БЕЛАРУСКАМУ ДЗЕЦЮКУ


Што дрыпаеш гэтак дробна

На падагнутых нагах?

Роўна хадзі, брат, роўна!

I кроку прыдай размах!

Шырока ступай і цвёрда!

Паставу ў хадзе змяні!

Годна трымайся й горда!

Ты - на сваёй зямлі.

Што ты пагляд панылы

Пад ногі ўпіраеш, у дол?

Што: табе - край нямілы?

Родны прастор наўкол?

Смела, а не як злодзей.

На свет і людзей зірні!

Годзе трымцець, брат, годзе!

Ты - на сваёй зямлі.

Што ты ўсё шэптам, шэптам

Ды і на вуха яшчэ,

Нібы махляр з гешэфтам:

Крый Бог - сакрэт "працячэ".

Прэч адкінь гэту боязь!

I праўду перад людзьмі

Кажы, брат, на поўны голас!

Ты - на сваёй зямлі.

2005, чэрвень

Загрузка...