Раніцой у роту прыбег усхваляваны, задыханы Голубеў:
— Бяда, хлопцы...
— Што такое? — спытаўся Юшкоў.
— З Оршы нейкі гад падаслаў пяць цыстэрнаў са спіртам. Прастаялі яны спакойна ўсю ноч, а сёння іх знайшлі. Ну і... Адным словам, усе салдаты на вакзале п'яныя. Ды і нашы дружыннікі ад іх не адстаюць.
Амаль бягом узнятая па трывозе рота рушыла ў бок Аляксандраўскага вакзала. Ужо здалёк Кузьма заўважаў тое, што нагадала яму кірмаш у Чмялях на Пятра. Абняўшыся, ішлі па рэйках п'яныя людзі, спатыкаліся, падалі, спявалі песні. Некалькі чалавек, як мёртвыя, ляжалі, уткнуўшыся галовамі ў снег. Пажылы васпаваты салдат сядзеў проста на рэйцы. Яго вінтоўка валялася побач. Твар у салдата быў жоўта-зялёны, галава хілілася на грудзі.
«Не, тут не так, як у нас на Пятра, — падышоўшы бліжэй, падумаў Кузьма. — Тут страшней. Гэтыя п'яныя ўсе з вінтоўкамі».
Верхам на цыстэрнах сядзелі салдаты. Знізу ім падавалі вёдры, кацялкі, бутэлькі, конаўкі, нават шапкі. І ўсё гэта вярталася назад, да краёў напоўненае бледна-сінім спіртам. Адзін з салдатаў, ледзь трымаючыся на нагах, паіў спіртам каня, са злоснай стараннасцю ўпіхваў конскую галаву ў вядро. Конь не хацеў піць, рэзка матнуў галавой, і вядро пакацілася па рэйках.
— Ах ты, воўчае мяса! — Салдат брыдка вылаяўся і з усяго маху прыкладам вінтоўкі хвастануў па гарбаносай конскай пысе. З ноздраў свіснула кроў, конь пярэднімі нагамі паваліўся на шпалы.
Непадалёку прыгожая чырванашчокая мяшчаначка, п'яная і вясёлая, сядзела на каленях у барадача, як кошка клубком нітак, забаўлялася ягонымі доўгімі вусамі. Барадач прагна цалаваў яе.
Юшкоў даў каманду роце ачапіць цыстэрны, а сам рушыў у самае пекла.
— А ну разыдзіся! — урэзаўся шырокім плячом у п'яны натоўп Юшкоў. — Разыдзіся, кажу вам...
Ён падбег да цыстэрны, потым, падцягнуўшыся, ускочыў на вузенькую металічную лесвічку, што была збоку цыстэрны, схапіў аднаго з салдатаў за нагу:
— Злазь, дурань!
Але салдат шмаргануў нагой, і ў руках у Юшкова застаўся толькі вялізны стаптаны бот.
Наўкол цыстэрны спачатку засмяяліся, але потым вельмі хутка зразумелі, што гэты даўгалыгі і даўгавусы, які трымае ў руках бот, хоча адабраць у іх спірт. Натоўп зароў:
— Хто ты такі?
— Змывайся адсюль, маць тваю...
— Шакалад у тыле жрэш...
— Змажце яму, хлопцы!
Юшкоў, размахнуўшыся, шпурнуў бот далёка ад сябе, выцягнуў з доўгага скуранога кабура рэвальвер, крыкнуў:
— Хто хоча спірту? Лезьце сюды — напаю...
На імгненне ўсё заціхла, але потым п'яныя салдаты, выскаліўшы зубы і лаючыся, заляскалі замкамі вінтовак.
Юшкоў пабялеў, стрэліў уверх над галавою, крыкнуў:
— Прапаную здацца, інакш вам канцы!
Рота акружыла салдат, наставіўшы на іх штыкі. Салдаты неахвотна кідалі на рэйкі зброю, проста ў снег пачалі выліваць спірт. Той, што сядзеў на цыстэрне без аднаго бота, скокнуў уніз і прапаў у натоўпе. Голубеў раптам прыкусіў губу, схапіў за каўнер зусім маладога хлопца з чырвоным бантам на замасленай чорнай спяцоўцы. Хлопец разгублена міргаў п'янымі вачамі.
— Чаго ты тут, Юзік? — спытаўся Голубеў і, не дачакаўшыся адказу, так піхнуў ад сябе хлопца, што той потырч носам паляцеў у снег: — Смаркач п'яны! Каб сёння ж і духу твайго не было ў дружыне.
Хлопец сядзеў на снезе, рукавом размазваў па твары кроў, п'яна плакаў.
— Усіх п'яных — у камендатуру! — яшчэ раз стрэліўшы, загадаў Юшкоў.
— Гэта можна, — засмяяўся Беланогаў і штыком паказытаў чорнабародаму акопніку спіну. — Ідзі, ідзі, пяхота. Там табе ўжо салёненькіх гуркоў нарыхтавалі.
— Што будзем рабіць з цыстэрнамі? — спытаўся Голубеў у Юшкова.
Юшкоў пачухаў патыліцу:
— Усю гэту атруту трэба было б знішчыць... Але ж гэта народнае дабро.
— Правільна кажаш. Трэба схаваць, — падтрымаў яго Кузьма.
У гэты час, гукнуўшы клаксонам, на вакзале спыніўся аўтамабіль. З яго вываліўся таўсцячок у ярка-жоўтым паліто і ў акулярах, па шпалах пабег да цыстэрнаў. Адсопваючыся, сказаў Юшкову:
— Хто тут старшы? Вы? Я ад гарадской думы, ад грамадзяніна Ванштэйна. У нас бальніцы, аптэкі! Мы забіраем гэты спірт.
У яго на шчоках блішчэў пот. Тоўстыя грудзі хадзілі ходырам. Юшкоў уважліва глянуў на яго, спахмурнеў:
— А можа, гэта вы са сваім грамадзянінам Бакштэйнам нам і падсунулі сюды спірт? Каб падняць дух арміі, га?
Таўсцяк крывіў губы, усё яшчэ не мог аддыхацца.
— Пасля з вамі пагаворым. А цяпер вось што, хлопцы, — таргануў сябе за вус Юшкоў. — Пасля перамогі сусветнай рэвалюцыі можна будзе і выпіць. А зараз трэба гнаць цыстэрны ў тупік. І паставіць ахову.
Цыстэрны падчапілі да паравоза, адцягнулі ў тупік. Юшкоў выдзеліў дзесяць чалавек, цяплей адзетых, ахоўваць цыстэрны, а ўсіх ахвотнікаў выпіць разагналі.
— Ты падумай, Кузьма, — ужо, калі ўсё было скончана, гаварыў Юшкоў, — як губіць людзей гэтае чортава зелле. Выпіў чалавек — і як дурны робіцца. Ні пра сям'ю не падумае, ні пра бацькоў. Ён і рэвалюцыю прадасць за гарэлку. Чуеш? Рэвалюцыю!
Вочы ў Юшкова былі гнеўныя.
— А ты смелы, Іван, — сказаў Кузьма. — Цябе ж там на цыстэрне маглі забіць.
Юшкоў засмяяўся, паляпаў сябе па баку:
— А навошта я такую марціру нашу?
— Ты б і марціру сваю не паспеў дастаць. — Кузьма адчуваў, што Юшкоў за жартам хавае нешта сур'ёзнае.
— Ну вось што, — прыпыніў крок Юшкоў. — Нікому другому не сказаў бы, а табе скажу. І я часам баюся. Хочацца мне яшчэ хоць краем вока Урал свой убачыць, жонку сваю. Але як сустрэну контру, гада якога, як вецер мяне нясе: не магу спакойна дыхаць. У зямлю мне яго хочацца ўвагнаць. Ты думаеш — крыві хачу? Не! Малы быў — крыві баяўся. Палец чым-небудзь чырыкну — і адразу да маткі з плачам... Не крыві, а справядлівасці хачу. Пчалаводава мёртвага помню і Лусковіча Кандрата. Ты добра зрабіў, што Кандратаву бабу ўзяў, прыгрэў. А толькі мы павінны разлічыцца за смерць сяброў нашых... Помніць кроў іхнюю пралітую. Ведаеш, Кузьма, хоць плюнь мне ў вочы, а дагэтуль не магу дараваць табе, што Стахееў выслізнуў у цябе з рук... — Шчокі ў Юшкова пачырванелі. Ён глядзеў удалячынь, куды беглі тонкія бліскучыя рэйкі.
Кузьма ішоў моўчкі. Што ён мог сказаць? Дорага ён заплаціў бы, каб зноў сустрэць Стахеева.
Яны сышлі з чыгуначнага насыпу, пашыбавалі па бруднай, зрэзанай коламі фурманак дарозе. Над галовамі звінелі туга напятыя тэлеграфныя правады, нібы ў шэрым зімовым небе курлыкалі журавы.
Убіралася ў сілу зіма, прыціскалі маразы, і горад пачаў пакрывацца тоўстым пластом снегу. Не хапала рабочых рук, каб расчышчаць вуліцы. На домаўласнікаў накладвалі штрафы, але гэта слаба памагала. Тады супроць снегу кінулі атрады беспрацоўных. Знясіленыя, галодныя, дрэнна апранутыя, яны ледзьве трымалі ў руках ламы і рыдлёўкі. Пастановай Савета Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту за працу ім павінны былі плаціць домаўласнікі. Гораду не хапала цяпла, не хапала дроў, торфу, каменнага вугалю, газы. Разабралі на паліва дамы, якія былі разбураны ў час налёту нямецкіх цыпелінаў у шаснаццатым годзе. Пачалі паліць платы, пілаваць на вуліцах дрэвы. Першая зіма Савецкай улады абяцала быць цяжкой. Чырвоная марозная зара палымнела над горадам. Абывацель зашыўся ў цёплую нару, чакаў. Афіцэры, купцы, чыноўнікі прыслухоўваліся, як мароз хапаецца за вуглы дамоў, радасна церлі рукі. На Захар'еўскай і Нямізе, каля Саборнай плошчы і Златай Гуркі ў кватэрах, заваленых дыванамі і пярынамі, шапталіся:
— Градзе Хам... Прапаршчыкі кіруюць арміямі... Камісары на спірытычных сеансах выклікаюць сатану... Але нядоўга, нядоўга засталося ім ездзіць на нас... Лёс Садома і Гаморы чакае іхнія праклятыя чырвоныя гарады...
Вельмі папулярнай зрабілася кніжка «Сонник — объяснение сновидений». У цёплых кватэрах варажылі, гулялі ў карты, абжыраліся, пілі віно, гаварылі:
— Пасля нас хоць патоп!
І чакалі.
А горад змагаўся з холадам, голадам. На Пярэспе, Ляхаўцы, Камароўцы, у Татарскай слабадзе ўставалі разам з сонцам, ішлі на фабрыкі і заводы, рэзалі і свідравалі жалеза, рабілі снарады і плугі, шпалеры і папяросы, грабянцы і рыдлёўкі. Горад хукаў на рукі і працаваў.
Каля крамаў з газай стаялі доўгія чэргі. Па шмат гадзін таўкліся людзі на марозе, каб прынесці дадому ў бляшанцы ці ў вядры некалькі літраў масляністай рудой вадкасці, якая магла выратаваць ад холаду.
Праскоўя таксама паслала Кузьму па газу. Ён апрануў кажушок, абуў валёнкі. Разам з ім пайшоў Васька Шворан.
— Ты б сваю салдацкую форму надзеў, — гаварыў па дарозе Васька. — Салдатам жа без чаргі даюць.
— Якая табе сарока сказала? — здзівіўся Кузьма. — Вайсковым часцям адпускаюць спецыяльныя крамы. Гэта праўда. А калі адзін прыйшоў, будзь ты хоць з трыма Георгіямі на грудзях, адстаіш у чарзе, як і ўсё.
Яны сталі ў чаргу, якая закручвалася за рог аднапавярховага цаглянага дома. На чырвонай цэгле блішчаў іней. Пад нагамі ў людзей рыпеў снег, і гэты гук быў такі халодны, такі безнадзейны, што брала за сэрца. Перад Кузьмой стаяў дзядок у тонкім асеннім паліто, у лёгкім капялюшыку. Стаяў і калаціўся ад холаду. На белых вусах і на шкельцах акуляраў ззялі сняжынкі.
Васька трохі пакруціўся каля чаргі, змёрз і пабег дадому. А Кузьма цярпліва чакаў.
«Ну і халадэча, — думаў Кузьма. — У вёсцы азіміна можа загінуць... А тады — голад, і ўсё, і не ўстане Савецкая ўлада».
Апошнім часам ён пачаў заўважаць, што думае не толькі пра сваю сям'ю, пра сябе, але пра вёску і горад, пра ўсю краіну. Быццам ён адказны за тое, каб усё было добра, каб мацнела бальшавіцкая сіла. Гэтае новае пачуццё радавала яго. «Не ўсё ж мужыку на сваю саху глядзець, трэба і на сонца глянуць», — думаў ён.
Чарга павольна рухалася наперад. Яна здавалася чорнай зледзянелай вужакай, якая выпаўзла з цёплага падзямелля і здранцвела на белых сумётах.
— У вас не знойдзецца закурыць? — спытаўся дзядок у Кузьмы.
Вочы строгія, насцярожаныя, і ў глыбіні іх, аж у зрэнках, віднеўся сум. Пэўна, дзядок з былых.
— Не куру, — адказаў Кузьма і, каб больш пераканаць дзядка, ляпнуў рукой па пустых кішэнях.
— Цяпер усе не кураць, — з халоднай усмешкай варухнуў сухімі вуснамі дзядок. — Я не здзіўлюся, калі заўтра ўсе перастануць есці...
У яго ў роце, нібы кавалачак лёду ў чорнай бяздоннай пельцы, блішчаў залаты зуб. Кузьма прамаўчаў.
Між тым чарга наперадзе зашумела, захвалявалася. Слабыя жаночыя галасы, якія супраць нечага пратэставалі, упэўнена і ўладна перакрыў звонкі голас:
— Грамадзяначкі, супакойцеся, — залазіў у вушы Кузьмы гэты вясёлы малады голас. — Адна хвіліначка, толькі адна хвіліначка, і я не буду вас турбаваць...
Кузьма з дзядком, каб лепш убачыць, што робіцца наперадзе, выйшлі з чаргі. Аказваецца, гэта гаварыў, супакойваў жанчын нізенькі тоўсценькі салдат. Кузьма бачыў толькі яго гладкую спіну і вушы, чырвоныя ад марозу.
— Грамадзяначкі, — спрытна стаўшы першым у чарзе, гаварыў салдат, — я на фронце за вас усіх тры літры сваёй крыві праліў. Точна. Урачы падлічылі. Няўжо я не заслужыў, каб, не стоячы на марозе, узяць трохі няшчаснай газы?
Ён спрабаваў жартаваць. Жанчынам было не да жартаў, але яны, пабурчэўшы для прыліку, змірыліся — вайскоўца ж служба чакае.
— Во як камісарыў з народам гавораць, — аж крэкнуў дзядок і ўтуліў галаву ў плечы.
Зноў усталявалася цішыня, звонкая, каменная. Салдат, наліўшы газы ў вядро, весела пасвістваў, збіраўся ўжо адыходзіць. І тут Кузьма паклаў яму руку на плячо:
— Таварыш салдат, можна цябе?
Салдат рэзка азірнуўся, аж нешта трэснула ў яго шыі. Гэта быў Вальдэмар Кабскі. Тыя ж самыя мяккія пульхныя шчокі, чорныя кароткія валасы, ужо сівыя на скронях. Толькі жываток трохі паменшаў.
«Значыць, і яму не дужа соладка жывецца», — падумаў Кузьма і спытаўся:
— Дык колькі, Валодзя, ты крыві на фронце праліў?
— Кузьма, — не міргнуўшы вокам, весела азваўся Кабскі. — Каб ты спух, Кузьма... — Ён пацягнуў Кузьму за рукаў: — Пойдзем адсюль...
Калі яны адышліся ад чаргі, Кабскі спытаўся:
— А ты гладкі стаў, спраўны... Нябось, начальнікам у бальшавікоў...
Кузьма ўважліва паглядзеў на яго і сказаў, стараючыся быць спакойным:
— Газаю гандляваць сабраўся? Не можаш без хітрыкаў?
— Ты што? — Кабскі пакруціў пальцам каля скроні.
— Я табе сур'ёзна гавару, Валодзя. Кінь свае штучкі. Ты мог гарадскому галаве чмут у вочы пускаць, а рабочы народ ашукваць я табе не дазволю.
— Хто ты такі? Нарком? Камендант горада? — Кабскі спыніўся і паставіў вядро з газай на снег. — Ці не з табой мы блох кармілі ў адной камеры? Ой, не задзірай нос, Вальдэмар Кабскі гэтага не любіць. Ты жывеш, і я хачу жыць.
Ён сагнуўся, каб зноў узяць посуд, але Кузьма стукнуў нагой па вядры. На снезе зачарнелася вялізная тлустая пляма. Колькі імгненняў Кабскі глядзеў на яе разгубленымі вачыма, потым кінуўся на Кузьму:
— Лапаць! Ды я ў цябе селязёнку выдзеру.
Кузьма з усяе сілы сціснуў яму кісці рук, а затым адштурхнуў яго ад сябе. Кабскі ўдарыўся спінай аб цагляную сцяну, асеў на снег.
— Ну што — супакоіўся? — сказаў Кузьма, узяў з зямлі жменю снегу, прыклаў яе да шчакі. Шчака гарэла. Кабскі ўсё яшчэ сядзеў на снезе, засоўваў руку за халяву бота. «Нож шукае», — падумаў Кузьма.
— Вайсковую форму ты таксама ў некага ўкраў? — спытаўся ён. — Ты, як воўк, табе абы кавалак мяса. З-за яго ты можаш забіць старога, жанчыну, дзіця. Але ваўкам усё меней застаецца разгону. І не шукай за халявай. Нічога ў цябе там няма. А я зараз, для тваёй жа карысці, здам цябе патрулю. Паднімайся і пойдзем.
Кабскі ўстаў, абтрос снег з адзення, засмяяўся:
— Пажартавалі — і хопіць. Мне дадому трэба. Мо зазірнеш?
Яны пайшлі па вуліцы. Спераду Кабскі з парожнім вядром у руцэ, ззаду Кузьма. Зверху, з шэрага сталёвага неба, наплываў на горад змрок. Вецер шумеў у дрэвах, гуў у вадасцёкавых трубах.
Першаму сустрэчнаму патрулю Кузьма сказаў:
— Таварышы, забярыце ў камендатуру гэтага чалавека, праверце. Ён не салдат, а носіць вайсковую форму.
Кабскі пабялеў, ірвануўся быў у прахадны двор, але яго затрымалі.
— Дык ты, праўда, мяне прадаеш?! — закрычаў
Кабскі. — Юда ты! Фараон! Папомніш Вальдэмара Кабскага!
Кузьма нічога не адказаў, моўчкі пайшоў сваёй дарогай. Ужо адышоўшыся, пачуў: зазвінела, пакацілася па каменнях парожняе вядро.
А назаўтра да іх у казарму прыйшоў таварыш з ваеннага камісарыята Заходняй вобласці і фронту. Быў ён высокі, худы, касцісты, з вачамі, як зялёны, вільготны агрэст. Хадзіў уздоўж строю, накульгваючы на левую нагу. Калі ўсё сціхла, разагнаў пад папружкай складкі на чорнай гімнасцёрцы, сказаў:
— Таварышы рэвалюцыйныя салдаты! Рэвалюцыя не ведае ні адпачынку, ні святаў. Рэвалюцыя заўсёды ў дарозе. Але і нашы ворагі не спяць. Я зараз зачытаю вам пісьмо, якое было перахоплена намі ў аднаго з ворагаў. Вось гэтае пісьмо.
Ён дастаў з нагруднай кішэні акуляры, пачаў чытаць:
— «Сакрэтна і тэрмінова. Бранскаму павятоваму вайсковаму начальніку.
Ініцыятыўная група «Парадак» рашыла арганізаваць атрады з усіх родаў зброі ў гарадах Валк, Пскоў, Рэчыца, Полацк, Нарва, Луга, Смаленск, Бранск, Мінск, Канатоп, Кіеў, Гомель, Крамянчуг, Бярдзічаў, Жмерынка, Слабодка, Бендэры, Адэса, Каре і Тыфліс.
Мэта: першае — прымусіць нашу армію наступаць да пераможнага канца; другое — затрымліваць дэзерціраў; трэцяе — раззбройваць армію пры дэмабілізацыі; чацвёртае — выратаваць краіну ад анархіі. Для стварэння гэтых атрадаў у распараджэнне павятовага вайсковага начальніка пералічаных гарадоў будуць прыбываць пераапранутыя ў салдацкую форму паны афіцэры, добраахвотнікі-цывільныя, некаторыя салдаты з ліку выбраных самімі афіцэрамі, якіх вы павінны накіраваць у адзін з запасных палкоў, што размешчаны ў вашым горадзе. Наладзьце сувязь з камандзірам гэтага запаснога палка, уручыўшы яму гэта пісьмо і вызваліўшы спачатку (да лістапада гэтага года) полк ад непажаданых салдат і афіцэраў, бо з гэтага дня да вас пачнуць прыбываць выбраныя людзі. Усе яны будуць мець меткі з чырвоных нітак на ражках каўняра і ў верхнім куце борта шыняля. Не чакайце ніякіх указанняў ад вашага непасрэднага начальства.
Усе, хто прыбудзе, павінны размясціцца ў казармах і харчавацца з агульнага катла. Обер-афіцэры будуць радавымі байцамі, а старшыя будуць начальнікамі. У атрадзе самая строгая дысцыпліна, да пакарання смерцю. Пачатак адкрытага выступлення 14 лістапада, з 9 гадзін вечара.
Агітуйце тайна і асцярожна. Адмовіцца ад выканання ўсяго гэтага вы не можаце, таму што хвалі прыхільнікаў гэтай ідэі прыйшлі ў рух і прымусяць вас трымаць адказ. Ініцыятыўная група «Парадак» ужо вядзе агітацыю па Расіі, арганізоўвае людзей, якія пачнуць прыбываць да вас з лістапада.
Жадаем поспеху на карысць Радзімы!»
Таварыш з ваеннага камісарыята дачытаў пісьмо, акуратна склаў яго і засунуў у кішэню. Потым сказаў:
— Сёння ўжо дваццаць дзевятага лістапада, а ніякіх выступленняў не было. Значыць, нашы таварышы перашкодзілі ворагу. Але ён можа ўдарыць у спіну рэвалюцыі заўтра, сёння, кожную хвіліну. Будзьце ж пільнымі. Заўсёды трымайце ворага на мушцы. Калі мы прагледзім, нам не даруюць дзеці і ўнукі нашы...
У казарме яшчэ доўга абмяркоўвалі пісьмо.
— Бач ты, дысцыплінка якая ў іх: чуць пікнуў — смерць, — пачухаў патыліцу Беланогаў.
— Гэта яны могуць, —сцягваў з ног боты Юшкоў.
— Варфаламееўскую ноч нам рыхтуюць, — задуменна сказаў пісар Андрэй Кавалёнак, самы начытаны ў роце. Ніхто не спытаўся ў яго, што гэта за варфаламееўская ноч, але ўсе адчувалі — гэта нешта страшнае. Кузьма маўчаў, а потым уздыхнуў:
— І Стахееў, лярва, у гэтым «Парадку». Без яго не абыдзецца.
— Факт, — кіўнуў галавой Юшкоў. — Куды ж яму дзецца? — І строга глянуў на Кузьму.
Усе наступныя дні, куды б Кузьма ні пайшоў, уважліва і насцярожана прыглядаўся ён да людзей, асабліва вайскоўцаў. — «Усё гэта свае людзі, нашы, — думаў ён, — але ж ходзіць сярод іх і вораг. Хто ён? Які ў яго твар? Якія вочы?»
Ён затойваў дыханне, напружваў зрок, чакаў, што вось-вось сам-насам сустрэнецца з тым, у каго каўнер перашыты чырвонымі ніткамі, быццам апырсканы крывёю.