З ВЕКУ Ў ВЕК I З РОДУ Ў РОД


З веку ў век і з роду ў род

Не цярпеў ярма народ

I глядзець чужынцу ў рот -

Меў за ганьбу.

I над безліччу нягод,

I над скопішчам згрызот

Бласлаўляў на Вольны Сход

Янку й Ганну.

З веку ў век і з роду ў род,

Сэрцам прагнучы яснот,

Не глуміў сябе народ

Чорнай змовай

I ля тых дзвярэй-варот,

Дзе ў Святыню Уваход,

Меў за варту круглы год

Наша слова.

I грымеў мацней грымот

Кліч на захад і на ўсход:

Згінь-сыдзі, варожы зброд!

Каб - ні духу!

Не затым ускрэс народ,

Каб давеку, з роду ў род,

Несці ў сэрцы гвалту плод -

Боль і скруху!

2005, чэрвень

Загрузка...