Ванька і Манька,
Каб не псаваць
Адносін з багатай суседкай,
Рашылі ёй хату сваю аддаць
I жыць у яе пад паветкай.
Ну й ідыёты!
Як жыцьмуць яны там?
Вядомая рэч:
Зімою заенчаць абое:
"А дзе ж наша хатка?
А дзе ж наша печ?
А што ж мы зрабілі з табою?
Ну й ідыёты!"
Пасля акалеюць.
I прыме іх дол.
I крыж ім паставяць з паметкай:
"Ванька і Манька.
Мелі свой дом,
А ўмёрлі ў людзей пад паветкай.
Ну й ідыёты!"
2004