ГОСПАДЗЕ БОЖА...


Госпадзе Божа,

Навошта,

Навошта ты ўзяў мяне ў сведкі -

Бачыць, як з роднае Маці

Знушчаюцца вылюдкі-дзеткі?

Як выглумляюцца,

Як ёй у вочы плююць,

Супастаты-блюзнерцы,

Як намагаюцца,

Найбалючэй каб

Ударыць няшчаснай у сэрца...

Госпадзе Божа,

За што мне,

За што мне такая пакутная кара -

Каб адыходзіў я

З гэтага свету

Пад гогат агідных пачвараў?

Хай бы я лепей

Не чуў і не бачыў,

Не знаў і не ведаў такога!

Хай бы Ты лепей

Забраў да сябе мяне, Божа,

З калыскі - малога.

2004, травень

Загрузка...