ЛАГОЙШЧЫНА

Лірычны маналог

Лагойшчына!

Найпрыгажэйшы куток беларускай зямлі!

I хоць, пэўна, за гэтую славу

гатовы спрачацца і многія іншыя

з тых, што на ўсход і на захад,

на поўнач і поўдзень,

ды невыпадкова, аднак жа,

цябе "беларускай Швейцарыяй"

трапна калісьці назвалі -

таму ўжо за сотню гадоў

і дагэтуль без рэўнасці ўсе аўтараюць

як вобраз дакладны і ўдалы.

Ты ўся - у пагорках паднебна-высозных,

крутых і пакатых, лабастых і круглых,

зарослых і голых,

ва ўпадзінах донных і ўтульных лагчынах,

у поймах разлеглых, усланых лугамі,

у стромых узгор'ях, равах і ярах маляўнічых,

у луках і лучках, абшытых гсустоўем густым,

у белых прасёлках - ад вёскі да вёскі

(што праўда - у тым, пешаходным яшчэ,

даасфальтавым часе).

Ты ўся - у лясах неаглядных,

у пушчах дрымучых, таемных,

у шчырых барах і цяністых дубровах,

у ясных і ветлых палянах,

уся ў паясах і вянках пералескаў,

у купках гаёў кучаравых,

у люстрах лясных азярын

і люстэрках крынічак,

калісьці нязлічаных тут,

што вечна бруіліся, булькалі,

беглі, журчалі,

як бы запрашалі

прыпасці губамі ці ў горшчы зачэрпнуць

і смагу ўталіць і здароўя набрацца.

А рэкі твае! - ціхаплынная,

негаманкая, апроч як разводдзем,

спаважная Гайна,

што згодна і любасна

Беразіне ахвяруе сябе,

каб урэшце дабегчы нябачным струменем

да Чорнага мора,

а вечная-звеку суперніца ёй -

Дзвінаса-прыгажуня,

што з бегу-разбегу кідаецца,

нібы сястра, у абдымкі Віллі,

каб данесці пяшчоту сваю

да балтыйскіх прастораў.

А горад твой! - горад Лагойск -

легендарны ў гісторыі краю

крывіцка-ліцвінскага, -

потым, пазней, беларускім названага!

Мала на нашай зямлі гарадоў,

што старэйшыя ўзростам

за колішні слынны Лагожэск -

сталіцу удзельнага княства,

няхай невялікага і падзалежнага,

важна, што ўсё ж адасобнага,

што на зямлі гэтай людзі

дзяржаўнымі чуліся

недзе яшчэ ў адзінаццатым веку.

Невыпадкова, што іменна тут,

у набожлівай Гайне, у храме,

за дзесяць гадоў перад тым збудаваным,

спраўлялі імшу каралю і вялікаму князю

у гонар яго ваяроў неадольных

і іх перамогі,

якою былі ўратаваны ад чорнай няволі

і Віцебск, і Полацк, і Орша,

і Крычаў, і Мсціслаў і многа яшчэ

гарадоў і зямель і людзей крывічанскіх,

падданых магутнай і знанай у свеце дзяржавы -

Вялікага Княства.

Лагойшчына!

Колькі тваімі гасцінцамі ды бальшакамі,

дарогамі ды пуцявінамі

люду прайшло і праехала рознага -

болей нядобрага, жорсткага,

лютага, сквапнага!

Колькі крыві пралівалася тут

і палала пажараў бязлітасных,

колькі паселішчаў, вёсак тваіх руйнавалася,

колькі святыняў бурылася -

цэркваў, касцёлаў і кляштараў,

колькі палацаў-муроў і сядзібаў

знікала бясследна! -

а ты - адраджалася,

ты паўставала ізноў

да жыцця і свабоды.

Невыпадкова,

што з гэтаю марай святлістай

аб волі і шчасці, аб славе і годнасці

тут азараліся сонцам навукі,

асветы, мастацтва

выдатныя творцы,

збіральнікі скарбаў народных,

даследчыкі даўнасці,

што менавіта ў Лагойску

патомныя графы Тышкевічы

ў белым палацы сваім

па-над Гайнай-ракой

заснавалі найпершы ў дзяржаве

музей краязнаўства,

музей беларускай культуры,

мастацтва і кнігі.

I не выпадкова ж, напэўна,

што іменна тут,

ад калыскі прыросшы душою

да родных нябёсаў,

"наўчыўшыся слоў беларускіх ад маці,

а дум беларускіх

ад потам палітых загонаў",

штодня амываючы раны на сэрцы

вадой жыватворнай легендаў і песень,

паданняў і казак,

паўстаў найвялікшы пясняр беларускі,

апостал-прарок адраджэння Народа,

Краіны Дзяржавы і Гонару нашага -

Янка Купала.

Лагойшчына!

Родны мой кут, дзе радзіўся і вырас

і першую ласку людскую спазнаў

і прыняў як навек блаславенне,

дзе хата бацькоўская светам была наймшейшым

і памяпцю найдаражэйшаю будзе да смерці,

дзе родныя сэрцу абліччы на помнічках сціплых

часцей і часцей патрабуюць:

трымайся! не падай!

не траць у віхуры нягодаў

той сілы і праўды, любові і веры,

якімі сумленна і проста жылі мы,

пра гэта амаль не гаворачы,

мужна і годна прайдзі да астатку

дарогу, якую ты выбраў,

і помні, і помні, і помні:

не можа той чуцца няшчасным,

хто мае такую радзіму,

як наша Лагойшчына!

2002, ліпень - 2003, сакавік

Загрузка...