ПАМЯТКА ДЛЯ БЕЛАРУСКІХ ДЗЕТАК


Памятку гэту, гекзаметра складам

антычна-раскошным,

Вам я на роздум і ўжытак пішу,

даражэнькія дзеткі.

Ведайце: шмат развялося людцоў на

зямлі беларускай,

Што нашу мову драпежаць і нас за

яе ненавідзяць.

"Ну, а чаму?"- запытаеце? Дзве

назаву я прычыны:

Першая - гэта іх чорная і

неадольная зайздрасць,

Што незвычайна прыгожаю моваю

Бог надзяліў нас -

Наймілагучнай, найчыстай у

моўным букеце славянства.

Спевам анёльскім чароўным гучыць

яна ў вусенках вашых,

Як запяеце вы, дзетачкі, родную

песню... Дык вось жа -

Іх і даймае нялюдская зайздрасць,

не могуць змірыцца:

Як гэта нам дасталася такая

цудоўная мова ?!

Ну, а другая прычына, што многіх

кідае ў шаленства,

Гэта - іх злосць ад бяссілля,

ад немачы розуму й духу:

Надта ж багатая і дасканалая

ў гуках і ў сэнсах

Наша вячыстая мова!

Каб ёю як след авалодаць -

Розум патрэбен не куцы,

і талент, і чуйнае вуха.

Слабым глуздамі няздарам яна

недаступная, - гэтак,

Як не па сіле складаны і тонкі

інструмант музыку,

Што балдавешкаю бухае-б 'е

ў барабан велічэзны...

Вось і запомніце, дзеткі,

і ведайце-знайце прычыны

Злосці-нянавісці гэтых няшчасных...

I дзякуйце Богу,

З ласкі якога мы ўласную маем

Краіну і Мову.

Ну і рабіце высновы. Якія ?

Падумайце самі.

2003

Загрузка...