- Сястрыца любая,
Ты што з слязьмі ў вачах ?
Што сталася ?
Цябе пакрыўдзіў хтосьці ?
- Вось, прачытала...
Гэта - страх і жах.
Яны, браток,
Цябе даб'юць ад злосці.
- Дык ты з-за гэтага ?
Дарма, зусім дарма!
Тут не тужыць,
А радавацца трэба.
Злуюцца - значыць,
Праўды ў іх няма.
А страх і жах -
У іх сядзіць у рэбрах.
- Мне за цябе
Сціскае сэрца боль.
Лютуюць,
Што не стаў ты на каленкі.
Пайду, пайду ў той дом -
Адно дазволь -
I хоць катораму з іх
Плюну ў зенкі!
- Ах, мілая!
Ну як мне не любіць
Цябе! У нашым
Немаленькім родзе -
Адна такая ты.
За ўсіх табе баліць
I ўсім ты рвешся
Памагчы ў нягодзе.
Ну а сама...
Тваё здароўе скраў
Пеніцылінавы
За трыццаць год атруты.
I мацярынскай долі
Бог не даў.
I дома... Знаў бы хто!..
Адны пакуты...
- Такі мой лёс.
Што пра мяне казаць?
Хто я такая ?
Што ў жыцці я значу ?..
Вось тыя лекі,
Што прасіў ты ўзяць.
I мёд з вашчынкай -
Ад мяне ў прыдачу.
I ўсё.
Пакіну я цябе, прабач.
Жанчыны там з партрэтамі -
Як знак эпохі -
Стаяць... Я чую
Іх нячутны плач.
Пайду да іх
Паплачу разам трохі.
2005, чэрвень