БАЛАДА ПРА МІКАЛАЯ I КАЦЯРЫНУ


Жыў-быў на свеце Мікалай.

Жыла-была з ім Кацярына.

Хоць бачылі: жыццё - не рай,

Свой лёс сям'я не мацярыла.

Бо зналі: ёсць Народ і Край,

I ёсць - чым доля надарыла:

У Мікалаі - Мікалай,

А ў Кацярыне - Кацярына.

Але жыццё дало разлом

На неспадзеўным развароце.

Размежаваць дабро і зло

Прадыктавала ... дзірка ў роце.

I людзі ў злосці пачалі

Бурыць, ламаць, таптаць і бэсціць

Усё, што самі ж падвялі

Пад кодэкс праў і кодэкс чэсці.

Бурылі, верачы найперш,

Што здань руйнуецца былая.

А зруйнавалі ўрэшце рэшт

У Мікалаі - Мікалая.

Тапталі, мялі, як трысцё,

Сляпую шкодную дактрыну.

А растапталі перш за ўсё

У Кацярыне - Кацярыну.

2003, сакавік

Загрузка...