Так, гэта будуць гекзаметры трэцяга
тысячагоддзя
Ад нараджэння Хрыстовага.
Не ў перайманне, вядома,
Слыннаму старцу сляпому Гамеру
або Гесіёду, -
Проста радкі так пабеглі, маёй не
пытаючы згоды.
"Бацька дачушку знасільнічаў -
працверазеў і ўтапіўся ".
"Пенсіянер паляцеў на асфальт праз
акно - ад галечы ".
"Школьніца нож у сяброўку загнала
за трыццаць даляраў ".
"Дачнік спусціў ваўкадава на
хлопчыка - сына суседзяў ".
"Стрэлам у скронь разлічыўся з
жыццём капітан - у адчаі".
"Маці-падлетак, радзіўшы, на сметнік
занесла дзіцятка ".
"Любы, адзіненькі ўнучак бабулю
забіў за бутэльку ".
"Трое юнцоў акадэміку знанаму
чэрап прабілі".
"Гэтай зімою апошняя здохла
ў калгасе карова ".
"Дзеткі на вуліцы вучацца -
злыдні ліцэй адабралі".
"Піскнула праўду газета - і клямка ёй:
болей не пісне ".
Гэта - маленькая частачка хронікі
ў допісах прэсы.
Наша рэальнасць. На стыку стагоддзяў
і тысячагоддзяў
Іншай не здолелі мы забяспечыцца -
цешымся гэтай.
Іншая спее ў яшчэ не набухлых
пупышках свабоды.
2003