ІІ


— Колькі ўжо разоў перашкаджалі Расіі асэнсаваць і зразумець сябе вось гэткія, я б сказаў, частушачныя адносіны да жыцця. Русы чуб з-пад брыля, скрыпучыя боты, пеўнева паходка, усмешка Іванкі-блазнюка на ўвесь рот. З такога можна пісаць лубок, але з ім нельга сесці за еўрапейскі стол, дзе вырашаецца лёс свету. Усё-ткі пакуль што ў Еўропе мы стаім адной нагой. Другая наша нага ў азіяцкіх стэпах...

Так казаў бледнатвары, чорнавалосы малады чалавек гадоў дваццаці пяці ў прыгожай форме земгусара. Ён трымаў у руках бярозавую галінку, зрываў з яе жоўтае лісце. Толькі што малады чалавек і яго спадарожнікі — грузнаваты, задышлівы, пажылы мужчына ў паляўнічым касцюме і вельмі юная дзяўчына, цёмная шатэнка з далікатным тварам і сумнымі вачыма — былі ў флігелі, дзе жылі парабкі, на вяселлі. Шум і крыкі вяселля, п'янаватыя разагрэтыя твары, рэзкі пах самагонкі і грубага мужыцкага хлеба, танцы пад гармонік, цымбалы і балалайку ўсё яшчэ ўладна жылі ў іхніх вушах і вачах.

Усе трое, не спяшаючыся, ішлі па старадаўняй алеі, што была густа абсаджана пачарнелымі дуплаватымі ліпамі. Вузкая палоска бледнага восеньскага неба цьмяна блішчала над алеяй. Збіўшыся ў чароды, у небе крычалі сумныя галодныя вароны.

Мужчына ў паляўнічым касцюме — гэта быў аканом маёнтка графа Незабітоўскага Андрэй Гайкевіч цмокнуў поўнымі губамі, хітра глянуў на маладога земгусара:

— А вас, паважаны Ігар Аляксеевіч, наслухаўшыся вашых слоў, можна і за германафіла палічыць. А Германія — наш сённяшні праціўнік. Самі разумееце: ваеннае становішча, данскі казак-герой Кузьма Кручкоў наколвае на піку немцаў дзесяткамі, як шашлыкі, а вы...

Земгусар Дамажыраў успыхнуў:

— Вы няправільна мяне зразумелі. Мы ў стане вайны з Германіяй, гэта так. Але ж, калі мы ўварвёмся ў сэрца Германіі, мы, я спадзяюся, не станем усё крышыць і знішчаць, як вандалы. Хай ваюе грубая плоць. Але дух, дух цывілізаванай Германіі, яе Гумбальт, Бах, Ніцшэ, Кант — хай жывуць. Яны патрэбны ўсім. У тым ліку, і, можа, у першую чаргу, з-за нашай азіяцкай адсталасці, Расіі. Вы не згодны са мной?

Ён хуценька глянуў на Гайкевіча і краем вока — па дзяўчыну, бо іменна ёй, сумнай і загадкавай, адрасаваліся ўсе яго такія разумныя і палкія словы. Зінаіда Гайкевіч, гімназістка з Мінска, якая па хваробе ўжо тыдзень гасцявала ў бацькі, уважліва прыслухоўвалася да гаворкі мужчын, але ўдзелу ў ёй не прымала.

Толькі шчыльней захіналася ў прыгожую, чорнай каўказскай воўны бурку — падарунак бацькі.

«Што хаваецца пад гэтым спакойным, мармуровым, антычным тварыкам вясковай багіні? — ламаў галаву земгусар Дамажыраў. — Тупалобасць хамулы-бацькі ці незямная страсць?»

Гайкевіч між тым хітравата ўсміхаўся і гаварыў:

— Што вы, я згодны з вамі, Ігар Аляксеевіч. Навошта крышыць і ламаць? Як кажуць тутэйшыя парабкі, у гаспадарцы і ржавы цвік спатрэбіцца. І Кант, хоць я асабіста не чытаў яго, спатрэбіцца. Вось толькі, дазволю сабе засумнявацца, наконт сэрца Германіі вы трошкі перагнулі. Ці дастане да яго той жа Кручкоў сваёй пікай?

Дамажыраў кісла зморшчыўся:

— Пра вашага Кручкова ўжо даўно ні слова не чуваць — адышоў у нябыт разам з Мікалаем Раманавым. Тапорна, трэба прызнацца, быў зроблены герой. Цяпер у Расіі — новыя героі і новыя правадыры.

— Вы маеце на ўвазе Аляксандра Фёдаравіча? — Гайкевіч акуратна змахнуў з рукава беленькі круглячок — нейкая птушка спалохана рванулася над іхнімі галовамі. — Што ж — энергічны, малады. Правадыр. Але ж нават вялікаму правадыру заўсёды патрэбна войска.

— Вы сумняваецеся ў Керанскім?

— Ніколькі. Але ж гляньце навокал. Ніхто не хоча ваяваць. Мужыкі здыхаюць без хлеба. У вёсках — непралазны бруд, галеча. Усюды разводзяць сваю балбатню анархісты, эсэры, бальшавікі. — Пульхныя шчокі Гайкевіча пачырванелі. — Патрэбна цвёрдая рука, рука, сціснутая ў кулак.

— Ага, злавіў на слове: значыць, вы — манархіст. — Дамажыраў задаволена засмяяўся, адкінуў убок бярозавы дубчык. Аканом засоп носам. Наступіла цішыня. Чутно было, як у флігелі плыве песня, п'яная, надтрэснутая:

Ска-ка-аў казак цераз да-а-ліну,

Цераз маньчжурскія края-я-я...

Мужчынскія і жаночыя галасы выводзілі песню аястройна, але гучна і весела.

— Усё гіне, а яны жэняцца... Скарынкі хлеба на стале няма, а яны заводзяць кучу дзяцей, брудных, галодных, нямытых, такіх, як самі... — Дамажыраў быў упэўнены, што ў слоўным паядынку перамог гэтага мужлана-аканома, з асалодай піў нектар сваёй перамогі і літасціва рашыўшы не дабіваць праціўніка — у аканома ж сімпатычная дачка! Яна, трэба спадзявацца, ацэніць ягоную, Дамажырава, гуманнасць, — змяніў размову.

Ён спружыніста і лёгка крочыў па алеі і казаў, усё часцей паварочваючыся ў бок гімназісткі:

— Паўночна-заходні край... Дзіўны край. Я ў вас, панове, упершыню. Вайна закінула. У нас памесце пад Разанню, а вучыўся я ў Петраградзе, у тэхналагічным. І вось гляджу я наўкол, на гэты самы Паўночна-заходні край, і такія думкі, такія, як кажуць, эмоцыі ён у мяне выклікае... Драўляная, саламяная, гліняная краіна. Жалеза такое ж рэдкае, як золата. Ускраіна геаграфічная і духоўная.

— А мы тут жывём, — ці то ўздыхнула, ці то пахвалілася Зінаіда.

Дамажыраў уважліва, па-дэманічнаму, як яму думалася, глянуў на яе, сказаў, галантна пакланіўшыся:

— Разумею ваш патрыятызм, мадмуазель, і цалкам яго падзяляю... Пытаюся ў флігелі ў аднаго п'яненькага мужыка: як тваё прозвішча, брацец? А ён мне: Казёл. Здорава гучыць? Нейкая першароднасць. Нейкае язычніцтва. Усё ідзе ад зямлі, ад травы, ад першай вясновай вады. Людзі і прозвішчы не змяніліся тут за тысячагоддзі.

— Гэтым людзям палец у рот не кладзі — адгрызуць да локця і не зморшчацца, — буркнуў Гайкевіч.

Яму пачынала не падабацца красамоўства гэтага жаўтаротага земгусара. «Смятаннічак, — думаў ён, — цыцку яшчэ матчыну смактаць трэба, а туды ж пнецца — у прарокі, у напалеоны...»

— А гэта ўжо іншая справа, — гаварыў між тым Дамажыраў, — ёсць парадак, законнасць, ёсць, нарэшце, воінскія начальнікі, павятовыя і валасныя ўлады. Самадзяржаўе, можна сказаць, само па сабе рухнула ў лютым. Але гэта не значыць, што павінны загінуць і прыватная ўласнасць, і вера, чаго дабіваюцца бальшавікі і жыды. Я, прызнаюся вам, панове, знаходзячыся ў тыле дзеючай арміі, меў час і меў жаданне чытаць мноства самых розных кніг. І вось я зацікавіўся, вы, вядома, разумееце чаму, Вялікай рэвалюцыяй французаў. Дык адзін з гэтых французаў, Брысо, вельмі правільна сказаў: «Народ створаны для таго, каб служыць рэвалюцыі, але калі яна закончылася, ён павінен вярнуцца да сябе і дазволіць тым, у каго болей розуму, кіраваць сабою».

— А вы чулі што-небудзь пра чырвонага пеўня? — не даў Дамажыраву вытрымаць патрэбную паўзу глыбакадумцы і пераможцы Гайкевіч. — Гэты народ кожную ноч можа падсунуць гарачую галавешку пад дах вось гэтага прыгожага дома, дзе мы маем гонар мець вас за госця.

Дамажыраў хацеў быў зноў уступіць у дыскусію, але хітры аканом зрабіў выгляд, што яму трэба неадкладна пагаварыць з казацкім сотнікам — учора казакі напіліся і ўсю ноч спявалі песні, не давалі нікому спаць. Сказаўшы Дамажыраву: «Ігар Аляксеевіч, у дзве гадзіны чакаю вас абедаць», — аканом шмыгнуў У дзверы нізенькага дома, дзе кватаравалі казакі.

«Ну і чорт з табой, — падумаў Дамажыраў, — невялікая прыемнасць бачыць тваю тоўстую фізіяномію...»

Ён быў злы на аканома: прыехаў ад імя губернскага земскага саюза, каб паспрабаваць арганізаваць у маёнтку часовы тылавы шпіталь для параненых афіцэраў, але гэты таўстун і слухаць не хоча: маўляў, гаспадар маёнтка за мяжой, а без яго я не маю права ні аб чым дамаўляцца. Патрыёт, называецца, маць тваю так!

Разам з Зінаідай Дамажыраў стаяў перад домам, правільней будзе сказаць, палацам, графа Незабітоўскага. Граф яшчэ ў трынаццатым годзе паехаў у Карлсбадэн на воды, ды так там і застаўся — рашыў пераседзець вайну. А дом у яго быў слаўнецкі! Старадаўні, відаць, будаваўся яшчэ ў васемнаццатым стагоддзі, у часы прыгону. Першы паверх зроблены з дзікіх валуноў. Валуны рознага колеру: белыя, шэрыя, сінія, чырванаватыя. І ўсе — неабчасаныя. Як прыцягнуў калісьці іх ледавік у тутэйшы край, у такім выглядзе і ляглі яны ў сцены. Моцна ляглі, на вякі. Другі паверх быў драўляны. Змяшаліся ў ім готыка і барока, і яшчэ Дамажыраву адразу кінулася ў вочы, у тым, як спляталіся ў вугал бярвенні, як былі прарэзаны вокны, было нешта ад сялянскіх чорных хат. Відаць, адны і тыя ж сякеры рабілі і палац, і хаты. Верандай, прасторнай і светлай, дом быў павернуты да ракі. Голле магутных дубоў цягнулася да веранды, прыкрывала яе ад ветру.

— Аазіс цішыні, — сказаў Дамажыраў. — Умеюць жыць нашы рускія баяры. Што войны і рэвалюцыі, якімі нас палохаюць, перад гэтымі валунамі!

— Ігар Аляксеевіч, вы даўно былі ў Мінску? — спыталася Зінаіда, спадылба бліснуўшы сваімі чорнымі вачыма, калі па крутым пясчаным схіле яны пачалі спускацца ад дома да ракі.

— Чатыры, не, пяць дзён, як адтуль. Па справах, — Дамажыраў шматзначна кашлянуў, — быў у артылерыйскіх майстэрнях.

— Як там наша гімназія? — Зінаіда ўздыхнула. — Здаецца, вечнасць там не была. Хаджу каля гэтай ракі, слухаю песні п'яных мужыкоў, гляджу, як гуляюць у карты казакі, а сама ў думках там. У нас класная дама, Маргарыта Францаўна, золата, а не жанчына. Мы яе аднойчы ноччу напалохалі — абкруціліся прасцінамі і выйшлі на калідор. Што было! Адлівалі вадой бедную Маргарыту.

Яна засмяялася, паслізнулася на крутым схіле, і Дамажыраў падхапіў яе пад руку.

— А то, бывала, збярэмся ў спальні, зачынімся, запалім свечкі і ўсю ноч молімся за нашых воінаў, каб даў ім бог перамогу над германцамі. Цішыня, аж у вушах звініць. Саб'ёмся ў кучу, сядзім, молімся, плачам, і, здаецца, бог нас чуе — вось-вось святлом незямным усё азорыцца і спусціцца ён да нас з нябёсаў. А нядаўна ў нас афіцэрык паранены быў. Такі прыгожанькі, чорненькі. Вусікі чорненькія, мяккія, аж рукой пакратаць хочацца...

— Я таксама заўтра еду на фронт. — Дамажыраву не хацелася, каб прыгожая гімназістка так доўга і з такім запалам гаварыла пра нейкага чорненькага афіцэрых.

— Ой, Ігар Аляксеевіч, вас жа таксама могуць там параніць. — Зінаіда шырока расплюшчыла вочы, заміргала доўгімі вейкамі.

— Мяне могуць там забіць. — Ён горда ўзняў галаву, расправіў плечы і на імгненне нават паверыў, што яму ў сэрца ўжо ўпіўся кавалак гарачага свінца. Яму падумалася: «Я ляжаў бы на спіне, раскінуўшы рукі, над зямлёй бы поўз парахавы дым, а гэтыя тонкія рукі, гэтыя далікатныя пальцы гладзілі б мой лоб...»

— Не трэба так жартаваць... Я вас прашу. — Зінаіда спынілася і глядзела яму проста ў вочы.

— А я не жартую, Зінаідачка... Абавязак мужчын, калі яны сапраўдныя мужчыны, з мячом у руцэ бараніць родныя мірныя хаты. Толькі б чакаў хто-небудзь мужчын з бітвы... — Ён галантна пакланіўся і далікатна пацалаваў тонкія пальцы гімназісткі. Яна зачырванелася, але па ўсім было відно, што ёй прыемна. «Яблычак падае ў руку», — самазадаволена падумаў Дамажыраў.

Яны стаялі над самай ракой. Каля ног усхліпвала вада, па-восеньску цёмная і цяжкая. Быў у гэтай вады нейкі сталёвы і алюмініевы водсвет, як прыкмета часу, што вёрстаў за сто адсюль па захад грукатаў гарматамі і бомбамі, палымнеў крывавай лініяй фронту. Да ракі спускаўся казак, расхрыстаны, без шапкі. Вёў паіць каня. Вецер гуляў чорнай барадою і русым чубам. З-пад ног казака і каня сыпаліся дробныя каменьчыкі, плёхаліся ў ваду. Казак паглядзеў на Дамажырава з Зінаідай, шматзначна хмыкнуў. Дамажыраў пабляднеў, сказаў як плюнуў:

— П'янае рыла! Усіх трэба гнаць на фронт. Пад кулі! Зажэрліся ў тыле...

Але казак не чуў ягоных слоў, спакойна паіў каня, расчэсваў далонню рыжую конскую грыву.

— Як яны песні спяваюць! — сказала Зінаіда, гледзячы ў бок казака. — Самі грубыя, валасатыя, мядзведзі на конях, а галасы такія звонкія, чыстыя, як анёльскія. Слухаеш, і плакаць хочацца. Так, здаецца б, у неба і паляцела б разам з песняй...

Дамажыраў паблажліва ўсміхнуўся:

— Так-то яно так, Зінаіда Андрэеўна, але ж песнямі, прабачце, вайну не выйграеш. Закуём сэрцы ў жалеза. Хай нашымі песнямі будуць толькі малітвы аб перамозе над ворагам.

Ён адчуў, што словамі супроць казака трошкі збянтэжыў чуллівую гімназістку і з усіх сіл стараўся жартамі і напускной бадзёрасцю выправіцца. Зрабіць гэта яму ўдалося даволі лёгка.

У дзве гадзіны абедалі на другім паверсе дома, на верандзе, якая ўжо была зашклёная на зіму. Акрамя Дамажырава, Гайкевіча і Зінаіды за сталом сядзеў казацкі сотнік Панкратаў, стомлены лысаваты чалавек, з сінім шрамам цераз усю шчаку, з трохі сіплаватым гучным басам, які так не стасаваўся да яго дробненькай фігуры. Сотнік выпіў, расчырванеўся, махаў, як шабляй, відэльцам, палохаючы гэтым Зінаіду. Відаць было, што ён вельмі ганарыцца сваім басам.

— Мы данцы, — у такт словам узмахваў відэльцам Панкратаў. — Данцы — малайцы... Кубанцы і церскія — гэта не казакі... Зброд... Хахлы... Ім бы спаць на сене і сала з салам есці... Я з трох гадкоў у сядле. Як сябе помню, ужо шабляй лазу сек. Вось так — г-г-гы-ых!— Ён рэзка махнуў відэльцам і, страціўшы раўнавагу, паваліўся грудзьмі на стол. Зазвінелі, захісталіся чаркі.

— Брава, есаул, — хаваючы насмешку, запляскаў у далоні Дамажыраў. — Вашаму майстэрству апладзіруюць нават чаркі.

— Дык напоўнім іх яшчэ раз, панове. — Гайкевіч узяў пузаты, з сіняга шкла графінчык, спрытна наліў усім, акрамя Зінаіды.

Дамажыраў ахвотна выпіў яшчэ раз, пасаладзіў душу. Захацелася гаварыць прыгожыя словы, захацелася жаночай увагі. Ён узняўся над сталом:

— У гэтым цудоўным пустынным доме, панове, у гэтым доме, дзе трыста і чатырыста гадоў да нас жылі адважныя мужчыны і прыгожыя жанчыны, дзе, я спадзяюся, у светлыя месячныя ночы ходзяць па цёмных ціхіх залах прывіды, нас усіх звяла вайна. Не было б вайны, і пан сотнік жыў бы на сваім слаўным Доне, аб'язджаў бы дзікіх непакорных коней, а яго шабля пакрывалася б пылам мірных дзён...

— Ну, гэта дудкі, — шумна запярэчыў сотнік. — Маёй шаблі і да вайны работы хапала. Помню, студэнтаў-валасацікаў разганялі. Як даў аднаму...

— Не перашкаджайце Ігару Аляксеевічу, — гнеўна бліснула на сотніка чорнымі вачыма Зінаіда.

— А я, — працягваў Дамажыраў, не звяртаючы ні на што ўвагі, бо ім ужо авалодаў экстаз гучных слоў, — жыў бы ў сваім Пецярбурзе, паўночнай Пальміры. Барацьба за месца на зямным балі, віно, жанчыны, карты. Жыццё, што заманьвае ў свае залатыя сеткі, адурманьвае, як морфій. І я ніколі б не ўбачыў гэты дом, гэты лес...

— Дазвольце, дазвольце, — раптам зноў пачаў гаварыць, нібы прачнуўся, сотнік, — як гэта — «не перашкаджайце Ігару Аляксеевічу»... Я пры выкананні службовых абавязкаў. Я...

— Сціхніце, вы... салдафон, — выдыхнуў Дамажыраў.

— Што? — На маленькім тварыку сотніка з'явіліся чырвоныя плямы. Ён павольна ўзнімаўся з-за стала.

— Панове, панове, — замітусіўся Гайкевіч. — Ды кіньце вы гэтыя спрэчкі. Няёмка. Людзі пачуюць.

— Хто ты такі? — аж працінаў Дамажырава вузенькімі вачыма Пашматаў. — Земгусар? Тылавы пацук... — Ён нечакана прадэкламаваў: «Земгусар, земгусар. Пыхціць, як медны самавар...» — З-за такіх, як вы, доўгаязыкіх балбатуноў, разумнікаў, мы чацвёрты год здыхаем у акопах. Такіх, як ты, разумнікаў, я яшчэ ў дзесятым годзе ў Маскве нагайкай сек. Парткі спушчу і нагайкай, нагайкай па казённым месцы. Аж пакуль кроў не свісне... — Ён з сілай усадзіў відэлец у стол.

Дамажыраў не чакаў такога гневу, што, нібы з вулкана, вырваўся з маленькай шчупленькай фігуры казацкага сотніка і стаяў бледны, разгублены.

Зінаіда накінулася на бацьку:

— Чаго вы стаіце? Папрасіце ж, нарэшце, хай п'юць міравую...

Яна сціснула пальцамі скроні — вось-вось страціць прытомнасць.

Але ні біцца, ні піць міравую не давялося. Расчыніліся дзверы, і на парозе веранды вырас здаравенны чубаты казак, гаркнуў, звяртаючыся да сотніка:

— Ваша благароддзе, там прывезлі двух мужыкоў з лесу...

— Якіх мужыкоў? — Панкратаў узрадаваўся, што гнеў не прападзе дарэмна, што зараз можна будзе на некім адвесці душу. У прадчуванні гэтай хвіліны ягоныя ноздры затрапяталі.

З веранды ўсе выйшлі на двор. Там стаялі ляснік, казакі, два зусім маладыя мужыкі.

— Развяжыце ім рукі, — сказаў сотнік, ужо прымерваючыся вокам, выбіраючы ахвяру. Ён падышоў да аднаго — бач, як спадылба пазірае, вочы, як вуглі.

— Ты што зрабіў, мярзотнік?

Ляснік кашлянуў у прыгожыя вусы, прыціснутыя кулаком.

— Дуб пілавалі. Аказалі супраціўленне...

— Супраціўленне? — здзівіўся сотнік. — Ды па законах ваеннага часу я іх магу расстраляць. Казлоў, — звярнуўся ён да рыжабародага казака, — дай мне нагайку.

Дамажыраву, чэсна кажучы, не вельмі хацелася прысутнічаць пры сцэне, якая павінна была адбыцца. Аднаго мужыка, маленькага, чорнагаловага, з параненым плячом, прывязвалі да бярозы, што расла на двары. Другі, высокі, худы, яркавалосы, стаяў непадалёку, чакаў. У ягоных вачах была смяротная туга. І Дамажыраў раптам успомніў: пад Нясвіжам іхні абоз, у якім яны везлі на фронт медыкаменты, абстраляла нямецкая цяжкая артылерыя. Узляталі ўгору колы фурманак, чалавечыя знявечаныя целы, руды пясок, а ён, Дамажыраў, ляжаў аглушаны і думаў, што памірае. І побач з ім у апошняй агоніі круціў галавой, дзёр зямлю пысай конь. У конскіх вачах былі туга і слёзы. Яны падобныя вачамі: той конь і гэты малады мужык, якога зараз будуць лупцаваць, — падумалася Дамажыраву. Ён адышоўся трошкі ўбок.

Між тым Іван Міхейчык уздрыгваў усім целам пад ударамі нагайкі, грыз бярозавую кару, але не стагнаў, крычаў:

— Не маеш права біць! Сучка ў лампасах!

Панкратаў ад ягоных слоў звярэў, біў з усяе моцы, з прыдыхам, з асалодай. Яго маленькі твар пакрыўся потам.

— Садыст, — не вытрымала Зінаіда. — Перастаньце... Ну хаця б не тут... — Яна нервова ўсхліпнула, але не адводзіла вачэй ад белага чалавечага цела, якое, нібы кветкамі, расцвітала свежымі чырвонымі пісягамі.

— Хопіць ужо з яго, пан сотнік, — папрасіў нарэшце Гайкевіч.

— Не вучыце мяне, — вызверыўся Панкратаў. — Ён у мяне сам папросіцца...

Але Іван не папрасіўся, абмяк, страціў прытомнасць.

— Давай наступнага, — цяжка дыхаючы, сотнік стукаў па халяве бота бізуном.

Усе зразумелі, што другому мужыку давядзецца яшчэ горш, таму што сотніку хочацца, чаго б гэта ні каштавала, пачуць словы мальбы і прыніжэння.

Антон стаяў як аглушаны. Свіст бізуна, кроў, што тонкімі струменьчыкамі цякла па Іванавай спіне, спацелы, бледны, як у мерцвяка, твар сотніка, яго незразумелая жорсткасць — усё здавалася страшным сном. «За што ён так б'е? За дубка?» — халадзеючы ўсім целам, думаў Антон.

— Мы заплоцім за дубок...У мяне дзед памёр... — паўтараў ён адны і тыя ж словы, калі яго пачалі прывязваць да бярозы. Усе маўчалі. Сотнік нецярпліва круціў у руках нагайку.

Кожная клетачка Антонавага цела ўздрыгвала і крычала: не трэба!

Раптам ён падкаціў вочы, галава хіснулася, адкінулася ўбок.

— Цьфу! — Сотнік аж тупнуў нагой, — Казлоў, цягні вядро вады. Трэба асвяжыць гэтага малайца...

Рыжабароды Казлоў пабег па ваду, і ў гэты час на двор маёнтка ўехалі простыя сялянскія калёсы, у якія быў запрэжаны вялізны конь нязвыклай масці, рабы, увесь у чорных і белых плямах. З калёсаў жвава скокнуў малады чалавек, танклявы, з попельна-русай бародкай. Твар чысты, смуглы, з сонечным пылам загару, што захаваўся ад летніх дзён. Шыя абкручана тоўстым пярэстым шалікам, на плячах — салдацкі шынель, на нагах — жоўтыя амерыканскія чаравікі. Ён абабіў з шыняля саламяную пацяруху, ускудлаціў далонню русявы чуб на галаве, падбег да Гайкевіча і цмокнуў яго ў шчаку. Спытаўся, здзіўлена агледзеўшыся наўкола: * Іі

— Што тут адбываецца?

— Хто гэта? — шапнуў Дамажыраў на вуха Зінаідзе.

— Гэта мой брат Аркадзь.

Твар яе засвяціўся, яна падбегла да брата, абвіла яму шыю рукамі. Ён пагладзіў яе чорныя валасы. Зноў спытаўся ў бацькі:

— Што тут робяць усе гэтыя людзі?

Глянуў на Антона, прывязанага да бярозы, на Івана, што стагнаў, лежачы на зямлі, усё зразумеў, падышоў да сотніка, вырваў з ягоных рук бізун.

— Не смейце іх біць! Як вам не сорамна!

Панкратаў кальнуў яго вострымі вачыма, у якіх яшчэ гарэла злосць.

— Вось як? А хто ці што забароніць мне здзерці шкуру з гэтых рабаўнікоў?

— Хаця б тое, што ў Петраградзе — пераварот. Уладу ўзялі бальшавікі.

Гэтая навіна ўразіла ўсіх, нават Панкратава, які забыўся пра свой бізун. Быццам рассунуліся далягляды, расступіліся змрочныя хмары, і ўсе трывогі і турботы неабдымнай стомленай краіны ўварваліся на гэты брудны цёмны двор нечаканым промнем сонца, што апякаў сэрцы: каму страхам, каму надзеяй.

— Не можа быць, — хвалюючыся, загаварыў Дамажыраў. — Вы нешта наблыталі. А як жа Аляксандр Фёдаравіч і князь Львоў? Не можа быць... — Ён раптам засмяяўся дробненькім дрыготкім смехам.

— Я не жартую, — спакойна сказаў Аркадзь Гайкевіч. — Я толькі што з Бабруйска. Учора там атрымалі радыё з Петраграда. Керанскі ўцёк. Міністры арыштаваны і сядзяць у Петрапаўлаўцы. Урад узначаліў Ленін... — Ён павярнуўся да бацькі: — Мне трэба з табой неадкладна пагаварыць. А гэтых хлопцаў, якім пан сотнік так старанна размалёўваў спіны, зараз жа трэба адпусціць. Аднаго я ведаю...

Аркадзь падышоў да Антона, пачаў развязваць вяроўку. Антон павольна расплюшчваў вочы. Са страхам чакаў, што зноў убачыць перад сабой перакошаны гневам твар сотніка. Але добрыя вочы са спачуваннем глядзелі на яго. Хто ж гэта? Нешта дужа знаёмае было ў гэтым твары і ў гэтым голасе. «Аркадзь Гайкевіч, — успомніў Антон. — Сын аканома...» Гады два назад яны пазнаёміліся, калі Антон летам хадзіў у маёнтак касіць сена. Потым Аркадзь даваў яму чытаць кніжкі.

— Дужа баліць? — пытаўся Аркадзь, спрытна распутваючы вяроўку.

— Мяне яшчэ не білі. — Антону пасля ўсіх хваляванняў захацелася раптам заплакаць, уткнуўшыся галавой у плячо гэтаму хлопцу, якога быццам неба паслала ў такую страшную часіну.

— Што ж ты такое зрабіў?

— Хацеў дубка спілаваць каля Чорнага ляда. Дзед наш памёр, і няма яго ў чым хаваць...

— Гэта мы ўладзім. Бяры свайго каня і едзь дамоў. А пад вечар зноў прыедзеш сюды ў маёнтак. Знойдзем дошак... У бацькі ёсць добрыя дошкі. — Аркадзь глянуў на Івана, што ляжаў пластом на зямлі. — А гэта хто? Твой сябар?

— Гэта Іван Міхейчыкаў. Падсабляў мне ў лесе. Яго вось гэты, — Антон кіўнуў галавой у бок Панкратава, што, стоячы непадалёку ў коле казакоў, нешта з імпэтам даказваў, — збіў да паўсмерці...

Аркадзь падышоў да Івана:

— Жывога месца на спіне не знойдзеш... Трэба яго тут пакінуць. Раны няхай трошкі загояцца.

Антон адразу згадзіўся. Так, няхай Іван пабудзе ў маёнтку, тут добры догляд, тут ён акрыяе. Сам жа хуценька пачаў збірацца дадому, далей ад усіх гэтых людзей. Стаялі, чакалі, як ён, Антон, пачне курчыцца і енчыць пад бізуном. І толькі адзін знайшоўся сярод іх, хто ўступіўся, пашкадаваў, зразумеў.

— Ну і даў лататы гэты мужычок, — засмяяўся Дамажыраў, калі сціхла ляскатанне Антонавых калёсаў. — Цяпер дзесятаму закажа ў чужы лес хадзіць...

Яны ішлі ў дом — Зінаіда, Дамажыраў і Аркадзь. Старэйшы Гайкевіч застаўся на двары, гаварыў з казакамі. Адтуль даляталі ўзбуджаныя галасы.

— Прабачце, я вас не пазнаёміла, — спахапілася Зінаіда. — Гэта, я ўжо казала, мой брат Аркадзь, а гэта, — яна лёгка дакранулася да рукі Дамажырава, — Ігар Аляксеевіч Дамажыраў. Гасцюе ў нас перад ад'ездам на фронт.

Аркадзь і Дамарыжаў глянулі адзін аднаму ў вочы і зразумелі, што сябрамі не будуць. Але, як робіцца ў такіх выпадках, усміхнуліся, пакланіліся, моцна паціснулі рукі.

— Дык, кажаце, бальшавікі верхаводзяць у Петраградзе? — Дамажыраў, відаць, усё яшчэ не верыў навіне. — І колькі ж часу яны думаюць пратрымацца на белым кані?

— Гэта трэба ў іх спытацца, — спакойна адказаў Аркадзь. — Ленін за неадкладны мір. Значыць, усе франтавікі і ўсе сяляне будуць за Леніна.

— А вы, прабачце, якой партыі? — Дамажыраў хуценька глянуў на Аркадзя.

— А я, і не пытаючыся, ведаю: вы земец — значыць, кадзет. Так? Праўда, вашаму Львову не пашанцавала. Не вельмі прыемна з Зімняга палаца трапіць проста ў Петрапаўлаўскую крэпасць.

— Вы што ж — радуецеся гэтаму?

Гайкевіч-малодшы не адказаў, не дужа ветліва перарваўшы размову, звярнуўся да сястры:

— Калі думаеш ехаць у Мінск?

Зінаіда, незадаволеная тым тонам, якім брат размаўляе з прыгожым дасціпным госцем, надзьмула губы:

— Я хоць сёння гатова ехаць. Але Мамон не пускае, просіць кожную раніцу, каб яшчэ на дзянёк засталася...

Аркадзь усміхнуўся. Мамон, бог грошай, — так, начытаўшыся кніжак па палітэканоміі, называў ён калісьці свайго бацьку. Бач ты яе, страказу, — запомніла.

Яму захацелася зрабіць для сястры нешта прыемнае. Ну, вядома, трэба, відаць, памірыцца з гэтым земгусарам, бо ён ужо закружыў галаву наіўнай гімназістцы.

— Зінаіда, — сказаў Аркадзь. — Мне трэба пагаварыць з бацькам, а потым мы ўсе пакатаемся на лодцы.

Зінаіда запляскала ў далоні, заскакала ад радасці:, _ — Ой, Аркадзік, ты — проста цуд.

Яна схапіла Дамажырава за руку, пацягнула на бераг ракі, а Аркадзь пайшоў на двор шукаць бацьку. Той усё яшчэ гаварыў з казакамі. Убачыў сына, скончыў гаворку і заспяшаўся насустрач.

«Не хоча, каб я чуў, аб чым ён гаворыць», — здагадаўся Аркадзь.

Ад такой здагадкі зрабілася не па сябе — і тут, як па ўсёй зямлі, людзі нешта хаваюць адзін ад аднаго, нават ад сваіх родных.

Бацька звёў у адну лінію шырокія жоўтыя бровы, узяў сына пад руку:

— Якім ветрам занесла ў нашы Палесціны?

— Ветрам рэвалюцыі, — усміхнуўся Аркадзь.

— Кінь жартачкі. Я сур'ёзна пытаюся. — Бацька пастарэў, пацяжэў, крыху згорбіўся. Нялёгка, відаць, даецца аканомаў хлеб.

Яны павольна пайшлі па двары, гледзячы пад ногі, думаючы кожны пра сваё. Збоку магло здацца, што ідуць зусім чужыя людзі, такія яны былі непадобныя знешне: Аркадзь — высокі, русы; бацька — нізкі, тоўсты, жоўтавалосы.

З флігеля, дзе жылі парабкі, раптам быццам сыпнулі гарохам — адтуль звонка вырвалася вясёлая прыпеўка:

Барыня, барыня,

За што мяне ўдарыла?

Ці за бульбу, ці за сала,

Ці за тое, што плясала?

— Што гэта там? — здзівіўся Аркадзь.

— У парабкаў вяселле. Я дазволіў пагуляць — потым адпрацуюць у свята.

— І добра яны працуюць?

— Голад — самы лепшы паганяты. Дрэнна працуеш — будзеш з пустым жыватом. Прытым, у мяне ёсць выбар: незадаволеных і крыкуноў я заўсёды магу замяніць ціхмянымі.

Аркадзь глянуў на бацьку, падумаў: «А з цябе, Мамон, нядрэнны крывасмок атрымаўся, а калісьці лібералам быў, Глеба Успенскага і Талстога чытаў. Хутка ж ты заплыў тлушчам...» Уголас сказаў:

— Пазыч рублёў сто. Пасля Новага года аддам.

Бацька быццам не пачуў, паскардзіўся:

— Казакі не хочуць болей заставацца. Сёння пакрычалі-пакрычалі і рашылі ў Ігумен ехаць. Скардзяцца — фуражу мала, кармлю іх дрэнна. Але ўсё гэта — глупства. Баяцца, чэрці, вось што...

— Вядома, будуць баяцца, калі так бізунамі спраўна працавалі, — Аркадзь крыва ўсміхнуўся, ледзь не сказаў бацьку: ты і сам баішся...

Але той прапусціў міма вушэй іронію ў сынавых словах, ішоў, бялеў тварам, горбіўся. Потым глыбока ўздыхнуў, нібы чакаў, каб яму паспачувалі, пашкадавалі яго.

— Што ж гэта будзе, сынок? Зноў рэвалюцыя. У сакавіку са свірнаў дзверы паздзіралі, збожжа ўзялі. Усе вокны пабілі. Сельскі камітэт у іх тут арганізаваўся. Каваль Бацюта завадатар. Але, дзякуй богу, павятовы камісар Казакаў падаслаў. Паспакайнела трохі. А цяпер што? Зноў разбой?

Па алеі яны падышлі да старой бярозы, якая амаль да камля была расшчэплена маланкай. Калісьці яшчэ ў гімназіі Аркадзь начытаўся пра доследы амерыканца Франкліна з электрычнасцю і сам рашыў іх правесці. Залез аднойчы на бярозу і амаль у самую яе макаўку забіў доўгі металічны стрыжань — хацеў лавіць маланку. У першую ж навальнічную ноч маланка ўдарыла ў дрэва. Знесла ўсю верхавіну, а ствол пашчапала і скруціла так, што здавалася, быццам бяроза паказвае небу кукіш. Ля бярозы яны і спыніліся.

— Заставайся дома, — папрасіў бацька, — чаго ў такую калатню па свеце бадзяцца? Грошы ў мяне ёсць, але з грашыма цяпер лепей дома сядзець. Ты ж у Шмерлінга ў канторы працуеш?

— Шмерлінга я ўжо кінуў. Занудлівы яўрэйчык. Над кожнай капейкай калоціцца. Я цяпер вольная птушка. Перакладаю. У «Мінскім голасе» фельетончыкі друкую.

— Палітыку сваю яшчэ не кінуў?

— Не кінуў. Мы, як і ўсе, да Устаноўчага сходу цяпер рыхтуемся. Ездзіў па Бабруйскім павеце, агітаваў, каб за нас галасавалі. Але там Бунд і палякі ўсім галовы задурылі.

Аркадзь глядзеў на бярозу, на страшную хвалістую шчыліну, што вяла да самага карэння.

— Каму патрэбен гэты Устаноўчы сход? — зазлаваў бацька, і шчокі яго запалымнелі. — Мужыку, ды і нам з табой, добры кій трэба. Сукаваты, ды па спіне. Яшчэ, здаецца, толькі ўчора прыгон адмянілі, а ўжо крычаць — свабоды ім мала, ужо цара некуды ў Сібір завезлі. Забыліся, як на стайні ляжалі — носам у гной.

— Адстаеш ад жыцця, — сказаў Аркадзь, — нікому гэта не гавары, а то гразёю закідаюць. А гэтаму мужычку, з якога па твайму дазволу хацелі скуру злупіць, дошак дасі. Яму на труну трэба. Свой чалавек будзе...

Ён павярнуўся спінай да бацькі, даў зразумець, што размова скончана.

Між тым на рацэ, у лодцы, Дамажыраў працінаў сэрца гімназісткі амурнымі стрэламі.

— Зінаіда, — соладка прыдыхаў ён у чорныя вусікі, — вы вельмі падобны на Веру Халодную. Дальбог, не маню. Ёсць у вас нейкая загадкавасць, антычнасць, нейкі гіпноз. А што за дзяўчына без гіпнозу? Перад такой мужчыны становяцца на калені, за яе паміраюць. Ведаеце што? Вы былі б цудоўнай сястрой міласэрдзя. У белай касынцы з чырвоным крыжам, у чорным строгім плацці. Адзін ваш погляд — і, смяротна паранены, зноў бы ішоў у бой...

Зінаідзе падабалася гэтае мурлыканне, гэтая гульня ў страсць. Жаночай інтуіцыяй, сваім, невялікім яшчэ, вопытам, а болей вопытам гераінь з прачытаных раманаў яна разумела, што гэтыя прыгожыя словы ўсяго толькі азартны кавалерыйскі наскок вопытнага донжуана. Але ж у свеце было так няўтульна і адзінока, столькі незразумелых спраў тварылася наўкола, столькі бруду і злосці было ў душах людзей, што, як яна ўнутрана ні супраціўлялася, яе, нібы папяровы караблік, усё мацней зацягвала ў гэты салодкі зманлівы вір. «Ён вельмі добры, ён цудоўны, мне здаецца, я кахаю яго ўжо тысячу гадоў», — гледзячы на няўлоўныя прамяністыя агеньчыкі ў чорных вачах земгусара, думала яна. І забывалася ў гэтыя хвіліны пра Мінск, які ноччу сніўся ёй, пра сябровак і пра Ігара Куркоўскага, прыгожага хлопчыка з мужчынскай гімназіі, што лепш за ўсіх танцаваў мазурку і пісаў сумныя, як у Надсана, вершы.

Яны круціліся ў лодцы каля берага — чакалі Аркадзя. Аркадзь прыйшоў сярдзіты, моўчкі ўзяў вёслы, пачаў веславаць. За бартамі закалыхалася сцюдзёная, шэра-сталёвая вада, што вось-вось павінна была пакрыцца скарынкай лёду. Па вадзе плыло мёртвае жоўтае лісце. Усе глядзелі на гэтае лісце і маўчалі, быццам да нечага прыслухоўваліся, быццам здагадваліся, што наперадзе іх чакаюць такія страты, у параўнанні з якімі восеньскае лісце ўсяго толькі прыгожая, хоць і сумнаватая, дэкарацыя прыроды. Але Дамажыраў не мог доўга маўчаць. Ён зручней выцягнуў ногі ў доўгіх бліскучых ботах, эфектна прыўзняў каўнер шыняля, загаварыў, адварочваючы твар ад халоднага ветру:

— Яшчэ дзень, два, і тут, дзе мы плывём, будзе лёд. А Расія ўсё не супакоіцца, усё ломіць крыгі, усё бушуе. Вясна зацягнулася... А мне, панове, хочацца цішыні, такой, каб аж звінела ў вушах. Хочацца цёплага лета. Забрацца, як рабінзон, куды-небудзь на востраў у Фінскім заліве. Каб толькі хвалі і неба. І чайкі... — Ён уздыхнуў, дрыготка варухнуў плячамі: — Але гэта, вядома, фантазія. Усе мы, панове, жывём пад шкляным каўпаком часу: ні назад, ні ўперад не вырвацца з-пад гэтага каўпака...

Аркадзь слухаў Дамажырава, ледзь прыкметна ўсміхаючыся. І не зразумець было, як ён ставіцца да красамоўства земгусара. Дамажыраў заўважыў гэта, насцярожыўся, але, як усе самаўпэўненыя людзі, не мог дапусціць, каб ім не захапляліся. І таму спытаўся ў Аркадзя халаднавата, нават рэзка:

— А можа, я не так і не тое гавару?

Гайкевіч налягаў на вёслы, хацеў не адказваць, але не вытрымаў — махнуўшы русай чупрынай, схіліўся ў здзеклівым паклоне:

— Што вы? Мы ловім кожнае ваша слова. Вы — Цыцэрон.

Дамажыраў пабляднеў, сцяўся, быццам лінулі за каўнер халоднай вады. Потым пагардліва ўсміхнуўся:

— Жартуеце. А Расія ляціць у бездань. І мы разам з ёю. Ды вам, відаць, усё роўна. Скажыце, якой вы партыі?

Аркадзь глянуў на яго:

— Што вам гэта дасць, калі будзеце ведаць? Ну, добра. Я з Беларускай сацыялістычнай грамады.

— Не чуў, — чэсна прызнаўся Дамажыраў. — А якая, калі не сакрэт, у вас праграма?

— Адраджэнне нацыі. Культурна-нацыянальная аўтаномія ў межах Расіі, ці, калі пажадае сойм краю, аддзяленне.

— Вось яно што, — аж прысвіснуў Дамажыраў. — Зразумела... Значыць, ірвяце на часткі шкуру яшчэ не забітага мядзведзя. А я думаў, толькі бальшавікі ваду муцяць... Але мядзведзь яшчэ прачнецца...

Ён рэзка прыўзняўся, аж лодка пахіснулася.

Цяпер Гайкевіч пабляднеў. Вочы яго з сініх зрабіліся шэрымі. Ён прытармазіў у вадзе вёсламі.

— Слухай ты, Пурышкевіч новаяўлены. Калі б ты не быў госцем, табе б давялося зараз пакупацца.

Абодва яны прыўзняліся, вось-вось счубяцца. Здавалася, дай ім шпагі ці рэвальверы ў рукі, і такая пачнецца дуэль, такі бой, аж рака скаланецца.

Зінаіда кінулася іх мірыць, пусціўшы ў ход надзейную жаночую зброю — слёзы. Больш ушчувала яна, вядома, брата.

— Як табе не сорамна? Ігар Аляксеевіч наш госць, толькі што з фронту прыехаў, а ты... а ты...

Аркадзь зморшчыўся:

— Што — ужо і табе пусціў пыл у вочы гэты Цыцэрон? Можа, на фронт з ім паедзеш? Ды ў яго такіх дурніц хапае...

Ён гаварыў гэтыя словы з помслівай асалодай, быццам біў імі сястру па шчоках.

Раней за ўсіх супакоіўся Дамажыраў. Глыбей нацягнуў на галаву шапку, звёў тонкія губы ў іранічную лінію. Сядзеў, глядзеў, як гатовы выдзерці адно аднаму вочы родненькія брат з сястрою. І ў душы быў задаволены, што Зінаіда стала на яго бок.

Значыць, яшчэ ёсць порах у яго, Дамажырава, парахоўніцах.

Нарэшце Аркадзь як не сшалеў — крутнуў лодку да берага так, што тая зачарпнула вады. Выскачыў на бераг, грымнуў аб зямлю вёсламі і ледзь не подбегам скіраваў у бок маёнтка. З-пад ягоных ног плюхнуліся ў ваду камякі цяжкой рудой гліны.

Ля маёнтка ўжо ляскацелі калёсы — Антон Радзімовіч на сваім Чумаку ехаў браць дошкі.

— Пачакай! — махнуў яму рукой Аркадзь і пайшоў да калёсаў.

А ў лодцы Зінаіда беленькай насоўкай выцірала з вачэй слёзы.

— А брацік у вас нервовы, — зноў пераходзячы на шэпт, гаварыў ёй Дамажыраў, і вусы яго былі такія чорныя і мяккія.


Загрузка...