І. 20 верасня 1939
Вільня.
Восень.
Луцкевіч.
Ён ходзіць і шэпча
Сярод Базыльянскіх муроў:
"О няўжо, Беларусь,
О няўжо нам вяртаюць
Калыску за волю тваю змагароў?
О няўжо сапраўды
Нам вяртаюць,
Няхай і пад сцягам нянаскім,
Святы наш агмень?
Беларусь!
Я малюся, малюся...
Бог сведка,
Як прагну я ўбачыць шчаслівым
Твой заўтрашні дзень!.."
II. 30 верасня 1939
Вільня,
Восень.
Луцкевіч.
Захмараны вечар.
Найчорны з яго вечароў.
Вось і ўсё!
Не паспеў і прыкленчыць
Яшчэ раз
Сярод Базыльянскіх муроў, -
Больш ніколі не ўбачыць ён іх,
Як не ўбачыць
Ні родных сваіх,
Ні сяброў.
У глухім "варанку"
Яго віленскім шляхам
У менскую "амэрыканку" вязуць,
Дзе,
Ён знае,
У лёхах сырых,
Пацукі
Беларускае сэрца грызуць.
Яму ведама ўжо:
Абманулі!
Цынічна і здзекліва
Брат-вызваленец накпіў.
Вільня ўжо старгавана.
Ужо за яе
Вызваленец
Пляцоўку для танкаў купіў.
Ён ад роспачы плача: "Кастусь!
Наш вялікі з вялікіх Кастусь!
Як далёка ты бачыў, калі заклінаў:
"Дык не вер ім,
Не вер ім,
Не вер ім,
Не вер, Беларусь!
Не дадуць табе волі яны,
Не дадуць!
I павек не дажджэшся,
Калі не здабудзеш сама!
Для цябе ў іх адно -
Аняменне ў няволі -
I смерць.
Для цябе ў іх другога няма".
III. 17 верасня 2004
Вільня.
Верасень.
Ноч -
У зіхценні раскошных рэклам,
У агнях ліхтароў.
Цень Луцкевіча
Ходзіць
Нябачны
Сярод Базыльянскіх муроў.
Каб прыслухаўся хто -
Чуйным сэрцам -
Пачуў бы,
Што кажа святы чалавек:
"Вось і ўсё!
Вось цяпер ужо ўсё!
Назаўсёды.
Навечна.
Навек.
Божа моцны!
Даруй і скажы:
Дзе ты быў?
Дзе ты, Госпадзе, быў,
Калі гэную змусту
Над воляй,
Над доляй,
Над лёсам народа рабіў
Змеявокі,
Рабы,
Сухарукі,
З смярдзючай душышчай
Вампір-людажэр?
Бачыш, Госпадзе, сам:
З той пары
Яшчэ больш занямог,
Яшчэ больш знедужэў -
I хварэе,
I чахне,
I не выздараўлівае
Пад апекай тваёй
Беларускі народ.
Дык не дай жа, не дай,
Каб заціх у душы яго
Спадчынны боль,
Каб сышла яго памяць на звод!
Бо як станецца так –
У яго, як і Вільню,
Суседзі, браты, сваякі адбяруць
Спрэс усе гарады,
Спрэс усё,
Што завецца яшчэ Беларусь!..
Беларусь...
Беларусь..."
Так ён ходзіць і ходзіць,
Нябачны,
I просіць і просіць -
Нячутнае просіць пачуць...
А тым часам у Менску,
У лёхах сырых.
Пацукі
Беларускае сэрца грызуць.
2004, травень-кастрычнік