ПРАКЛЁН


Будзьце пракляты вы, каты свабоды!

Вы, што душылі і душыце нас!

Вы, акупатары нашай гасподы,

Нашых багаццяў і нашых украс!

Будзьце пракляты і вы, запраданцы,

Лёсам народу майго гандляры!

Юдавы выблядкі і ўзгадаванцы!

Брудных і блудных таргоў махляры!

Будзьце пракляты і вы, вырачэнцы

Мовы і духу бацькоўскай зямлі!

Вы, надзіманыя пыхай нікчэмцы,

Волі і хэнці чужой халуі!

Гэта з крыжа я крычу вам, распяты

Горам народа і болем маім.

Будзьце пракляты вы! Будзьце пракляты!

Сёння і заўтра й вавекі! Амін!

2002

Загрузка...