Як матульку немаўлём
Меў за Матку Боску -
Я смактаў і ўноч і днём
Залатую соску.
Падкачаўшыся крыху,
Часта і ў ахвотку
Еў ільняную жмыху
З залатога сподку.
Як давер бацькоў зазнаў -
Хоць малы, а служка!
Парасят на выган гнаў
Залатою пужкай.
Стаў падлеткам - на мурог
Пасвіць вёў Буронку
На прывязаным да рог
Залатым пастронку.
Потым... неяк на жніве
Птушка перапёлка
Падарьтла ў жыце мне
Залатое пёрка.
Хай не з неба журавель -
"Жнеячка" затое.
Я ад шчасця ружавеў:
Пёрка залатое!
Любаваўся доўга ім
Дый схаваў чын-чынам:
Рана знацца мне з такім
Залатым начыннем.
Як, пажыўшы, награшу -
Вось тады, канешна,
Выму пёрка й напішу
Залатое нешта.
Жыў, грашыў і гараваў,
Піў і плакаў горка.
Дый забыўся дзе схаваў
Залатое пёрка.
Сама ў час, адчуў калі,
Што душа гатова
Падарыць сваёй зямлі
Залатое слова.
Ну, ды што ж! Такой бяды!
Гэты дар у вершах
Зробіць нехта малады -
З племя шчаслівейшых.
Тое пёрка ў добры час
Знойдзе ў нейкім склепе
I напіша Слова-Сказ
Прыгажэй і лепей.
2003-2004