ІІ. 1. ПАЭТЫЗАЦЫЯ ГІСТОРЫІ Ў ТВОРЧАСЦІ М. СТРЫЙКОЎСКАГА


Важкі ўклад у развіццё польскамоўнай паэзіі Беларусі ў 70 – 80-х гг. XVI cт. зрабіў Мацей Стрыйкоўскі (1547 – каля 1590) – адзін з першых гісторыкаў Усходняй Еўропы, аўтар знакамітай “Kroniki Polskiej, Litewskiej, Żmódzkiej i wszystkiej Rusi”. Паляк па паходжанні (нарадзіўся ў Стрыкове каля Лэнчыцы), ён у 17-гадовым узросце ўпершыню трапіў у Вялікае Княства Літоўскае і па ўласным жаданні стаўся ліцвінам (gente Polonus, nation Lituanus), услаўляючы новую Айчыну ў сваіх творах, народжаных на сумежжы гісторыяграфіі і паэзіі.

Бясспрэчна, М. Стрыйкоўскі з’яўляецца самай прыкметнай постаццю сярод польскамоўных паэтаў Беларусі эпохі Рэнесансу, яму прысвечана звыш 160 навуковых артыкулаў у польскім, літоўскім і расійскім друку і чатыры манаграфіі (Рогов 1966; Karpłuk 1977; Radziszewska 1978; Wojtkowiak 1990). З беларускіх даследчыкаў да спадчыны М. Стрыйкоўскага звярталіся М. Улашчык, М. Ермаловіч, Г. Каханоўскі, В. Чамярыцкі; артыкул пра аўтара “Хронікі...”ёсць у біябібліяграфічным слоўніку “Беларускія пісьменнікі” (Mельнікаў 1995: 434 – 436), але найбольш поўна ягоныя жыццё і творчасць пададзены ў артыкуле А. Семянчук “Мацей Стрыйкоўскі ў Вялікім Княстве Літоўскім”, дзе ўлічаны найноўшыя замежныя матэрыялы (Семянчук 1995: 2 – 10).

Аднак да гэтага часу ні ў айчынным, ні ў замежным друку не з’явілася ніводнага спецыяльнага даследавання, прысвечанага паэзіі М. Стрыйкоўскага, вучоных цікавіў у першую чаргу ягоны гісторыяграфічны набытак. Пераважная большасць артыкулаў напісана пра М. Стрыйкоўскага не філолагамі, а гісторыкамі, якія ўспрымалі яго як храніста, што без патрэбы ўпрыгожваў свае працы вершаванымі ўстаўкамі, кампенсуючы недахоп фактаў багатай фантазіяй. “Ва ўмовах сінкрэтызму навук і мастацтваў XVI ст. было цалкам натуральна, што гісторык імкнуўся свайму апавяданню надаць дасканалыя літаратурныя формы.<...> Таму і ў Стрыйкоўскага мы назіраем (асабліва ў ягоных вершаваных творах) пагоню за літаратурнай прыгажосцю коштам гістарычнай дакладнасці” (Семянчук 1995: 3 – 4). Нават паэт У. Сыракомля крытычна ацэньваў схільнасць М. Стрыйкоўскага да вершавання: “...Ён думаў, што гісторыю можна пісаць гэтаксама, як і паэму, толькі па Боскім прызначэнні, і таму звяртаўся да выдумак кожны раз, калі сур’ёзныя даследаванні не маглі давесці яго да мэты. Ягоныя сачыненні ўяўляюць сабой недарэчную сумесь ісціны і казак, цікавых звестак і памылковых здагадак, прозы і вершаў – часам цудоўных, а часам пасрэдных” (Кондратович1862: 2, 171).

Такім чынам, няўвага літаратуразнаўцаў да Стрыйкоўскага тлумачылася адносінамі да яго як да гістарыёграфа, а насцярожанасць гісторыкаў выклікалі паэтычныя ўпадабанні Стрыйкоўскага (беларускіх і літоўскіх філолагаў акрамя таго стрымлівала польскае паходжанне пісьменніка, а польскіх – ахалоджвала беларуска-літоўская тэматыка ягоных твораў).

Сапраўды, цяжка аддзяліць паэтычную частку спадчыны М. Стрыйкоўскага ад гістарыяграфічнай, хаця асобныя ягоныя вершы (палітычныя, фунеральныя, прэфацыйныя) не пераплецены ў адно з навуковай прозай і з’яўляюцца цалкам самастойнымі творамі. Уклад гэтага арыгінальнага творцы ў развіццё польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу вымяраецца не толькі каштоўнасцю ягоных паэтычных твораў, але і значнасцю ягоных гістарыяграфічных ідэяў.

Разглядаючы эвалюцыю творчасці М. Стрыйкоўскага, мы абапіраліся толькі на тыя тэксты, што захаваліся да нашага часу: у сваёй “Хроніцы...” пісьменнік згадвае шэраг невядомых даследчыкам твораў, якія ён нібыта напісаў, альбо меўся напісаць (Stryjkowski 1846: I, XIV – XV). У першую чаргу нас цікавяць, безумоўна, творы, напісаныя падчас побыту пісьменніка ў Вялікім Княстве Літоўскім і прысвечаныя гісторыі гэтай дзяржавы. Звесткі пра жыццё М. Стрыйкоўскага падаюцца намі паводле вершаванай аўтабіяграфіі пісьменніка “Maciej Stryjkowski Osostevicus, sam o sobie i przygodach swoich w zwiedzeniu rozmaitych krain świata”, змешчанай у “Хроніцы...” (Stryjkowski 1846: I, XIІІ – XХІІ), удакладняюцца паводле манаграфіі З. Вайткавяка (Wojtkowiak 1990).

На землях Княства М. Стрыйкоўскі ўпершыню з’явіўся ў 1563 г. і знаходзіўся тут з невялікімі перапынкамі да 1574 г.: служыў у войску, маляваў планы мясцовасцяў і схемы замкаў, вывучыў беларускую і рускую мовы, браў удзел у сутычках з маскоўскімі атрадамі на тэрыторыі Беларусі і ў вылазках углыб Масковіі. Лівонская вайна не толькі прадвызначыла вобраз жыцця М. Стрыйкоўскага, але і сталася тэмаю аднаго з першых паэтычных твораў: паэмы “O porażeniu 30 000 Moskwy z kniaziem Piotrem Szujskim ... nad rzeką Ułą ... r. 1564”. Гэтая невялікая паэма (500 радкоў) дайшла да нас у недатаваным рукапісы, які захоўваецца ў фондзе І. Анацэвіча ў Пушкінскі Доме (Николаев 1983: 140 – 157). Можна меркаваць, што напісана яна была неўзабаве пасля бліскучай перамогі гетманаў М. Радзівіла Рудага і Р. Хадкевіча над ваяводам П. Шуйскім. Напэўна, рукапіс быў неўзабаве аўтарам згублены і забыты: сам М. Стрыйкоўскі пра існаванне паэмы нідзе не згадвае, а ў “Хроніцы...” пра бітву над ракой Ула змешчаны празаічны раздзел. У ранні перыяд творчасці, у 1572 г. быў напісаны і верш “O wolności ślachty polskiej, jakiej nie masz pod słońcem świata”, знойдзены і апублікаваны польскай даследчыцай Ю. Радзішэўскай (Stryjkowski 1978: 605 – 606).

Падчас службы ў віцебскім гарнізоне ў 1570 – 1573 гг. М. Стрыйкоўскі працаваў над трактатам “Sarmatiae Europeae Descriptio”, які потым прыўлашчыў і выдаў у 1578 г. пад сваім імем ротмістр-італьянец А. Гвагнін. Мяркуючы па плагіятарскім выданні А. Гвагніна (Gwagnin 1578), у першым гістарычным сачыненні М. Стрыйкоўскага не было вершаў, хоць у гэта цяжка паверыць: усе іншыя творы пісьменніка альбо цалкам вершаваныя, альбо змяшчаюць паэтычныя ўстаўкі. Напэўна, яшчэ ў Віцебску ў М. Стрыйкоўскага з’явілася задума і першыя накіды вершаванага трактата “Goniec Cnoty do prawych ślachciców...”, пазней дапрацаванага і выдадзенага ў Кракаве.

Лёс ранніх твораў М. Стрыйкоўскага, якія засталіся ў рукапісным выглядзе і былі згублены альбо ўкрадзены, выразна сведчыць пра адсутнасць у маладога аўтара сувязяў з мясцовымі друкарнямі – на той час пераважна пратэстанцкімі, вузкаканфесійнай накіраванасці. Не адразу навуковыя здольнасці і літаратурны талент маладога паляка былі заўважаны беларуска-літоўскімі магнатамі, якія аказвалі падтрымку, у асноўным, рэлігійна-прапагандысцкай дзейнасці, а не гістарычным даследаванням.

Першымі мецэнатамі М. Стрыйкоўскага на Беларусі сталіся прадстаўнікі роду Хадкевічаў, хаця невядома, ці меў паэт ад гэтага нейкую матэрыяльную карысць ці толькі маральную падтрымку. На пачатку 1574 г. пісьменнік выязджае ў Кракаў і выдае там адразу дзве кнігі: панегірычную паэму “Przesławnego wjazdu do Krakowa i pamięci godnej koronacyjej Henryka Walezyjusza opisanie ...”, з прысвячэннем гарадзенскаму старасту А. Хадкевічу, і вершаваны трактат “Goniec Cnoty do prawych ślachciców...”, з вершам “Napis na grobie ... Grehora Chodkiewicza ... hetmana Wielkiego Księstwa Litewskiego”.

“Ганец Цноты...” – наступны пасля “Апісання Еўрапейскай Сарматыі...” крок М. Стрыйкоўскага на шляху да стварэння манументальнай хронікі Ўсходняй Еўропы. Першая частка кнігі, з першага па шосты раздзел, уяўляе сабой дыдактычна-маралізатарскі трактат у форме вершаванай алегорыі: Цнота выпраўляе сваю сястру, Праўду, да ўсіх шляхціцаў Рэчы Паспалітай, каб распавесці ім, у чым сутнасць сапраўднага шляхецтва. Аднак аўтару хутка надакучваюць гульні ў алегорыю і ён пачынае прамаўляць, фактычна, ад свайго ўласнага імя, прыўносіць у твор выразныя аўтабіяграфічныя акцэнты. Калі прыгадаць, што М. Стрыйкоўскі не мог пахваліцца радавітасцю, багаццем ды моцным здароўем, робіцца зразумела, чаму паэт пагардліва ставіцца да шляхецтва з паходжання: “ Próżno wspominasz dziadów i pradziadów, / I triumphy ich, jak dostali herbów, / Boć sromothna rzecz zdobić się cnym przodkiem, / Będąc wyrodkiem” (Stryjkowski 1846: II, 507); зразумела, чаму ён з запалам асуджае набыццё шляхецкіх годнасцяў за грошы: “Nie mogąc łotra bogactwa uslachcic, / Ni herby kupne, gdyż sam prawie jest nic” (Stryjkowski 1846: II, 488); зразумела, чаму ён кпіць з фізічнай сілы як з уяўнай прыкметы шляхецтва: “Boćby i ów chłop z drągiem na mixtacie, / Stąd był slachcicem, mój cnotliwy bracie, / Albo niedzwiedzia, by się z nim skosztował, / Slachcicemby zwał” (Stryjkowski 1846: II, 490). Затое пісьменнік, які паходзіў хутчэй за ўсё з мяшчан, з сатысфакцыяй апісвае выпадкі, калі выхадцы з народу – дзеці муляроў, цесляў, краўцоў – за свае заслугі перад Айчынай атрымлівалі шляхецкі герб і дасягалі высокіх дзяржаўных пасадаў: “Wszak ich wiele jest co z domu małego / Wyszli ku górrze, są rodu wielkiego, / Za wierność, dzielność, za rycerskie cnoty, / Wzięli klejnoty” (Stryjkowski 1846: II, 509). Характэрна, што паэт прысвячае асобны раздзел услаўленню навук і мастацтваў і залічвае пісьменніцкую дзейнасць да шляхецкіх заняткаў – насуперак сярэднявечным уяўленням, паводле якіх пісанне кніг лічылася прэрагатывай духоўнага саслоўя.

Свае дыдактычна-маралізатарскія разважанні М. Стрыйкоўскі падмацоўвае выказваннямі антычных філосафаў і паэтаў (Платона, Арыстоцеля, Дыягена; Гамера, Вергілія, Авідзія і інш.), прыкладамі са старажытнагрэцкай і старажытнарымскай гісторыі (ледзь не на кожнай старонцы першай часткі кнігі сустракаюцца імёны Геркулеса, Гектара, Аякса, Ганібала, Аляксандра Македонскага), радзей спасылаецца на Біблію. Другую частку кнігі, прысвечаную гісторыі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, аўтар таксама прапануе разглядаць у якасці пацвярджэння ягоных дыдактычна-маралізатарскіх высноў, як красамоўныя прыклады гераізму продкаў і своеасаблівы падручнік цнотаў: “Ale nie szukaj w narodach postronnych, / Mieli Sarmate tym dosyś podobnych...” (Stryjkowski 1846: II, 514).

І сапраўды, сёмы раздзел – “O krolach polskich, i wywodzie sławnego narodu sarmackiego” – гэта хутчэй каталог пануючых асобаў і іхніх подзвігаў, чым сапраўдная гістарычная хроніка Польшчы. Падрабязна спыняецца М. Стрыйкоўскі толькі на панаванні Жыгімонта Аўгуста і на падзеях Лівонскай вайны, выказваючы незадавальненне ходам ваенных дзеянняў і занепакоенасць лёсам Княства:

Nie tak wżdy długo z Troją wojnę Grek miał,

Wżdy swego dowiódł, nasz nic nie dokonał,

Któż był w tym winien, niech kto inszy sądzi,

Snadź ten co rządzi.

Skarb w księstwie zniscczon, chłopek nędzny piszczy,

Żołnierz go głodny gdy nie płacą niszczy,

Moskal się rozmógł na Rusi powoli,

Co nas dziś boli.

(Stryjkowski 1846: II, 525)

Найбольш цікавым і арыгінальным раздзелам кнігі з’яўляецца восьмы: “Wywód krótki a dostateczny sławnego narodu litewskiego, przed tym nigdy od żadnego nie opisany”. Тэматычная навізна, кампазіцыйная ўскладнёнасць і вялікі аб’ём гэтага раздзела, дазваляюць разглядаць яго як самастойны твор, а не толькі як дадатак да асноўнай дыдактычна-маралізатарскай часткі. Наватарства “Вываду...”, ягонае адметнае месца не толькі ў структуры кнігі, але і ў кантэксце усёй тагачаснай літаратуры выдатна адчуваў сам аўтар, параўноўваючы сваю ролю першаадкрывальніка гісторыі Вялікага Княства Літоўскага з роляй Гамера і Вергілія:

Trojanie naleźli Homera zacni,

Także Grekowie w rycerstwie cnym zacni,

Eneas, Turnus sławy swej patrona,

Mają Marona.

Tak też wirsz mój mdły Apollo pobudził,

K sławie cnej Litwy bych inszych przyłudził,

By męstwo ich mędrszym piórem spisali,

Mnie nie łajali.

Bom ja tu sobie sam torował drogę,

Gdyż żaden nie szedł przedemną, rzeć mogę.

(Stryjkowski 1846: II, 539)

Перад пачаткам раздзела аўтар змясціў два вершы, у якіх прадстаўлена тэма і выяўлена патрыятычная ідэя твора: “Do czytelnika przedmowa” i “Na herb przesławny Wielkiego Księstwa Litewskiego”. У асноўнай частцы М. Стрыйкоўскі сцісла распавёў гісторыю Княства ад з’яўлення Палемона да панавання Генрыха Валуа; заканчваўся “Вывад...” услаўленнем нядаўна абранага караля і заклікам да беларуска-літоўскай шляхты бараніць сваю Айчыну ад ворагаў.

Напрыканцы кнігі былі змешчаны фунеральныя вершы М. Стрыйкоўскага “Napis na grobie ... Grehora Chodkiewica...” і “Narzekanie na nieustawiczność wszelkich spraw i przeciwności przedsięwzięcia ludzkiego”, а таксама рэкамендацыйны вершык Станіслава Лясніцкага “Do czytelnika”. Знаёмячы з кнігай М. Стрыйкоўскага чытача, С. Лясніцкі падкрэсліваў заслугі паэта ў адкрыцці гісторыі Старажытнай Літвы: “...Żaden wprzód niechodził, / Ni na to co on wywiódł jako żyw nie godził” (Stryjkowski 1846: II, 563).

У мастацкіх адносінах “Ганец Цноты” – твор, безумоўна, недасканалы. Па-сутнасці, М. Стрыйкоўскі змясціў пад адной вокладкай два самастойныя творы: маральна-дыдактычны трактат “Ганец Цноты да сапраўдных шляхціцаў” i гістарычную хроніку “Учынкі сарматаў і каралёў польскіх і іх народа слаўнага вывад”, дарэмна намагаючыся звязаць іх у адно цэлае. У выніку першая частка кнігі атрымалася задоўгая як для алегарычнай паэмы, а другая частка – закароткая як для гістарычнай хронікі. Зрэшты, і ў першай і другой частцы яскрава выявілася такая негатыўная азнака стылю пісьменніка, як таўталагічнасць, характэрная для большасці ягоных твораў.

Але для далейшай творчай эвалюцыі М. Стрыйкоўскага “Ганец Цноты” меў выключнае значэнне: у гэтай кнізе 27-гадовы аўтар, прадэманстраваўшы зайздросную эрудыцыю, выклаў свае палітычныя погляды і этычныя перакананні, выказаў і абгрунтаваў ідэю напісання грунтоўнай гістарычнай хронікі Вялікага Княства Літоўскага.

Перш чым распачаць працу над хронікай, М. Стрыйкоўскаму давялося ўзяць удзел у пасольстве Анджэя Тараноўскага ў Турцыю (верасень 1574 г. – красавік 1575 г.). Творчым вынікам падарожжа стаўся вершаваны трактат “O wolności Korony Polskiej i Wielkiego Księstwa Litewskiego a o srogim zniewoleniu inszych królestw pod tyrańskim jarzmem Tureckim...” (Кракаў, 1575). Паспрабаваўшы свае сілы ў гістарычнай і маральна-дыдактычнай паэзіі, М. Стрыйкоўскі звярнуўся гэтым разам да паэзіі палітычнай, выявіўшы зацікаўленасць не толькі легендамі і паданнямі сівой даўніны, але і актуальнымі праблемамі сучаснасці. Адзначым таксама сталую любоў паэта да прэфацыйных вершаў: у кнізе змешчана ажно шэсць вершаваных зваротаў аўтара да чытача. Недзе ў гэты час было напісана М. Стрыйкоўскім і невялікае празаічнае сачыненне “O wzięciu Konstantynopola, albo Carygroda ... przez Mahometa Wtórego, carza Tureckiego roku 1453...”, устаўленае пазней у рукапісную хроніку.

Наведванне легендарных мясцінаў Грэцыі і Блізкага Ўсходу ўмацавала ў пісьменніку “комплекс Гамера”, натхніла на ажыццяўленне даўняй задумы: узняць з праху забыцця гісторыю Старажытнай Літвы. Пасля непрацяглага побыту ў Польшчы і Жамойці, М. Стрыйкоўскі вяртаецца на Беларусь, дзе жыве з 1576-га па 1578-ы год пры двары князёў Алелькавічаў у Капылі і Слуцку. З боку Юрыя Алелькавіча польскі перасяленец атрымаў падтрымку сваіх амбіцыйных намераў і, што самае галоўнае – дазвол на карыстанне з княскай бібліятэкі, дзе знайшоў багаты дакументальны матэрыял і беларуска-літоўскія летапісы, так неабходныя яму для працы.

Другі беларускі перыяд у творчасці М. Стрыйкоўскага аказаўся надзвычай плённым. Каб аддзячыць сваім мецэнатам-апекунам, Юрыю, Сімяону і Аляксандру Алелькавічам, паэт піша і потым выдае вялікі верш “Na herb W. Księstwa Litewskiego Pogonia i... książąt Słuckich... z krótkim wypisaniem ich narodu sławnego” (Б. м., каля 1576 г.). Гэты твор можна разглядаць і як разгорнутую эпіграму на герб, і як вершаваную генеалогію, і нават як кароткую гістарычную хроніку, але найбольш дакладна будзе назваць яго чарговым вершаваным каталогам ( гэтым разам – подзвігаў і заслугаў роду Алелькавічаў), які выйшаў з-пад пяра М. Стрыйкоўскага. Польскія даследчыкі не згадваюць гэты верш сярод іншых твораў М. Стрыйкоўскага (Karpłuk 1977: 11 – 16; Wojtkowiak 1990: 180 – 186), альбо блытаюць яго з вершам “На слаўны герб Вялікага Княства Літоўскага” з кнігі “Ганец Цноты” (Bibliografia 1965: 3, 296 – 299)..

Менш прэтэнцыёзны па задуме, але затое больш дасканалы па выканнні верш М. Стрыйкоўскага “Na też Leliwe”. Гэта эпіграма на герб Мікалая Монвіда-Дарагастайскага змешчана ўслед за лацінамоўнай эпіграмай С. Буднага ў кнізе А. Фрыча-Маджэўскага “O naprawie Rzeczypospolitej” (Лоск, 1577). Факт з’яўлення верша М. Стрыйкоўскага ў першым польскамоўным выданні знакамітай працы сведчыў пра наяўнасць сувязяў пісьменніка з лоскай друкарняй і Я. Карцанам: у навукова-папулярнай літаратуры можна сустрэць нават згадку пра сяброўства М. Стрыйкоўскага з С. Будным (Тарасов 1984: 80). Магчыма, менавіта ў Лоску, а не ў Кракаве выдаў М. Стрыйкоўскі верш “На герб В. Княства Літоўскага ... і князёў Слуцкіх... Пагоня” і наступнае сваё сачыненне: “Zwierciadło Kroniki litewskiej...” (1577). На жаль, ніводнага экзэмпляра кнігі не захавалася, але на падставе пазнейшага перадруку Самуіла Доўгірда – “Genealogia, albo krótkie opisanie Wielkich Książąt litewskich a ich wielkich a mężnych spraw wojennych” (Любча, 1626) – можна меркаваць, што гэта была перапрацоўка восьмага раздзела “Ганца Цноты” (сачыненне М. Стрыйкоўскага ў апрацоўцы С. Доўгірда рыхтуецца цяпер да выдання З. Вайткавякам і А. Семянчук).

Першы варыянт гістарычнай хронікі пад назваю “O początkach, wywodach, dzielnościach, sprawach rycerskich i domowych sławnego narodu litewskiego, żemojdzkiego i ruskiego, przedtym nigdy od żadnego ani kuszone, ani opisane, z natchnienia Bożego a uprzejmie pilnego doświadczenia”, над якім М. Стрыйкоўскі натхнёна працаваў падчас побыту пры двары князя Юрыя Алелькавіча, застаўся няскончаным і не быў апублікаваны – відаць, з прычыны раптоўнай смерці мецэната-апекуна ў 1578 г. Рукапіс захаваўся да нашых дзён, але доўгі час уважаўся за рукапіс надрукаванай пазней “Хронікі...” і таму не выклікаў асаблівай цікавасці ў даследчыкаў. Толькі ў 1978 г. Ю. Радзішэўская выдала гэты твор М. Стрыйкоўскага паводле рукапісу з Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве (Stryjkowski 1978).

Пачыналася сачыненне М. Стрыйкоўскага з адрасаванай князю Юрыю празаічнай прадмовы, у якой аўтар пераконваў свайго мецэната, а таксама будучых чытачоў у карыснасці гістарычных ведаў, наракаў на адсутнасць уласнай хронікі ў слаўнага ліцвінскага народу і абяцаў прыкласці ўсе сілы, каб такая хроніка нарэшце з’явілася. У прадмове чуваць водгукі ідэяў, выказаных пісьменнікам яшчэ ў “Ганцы Цноты”, згадваецца і сам твор, як першая спроба ўзнавіць багатую гісторыю Княства, вынесці з цемры на дзённае святло слаўныя подзвігі старажытных ліцвінаў. Дасягнуць мэты аўтар спадзяецца ў новым творы, значна большым па аб’ёму і па шырыні ахопу матэрыялу: “Najdziesz tu, Miłościwe Książę, litewskie mocne Herkulesy, przeważne, dzielne Hektory, śmiałe Achillesy i stałe Epaminondy, Agezylausy przemyślne, mężne Anibale i fortelem chytre Ulissesy. Będziesz też miał przed oczyma książąt litewskich w tejże familijej swojej, sprawiedliwe Arystdesy i Trajany roztropne, i mądre Temistoklesy, i inszych tym podobnych wiele nasławniejszych, mężnych książat, których sprawy, gdy inszy czytają, przykładów cnót s nich się uczą” (Stryjkowski 1978: 37).

У чарговы раз М. Стрыйкоўскі прыпадабняе князёў літоўскіх да антычных герояў, гісторыю Вялікага Княства Літоўскага параўноўвае з гісторыяй Грэцыі і Рыму, а сабе адводзіць “сціплую” ролю Гамера. Асноўныя тэзісы празаічнай прадмовы-прысвячэння паўтараюцца ў вершаванай інвакацыі “Wojny i mężów wskrzeszam...” (адзначым, што аўтар звяртаецца за дапамогай спачатку да хрысціянскага Бога і толькі потым да антычных музаў), на пачатку першага раздзела (“Muza niech Homerowa sławi Trojańczyki...”), у прэфацыйным вершы “Do łaskawego czytelnika” і ў многіх іншых месцах твора.

Пасля Гамера М. Стрыйкоўскі са старажытных паэтаў найчасцей згадвае Вергілія, які “ўваскрасіў” у сваёй “Энеідзе” легендарную гісторыю заснавання Рыма ўцекачом з Троі Энеем. Ю. Радзішэўская выказала меркаванне, што ў М. Стрыйкоўскага была нават задума на ўзор “Энеіды” напісаць “Палеманііду” (Radziszewska, Warszawa1978: 9). І сапраўды, М. Стрыйкоўскі меў большыя шансы плённа выкарыстаць вергіліеўскую мадэль эпасу, чым, напрыклад, Я. Вісліцкі, які беспаспяхова намагаўся зрабіць гэта ў “Прускай вайне” (Кракаў, 1516). Немагчымасць перанясення ў “Прускую вайну” канструкцыйных прынцыпаў “Энеіды” тлумачылася тыпалагічнай розніцай двух твораў: Я. Вісліцкі звярнуўся да паказу рэальных гістарычных падзей з удзелам рэальных гістарычных асобаў (Грунвальдскай бітвы, шлюбу караля Ягайлы з Соф’яй Гальшанскай), у той час як ягоны настаўнік Вергілій апяваў подзвігі легендарных герояў і ўчынкі багоў (падарожжа Энея, хітрыкі Юноны і г. д.). Легенда пра заснаванне Літвы ўцекачом з Рыма Палемонам была блізкая да сюжэта “Энеіды”, а, магчыма, і непасрэдна да яго ўзыходзіла. Прыдумаўшы для Палемона і ягоных спадарожнікаў дадатковыя прыгоды, увёўшы любоўную інтрыгу, М. Стрыйкоўскі мог бы напісаць паэтычны твор на ўзор “Энеіды”. Але паэзія была для яго не мэтай, а толькі сродкам “уваскрашэння” гісторыі. Зачараваны славай і веліччу Гамера і Вергілія, М. Стрыйкоўскі не збіраўся, аднак, пісаць эпічную паэму; ні гамераўская, ні вергіліеўская мадэль эпасу яго не прываблівалі, бо не надаваліся для той працы, якую ён задумаў: напісаць паэтычную хроніку Вялікага Княства Літоўскага ад пракаветных да найноўшых часоў.

“Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія і грамадзянскія справы слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага...” – самы значны твор М. Стрыйкоўскага беларускага перыяду (406 картак рукапісу). На жаль, пісьменніку не ўдалося поўнасцю рэалізаваць сваю задуму ні ў плане зместу, ні на ўзроўні формы: аповяд абрываецца на апісанні падзеяў 1507 г., вершаваныя часткі перамяжоўваюцца з празаічнымі ўрыўкамі. Відавочна, што ў аўтара не было цвёрдых крытэрыяў выбару той ці іншай формы выкладу матэрыялу: ваенныя дзеянні ён, часам, апісвае прозаю (“O wojnie z Krzyżakami za Świdrgiełową niestwornością...”, “O porażeniu panów litewskich i pojmaniu ich na Wiedroszy rzece”, “O srogim zburzeniu litewskich państw przez Tatary...” i інш.), а ў вершаванай форме падае гістарычную аргументацыю (“Pierwsza przyczyna przyścia Włochów w te kraje...”, “Wtora przyczyna...”, “Trzeci przyczyna...” i г. д.). Заканамерна было б чакаць ад аўтара паэтычнага ўслаўлення заслуг караля Аляксандра і апісання ягонага пахавання ў Вільні ў 1506 г., а вось пералік слоў, запазычаных літоўцамі ў іншых народаў, натуральна было б бачыць у празаічнай форме. Аднак, М. Стрыйкоўскі заслугі і пахаванне караля апісвае прозай (“O urodzie, obyczajach i pogrzebie Aleksandrowym w Wilnie...”), затое старанна зарыфмоўвае слоўнікавы матэрыял: “Dewos – deus, pecus – bydło, dentes – ząb, iocus – śmiech, / Viros – mąż, kielis – droga, kunos tu wspomnieć grzech” (Stryjkowski 1978: 89).

У вершы “Да ласкавага чытача” М. Стрыйкоўскі просіць прабачэння за сваю Музу, якая часта збівалася з верша на прозу, апраўдвае пераўтварэнне вершаванай хронікі ў вершавана-празаічную недахопам часу, нападкамі недобразычлівых крытыкаў, адсутнасцю падтрымкі з боку мецэната (напэўна, верш напісаны пасля смерці князя Юрыя Алелькавіча). Але недасканаласць рукапіснай хронікі М. Стрыйкоўскага тлумачылася не тым, што аўтар адступіў ад сваёй задумы напісаць увесь твор вершам, а тым, што задума была няўдалая ў прынцыпе. Багаты і разнародны фактаграфічны матэрыял, які пісьменнік імкнуўся выкарыстаць у сваім сачыненні, вымагаў не вершаванай, а празаічнай формы. Калі М. Стрыйкоўскі меў намер стварыць паэтычную хроніку – г. зн. эпапею, а не чарговы вершаваны каталог падзеяў, ён павінен быў адмовіцца ад значнай часткі каштоўнага ў гістарычным плане, але непатрэбнага з мастацкага пункту гледжання матэрыялу. А калі хацеў у поўным аб’ёме выкарыстаць багаты фактаграфічны матэрыял – мусіў узяць за аснову празаічную, падчас немастацкую форму аповяду, звяртаючыся да паэзіі толькі пры апісанні асабліва яркіх падзеяў: нараджэння і смерці знакамітых людзей, рыцарскіх двубояў, вайсковых паходаў і г. д. Так рабілі, напрыклад, сярэднявечныя польскія храністы Гал Анонім і Вінцэнты Кадлубак, свядома выкарыстоўваючы ў сваіх творах тэхніку prosimetrum (тэхніка адмысловага перапляцення празаічнага і вершаванага тэкстаў), устаўлялі ў свае празаічныя хронікі вершаваныя малітвы, песні, дыялогі (Michałowska 1996: 118 – 129, 138 – 144).

Аўтар сачынення “Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія і грамадзянскія справы слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага...” знаходзіўся на раздарожжы двух вышэйназваных шляхоў: напачатку твора дамінавала вершаваная форма, напрыканцы – празаічная. Адмаўленне ад “татальнага вершавання” тлумачылася, відаць, не толькі бракам часу і стомленасцю пісьменніка, але і ягонай няўпэўненасцю ў слушнасці самой задумы. Сімптаматычна, што пры адсутнасці ў аўтара цвёрдых крытэрыяў звароту да той ці іншай формы выкладу матэрыялу, назіралася тэндэнцыя да апісання вершам перш за ўсё баталістычных сцэнак. Такія вершаваныя ўрыўкі як “O poselstwie hardym carza zawołskiego i o zapasach żmodzkiego ślachcica Borejka z Tatarzynem-obrzymem...”, “O wtorej wyprawie Witołtowej przeciw Tatarom...”, “O sławnej wojnie i szczęśliwej bitwie Jagiełłowej z Krzyżaki pruskimi...”, “O bitwie z Tatary pod Kleckiem...” ў мастацкіх адносінах з’яўляюцца лепшымі старонкамі рукапіснай хронікі, у іх яскрава выявілася эпічная прырода таленту пісьменніка.

Ваенныя нарады і палымяныя прамовы палкаводцаў, звароты да Бога і клятвы ў любові да Бацькаўшчыны, рыцарскія двубоі і вялікія бітвы – усе гэтыя неад’емныя атрыбуты класічнага эпасу прысутнічаюць у вершаваных раздзелах сачынення “Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія і грамадзянскія справы слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага...” Раздзел “Пра слаўную вайну і шчаслівую бітву Ягайлаву з прускімі крыжакамі...” можна смела назваць героіка-эпічнай паэмай; у апісанні Грунвальдскай бітвы М. Стрыйкоўскі відавочна пераўзыходзіць Я. Вісліцкага і іншых сваіх папярэднікаў (Hahn 1910: 272 – 273). Баталістычным замалёўкам М. Стрыйкоўскага ўласцівы дынамізм, візуальная і гукавая выразнасць:

“Boga Rodzica naszy, Niemcy “Dastycht” krzyczą,

Z dział, z bębnów, z trąb, trzask, krzyk, zbrój brzęk, konie rża, kwiczą.

Niemcy, iż wyższej stali, z dwu dział uderzyli,

Ale żadnego w wojskach polskich nie trafili.

Litwa tym śmielej do nich z okrzykiem natarli,

Aż się konie z koniami boki o bok tarli.

Witułt sam między Litwą tam i sam się snuje,

Napomina, a szyków krzycząc poprawuje.

Grzmot straszny, właśnie jako Sodoma gorzała,

Gdzie dom o dom, wieża wieżę lecąc rozbijała.

(Stryjkowski 1978: 352 – 353)

Хаця ў цэлым вершаваная хроніка М. Стрыйкоўскага не з’яўляецца дасканалым творам, але яе своечасовае выданне аўтарам у адной з беларускіх друкарняў у 70-х гг. XVI ст. прыспешыла б развіццё гістарычнай паэзіі і станаўленне дзяржаўнай самасвядомасці грамадзян Княства.

Пасля смерці князя Юрыя Алелькавіча М. Стрыйкоўскі знаходзіць сабе новага мецэната-апекуна ў асобе шчырага каталіка і літоўскага патрыёта, жамойцкага біскупа Мельхіёра Гедройца, атрымлівае па ягонай пратэкцыі ў 1579 г. пасаду жамойцкага каноніка, а пасля 1582 г., прыняўшы духоўны сан, займае плябанію ў Юрбарку. Запэўніўшы сабе сціплы матэрыяльны дабрабыт, пісьменнік завяршае працу над хронікай і выдае яе ў 1582 г. у Кралеўцу пад амбіцыйнай назвай: “Która przedtym nigdy światła nie widziała, Kronika Polska, Litewska, Żmodzka i wszystkiej Rusi”.

Несумненна, М. Гедройц ведаў пра творчыя планы М. Стрыйкоўскага і падтрымліваў іх, але няма падстаў сцвярджаць, што ён аказаў на аўтара “Хронікі...” моцнае ідэалагічнае ўздзеянне і змяніў палітычную арыентацыю пісьменніка, як лічаць некаторыя беларускія гісторыкі (Ермолович 1982: 156 – 157). Калі бачыць у легендзе пра заснаванне Літвы Палемонам ідэю ўзвышэння жамойцкіх феадалаў над беларускімі, давядзецца прызнаць напісанае ў беларускі перыяд сачыненне “Пра пачатак...” больш пралітоўскім, чым выдадзеную ў жамойцкі перыяд “Хроніку...”, бо ў рукапіснай хроніцы легенда пра Палемона выкладзена больш разгорнута, чым у друкаванай. Як ні дзіўна, звестак пра старажытны жамойцкі род Гедройцаў больш у рукапіснай хроніцы чым у друкаванай, хаця натуральна было б чакаць ад М. Стрыйкоўскага павышанай увагі да продкаў свайго мецэната-апекуна. Праўда, у “Хроніцы...” змешчана прысвячэнне біскупу М. Гедройцу, але падобныя прысвячэнні М. Стрыйкоўскі адрасаваў і многім іншым магнатам Княства, як жамойцкага, так і русінскага паходжання, як каталіцкага, так праваслаўнага і пратэстанцкага веравызнанняў. Выразна відаць, што этнічная і канфесійная прыналежнасць мецэнатаў не аказвала прыкметнага ўплыву на палітычныя погляды М. Стрыйкоўскага: заможных магнатаў і пісьменніка аб’ядноўвала пачуццё агульнадзяржаўнага ліцвінскага патрыятызму.

За аснову “Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі” М. Стрыйкоўскі ўзяў рукапіс “Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія і грамадзянскія справы слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага...”, але ўнёс у папярэдні варыянт істотныя змены і дапаўненні. Як сведчыць назва кнігі, аўтар выкладаў тым разам гісторыю не толькі Вялікага Княства Літоўскага, але і Польшчы. Пашырыўшы тэму геаграфічна, М. Стрыйкоўскі пашырыў яе і храналагічна: давёў апісанне падзеяў да ўзяцця Вялікіх Лукаў войскамі Стэфана Баторыя ў 1581 г. (рукапісная хроніка заканчвалася згадкай пра ўступленне на трон Жыгімонта І ў 1507 г.). Але важнейшае адрозненне паміж дзвюма хронікамі заключалася ў тым, што ў рукапіснай дамінавала вершаваная форма выкладу матэрыялу, а ў друкаванай – празаічная. Выдадзеная ў 1582 г. кніга М. Стрыйкоўскага больш нагадвала хроніку ў яе класічным выглядзе – напісаную прозай з невялікімі вершаванымі ўстаўкамі. Такім чынам, многія вершаваныя раздзелы з сачынення “Пра пачатак...” ператварыліся ў “Хроніцы...” ў празаічныя, хаця, трэба прызнаць, сустракаюцца і адваротныя выпадкі (параўн.: “Пра пачатак...”, 64, 135, 412, 511, 591 і “Хроніку...” І, 59, 205; ІІ, 195, 265, 333).

На пачатку кнігі пісьменнік змясціў сваю вершаваную аўтабіяграфію “Maciej Stryjkowski Osostevicus, sam o sobie i przygodach swoich w zwiedzeniu rozmaitych krain świata” і ажно тры эпіграмы на недобразычлівых крытыкаў: “Na Zoilusa cnocie i pracy utciwej nieprzyjaznego autor”, “Na niewdzięcznych i sławie dobrze zasłuzone zajrzących”, “Na jednego nieprzejaznego sacunkarza przewaznych dochcipów”. Усе гэтыя творы развіваюць ідэйныя матывы верша “Да ласкавага чытача” з рукапіснай хронікі, таму гэтага верша ў кнізе няма, няма і паэтычнай інвакацыі “Войны і герояў уваскрашаю...” , і празаічнага прысвячэння князю Юрыю Алелькавічу. У друкаванай хроніцы М. Стрыйкоўскі выкладае сваё творчае крэда ў прадмове-прысвячэнні “Jaśnie wielmożnym Xiążętom, panom, senatorom...”: паўтарае вядомыя нам ужо тэзісы пра карысць гістарычных ведаў, пра мужных літоўскіх Гектараў і Аяксаў і пра ролю Гамера ў захаванні славы герояў.

Але з’яўляюцца ў прадмове і новыя акцэнты, якія сведчаць пра эвалюцыю творчага метаду пісьменніка і вытлумачваюць тыя змены, што адбыліся ў друкаванай хроніцы ў параўнанні з рукапіснай. Напрыканцы сачынення “Пра пачатак...” М. Стрыйкоўскі, як мы памятаем, прасіў у чытача прабачэння за адыход ад вершаванай формы. A напачатку “Хронікі...” – палічыў патрэбным растлумачыць чытачу, чаму ён асмеліўся увесці ў празаічны тэкст твора вершаваныя ўрыўкі: “A iżem, kilko bitew znaczniejszych <...> w tej historiej wierszem napisał, tedym to uczynił nie inszym umysłem, jedno dla skuteczniejszego wyrażenia bitwy i prawdziwej jako się toczyła rzeczy, ani tej ani przciwnej stronie folgując, ale trybem prostym historią prowadząc <...>. Tez po długiej a tęskliwej pracy w pisaniu prostej oraciej, czasem gdy nie było czym inszym, cieszyłem się poeci innata opisując wierszem właśnie a prawdziwie mężów zacnych dzieje, nie Homerussowymi ani Wirgiliussowymi i Owidiussowymi zmysłami rzecz zdobiąc, ale prostym gościńcem prawdziwą historią prowadząc, co i Ennius opisując sprawy sławnie dzielnych Scipionów w Africe i Archius poeta wojnę Luculussowę z Mitridatessem królem Pontskim i Marryussowę z Cimbrami i Lucanus w wierszach swoich o Rzymskich wojnach czynił, o którym iz wierszem prawdziwie historią i wojny jako się toczyły opisał, jeszcze i dziś jest wielka zwada i gadka między grammaticami, jeśliby go poetą, jeśli historikiem słuszniej mianować mieli. Bo poetowie z niejakigo Boskiego natchnienia wiersze czyniąc, skuteczniej prawdę rzeczy niz prosty orator wyrażają” (Stryjkowski 1846: ІІ, XLVI).

Выразна відаць, што аўтар “Хронікі...” сфармуляваў нарэшце для сябе правіла ўжывання вершаванай формы ў празаічным творы і імкнуўся пераканаць чытача ў правамернасці такога выкарыстання паэзіі (уласныя разважанні пісьменнік падмацоўвае далей выказваннямі Платона). На жаль, гэтыя тэарэтычныя прынцыпы пісьменнік не рэалізаваў да канца на практыцы: першымі вершаванымі ўстаўкамі ў “Хроніцы...” сталі не маляўнічыя апісанні бітваў, а гістарычныя аргументы пра прыбыццё Палемона ў Літву, перанесеныя ў крыху змененым выглядзе з сачынення “Пра пачатак...” Толькі ў апошніх, спецыяльна для “Хронікі...” напісаных раздзелах, дзе аўтар не быў прывязаны да рукапіснага варыянту, вершаваная форма выкарыстана выключна для стварэння баталістычных сцэн: “O porażeniu 25 000 tatarów przekopskich pod Wisniowcem, roku 1512 ..”, “Bitwa sławna z Moskwą”. Прысвечаныя дзвюм слаўным перамогам гетмана Канстанціна Астрожскага, гэтыя вершы засведчылі відавочны рост паэтычнага майстэрства М. Стрыйкоўскага і пацвердзілі парадаксальную заканамернасць: чым радзей і ашчадней пісьменнік ужываў вершаваную форму, тым лепш у яго выходзіла!

Змены, што адбыліся у друкаванай хроніцы ў параўнанні з рукапіснай, тлумачыліся, на нашую думку, не столькі ўплывам знешніх абставінаў (уздзеяннем кан’юнктуры кніжнага рынку, пажаданнямі новага мецэната, заўвагамі невядомых нам крытыкаў), колькі эвалюцыяй творчага метаду пісьменніка, з’яўленнем новых узораў для наследавання. Як і ў ранейшых сваіх творах М. Стрыйкоўскі часта і ахвотна згадвае ў “Хроніцы...” Гамера, Вергілія і Авідзія, але ўжо ўсведамляе непрыдатнасць іхняга метаду для ўласнай працы. За ўзор для наследавання ён выбірае творы Энія, Архія і Лукана – познеантычных і раннехрысціянскіх паэтаў, якія апісвалі ў сваіх творах сапраўдныя гістарычныя падзеі з удзелам рэальных асобаў, а не легенды і міфы пра старажытных герояў і багоў. Асабліва моцнае ўражанне зрабіла на М. Стрыйкоўскага вершаванаяй хроніка Лукана “Фарсаліі” – амаль забытая ў нашыя дні, але вельмі папулярная у эпоху Рэнесансу. Нагадаем, што менавіта луканаўская мадэль эпасу сталася дамінуючай у польскай паэзіі канца XVI – XVII стст., на яе арыентаваліся Я. Каханоўскі, В. Патоцкі, Б. Папроцкі, С. Твардоўскі (Nieznanowski 1972: 391 – 426).

М. Стрыйкоўскі не выпадкова згадвае спрэчку вучоных-граматыкаў пра тое, кім быў Лукан: паэтам ці гісторыкам. Пісьменнік разумеў, што ягоная ўласная творчасць таксама можа выклікаць падобныя спрэчкі. З юнацтва М. Стрыйкоўскі марыў пра славу Гамера і лічыў сваёй апякункай музу эпічнай паэзіі, а не музу гісторыі: “Apollo zaś w opiekę wziąwszy młodość moję, / Omył mię w Helikonie i dał lutnią swoję./ Calliopea mię też za sługę przyznała...” (Stryjkowski 1846: I, XIV). Але напрыканцы творчага шляху зразумеў, што яму наканавана быць Гамерам і Герадотам у адной асобе: гісторыю зрабіць паэзіяй (“Maciej Stryjkowski, historyk i poeta”, – так падпісваецца ён пад прысвячэннем біскупу М. Гедройцу).

Хаця ў назве друкаванай хронікі з’явілася азначэнне “польская”, але асноўнаю тэмаю кнігі, як і ранейшых твораў М. Стрыйкоўскага, з’яўлялася гісторыя Вялікага Княства Літоўскага. На гэта звярталі ўвагу як беларускія, так і польскія даследчыкі, а З. Вайткавяк нават вынес гэты тэзіс у назву сваёй манаграфіі: “Мацей Стрыйкоўскі – гісторык Вялікага Княства Літоўскага. Каляндар жыцця і дзейнасці” (Wojtkowiak 1990). Цяжка пераацаніць значэнне дзейнасці М. Стрыйкоўскага для народаў Беларусі і Літвы: напісаўшы і выдаўшы “Хроніку...”, М. Стрыйкоўскі тым самым паставіў беларуска-літоўскую дзяржаву ў шэраг цывілізаваных краінаў Еўропы, зрабіў для Княства працу вартую той, якую Ян Длугаш зрабіў у свой час для Польшчы (Семянчук 1995: 3).

Узнікшая ў выніку узрастання гістарычнай самасвядомасці еўрапейскага грамадства ў эпоху Адраджэння, “Хроніка...” у сваю чаргу стымулявала рост цікавасці жыхароў Княства да гісторыі іхняе краіны. Надзвычайную папулярнасць працы М. Стрыйкоўскага сярод беларускай і ўкраінскай шляхты пацвярджае наяўнасць вялікай колькасці рукапісных спісаў і перакладаў “Хронікі...” на старабеларускую мову, а з’яўленне ў XVII ст. перакладаў на рускую мову сведчыць аб цікавасці да яе і суседніх народаў (Рогов 1966: 259 – 306).

“Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі” стала каталізатарам не толькі гістарычнай самасвядомасці, але і паэтычнай творчасці. Несумненна, тагачасныя паэты Вялікага Княства Літоўскага былі знаёмыя і з некаторымі іншымі творамі М. Стрыйкоўскага, а магчыма – і з самім аўтарам. Важнае значэнне для развіцця эпічнай паэзіі меў сам факт напісання вершаваных гістарычных твораў на польскай мове ў часы, калі адзінамагчымай мовай для гераічнай эпікі лічылася лацінская мова, а адзінапрыдатным памерам – гекзаметр. Прыклад М. Стрыйкоўскага, які польскай мовай і сілабічным вершам уславіў велічныя подзвігі Вітаўта і Ягайлы, Астрожскага і Радзівіла, стварыў маляўнічыя апісанні бітваў пад Грунвальдам і Оршай, спрыяў з’яўленню польскамоўных сілабічных паэм А. Рымшы і Г. Пельгрымоўскага.

Творы М. Стрыйкоўскага ўяўляюць сабой выдатны матэрыял для вывучэння ўзаемаўплыву польскай і беларускай моваў у XVI cт. (вось, напрыклад, колькі радкоў з прамовы гетмана Канстанціна Астрожскага да жаўнераў: “Hej! Nuż teraz, nuż deti! <...> / Tepir budte mużami, tepir w mężnym ciele, / Niech każdy wzbudzi dzielność...” (Stryjkowski 1846: II, 381). Польская даследчыца М. Карплук адзначыла факт частых запазычанняў Стрыйкоўскага з “заходнерускай” мовы і ўдакладніла, што гэта была менавіта беларуская, а не ўкраінская мова (Karpłuk 1977: 85). “Беларусізацыі” мовы М. Стрыйкоўскага спрыяла не толькі доўгае знаходжанне пісьменніка на Беларусі, але і актыўнае выкарыстанне ім напісаных па-беларуску дакументаў і беларуска-літоўскіх летапісаў: пытанню выкарыстання М. Стрыйкоўскім беларуска-літоўскіх летапісаў прысвечана шмат увагі ў кнізе М. М. Улашчыка (Улащик 1985: 83 - 91).

Бурлівае жыццё жаўнера, падарожніка, ксяндза і багатая творчасць М. Стрыйкоўскага характарызуюць яго як тыповага прадстаўніка эпохі Адраджэння, адоранага шматлікімі і рознабаковымі талентамі. Пісьменнік меў выдатную памяць і здольнасці да вывучэння моваў, цудоўна арыентаваўся ў антычнай літаратуры і гісторыі, добра маляваў, быў энэргічным і настойлівым у дасягненні мэты. Як некалі Ф. Скарына ў перакладзе Бібліі, М. Стрыйкоўскі змясціў напачатку “Хронікі...” свой партрэт і адкрыта ганарыўся сваёй місіяй першаадкрывальніка гісторыі Ўсходняй Еўропы. Хаця ўсе свае творы ён напісаў яшчэ не дасягнуўшы ўзросту Хрыста, але па аб’ёму і жанравым багацці спадчына М. Стрыйкоўскага – выключная з’ява ў літаратуры Вялікага Княства Літоўскага XVI ст.

Паэтычныя здольнасці М. Стрыйкоўскага па-рознаму ацэньваліся даследчыкамі, выклікалі як захапленне, так і зняважлівую іронію. Супярэчлівыя выказванні сваіх папярэднікаў спрабавала сістэматызаваць Ю. Радзішэўская (Radziszewska, Warszawa 1978: 23 – 25). Трэба прызнаць, што для большасці твораў пісьменніка ўласцівыя шматслоўнасць і таўталогія, хаатычнасць кампазіцыі і стылістычная стракатасць. Толькі ў гераічнай эпіцы, у апісанні рыцарскіх двубояў і велічных бітваў М. Стрыйкоўскі дасягнуў сапраўднага паэтычнага майстэрства. Адзін з найлепшых знаўцаў польскай эпічнай паэзіі С. Незнаноўскі ставіў М. Стрыйкоўскага як баталіста вышэй за Я. Каханоўскага, адзначаў, што “ Стрыйкоўскі здольны не толькі апісваць, але і перадаваць атмасферу бітвы, ваяўнічы запал, замяшанне” (Nieznanowski 1972: 408).

Сваёй творчасцю М. Стрыйкоўскі аказаў уплыў як на сучаснікаў, паэтаў Беларусі другой паловы XVI ст. (Я. Казаковіча, Г. Пельгрымоўскага, Я. Радвана, А. Рымшу), так і на многіх знакамітых паслядоўнікаў. “Паэтычныя ўстаўкі ў хроніцы Стрыйкоўскага несумненна прычыніліся да таго, што ў ХІХ ст., у часы, калі прыйшла мода на літаратурныя тэмы з гісторыі Літвы і Русі, генерацыя рамантыкаў з Міцкевічам, Славацкім і Крашэўскім на чале, пачала яе перачытваць і выкарыстоўваць матывы ягоных апісанняў у сваіх творах” (Krzyżanowski 1964: 163). Варта дадаць, што М. Стрыйкоўскі быў адным з улюбёных аўтараў не толькі Адама Міцкевіча (“Хроніка...” згадваецца ў паэме “Пан Тадэвуш”). Эпіграфам з “Хронікі...” пачынаецца вядомы раман Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.

Багатая творчасць М. Стрыйкоўскага належыць адразу некалькім народам: польскаму, літоўскаму, беларускаму. Нашыя паўночныя суседзі ўжо ўзяліся за асваенне спадчыны Гамера Вялікага Княства Літоўскага. Хочацца верыць, што творы М. Стрыйкоўскага неўзабаве дачакаюцца свайго перакладу і на беларускую мову. Выданне па-беларуску паэтычнай хронікі “Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія і грамадзянскія справы слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага...” альбо “Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі” сталася б данінай удзячнасці нашага народа аднаму з першых пісьменнікаў-гісторыкаў Усходняй Еўропы і паспрыяла б, як і гістарычная проза У. Караткевіча, развіццю нацыянальнай самасвядомасці чытачоў.


Загрузка...