НЕЧУВАНАЯ Ў СВЕЦЕ


Удумайся толькі, Народ,

Калі думаць яшчэ не адвык:

Сем дзесяткаў гадоў і год

Вырывалі ў цябе язык -

Каб ты быў бязмоўны, як быдла,

Каб толькі мычаў - як бытта

Дзякуеш гаспадару за корм,

За чалавечны для быдла закон.

Сем дзесяткаў! Гэта без тых

Трох з палавінай вякоў,

Калі Мове тваёй пад дых

Білі з абодвух бакоў.

Сем дзесяткаў гадоў і год

Гэта толькі ад той пары,

Калі Мову гналі на звод

Не цары, а правадыры.

Пачуўшы - тут жа хапалі

За горла жывое слова.

Насмерць яго забівалі,

Каб не ўзрасло нанова.

Хапалі з хаты і з нівы -

Каб быў ты кругом шчаслівы,

Хапалі з завода, з цэху -

Каб быў ты багат на ўцеху,

З тэатра, з друкарні, з майстэрні -

Каб ты быў, як сабака, верны,

I з кожнай студэнцкай парты -

Каб быў Ацечаства варты...

Вось так тваю долю-мову

Знішчалі: спярша - па слову,

Затым - па пяць-шэсць адразу,

Затым - па цэламу сказу,

Па цэлай песні і казцы

Хапаў і глытаў ікласты!

А потым - па цэлай школе,

Па цэлым садку дзіцячым...

"Каб ты і не гаўкнуў болей

Сваім языком сабачым!!"

Такі быў табе прысуд.

Халэмус! Каюк! Капут!

Так святкавала ўбоства

Мовы тваёй забойства.

Так апаганьваў злыдзень

Духу твайго Вялікдзень.

Так пацяшаўся зброд

З гора твайго, Народ.

Прабег і яшчэ дзесятак

Гадоў - як па градах статак.

I што ты, Народзе, маеш?

Як ты жывеш-пажываеш?

На якога пана ішачыш?

Што чуеш наўкол і бачыш?

Таксама святкуе ўбоства

Высокай красы забойства.

Таксама руйнуюць хамы

Твайго дзеяслова храмы.

Таксама глуміцца зброд

З пакутаў тваіх, Народ.

Усё, як тады! Бо згодна

З усім, што табе прывычна.

Толькі яшчэ больш подла

I ягачэ больш цынічна.

Ціха (каб спалі дзеці),

Без груку і некрывава

Ідзе нечуваная ў свеце

Над мовай тваёй расправа.

Над тваёю душой расправа.

2003

Загрузка...