся ў глыбокую цёплую яміну сну, і ўсё яшчэ гучалі ў вушах словы сівога: «Кожную пятніцу нехта будзе... Кожную пятніцу...»
І зусім нечакана прыгадалася частушка, якую чуў, даўным-даўно, яшчэ хлапчуком, ад бацькі:
— Гэй, цешча мая,
Галубятніца,
Наварыла галубоў —
Заўтра пятніца.
Як і тады, ужо зусім праз сон, падумалася: «Няўжо можна злавіць столькі многа галубоў, і чым іх лавіла гэтая самая цешча?»