Як ні прамоўлю - усё неўпапад,
Ды так, што ад злосці жыгаламі пораць:
Справа - нястомны саліст "дэмакрат",
Злева - стагорлы "славянасаборац".
Аж дзіўна - як дружна!
Аднак жа - за што?
Люблю сугалоссе, спакой і свабоду.
3-за чорных шор і карычневых штор
На свет і людзей не глядзеў ад роду.
Ні ў форме палкоўнік,
Ні ў штацкім маёр
Мяне на кручку не трымаў пакрыёма.
I хоць у пакутах сумленне маё -
Мне ніцая радасць раба не знаёма.
Таму і вар'юе іх вольны мой кліч
У матчынай мове, не здадзенай гэрцам.
"I ты, галяпуюць, прадайся і ўкленч!
I ты адрачыся і станься зняверцам!"
Дарма - галяпуюць.
I пораць - дарма.
Запозна: мяне ўжо дастаць немагчыма
Я - там ужо, там, дзе няволі няма,
Дзе толькі свабода, любоў і Айчына.
2003, люты