11 студзеня 1918 года генерал Доўбар-Мусніцкі ў тэлеграме на імя Вярхоўнага галоўнакамандуючага Крыленкі і галоўнакамандуючага Заходнім фронтам Мяснікова паведаміў, што з 12 гадзін 12 студзеня 1-ы польскі корпус знаходзіцца ў стане вайны з Савецкай Расіяй. Вярхоўны савет Польскіх узброеных сіл, на чале з паручнікам Рачкевічам перабраўся на гэты час з Мінска ў Кіеў і паспяшыў прызначыць ваяўнічага генерала канандуючым усімі польскімі войскамі. Па загаду Доўбар-Мусніцкага, які са сваім штабам знаходзіўся ў Бабруйскай крэпасці, усе польскія часці, раскватараваныя ў Смаленскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях, павінны былі неадкладна здымацца з месца і рухацца ў бок Бабруйска. Адразу ж на ўсіх чыгуначных станцыях — у Смаленску, Раслаўлі, Вязьме, Ельні, Оршы, Барысаве, Полацку загучала польская мова, замільгалі канфедэраткі.
Пад уладай легіянераў аказаўся трохкутнік Рагачоў — Жлобін — Бабруйск, так званая «рэспубліка Даўборыя». Але з кожным днём, нават з кожнай гадзінай ён змяншаўся. Доўбар-Мусніцкі быў адрэзаны ад Украіны, куды ён хацеў павесці сваіх легіянераў, каб злучыцца там з 2-м і 3-м польскімі карпусамі. І тады генерал замітусіўся, як воўк, акружаны з усіх бакоў. Не чакаў ён, што ў гэтай краіне, якую лічыў паралізаванай анархіяй і самаўпраўствам, сустрэне такі сакрушальны адпор. Ён думаў, нібы Аляксандр Македонскі, пранесціся па беларускіх і ўкраінскіх шляхах, каб толькі ад аднаго яго з'яўлення падалі ніцма ворагі, каб засцянковыя паненкі пасылалі яму і яго непераможным легіянерам сімвалічныя пацалункі, кідалі кветкі пад ногі коням.
А ўсё адбылося не так. Гула пранізлівая мяцеліца, грымелі бальшавіцкія батарэі, і яго воіны, асабліва ўраджэнцы «прэсаў», разбягаліся хто куды, як прусакі па шчылінах. І тады ён, пануры, злосны і разгублены, вырашыў пачаць перагаворы з бальшавікамі. Сустрэча адбылася на станцыі Цялуша, непадалёку ад Бабруйска. Доўбар-Мусніцкі прыехаў разам са сваім начальнікам штаба генералам Агапеевым. Вось, дарэчы, характэрны штрых. Генерал, які ўсюды крычаў аб сваёй любві да дэмакратыі, да Польшчы, не грэбаваў дружбай і цесным супрацоўніцтвам з манархістам і чарнасоценцам Агапеевым, якога прыслаў яму ў корпус сам Карнілаў. Перагаворы не ўдаліся. Доўбар-Мусніцкі хітрыў, адцягваў час. Усе гэтыя дні ён адну за другой пасылаў слёзныя тэлеграмы начальніку штаба германскіх войск на Усходнім фронце генералу фон Гофману. Ён прасіў прапусціць дэлегацыю корпуса праз фронт у Брэст-Літоўск, а потым і ў Варшаву для сустрэчы з членамі Рэгенцкага савета. Нарэшце фон Гофман дазволіў палякам паслаць дэлегацыю. У суправаджэнні эскадрона уланаў у Брэст-Літоўск паехалі палкоўнік Масціцкі, падпаручнік Біслінг, капітан Марушэўскі, прапаршчык Жабакліцкі і валанцёр Ваньковіч. Доўбар-Мусніцкі павесялеў, здавалася, памаладзеў. Але радасць яго была нядоўгая. Неўзабаве прыйшлі звесткі, што дэлегацыю можна не чакаць ні ў Брэст-Літоўску, ні ў Бабруйску. На лясных дарогах Ігуменскага павета яе акружылі сялянскія чырвонагвардзейскія атрады і раззброілі. Палкоўнік Масціцкі ў апошнюю хвіліну застрэліўся, каб не трапіць у рукі хлопаў. І ўсё ж генерал дамовіўся з немцамі. Яму было загадана ўзрываць усе чыгуначныя масты, рухацца насустрач германскім войскам. Галоўны ўдар накіраваць на станцыі Ясень і Асіповічы, каб адтуль зайсці ў тыл Мінску.
Той, хто на аэраплане пралятаў тады над Беларуссю, бачыў пад сабой заінелыя лясы і белыя, як запаветны сувой палатна з самага дна нявесцінага куфэрка, палі. Цяжка было заўважыць прыкметы жыцця на гэтай халоднай, раўніннай і балоцістай зямлі. Хіба толькі дым з комінаў сялянскіх хат, нетаропкі, лёгкі, як дыханне. Калі б у аэраплане ляцеў паэт, ён падумаў бы, што гэта дыхае сама зямля, ціхая, звонкая ад марозу. Не верылася, што вясною тут хвалююцца, бушуюць пад ветрам акіяны аксамітнай травы, што сюды, знайшоўшы дарогу па зорках, вяртаюцца з цёплых краін птушкі. Не верылася, што сярод гэтага маўчання могуць вырасці каласы. Холад і снег былі на зямлі.
Але, праляцеўшы на поўдзень і на паўднёвы ўсход ад Мінска, можна было заўважыць, што колер зямлі, якая плыла ўнізе, мяняецца. Разам з белым колерам тут адразу кідаліся ў вочы чорны і чырвоны. Чорны ад папялішчаў, ад дыму, чырвоны — ад пажараў і салдацкіх кастроў. На вялізнай плошчы, якая займала ўсю лукавіну паміж Дняпром і Бярозай, ужо цэлы месяц ішлі баі. Пагрозліва грукаталі гарматы, цяжка перавальваючыся з боку на бок, паўзлі па халодным снежным цаліку браневікі, ішлі ў атаку кавалерыйскія лавы, пехацінцы беглі, стралялі, падалі і паміралі сярод палёў і лясоў. Зверху кожны салдат здаваўся б, напэўна, мурашкай, смешнай маленькай лялькай. Але так здавалася б толькі зверху. На зямлі, дзе відаць кожная чалавечая рана, кожная вяснушка на стомленым салдацкім твары, дзе змяшаліся кроў і пот, любоў і нянавісць, усялякія параўнанні былі непатрэбныя, яны зневажалі душу і сэрца.
Польскія легіянеры, не зважаючы на смяротны свінец, які касіў іх, на штыкавыя атакі чырвонагвардзейскіх атрадаў, уздоўж Лібава-Роменскай чыгункі набліжаліся да станцыі Ясень.
— Там наша выратаванне, — казалі афіцэры салдатам, — возьмем Ясень і Асіповічы — і дарога на захад нам будзе адкрыта. А там мы нап'ёмся вады з Буга і Віслы, памолімся ў нашых касцёлах, пацалуем сваю родную польскую зямлю...
І зноў белы арол развінаў свае даволі ўжо слабыя, наскубаныя крылы над полем бою. І зноў легіянеры ішлі ў атаку.
«Што звязала мяне з гэтымі людзьмі? — думаў Антон, сціскаючы ў руках вінтоўку, паднімаючыся разам з усімі насустрач агню. — Мая вёска і мая хата засталіся за маімі плячамі. Куды ж я іду?»
Але спыніцца ці павярнуць назад было немагчыма, Трэска не можа паплыць супраць цячэння. Ён быў спіцай у коле, а кола круцілася зусім у іншы бок, чым хацелася Антону.
— Дойдзем да Мінска, — гаварыў у кароткія хвіліны зацішша Гайкевіч, — а там ужо будуць нашы. Камісараў і са свечкай у руках не знойдзеш. Генерал Доўбар-Мусніцкі — чалавек слова, і аддасць Мінск адзінаму законнаму гаспадару — нашай Радзе. Сёння мы павінны стаць на бок палякаў, калі хочам мець сілу і незалежнасць...
Іх даўно ўжо не лічылі праваднікамі альбо перакладчыкамі. Яны былі для ўсіх «сваімі людзьмі з прэсаў», і неўзабаве, пасля цяжкіх баёў, ім выдалі вінтоўкі і загадалі стаць у строй. З абозам яны дайшлі да Бабруйскай крэпасці, а адтуль павярнулі назад ужо як валанцёры пяхотнага палка. У іх быў новы камандзір — паручнік Скальскі. Гэты Скальскі, высокі хударлявы бландзін, насіў акуляры, гаварыў ціхім глухаватым голасам. Нельга сказаць, каб ён вылучаў іх як-небудзь са сваіх салдат, — ці прыдзіраўся, ці, наадварот, хваліў. Не. Ён глядзеў на іх, як і на ўсіх, але часам у ягоных маленькіх шэрых вачах Антон заўважаў нейкае здзіўленне, нават нейкі недавер. Так глядзяць на незнаёмых жывёлін, якіх бачаць упершыню.
Гайкевіч адразу неўзлюбіў Скальскага. Загады яго, вядома, выконваў, але за вочы мог і плюнуць, успомніўшы паручніка, і назваць варшаўскім пеўнем. Скальскі часам падыходзіў да іх, Гайкевіча, Антона і Страха, пытаўся:
— Як жывуць мае беларусы?
— Добра, — адказваў хто-небудзь з іх, бо што можна было сказаць інакшае? Добра было ўжо тое, што пакуль што яшчэ не забілі і не пакалечылі, два разы на дзень даюць гарачую страву.
Аднойчы Скальскі сказаў:
— Вы паглядзіце, як б'юцца нашы салдаты. Быццам ільвы. Сёння параніла Кузілоўскага, а ён гаворыць: не пайду ў шпіталь. У шпіталі я памру, А я хачу памерці толькі ў Польшчы. Прыгожыя словы: хачу памерці толькі ў Польшчы. Наша сіла — ведаеце ў чым? У павышаным нацыянальным самаўсведамленні кожнага паляка.
Антон са Страхам выслухалі паручніка, згодна паківалі галовамі. А Гайкевіч раптам пачырванеў, з выклікам глянуў на Скальскага:
— Можна сказаць, не крывячы душой, пан паручнік?
— Можна, — куточкамі вуснаў усміхнуўся Скальскі.
— Чаму вы пазбаўляеце гэтага самага нацыянальнага самаўсведамлення беларусаў?
Паручнік нахмурыўся, пакратаў рукой няголеную шчаку. Відаць было, што пытанне яму не падабаецца. Але трэба было адказваць.
— Я таксама не буду крывіць душой, — павольна, як бы смакуючы словы, сказаў ён. — Беларусаў, на жаль, няма, панове. Так, няма. У залежнасці ад надвор'я ў Еўропе вы робіцеся то палякамі, то рускімі.
Гайкевіч уздрыгнуў, прыкусіў губу:
— Няма, кажаце? Вядома, можа не быць... Стагоддзі паміж молатам і кавадлам! Але вось ён — беларус. Я! Перад вамі.
Скальскі спакойна выслухаў яго, усміхнуўся:
— Сёння вы ясце польскі хлеб. І на вас польскія штаны.
Гайкевіч сеў, быццам апёкся. На ім і сапраўды былі штаны з лампасамі, бо свае спаліў, заснуўшы каля кастра. Скальскі колькі хвілін пераможна глядзеў на яго, потым аддаў чэсць, далікатна, па-шляхецку, ускінуўшы два пальцы да казырка, і пайшоў.
«Трэба ўцякаць адсюль, — ужо не раз думаў Антон. — Але як? Зловяць — заб'юць. Хоць бы паранілі мяне, хоць бы я захварэў», — марыў ён.
Але кулі пакуль што абміналі яго. Аднойчы ён улучыў момант, калі засталіся адзін на адзін, сказаў Страху:
— Слухай, давай плюнем на ўсю гэту заваруху і ўцячэм. Мая вёска недалёка. Да мяне пойдзем...
— Навошта? — здзівіўся Страх.
Ён якраз еў хлеб з салам. Нажа не было, і ён грыз сала з вялікай ружовай лусты.
— А навошта нам гэта вайна?
— Мне тут падабаецца, — з'еўшы сала, пачаў аблізваць пальцы Страх. — Ты як хочаш, а я застануся. Куды я пайду? Бальшавікам дровы пілаваць? Я лепш сябе адчуваю з вінтоўкай, чым з пілой.
«Трэба маўчаць, — зразумеў Антон. — Нікому не гаварыць ні слова. Аднаму трэба ўцякаць...» Гайкевічу ён і не збіраўся расказваць пра сваю задуму. Гайкевіч, відаць па ўсім, хоць на карачках, але дапаўзе да Мінска. Там яго чакаюць сябры, там ён сам зробіцца паручнікам або нават капітанам у Кандратовіча. А скажаш, даверышся — можа данесці Скальскаму.
Увайшлі ў лясную вёсачку кіламетраў за сем ад Ясеня. Жыхары паразбягаліся хто куды. Хаты стаялі пустыя, халодныя, з зачыненымі аканіцамі. Страх збіў замок з дзвярэй крайняй хаты. У сенцах, пад нагой у Антона, прарэзліва рыпнула маснічына. Ён убачыў жорны, белыя не ад мукі, а ад снегу, што насыпаўся праз дзіравую саламяную страху. Успомніліся жорны ў Міхейчыкаў, і як Яніна малола, і як чорная кудзерка валасоў выбівалася ў яе з-пад хусткі.
— Няўжо не знойдзем нічога паесці? — бурчаў між тым Страх, тыцкаючы носам у чыгуны і гладышы, якія стаялі на прыпечку. Нічога не знайшоў, злосна змёў усё ударам прыклада на падлогу. Чыгуны, жалобна дзінькаючы, пакаціліся па хаце, потым доўга-доўга, ужо спыніўшыся на адным месцы, усё хісталіся, усё перакочваліся з боку на бок — ніяк не маглі супакоіцца.
— Усе транты закапалі дзе-небудзь, — гаварыў Страх, гледзячы на пустыя павуціністыя сцены. На цвіку, што быў убіты каля акна, Антон убачыў раптам сухі, ужо счарнелы вянок, сплецены з васількоў. Кветкі даўно былі мёртвыя, нават не пахлі. Але ад іх самотна зашчымела сэрца. Ён сеў на лаву, глядзеў на вянок, думаў пра тую дзяўчыну, якая ўлетку рвала ў жыце васількі. Ён ні на хвіліну не сумняваўся, што вянок спляла і павесіла ў гэтай ціхай хаце дзяўчына.
Страх падышоў да печы, штыком пачаў выскрабаць на яе чыстай, нядаўна пабеленай паверхні сваё прозвішча. «Хоць гэтак хоча нашкодзіць людзям», — падумалася Антону. Штык з рыпеннем, ад якога калола ў зубах, уразаўся ў цвёрдую, як камень, гліну. Антон глядзеў на Страха, на ягоную шырокую спіну і паверх гэтай спіны, у чорным мораку, што гусцеў над чарэнню печы, убачыў два бліскучыя зеленаватыя агеньчыкі. Аказваецца, у хаце, акрамя іх двух, была яшчэ адна жывая душа — кот. Пэўна, гаспадары, спяшаючыся, замкнулі яго ў хаце, і ён застаўся адзін, забыты ўсімі, галодны. Не варушачыся глядзеў Антон на ката, і ён глядзеў на яго. Іншым часам кот лёгка скокнуў бы з печы, замяўкаў бы, пачаў бы церціся каля ног у людзей. Але гэты кот маўчаў, нават не міргаў; толькі халодным зялёным полымем гарэлі яго вочы. І Антон здагадаўся, кот хоча, каб яго не заўважылі, кот разумее, што так будзе лепш, калі ён не будзе мяўкаць і калі яго не заўважаць. Адразу чамусьці зрабілася холадна. Не адрываючыся, глядзеў Антон у пакорлівыя, спалоханыя, разумна-чалавечыя вочы і хацеў толькі аднаго: каб ката не ўбачыў Страх. Праткне штыком у тую ж хвіліну.
Яны выйшлі з хаты, і Антон з палёгкай уздыхнуў.
— Ну і дзікунства, — плюючыся, гаварыў Страх. — Нідзе ні кавалачка хлеба. Што яны — зямлю жэрлі?
Ён быў злы: з шырокага твару трохі апаў тлушч, шчокі абвіслі. Раптам у акенцы нізенькай струхлелай хаткі мільганула нечая постаць. Страх кінуўся ў хату і праз некалькі хвілін вывеў, а правільней, выцягнуў дзяўчыну гадоў шаснаццаці. Дзяўчына ўпіралася, закрывала твар рукамі. Страх весела рагатаў і прытульваў дзяўчыну да сябе. З хаты, услед за Страхам і дзяўчынай, выбегла старая, з сівымі распушчанымі валасамі, з карычневай маршчыністай скурай.
Старая загаласіла:
— Пусці дзеўку! Пусці! Яна ж гарбатая... Калека...
У дзяўчыны і сапраўды з-пад кароткай сіняй світкі трохі выпіраўся горб. Дзяўчына пабялела як смерць; не крычала і не плакала.
— Нічога дзеўка, — прыцмокнуў Страх і паклікаў легіянераў, што ішлі па вуліцы з нейкімі клункамі.
— Панове, ці не хочаце трохі павесяліцца?
Легіянеры заўсміхаліся, падышлі да яго.
— Яна ж калека, — седзячы на прызбе, галасіла старая. — Я ж магла з ёй у лесе схавацца... Куды ж вы яе, людцы?
Страх падміргнуў Антону:
— Пайшлі з намі ў лазню.
У Антона пераняло дыханне. Ён апусціўся побач са старой на прызбу, узяў жменьку снегу, прыклаў яе да лба. Ледзяныя струменьчыкі вады павольна пацяклі па твары. Антону на імгненне здалося, быццам ён памёр, і гэта халодныя мухі поўзаюць па ім. Побач душылася слязьмі старая.
— Заб'ю! — крыкнуў Антон і кінуўся на Страха.
Легіянеры локцямі і нагамі адпіхнулі яго, утапталі ў снег. Ён глытаў снег і бачыў, як ідуць да лазні легіянеры, Страх і дзяўчына. Вось увайшлі. Вось затрымцелі, закалаціліся за імі маленькія, коса пасаджаныя, чорныя ад дыму дзверы.
— Ты, як зайчык беленькі, — гаварыў назаўтра Страх. — Усяго баішся. Усіх шкадуеш. А між іншым, дзеўка гэта на нас не вельмі пакрыўдзілася...
— Адыдзі, погань! — чырванеючы тварам, крыкнуў Антон.
— Ого, — з'едліва ўсміхнуўся Страх. — Яшчэ адзін псіх сярод нас завёўся...
«Я заб'ю яго, — думаў Антон. — Я павінен забіць яго. Калі я не зраблю гэтага, я не чалавек...»
З кожным днём усё з большай сілай разгараліся баі. Само жыццё польскага корпуса было пастаўлена на карту. Доўбар-Мусніцкі сабраў сваё парадзелае войска ў адзін кулак і біў у бок Асіповічаў. Вось-вось з лініі перамір'я павінны былі пачаць наступленне немцы.
На світанні перарэзалі Варшаўскі шлях. З дзесятак забітых чырвонагвардзейцаў ляжалі на яго ўзбочынах. Снег пачырванеў, набрыняў крывёю. Проста па полі Антон з Гайкевічам пайшлі да невысокіх замеценых снегам курганоў, ка якіх рос рэдзенькі хмызнячок. Антон наламаў крохкіх мёрзлых галінак, сеў на іх. Кружылася галава. Цела было цяжкое, непаслухмянае. Вецер узнімаў каля ног сярэбраны снежны пыл.
— Навошта толькі я паслухаў цябе? — злосна сказаў Антон, глянуўшы спадылба на Гайкевіча.
У Аркадзя была паранена рука. Ён моршчыўся, бляднеў. Антонавы словы былі той соллю, што ўпала на свежую рану. Гайкевіч падскочыў, забегаў вакол Антона, закрычаў:
— Што — і табе прыпякло? Разрумзаўся? А ты думаў на печы сядзець і каб табе туды, на печ, волю падалі?..
Антон плюнуў сабе пад ногі, утаропіўся ў снег. Каля яго левага бота, раз-пораз узмахваючы малюсенькімі бліскучымі крыльцамі, натужліва паўзла нейкая казявачка. Адкуль яна ўзялася сярод зімы? Яна шукала ратунку, але ўсюды быў снег і ледзяны вецер. Няцяжка было прадбачыць яе лёс. Вось-вось свісне вецер, падхопіць яе і панясе ў бязмежнае халоднае поле.
Гайкевіч між тым трохі супакоіўся, глядзеў на Антона і казаў:
— Цяжка, братка... Сам бачу... Чытаў я некалі кніжку пра розных жывёл. І там вось што вычытаў... Аказваецца, вясною, калі толькі пачынае раставаць снег, знаходзяць часам ці ў тарпяках саломы, ці недзе каля чалавечага жылля «караля пацукоў». Ведаеш, што гэта такое — «кароль пацукоў»? Сярод зімы раптоўна бывае адліга, а потым зноў мароз прыцісне. І вось пацукі заблытваюцца, змярзаюцца мокрымі хвастамі і ніяк ужо не могуць адзін ад аднаго адарвацца. Так і сядзяць, па дзесяць — пятнаццаць штук у адной вязцы. Злыя, галодныя, безабаронныя... І што цікава — іх кормяць іхнія больш шчаслівыя родзічы. Вось што такое — «кароль пацукоў». Так што цярпі...
Гайкевіч змоўк, пачаў ляпаць рукамі па кішэнях, шукаць тытунь. Проста па полі на падводзе, у якую была запрэжана худая буланая кабыла, ехаў пануры, таксама худы дзядок. Відаць, палякі пагналі яго з вёскі ў свой абоз.
— Што гэта за курганы тут такія, дзед?! — крыкнуў яму Антон.
Стары павольна павярнуў у яго бок галаву, глянуў бясколернымі стомленымі вачамі:
— Гэта швецкія магілы, чалавеча... Тут іхні цар Карла ішоў. Мужыкі нашы пясок летась капалі, дык выкапалі косткі чалавечыя... Доўгія косткі, вялікія...
Ён шлёгнуў кабылу пугай, зробленай з вяроўкі, паехаў далей.
— І мы на сваёй зямлі, як шведы, — ціха сказаў Антон.
— Ды змоўкні ты, сучка! — нервова крыкнуў Гайкевіч.
Антон нават не паглядзеў на яго, узняўся і, правальваючыся па калені, пайшоў у вёску. Думалася пра тую казявачку, што паўзла па снезе. Вёска, як і ўсе папярэднія, была пустая. Антон сеў на замеценую снегам лавачку, прыхіліўся спінай да плота. Краем вока бачыў, як падыходзіць Гайкевіч, — твар чырвоны ад злосці. Пахла дымам. Недзе побач бушавала полымя. Іскры лёталі, як вогненныя пчолы, над саламянымі стрэхамі.
З вузенькай вулкі выбег паручнік Скальскі — твар узбуджаны, рашучы; у руках галавешка, на якой танцуюць тонкія чырвоныя павуцінкі агню.
— Холадна, — сказаў Скальскі і працягнуў Антону галавешку. — Запальвай хату! Будзем грэцца.
З галавешкі зрываліся гарачыя вугельчыкі, падалі ў снег.
— Запальвай! — крыкнуў Скальскі.
— Не буду я паліць, — адчуўшы, як усё затрапятала ўсярэдзіне, сказаў Антон і адвярнуўся ад паручніка. І нават не ўстаў з лавачкі.
— Пся крэў! Чаго тады пад нагамі блытаешся? — рукамі, што дрыжалі ад гневу, Скальскі выцягнуў рэвальвер, стрэліў — раз, другі.
Быццам нехта з усяго размаху ўсадзіў у жывот сталёвы востры сахор, якім вясной нагружаюць з хлявоў на падводы гной. Чырвоным полымем успыхнуў у вачах і ў сэрцы дзікі, нечалавечы боль і патух. Антон споўз з лавачкі на зямлю, лёг шчакой на снег. Побач, перабегшы вуліцу, паспешліва тыкаў галавешкай у саламяную страху Гайкевіч. Полымя адразу ўсхапілася, загуло.
Антон ляжаў на снезе і глядзеў на неба. Разам з крывёю выцякала з цела жыццё. Над вёскай, у дыме, у трапяткіх іскрах, плыў месячык.
«Гэта мая галава... — спустошана, абыякава падумаў Антон, — мне адсеклі галаву і закінулі яе на неба...» Гэта была апошняя яго думка, бо адразу ж ён праваліўся ў глыбокую густую цемру.
...Чмялёўцы разам з асіповіцкімі чыгуначнікамі з ходу ўварваліся ў вёску, нізка прыгінаючыся, пабеглі па вуліцы. Гарэлі хаты. Гарачыня апякала шчокі, вочы слязіліся ад дыму. Кузьма стрэліў, бегучы, перазарадзіў вінтоўку.
— Радзімовіч! — праз гудзенне полымя, праз частыя стрэлы пачуў ён раптам крык Мішкі Сырамалота. — Ідзі сюды, Радзімовіч!
Ён падышоў, закрываючы рукавом шыняля шчаку.
— Глядзі, хто ляжыць, — ціха сказаў Мішка і закашляўся ад дыму.
На снезе ляжаў Антон. Падкурчыўшы нагу, няёмка расхінуўшы рукі. Цёпла блішчала чырвоная лужына крыві. Кузьма адчуў, як уздрыгнула сэрца. Узяў на рукі брата, панёс па вуліцы. Кроў капала між пальцаў.
«Чаго ён тут?» — здзівіўся Кузьма і адразу пачаў крычаць:
— Санітары! Дзе санітары?!
Ён крычаў і крычаў, бо адчуваў, што заплача, калі змоўкне. «Толькі б ён выжыў, — білася думка, — толькі б ён выжыў...»
Падбег задыханы Бацюта, сказаў:
— Немцы парушылі перамір'е. Наступаюць на Мінск.
Потым глянуў на Кузьму, на Антона, і вочы ягоныя патухлі, спахмурнелі.
Кузьма ішоў туды, дзе гучалі галасы. А наўкол яго з грукатам абвальваліся стрэхі. Горача было зямлі і небу. За спінай, на другім канцы вёскі, зноў усчыналася страляніна, цяжка ўдарыла гармата. І яму на імгненне падалося, што гэта грыміць вясновы гром. Ён успомніў, што заўсёды, калі грымеў першы гром, яны з Антонам, без шапак, босыя, шчаслівыя, беглі за вёску на зялёны выган і куляліся цераз галаву.