ІІІ. 2. ПАЭТЫКА ПЕРАКАНАННЯ: ТВОРЧАСЦЬ Г. ПЕЛЬГРЫМОЎСКАГА


Прыкметнай постаццю ў рэнесансавым гуртку паэтаў, што склаўся ў 80-х гг. XVI ст. пры двары Радзівілаў біржайскай лініі, быў Гальяш Пельгрымоўскі. У “Апісанні маскоўскага паходу князя Крыштафа Радзівіла” Ф. Градоўскага і ў “Дзесяцігадовай аповесці ваенных спраў князя Крыштафа Радзівіла” А. Рымшы Гальяш Пельгрымоўскі згадваецца як актыўны ўдзельнік радзівілаўскага рэйду па тылах маскоўскіх войскаў восенню 1581 г. Сам Пельгрымоўскі адгукнуўся на слынны паход К. Радзівіла Перуна лацінамоўным панегірыкам “Panegyrika Apostrophe” (Кракаў, 1583), які стаўся літаратурным дэбютам пісьменніка.

Біяграфічных звестак пра Г. Пельгрымоўскага захавалася няшмат. Нарадзіўся ён у Вялікім Княстве Літоўскім (магчыма, у Ашмянскім павеце). Паходзіў са шляхецкага роду герба Навіна, вызнаваў кальвінізм. Напэўна, атрымаў добрую адукацыю, што дазволіла яму працаваць у каралеўскай канцэлярыі, а пазней заняць пасаду пісара Княства. Як ужо адзначалася, Г. Пельгрымоўскі браў актыўны ўдзел у Лівонскай вайне, а пасля яе заканчэння прычыніўся да наладжвання дыпламатычных стасункуў з Маскоўскай дзяржавай: у 1583 г. ездзіў па загаду караля Стэфана Баторыя да Івана ІV з лістом і падарункамі, выконваў абавязкі сакратара ў пасольстве Льва Сапегі да Барыса Гадунова ў 1600 - 1601 гг. У маладосці быў звязаны з дваром Радзівілаў, у сталым веку знаходзіўся пад уплывам канцлера Л. Сапегі. Памёр ў 1604 г. (Przyboś 1981: 85 - 86).

Г. Пельгрымоўскі з’яўляецца адным з найбольш вядомых польскамоўных паэтаў Беларусі эпохі Рэнесансу. Ягонае імя нязменна трапляла ў розныя бібліяграфічныя даведнікі, пачынаючы з “Dykcyonarza poetów polskich” (Кракаў, 1820) Г. Юшыньскага, згадвалася ў працах вядомых польскіх даследчыкаў В. Мацяёўскага, А. Брукнера, Ю. Кжыжаноўскага і інш. А. Брукнер прысвяціў спецыяльную публікацыю вершаванаму дыярыушу Г. Пельгрымоўскага “Poselstwo do Wielkiego księcia Moskiewskiego”, падрабязна апісаўшы твор і падаўшы вялікія ўрыўкі з яго (Brückner 1896: 78 - 96, 254 - 275, 412 - 442). З беларускіх вучоных першым зацікавіўся асобай Пельгрымоўскага У. Казбярук, паведаміўшы ў 1982 г. пра рукапісы паэмаў “Poselstwo ...” і “Rozmowa iednego Polaka z Moskwą na zamku Moskiewskim” (Казбярук 1982: 14 - 19), ён жа пазней апублікаваў апошні з названых твораў (Rozmowa 1992) і заахвоціў Максіма Танка перакласці яго на сучасную беларускую мову (Пельгрымоўскі 1998: 172 - 179). Абодва вышэйзгаданыя творы Г. Пельгрымоўскага былі разгледжаны ў кнізе І. Саверчанкі “Старажытная паэзія Беларусі: XVI - першая палова XVIІ ст.”( Саверчанка 1992: 72 - 74, 103 - 112), вершаваны дыярыуш “Пасольства да Вялікага князя Маскоўскага” прааналізаваны таксама ў нашай манаграфіі “Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст.” (Кавалёў 1993: 85 - 98). Трапіў Г. Пельгрымоўскі і ў бібліяграфічны слоўнік “Беларускія пісьменнікі” (Мельнікаў 1994: 518 - 519). А ў 1999 г. У. Казбярук пазнаёміў беларускага чытача з празаічным дыярыушам Г. Пельгрымоўскага паводле падрабязнага апісання, якое зрабіў у 1846 г. В. Трэмбіцкі (Пасольства 1999: 263 - 284).

Г. Пельгрымоўскі пісаў на лацінскай і польскай мовах, у позніх творах выкарыстоўваў і старабеларускую мову. У 80-х гг. XVI ст. акрамя згаданай ужо лацінамоўнай паэмы ў гонар Крыштафа Радзівіла, Г. Пельгрымоўскі апублікаваў яшчэ два панегірычных твора: “In nuptias illustrissimi Principis et Domini, D. Alberti Radiuilonis ...” (Вільня, друк. Д. Лэнчыцкага, 1585) з нагоды шлюбy Альбрыхта Радзівіла з курляндскай князёўнай Ганнай i “Epistola аd Magnificum ... Dominum Theodorum Skuminum ... “ (Вільня, друк. Я. Карцана, 1586) у гонар Фёдара Скуміна Тышкевіча. Але самым цікавым з лацінамоўных твораў пісьменніка 80-х гг. з’яўляеццца празаічны трактат з асобнымі вершаванымі ўстаўкамі “De heroibus in Dei Ecclesia” (Кракаў, 1585). І хаця некалі Г. Юшыньскі заўважыў, што “і мэта, і змест гэтага твора – не зразумелыя” (Juszyński 1820: 2, 59), ужо сама назва – “Пра герояў царквы Божай” – сведчыць пра тое, што трактат прысвечаны жыццю і подзвігам славутых біблейскіх персанажаў і герояў старажытнасці, аўтар даследуе сутнасць гераізму і разглядае ягоныя канкрэтныя праявы ў жыцці чалавека.

У 90-х гг. XVI ст. Г. Пельгрымоўскі паступова пераходзіць на польскую мову. Пад крыптанімам-псеўданімам “E. P. Philalethes Lithuanie” ён выдае вялікі вершаваны твор “Dialog slachcica litewskiego prawdziwy woyny Iflantskiey... Krоla ... Stefana z Księdzem Moskiewskim od początku do końca krоtko zebrany” (Вільня, друк. Я. Марковіча, 1594) і ананімна – зборнік вершаў на лацінскай і польскай мовах “Philopatris ad senatum populumque Lituanum” (Б. м., 1597). Абедзве кнігі падагульняюць тэму Лівонскай вайны, надзвычай актуальную для шматмоўнай паэзіі Беларусі 80-х гг. (згадаем творы М. Стрыйкоўскага, Ф. Градоўскага, Г. Пельгрымоўскага, С. Лаўрэнція, А. Рымшы, Я. Казаковіча, Я. Радвана).

Нельга пагадзіцца са сцвярджэннем А. Анушкіна, што змест “Дыялогу...” не ўяўляе асаблівай цікавасці (Анушкин 1970: 38): хутчэй за ўсё, літоўскі даследчык не чытаў твор, і таму не мог апісаць ягоны змест. “Дыялог...” налічвае каля 2000 радкоў і з’яўляецца, па-сутнасці, падрабязнай хронікай Лівонскай вайны: ад уварвання войскаў Івана ІV ў Прыбалтыку ў 1558 г. і да заключэння Ям-Запольскага мірнага пагаднення паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскім княствам 6-га студзеня 1582 г. Занатаваўшы для нашчадкаў найбольш важныя падзеі дваццаціпяцігадовай вайны (асабліва яе заключнай фазы): падзенне Полацка, вызваленне Полацка, узяцце Вялікіх Лук, няўдалую аблогу Пскова, а таксама шматлікія соймы, дыпламатычныя перамовы і г. д., Г. Пельгрымоўскі выступіў непасрэдным прадоўжальнікам традыцыі М. Стрыйкоўскага, стварыўшы яшчэ адну вершаваную хроніку ў польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу.

На старонках “Дыялога...” згадваюцца многія героі Лівонскай вайны: , Крыштаф Радзівіл Пярун, Філон Кміта-Чарнабыльскі, Канстанцін Астрожскі, Міхал Вішнявецкі і інш., але асноўную ўвагу паэт засяроджвае на дзейнасці караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя і на апошняй фазе Лівонскай вайны. У празаічнай дэдыкацыі трокскаму ваяводзе Яну Глябовічу Г. Пельгрымоўскі з удзячнасцю ўспамінае караля Стэфана як свайго настаўніка і дабрадзея, з павагай называе яго выратавальнікам Айчыны і прыкладам для цяперашняга рыцарства Рэчы Паспалітай. Каб захаваць у вяках памяць пра мудрага ўладара і адважнага палкаводца ды пашырыць ягоную славу далёка за межамі краіны, паэт і стварыў “... proste, nikczemne, lecz prawdziwe wirsze w rozmowie trzech osоb w roley, nie u ksiąg pisane” (Pielgrzymowski 1594: 11).

Хто ж тыя асобы, якія ўдзельнічаюць у размове, і чаму паэт выбраў для сваіх гістарычных “віршаў” форму дыялога? Назва твора – “Дыялог літоўскага шляхціца праўдзівы пра Інфлянцкую вайну караля Стэфана з князем Маскоўскім” – не дае адказу на гэтае пытанне і, можа, таму ў бібліяграфічным слоўніку “Беларускія пісьменнікі” яна перакладзена няправільна, як: “Дыялог літоўскага шляхціца ... са святаром маскоўскім” (Мельнікаў 1994: 519). Вядома, ніякага маскоўскага святара ў творы няма, а сам літоўскі шляхціц (Рыцар) з’яўляецца толькі на 56-й старонцы кнігі. Да ягонага з’яўлення размова вядзецца паміж дзвюма іншымі асобамі: Чэхам і Ганцом. Усе тры суразмоўцы паказаны на гравюры, змешчанай на тытульнай старонцы кнігі, а пасля празаічнай дэдыкацыі Я. Глябовічу пададзены іншы варыянт назвы твора: “Rozmowa trzech osоb o woynie Krоla ... Stephana ... z wielkim Księdzem Moskiewskim o Iflanty” (адзначым, што тэма “Дыялогу...” і прадмет размовы трох постацяў – вайна караля Стэфана з князем Маскоўскім за Інфлянты – дакладна вызначаны ў абодвух варыянтах назвы і, такім чынам, ад пачатку вядомыя, “зададзеныя” чытачу).

Зварот Г. Пельгрымоўскага да дыялагічнай формы можна вытлумачыць некалькімі прычынамі. Па-першае, жанр дыялогу – палітычнага, рэлігійна-палемічнага, маральна-дыдактычнага, філасофскага – быў надзвычай папулярны ў літаратуры Рэнесансу: у польскай літаратуры найбольш яскравыя ўзоры дыялогаў стварылі М. Рэй і Л. Гурніцкі (Kotarski 1971; Pelc 1971; Ziomek 1971). Па-другое, у XVI -XVII стст. назіралася агульная экспансія дыялагічнай формы выкладу матэрыялу на самыя розныя жанры, у выніку чаго ў форме размовы некалькіх асобаў пісаліся і панегірычныя вершы, і сатырычныя байкі. Па-трэцяе, паэтыка дыялогу была блізкая да практычнага красамоўства, да культуры “жывога слова”, якая квітнела ў шляхецкім грамадстве Рэчы Паспалітай (прамовы на сеймах, судовыя працэсы, рэлігійныя дыспуты і інш.). Напісанне дыялогаў з’яўлялася тыповым практыкаваннем на школьных занятках па рыторыцы (Korolko 1990: 145), а менавіта рытарычную падрыхтоўку мела большасць тагачасных літаратараў, у тым ліку і каралеўскі сакратар, пісар Княства, дыпламат Г. Пельгрымоўскі.

Аўтар “Дыялогу літоўскага шляхціца...” паставіў сабе за мэту не толькі распавесці чытачу пра Лівонскую вайну (мэта інфармацыйная), але і растлумачыць яе прычыны, сцвердзіць права Вялікага Княства Літоўскага на валоданне Інфлянтамі, пераканаць чытача ў слушнасці паходаў Стэфана Баторыя як адказу на агрэсіўную палітыку Івана Грознага (мэта публіцыстычная). Напэўна, “Дыялог...” Г. Пельгрымоўскага быў не толькі запозненым водгукам на мінулую вайну, але і меў актуальнае гучанне ў сярэдзіне 90-х гг. у кантэксце складаных узаемаадносінаў Рэчы Паспалітай з Маскоўскім княствам і, адначасова, у кантэксце ўнутрыфедэратыўных непаразуменняў паміж Польшчай у Вялікім Княствам Літоўскім ў справе Прыбалтыйскіх земляў. Невыпадкова прыкладна ў той жа час, што і “Дыялог...” Г. Пельгрымоўскага выйшла ў свет востра-публіцыстычнае сачыненне жамойцкага земскага пісара Х. Валадковіча “Cnotliwy Litwin podaie, iakie prawo ma narоd litewski do ziemi Iflanckiei” (Б. м., 1592).

Разгледзім, як аўтарская стратэгія Г. Пельгрымоўскага рэалізавана ў тэксце “Дыялогу...”. Пачынаецца твор з невялікага маналогу Чэха: напалоханы водбліскамі полымя і густымі слупамі дыму ў паўночнай частцы неба, ён чакае канца свету. З’яўляецца Ганец, наракае на вайну, якая выгнала яго з Вялікага Княства Літоўскага, а яшчэ раней з Маскоўскіх земляў, і просіць у Чэха прытулку. Чэх запрашае Ганца да свайго дома, з пашанай выказваецца пра слаўнага ва ўсёй Еўропе караля Стэфана, і просіць падрабязна распавесці пра вайну караля з князем маскоўскім:

Proszę cię, wypowiedz mi wszelakie nowiny,

Skąd ta woyna powstała, co iey za przyczyny.

Jakowie w niey postępki y o wszytkich sprawach

Krolewskich sprawiedliwych y męskich zabawach.

(Pielgrzymowski 1594: 15)

Забыўшыся на стому, Ганец тлумачыць прычыны вайны за Інфлянты (Вялікае Княства Літоўскае “ўступілася” за Лівонскі ордэн, на які “напала” Маскоўскае княства) і, мімаходзь згадаўшы пра няўдачы караля Жыгімонта Аўгуста (падзенне ў 1579 г. Полацка), пераходзіць да падрабязнага апісання трыумфаў Стэфана Баторыя ажно да ўзяцця Вялікіх Лук у 1580 г. Пра далейшае развіццё падзеяў Ганцу нічога не вядома, але яго змяняе Рыцар – непасрэдны ўдзельнік паходу Стэфана Баторыя на Пскоў – і даводзіць аповяд да заключэння Ям-Запольскага міру ў 1582 г. (пры з’яўленні Рыцара Ганец невядома куды знікае).

Звернем увагу на функцыю трох “персанажаў-суразмоўцаў” у “Дыялогу...” Г. Пельгрымоўскага і на суадносіны іхніх пазіцыяў (поглядаў на прычыны і характар Лівонскай вайны) з пазіцыяй самога аўтара. Звычайна, сярэднявечныя і рэнесансавыя дыялогі будаваліся як спрэчкі, дыскусіі паміж некалькімі асобамі, што адстойвалі розныя погляды. Вядома, у фінале перамагаў той з супраціўнікаў, які рэпрэзентаваў слушныя погляды – г. зн. погляды самога аўтара (у антычных дыялогах ісціна дасягалася агульнымі намаганнямі ўсіх удзельнікаў размовы і не была ні дададзенай загадзя, ні канчатковай). У “Дыялогу літоўскага шляхціца...” трое суразмоўцаў адрозніваюцца не сваімі поглядамі на справу (вайну паміж каралём Стэфанам і князем Маскоўскім) , а толькі ступенню інфармаванасці пра яе.

Чужаземец Чэх выконвае функцыю слухача, і нібыта павінен быць аб’ектыўным суддзёй ў канфлікце дзвюх дзяржаў, павінен разважліва ставіцца да паведамленняў Ганца і Рыцара, якія абодва рэпрэзентуюць адзін пункт гледжання (хаця Ганец і ідзе з маскоўскіх земляў). Але яшчэ нічога не пачуўшы пра прычыны і ход вайны за Іфлянты, Чэх ужо ўслаўляе караля Стэфана, і таму не дзіўна, што ён вельмі хутка пагаджаецца з аргументамі Ганца і ва ўсім вінаваціць Івана Грознага:

Zaiste sprawiedliwe tey woyny przyczyny,

Słusznie go Król woiuie za takowe winy.

Bo tu żaden nie wątpi, że iest sprawiedliwa

Ta woyna, a z krolewskiey strony nie straszliwa. <...>

Bo ieśliż dla oyczyzny y dla iey wolnosci

Woyny względem słuszne są cney sprawiedliwości.

Pewnie ta przeciw Moskwie słusznie podniesiona,

Od ktorey wszystka ziemia Iflantska skrwawiona.

(Pielgrzymowski 1594: 23)

Далей Чэх толькі задае Ганцу, а пасля Рыцару кароткія пытанні, якія рухаюць размову наперад (падобную функцыю маглі б выконваць і падзагалоўкі) і пагаджаецца з пачутым, што надае твору фармальныя прыкметы дыялога. Пра фармальнасць постаці слухача-Чэха ў творы сведчыць велічыня маналогаў апавядальнікаў Ганца і Рыцара: напрыклад, адзін з маналогаў Рыцара займае ажно 18 старонак! Такім чынам, заяўлены як дыялог, твор Г. Пельгрымоўскага больш падобны на рэпартаж (так званыя навіны) альбо, як мы ўжо адзначалі напачатку, на хроніку. У “Дыялогу...” Г. Пельгрымоўскага інфармацыйна-апавядальная плынь дамінуе над публіцыстычна-дыскусійнай, бо, па-сутнасці, ніякай спрэчкі паміж удзельнікамі размовы няма, яны мала чым адрозніваюцца паміж сабой (вядома, калі не лічыць за адрозненне наяўнасць каня пад Рыцарам) і толькі распавядаюць альбо каментуюць падзеі з аўтарскага пункту гледжання.

Сапраўднымі, “дзеючымі” героямі твора, з’яўляюцца, як і заяўлена ў назве, Стэфан Баторы і Іван Грозны. Вобраз станоўчага героя, караля Рэчы Паспалітай, намаляваны ў “Дыялогу...” крыху схематычна (дзеянні караля апісваюцца з падрабязнасцю хронікі, а рысы характару ўслаўляюцца ў традыцыйнай панегірычнай манеры), але памятаючы, што “характар персанажа – набор усіх дадзеных у тэксце бінарных супрацьпастаўленняў яго з іншымі персанажамі” (Лотман 1970: 305), можна сцвярджаць, што ў пары з вобразам адмоўнага героя – князя Маскоўскага, вобраз Стэфана Баторыя – абаронца Айчыны і справядлівасці – выглядае ў творы Г. Пельгрымоўскага дастаткова пераканаўча. Але найбольш каларытным і “жывым” атрымаўся ў “Дыялогу...”, як гэта часта бывае з адмоўнымі героямі, вобраз Івана Грознага (нагадаем, што вобраз Івана Грознага адыгрывае важную ролю таксама ў паэмах Ф. Градоўскага, А. Рымшы і Я. Радвана). Выпісаны ў экспрэсіўна-эмацыянальнай манеры вобраз няўрымслівага тырана, парушальніка божых запаветаў і чалавечых законаў, бязлітаснага да ўласных падданых і небяспечнага для суседзяў забойцы і з’яўляўся тым галоўным аргументам, які пераканаў у слушнасці дзеянняў караля Стэфана ўмоўнага слухача Чэха і павінен быў пераканаць рэальных чытачоў у Рэчы Паспалітай і за яе межамі (дзіўна, што твор напісаны па-польску, а не па-лацінску).

У вобразе Івана Грознага ў “Дыялогу...” адлюстраваліся як уласныя веды і назіранні Г. Пельгрымоўскага (нагадаем, што ў 1583 г. ён па даручэнні Стэфана Баторыя ездзіў да князя Маскоўскага з лістом і падарункамі), так і распаўсюджаныя ў тагачаснай Заходняй Еўропе чуткі і карыкатурныя ўяўленні пра крыважэрнага маскоўскага цара. Непасрэдны ўплыў на аўтара “Дыялогу...” магла аказаць драматызаваная паэма Валентынуса Неатэбеля “Acrostichis własnego wyobrażenia kniazia wielkiego moskiewskiego”, выдадзеная ў 1581 г. у Торуню. Г. Пельгрымоўскі праўдзіва апісвае зверствы князя Маскоўскага ў Лівоніі і ў Полацку, але найбольш уражвае паэта жорсткае стаўленне Івана Грознага да ўласнага люду, катаванне вядомых ваяводаў і забойства нявіннага сына:

Y własne poddane swe w sztuki rozbierając,

A ręką swą niektore nożem przebiiaiąc,

Inych piec, ine warzyć żywo rozkazuie,

Niedźwiedźmi glodnemi, psy trawić nie żałuie.

Maiąc to za pocieche sobie osobliwa,

Gdy krwią ludzką pomaże ręke swą zlośliwą.

(Pielgrzymowski 1594: 21)

Негатыўнае стаўленне да князя Івана не распаўсюджваецца на ўвесь рускі народ, аўтар “Дыялогу...” з павагай адзначае, напрыклад, мужнасць абаронцаў Пскова, спачувае жыхарам знішчаных вайной паселішчаў (знішчаных харугвамі Крыштафа Радзівіла, але, вядома, па віне князя Маскоўскага). І нават пераможанаму каралём Стэфанам Івану IV Бог даруе і дасылае езуіта Пасевіна, які дапамагае заключыць мір паміж дзвюма дзяржавамі: праўда, пасля шчырага раскаяння тырана і ягонай пранікнёнай малітвы да Бога, “падслуханай” паэтам (Pielgrzymowski 1594: 73 - 74).

Водгукі падзеяў Лівонскай вайны чуваць і ў ананімна выдадзеным зборніку вершаў на лацінскай і польскай мовах “Патрыёт Айчыны да сенату і дзяржавы літоўскай” (1597), аўтарства якога традыцыйна прыпісваецца Г. Пельгрымоўскаму (Estreicher 1882: 8, 97; Bibliografia 1965: 3, 105 - 106). Трэба адзначыць, што меркаванне пра аўтарства Г. Пельгрымоўскага бачыцца нам цалкам слушным. Па-першае, свой папярэдні твор паэт падпісаў: “E. P. Philalethes Lithuanie”, а гэта амаль тое самае, што і “Philopatris” (у польскім варыянце: “Miłosnik Oyczyzny”). Па-другое, зборнік напісаны з пазіцыяў літвінскага патрыятызму, які быў уласцівы Г. Пельгрымоўскаму (праўда, не толькі яму), асноўнай тэмай вершаў з’яўляюцца складаныя узаемаадносіны Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы – прадмет заўсёднай цікавасці жаўнера, пісара Княства і дыпламата Г. Пельгрымоўскага. Па-трэцяе, у “Патрыёце Айчыны...” выкарыстана дыялагічная форма, элементы тэатралізацыі (вершы ўяўляюць сабой прамовы на агульную тэму шэрагу ўяўных постацяў), што было якраз характэрна для творчай манеры аўтара “Дыялогу літоўскага шляхціца...”.

Няпроста вызначыць жанр “Патрыёта Айчыны...” Падобных патрыятычных “зваротаў” з’яўлялася нямала ў тагачаснай Рэчы Паспалітай: акрамя згаданага ўжо “Цнатлівага Літвіна” Х. Валадковіча можна назваць сачыненне Ф. Крыскага “Philopolites, to iest Miłosnik Oyczyzny” (Кракаў, б. г.) альбо ананімны “Votum szlachcica polskiego Oyczyzne miłuiącego” (Кракаў, 1596). Звычайна, гэта былі напісаныя прозай публіцыстычныя сачыненні, выдадзеныя як водгук на нейкую канкрэтную палітычную падзею альбо як рэакцыя на негатыўныя – з пункту гледжання аўтараў – тэндэнцыі ў грамадстве. “Патрыёт Айчыны...” Г. Пельгрымоўскага – паэтычнае сачыненне, якое складаецца з 23-х вершаў , непарыўна звязаных паміж сабой тэматычна і кампазіцыйна. Такім чынам, больш правільна казаць не пра зборнік вершаў, а пра вершаваную кампазіцыю, альбо паэтычную дэкламацыю “Патрыёт Айчыны да сенату і дзяржавы літоўскай”, выдадзеную пад адной вокладкай у двух варыянтах: лацінамоўным і польскамоўным. На жаль, факт двухмоўнасці не заўсёды адзначаецца даследчыкамі (Анушкин 1970: 38).

Мастацкая сітуацыя ў дэкламацыі Г. Пельгрымоўскага нагадвае пасяджэненне сенату, у якім бяруць удзел Патрыёт Айчыны (porte-paroles аўтара), Маці-Літва і яе шматлікія дзеці: розныя землі Вялікага Княства Літоўскага (пры чым, не толькі тыя ваяводствы, якія ўваходзілі ў склад дзяржавы напрыканцы XVI ст., але і колішнія ўладанні літоўскіх князёў, і нават сумежныя тэрыторыі). Тэма выступлення Патрыёта і ўсяго “пасяджэння сенату” – заняпад некалі магутнай дзяржавы, абыякавасць грамадзян да лёсу Бацькаўшчыны – традыцыйная не толькі для польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу, але і для літаратуры ўсіх часоў і народаў увогуле. На пачатку сваёй прамовы Патрыёт згадвае былую веліч Літвы, гераічныя традыцыі продкаў:

Wielowładny to narod Litewski przed laty

Słynął w złoto y męże waleczne bogaty:

Szeroko państwa swego rosciągał granice,

Oyczystych pol warowal, iak oka zrzenice. <...>

Nie obciążał swych oczu snem leniwym ani

Przekażała mu męstwa złych miłości pani.

Kochał się w dobrey broni, cudzoziemskie stroie

Z obyczaymi odrzucał. Dobre były swoie.

Dość narodów y znacznych czołem iemu bilo,

A postrachem Litewskie imie wielom było.

Dzisią wszystko inaczey . <...>

(Philopatris 1597: 15)

Прычыны заняпаду Княства Патрыёт бачыць ва ўзмацненні суседніх дзяржаў і ўнутраных нязгодах у беларуска-літоўскім грамадстве, у адмаўленні ад старадаўніх звычаяў і пагоняй за чужаземскай модай (пазней гэты матыў будзе плённа развіты аўтарам “Прамовы Мялешкі”), ва ўсеагульнай пагоні за золатам і нежаданні шляхты ахвяраваць калі не жыццём, то хаця б уласнымі інтарэсамі дзеля выратавання Айчыны.

Услед за Патрыётам слова двойчы бярэ Літва: у першай прамове (“Litwa lamentuie”) яна звяртаецца да багоў, у другой (“Taż do synow wyrodnych” ) – да сваіх няўдзячных дзяцей. У скарзе да багоў (множны лік несумненна сведчыць пра ўплыў антычнай традыцыі) Літва услед за папярэднім прамоўцам спачатку згадвае пра сваю былую веліч, а потым распавядае пры жудасную сітуацыю, у якой яна цяпер апынулася:

Dziś moia cześć y mego królestwa wycięta,

Dziś moie skarby w niwecz y sława odięta.

Na pował trupy leżą synow bez litości

Zbitych, a wszytka ziemia bieleie od kości.

Drugich, co zlych rąk uszli krwawej śmierci, srogi

Tyran pętem niezłomnym twardo zwiazał nogi.

(Philopatris 1597: 16)

Аплакаўшы забітых і зняволеных тыранам сыноў, Літва звяртаецца потым да астатніх, якія не хочуць яе бараніць, хаця вораг падступіў ужо да самых межаў. Калі прамова Патрыёта выклікала асацыяцыі з “Прамовай Мялешкі”, лямант Літвы нагадвае, безумоўна, плач Маці-Царквы па адрокшыхся ад яе дзецях у “Трэнасе” М. Сматрыцкага. Згадваецца таксама маналог Радзімы з нараканнямі на няўдзячных сыноў у ананімнай паэме “Пратэй, або Пярэварацень” (1564). Такім чынам, алегарычны вобраз Маці (Радзімы, Літвы, Царквы), пакінутай сваімі дзецьмі (шляхтай, ваяводствамі, магнацкімі радамі), быў надзвычай папулярны ў шматмоўнай літаратуры Беларусі XVI - пачатку XVIІ ст., што тлумачыцца як уплывам антычных узораў, так і ўздзеяннем адпаведных грамадска-палітычных абставінаў.

Але пра якіх забітых і зняволеных сыноў гаворыць Літва, на якога жорсткага тырана яна наракае ў творы, выдадзеным у 1597 г? Калі б мы не ведалі года выдання кнігі, на падставе зместу першых трох вершаў “Патрыёта...” можна было б зрабіць выснову, што твор пабачыў свет у 60-70-я гг., у самы разгар Лівонскай вайны і заклікае шляхту да паспалітага рушання, каб вызваліць захопленыя Іванам Грозным землі Ўсходняй Беларусі і Прыбалтыкі. І сапраўды, у адным з наступных вершаў (“Smoleńsk”) “жорсткі тыран” канкрэтызуецца як “тыран Маскоўскай зямлі”, але ў іншым вершы (“Troki, Grodno, Kowno, Upita”) гаворыцца, што тыран загінуў, дарэмна спрабуючы адабраць у Літвы свабоду, а ў вершы “Moskwa” паведамляецца, што цяпер насталі часы доўгачаканага міру з Маскоўскім княствам.

Неадпаведнасці зместу асобных вершаў рэальнай гістарычнай сітуацыі і зместу іншых вершаў прасцей за ўсё было б вытлумачыць недаглядам аўтара, які не здолеў парадзіць з мастацкім часам у творы. Але ўважлівае знаёмства з вершамі “Патрыёта...” прыводзіць да высновы, што гэта – не так, і што часавыя неадпаведнасці ў значнай ступені вынікаюць з агульнай канцэпцыі кнігі. Мы маем дачыненне з унікальнай гістарычнай геаграфіяй Вялікага Княства Літоўскага, створанай у паэтычнай форме, з арганічным спалучэннем паведамляльных, апісальных і экспрэсіўна-эмацыянальных элементаў.

На скаргі і справядлівыя папрокі Літвы адказваюць яе дзеці: гарады і землі, якія ўваходзяць альбо калісьці ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага. У невялікіх вершах як у магічных люстэрках адбіліся асаблівасці гістарычнага развіцця розных рэгіёнаў краіны. Жамойцкае стараства згадвае пра сваю шматвяковую барацьбу з крыжакамі, Валынь – пра бітвы з татарамі і прымусовае далучэнне да Польшчы, Падляшша – пра яцвягаў і вынікі Люблінскай уніі, Віцебск і Орша – пра змаганне на перадавых рубяжах з Масквой, Рэчыца і Мозыр наракаюць на казацкія набегі... Усе яны суцяшаюць маці-Літву, запэўніваюць яе ў сваёй любові і абяцаюць дапамогу ў цяжкую гадзіну. А землі, якія некалі знаходзіліся ў сферы палітычных уплываў вялікіх князёў літоўскіх, а цяпер належаць іншым дзяржавам, выказваюць спадзяванне вярнуцца пад крыло Літвы. Нават Пскоў і Ноўгарад, якія былі некалі незалежнымі і не схіляліся ў паклоне ні перад Літвой, ні перад Масквой, трапіўшы ў маскоўскую няволю, чакаюць вызвалення з боку Княства (добрае веданне рэальнай гісторыі ўтварэння Маскоўскай дзяржавы спалучалася, як бачым, у аўтара вершаў з палітычнымі фантазіямі).

У кожнага з рэгіёнаў, якія выступаюць з прамовамі да маці-Літвы, свая гісторыя і свая палітычная пазіцыя, свой умоўны мастацкі час (адны прамаўляюць з мінуўшчыны, другія – у разгар вайны з Масквой, трэція – пасля падпісання міру). Такая разнастайнасць стварае ўражанне паліфаніі, наяўнасці сапраўднага дыялогу ў творы (вядома, яшчэ не ў бахцінскім разуменні гэтага паняцця (Бахтин 1975: 526 - 528), але ўжо далёкіх ад аднамернасці і схематызму “Дыялогу літоўскага шляхціца...”). У “Патрыёце...” прысутнічаюць элементы мастацкай гульні, пераўвасаблення паэта ў тых, каму ён дае слова, нават калі ён, як патрыёт Літвы, ім не сімпатызуе. Напрыклад, перакопскія татары хваляцца сваімі набегамі на Княства:

Ospałe Chrześciany często nawiedzamy,

Z ich córkami roskoszy miley zażywamy.

A co się z nich narodzi – daiem obrzezować,

Chcąc w tym Machometowe ustawę zachować.

Gdy podroście, pomoze nam bic Chrześciany,

Chociasz z tey krwie iest miedzy nami wychowany.

(Philopatris 1597: 26)

Інфлянтская зямля наракае, што ў выніку уніі з Вялікім Княствам Літоўскім замест свабоды і спакою атрымала нязгоду і ўнутраныя беспарадкі ў Рэчы Паспалітай. А Масква бачыць прычыну шматвяковых войнаў з Княствам у паганстве Літвы:

Nie dziw przed dwiema sty lat ześmy niespokoyny

Żywot wiedli przez rozruch y domowe woyny.

Boś ty, Matka Litewska, Bożey znaiomości

Nie miała, zaczym przyszlaś do takiey brzydkości,

Ześ przed mierzionym gadem niezbożnie klękała,

Węże doma chowaiąc, za bogi ie miała.

(Philopatris 1597: 24)

Як мы ўжо адзначалі, узаемадносіны Вялікага Княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай займаюць цэнтральнае месца ў “Патрыёце...” і ва ўсёй творчасці Г. Пельгрымоўскага. У вершы “Moskwa” паэт з горыччу заўважае, што шматлікія войны, якія з пераменным поспехам вялі паміж сабой дзве гэтыя дзяржавы, былі на радасць “паганым”, і менавіта ў саюзе супраць татар і турак бачыць ён трывалую аснову міра паміж дзвюма хрысціянскімі краінамі. Падобны заклік, але ўжо да саюзу Літвы з Валахіяй, гучыць і ў вершы “Wołoska ziemia” (гучыць якраз напярэдадні вайны паміж Рэччу Паспалітай і Валахіяй!).

Ідэя аб’яднання хрысціянскіх народаў для барацьбы з “паганымі” –полаўцамі, татарамі, туркамі і г.д. – была, канечне, для літаратуры далёка не новая (згадаем хаця б такія вядомыя творы, як “Слова пра паход Ігаравы” і “Песню пра зубра” М. Гусоўскага), але напрыканцы XVI ст. яна зрабілася надзвычай актуальнаю, пра што сведчыць з’яўленне цэлага шэрагу антытурэцкіх твораў у Рэчы Паспалітай: напрыклад, у Вільні пабачылі свет зборнік вершаў кіеўскага біскупа Ю. Верашчынскага “Pobudka na Iego Cesarską Miłość ..., na Iego K. M. Krola Polskiego ..., na Iaśnie Ośwęconego Kniazia Wielkiego Moskiewskiego do podniesienia woyny świętey spólną ręką przeciw Turkom i Tatarom”(1594) і перакладзены Я. Л. Намыслоўскім трактат А. Бузбегвіуса “Oratorza cezarza Ferdinanda drogi trzy <...>. Okrzyk na wojnę przeciw Turkowi” (1597).

Жыццё “адгукнулася” на заклікі аўтара “Патрыёта...”: праз некалькі год пасля апублікавання кнігі яму давялося адправіцца ў Маскву ў складзе пасольства Льва Сапегі: заключаць вечны мір паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскім княствам. Творчым вынікам гэтай паездкі сталіся тры сачыненні: празаічны дыярыуш пасольства, кароткі вершаваны дыялог “Rozmowa iednego Polaka z Moskwą na zamku Moskiewskim” і вершаваны дыярыуш “Poselstwo do Wielkiego Księcia Moskiewskiego” (ніводнае з іх не было апублікаванае пры жыцці аўтара).

Як ужо адзначалася, “Размова аднаго паляка з маскалём на Маскоўскім замку” разглядалася беларускімі літаратуразнаўцамі У. Казберуком і І. Саверчанкам, а шырокаму чытачу твор зрабіўся даступным, дзякуючы перакладу М. Танка. Таму мы не будзем падрабязна спыняцца на аналізе гэтага твора, заўважым толькі, што, на нашую думку, “Размова...” адносіцца не да рэлігійна-палемічнай, а да палітычнай паэзіі (пытанне розніцы веравызнанняў закранаецца суразмоўцамі, але ў аснове спрэчкі ляжаць палітычныя праблемы) і што да развіцця беларускай драматургіі “Размова ...” Г. Пельгрымоўскага непасрэднага дачынення не мае: каб пераканацца ў гэтым, дастаткова параўнаць літаратурныя па сваёй прыродзе дыялогі Г. Пельгрымоўскага з тэатральным “Дыялогам пра мір для караля Стэфана” К. Пянткоўскага, выстаўленым навучэнцамі Віленскай езуіцкай акадэміі 4 лютага 1582 г. (Pętkowski 1961: 385 - 418).

У “Размове аднаго паляка з маскалём...” згадваюцца некаторыя пытанні перамоў Льва Сапегі з баярамі і абставіны жыцця паслоў у Маскве, падрабязна апісаныя потым Г. Пельгрымоўскім у вершаваным дыярыушы “Пасольства да вялікага князя маскоўскага”. Менавіта гэтая “пасольская паэма” (каля 7000 радкоў) сталася найбольш значным творам у літаратурнай спадчыне Г. Пельгрымоўскага. Напрыканцы паэмы змешчаны дадатак да яе: незавершанае апісанне пасольства Міхаіла Салтыкова-Марозава ў Вільню да караля Жыгімонта ІІІ у 1602 г. Можна меркаваць, што паэма створана незадоўга да смерці аўтара, недзе ў 1602 - 1603 гг. Параўнанне тэксту “Пасольства...”, апублікаванага ў скарочаным выглядзе А. Брукнерам, са зместам празаічнага дыярыуша, апісанага У. Трэмбіцкім (Trębicki 1846) дазваляе зрабіць наступную выснову: вершаваная форма прывяла не толькі да рытмічнага ўпарадкавання празаічнага тэксту і механічнага аздаблення яго рыфмамі, але і да ўзмацнення вобразнасці, мастацкай выразнасці, да з’яўлення паэтычных штампаў-клішэ, характэрных для эпічнага стылю. Сам А. Брукнер, які меў магчымасць пазнаёміцца з поўным тэкстам паэмы Г. Пельгрымоўскага, адзначаў, што менавіта патрабаванні эпічнага стылю вымагалі ад аўтара пашырэння і ажыўлення сціслых дзённікавых апісанняў, а таксама ўвядзення ў вершаваны твор новых вобразаў і апісання падзеяў, нідзе ў празаічным дыярыушы не занатаваных (Brückner 1896: 90). Такім чынам, “Пасольства да вялікага князя маскоўскага” можна разглядаць і як дыярыуш у вершаванай форме, і як эпічную паэму ў форме дыярыуша, памятаючы, што высокая канцэнтрацыя фактаграфічнага матэрыялу, дакладнасць і дэталізаванасць апісанняў, строгая адпаведнасць кампазіцыі твора храналогіі рэальных падзеяў вынікалі менавіта з дыярыушавай асновы паэмы Г. Пельгрымоўскага. Сустракаюцца ў рукапісу паэмы і ўрыўкі празаічнага тэксту, якія маюць характар дакументальнага дадатку: “лісты прымерныя”, пералікі напояў і прысмакаў на ўрачыстых банкетах, спісы падарункаў цару і ад цара і г. д.

Мэтаю пасольства Льва Сапегі ў Маскву ў 1600 - 1601 гг. было заключэнне чарговага перамір’я паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай, а ў спрыяльных умовах – вечнага міру, што адпавядала інтарэсам і рускага народу, які толькі прыходзіў у сябе пасля крывавай тыраніі Івана Грознага і пасля паражэння ў Лівонскай вайне, і народаў Рэчы Паспалітай, знясіленых мінулай вайной і ўцягнутых у новыя вайны: на поўдні – з Валахіяй, і на поўначы – са Швецыяй. Несумненна, Г. Пельгрымоўскі ўсведамляў важнасць ускладзенай на пасольства місіі, на самым пачатку паэмы ён выказвае надзею:

Że nie długo z obu stron w jedno narodowie

Pójdą z chęcią, radością, ojczyzny synowie;

Będą, mówiąc, w pokoju Rzeczepospolite

I ty państwa z obu stron wielkie, znamienite,

Na żałość, smętek, wieczny upadek poganom,

A na radość, pociechę wszytkim krześcjanom.

(Brückner 1896: 92)

Як бачым, паэт развівае ў “Пасольстве...” ідэю, выказаную ў “Патрыёце...”, звязвае заключэнне міру паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскім княствам з неабходнасцю сумеснага змагання супраць турак і татар. Але гаворка ідзе ўжо не проста пра ваенны саюз дзвюх краінаў, а пра “адзіны народ”: відавочна, маецца на ўвазе унія паміж дзвюма дзяржавамі, падобная да уніі паміж Польшчай і Вялікім Княствам Літоўскім. З прапановай такой уніі і прыехалі да Барыса Гадунова паслы ад Жыгімонта Вазы, выклаўшы асноўныя палажэнні ўз’яднання дзвюх дзяржаў у 24-х пунктах “Спосабаў вечнага міру”.

Але баяры рашуча адхілілі не толькі ўтапічныя “Спосабы вечнага міру”, якія, трэба прызнаць, шырока адчынілі б дзверы для пранікнення каталіцызму ў праваслаўную краіну і паставілі б пад пагрозу дзяржаўную самастойнасць Маскоўскага княства, але і сам вечны мір, заявіўшы паслам , што размова можа ісці толькі пра чарговае перамір’е і толькі пасля таго, як паслы прызнаюць царскі тытул Барыса Гадунова (Tyszkowski 1927: 51). Выкарыстоўваючы цяжкае ваенна-палітычнае становішча Рэчы Паспалітай, абумоўленае няўдачамі Жыгімонта Вазы ў вайне з Міхалам Мультанскім і Карлам Судэрманскім, баяры імкнуліся дабіцца палітычных і тэрытарыяльных выгадаў для Маскоўскай дзяржавы.

Дыпламатычныя перамовы паслоў з баярамі, шматлікія спрэчкі і маналогі знаходзяцца ў цэнтры ўвагі аўтара “Пасольства...”, ён падрабязна апісвае ўсе аргументы pro et contra, палітычныя абвінавачанні і гістарычныя спасылкі, перадае квятастыя выразы ўрачыстых прыёмаў і цырымоніяў, эмацыянальную, часам блізкую да лаянкі мову дзелавых сустрэчаў. Прэтэнзіі Барыса Гадунова на тытул “цара ўсёй Русі” ўспрымаліся паэтам як прэтэнзіі Маскоўскага княства на беларускія і ўкраінскія землі, і таму Леў Сапега, які рашуча адхіляў і царскі тытул, і тэрытарыяльныя дамаганні маскоўскага князя, быў для Г. Пельгрымоўскага такім жа героем, абаронцам Айчыны, як Крыштаф Радзівіл Пярун для А. Рымшы. Не на полі бітвы, а на полі дыпламатычных перамоў мусіў здзейсніць свой подзвіг герой Г. Пельгрымоўскага, і, трэба адзначыць, даводзілася пану канцлеру клікаць на дапамогу ўсю сваю мужнасць, разважлівасць і стрыманасць. Ваяўнічасць і пыха ў баярскіх прамовах спалучаліся з хітрасцю і прытворствам:

Bywalichmy wszak w Litwie; krew prolić się może;

Wy na koń, my na druhoj, komuż Boh pomoże.

Myb radzi, sztob i zawtrze pieremire wyszło,

Sztob znowu wojewaci Litwu borzdo przysło.

Dawno-byście po drodze doma hodowali,

Gdybyście wsieja Rusi Cara Carom zwali”.

(Brückner 1896: 257).

Леў Сапега асуджае легкаважнае стаўленне баяр да вайны, ён папярэджвае, што вайна – жахлівая, трагічная з’ява ў жыцці людзей і што тых, хто без прычыны распачынае кровапраліцце, чакае боская кара:

Lać krew ludzką kto szuka, pomsta nad nim Boża,

Nie gałki grać, nie śmiech to, nie z ogroda roza.

Nie wołamyć na wojnę; bronić się będziemy;

Nie ręczymy, i dalej jesli nie pójdziemy.

(Brückner 1896: 89)

Прамовы вялікага канцлера літоўскага прасякнуты пачуццём чалавечай і дзяржаўнай годнасці; скрозь стрыманыя, узважаныя выказванні палітыка і дыпламата прабіваюцца натхнёныя, эмацыянальныя словы грамадзяніна і патрыёта. Заўважаецца, што Г. Пельгрымоўскі свядома канцэнтруе ўсю ўвагу на асобе галоўнага героя, пакідаючы ў цені іншых удзельнікаў пасольства: кашталяна варшаўскага Станіслава Варшыцкага, ваяводу віцебскага Яна Сапегу, аршанскага земскага суддзю Андрэя Варапея і інш. Нават пра свой уласны, даволі прыкметны ўдзел у перамовах (менавіта Г. Пельгрымоўскі складаў “ліст прымерны” з умовамі дваццацігадовага перамір’я, а на ўрачыстым прыёме ў цара выступаў з традыцыйнай прывітальнай прамовай ад імя пасольства) паэт піша няшмат і ў трэцяй асобе: згадвае пра хваробу пана пісара, прамову “пана пісара” перад вялікім князем маскоўскім і г.д.

І ў празаічным, і ў вершаваным дыярыушы прамовы цара і баяр Г. Пельгрымоўскі падаваў з захаваннем у некаторых мясцінах адмысловых слоў рускай мовы, але пісаў гэтыя словы на беларускі манер (“h”, “ci”, “dzi” замест “g”, “ti”, “di”, з цвёрдым “r”), на што слушна зврталі ўвагу як беларускія (Казбярук 1982: 16; Саверчанка 1992: 104), так і польскія даследчыкі (Brückner 1896: 88; Tyszkowski 1927: 3). Шмат у баярскіх прамовах і чыста беларускіх слоў, яшчэ больш іх у прамовах канцлера Льва Сапегі. Безумоўна, Г. Пельгрымоўскі добра ведаў беларускую мову, карыстаўся ёй як пісар Княства ў справаводстве, а часта і ў размове. А вось веданне рускай мовы ў яго палягала, відаць, як і ў Льва Сапегі, на блізкасці рускай і беларускай моў, таму і ў празаічным дыярыушы баярскія прамовы пададзены ў беларускамоўнай транскрыпцыі, і асабліва ў паэме, дзе аўтару даводзілася не толькі ўзнаўляць занатаваныя раней прамовы, але і пашыраць іх, перапрацоўваць у вершаваную форму, замяняючы многія словы, прыдумляючы новыя сказы і выразы.

Характэрнаю рысаю “пасольскай паэмы” Г. Пельгрымоўскага з’яўляецца тэматычная шматпланавасць: апісанні бясконцых спрэчак і дыскусіяў канцлера Л. Сапегі з баярамі і прыказнымі дзякамі паэт перамяжоўвае з паказам штодзённых цяжкасцяў жыцця паслоў у Маскве, з замалёўкамі побыту і звычаяў вялікакняскага двара і рускага народа на мяжы XVI - XVII cтст. З гневам і агідаю піша паэт пра крывавыя публічныя пакаранні па загадзе Барыса Гадунова – спадчыну тыраніі Івана Грознага. Абурае яго пагардлівае стаўленне маскоўскіх уладаў да навукі і асветы, адсутнасць школ і друкаваных кніг:

A wy co, mili Moskwa? Gdzie swój rozum macie,

Żeście to zarzucili i oto niedbacie?

Tatarskie obyczaje, ich pogańskie sprawy:

To wasz rozum i mądrość i wasze zabawy.

Gdy o szkolach mawiają i o nich słychacie,

Ledwo nie za truciznę, za powietrze macie.

(Brückner 1896: 440 - 441)

Шмат увагі прысвечана ў паэме апісанню ўрачыстых цырымоніяў і абедаў пры двары маскоўскага ўладара. Цікаўнае вока пана пісара заўважае шмат каларытных дэталяў і асаблівасцяў, а скептычны розум дае ім паблажліва-іранічную альбо здзекліва-саркастычную ацэнку. Са здзіўленнем адзначае Г. Пельгрымоўскі адсутнасць на сталах талерак, нажоў, лыжак і заморскіх вінаў. Не падабаецца яму мясцовы звычай падаваць стравы на стол халоднымі, нібы іх толькі што дасталі са склепу. Заўважаецца, аднак, і пэўная тэндэнцыйнасць у стаўленні пана пісара да маскоўскага побыту і звычаяў. Вынікала яна з характэрнага для XVI - XVII cтст. уяўлення пра падзел Еўропы на краіны цывілізаваныя і краіны варварскія, прычым кожны аўтар адносіў сваю радзіму да ліку першых, а суседзяў – да ліку другіх. Літвіна Гальяша Пельгрымоўскага здзіўляюць і абураюць парадкі ў Маскве, паляк Ян Пасак здзекуецца і кпіць з варварскіх звычаяў у Літве, французу Генрыху Валуа Польшча бачыцца з Вавельскага замку краінай адсталай і дзікай.

Безумоўна, паўплывалі на стаўленне Г. Пельгрымоўскага да маскоўскіх парадкаў таксама і цяжкія ўмовы жыцця паслоў, доўгае знаходжанне на чужыне, агрэсіўныя паводзіны баяр у працэсе перамоў і блазенская пазіцыя Барыса Гадунова. Некалькі месяцаў маскоўскі князь не прымаў паслоў Рэчы Паспалітай з прычыны “хваробы пальца на назе”, а тым часам аказаў прыём паслам Швецыі, надзяліўшы іх багатымі падарункамі і дэманстратыўна загадаўшы пасяліць навідавоку ў польска-літоўскіх паслоў. Г. Пельгрымоўскі наракае на дрэннае харчаванне, на недалікатнае абыходжанне і на забарону выходзіць у горад і размаўляць з яго жыхарамі (падобныя наракані гучаць і ў “Размове аднаго паляка з маскалём...”, створанай творчай фантазіяй зняволенага паэта). Думкі пра пакутніцкую смерць у маскоўскай вязніцы неаднойчы агортвалі пана пісара.

Але перамовы са шведамі не прынеслі баярам чаканых вынікаў, а 11 лютага 1601 г. у Маскву прыбыў ганец ад караля Жыгімонта ІІІ з навінай аб перамозе гетмана Яна Замойскага над Міхалам Мультанскім. Г. Пельгрымоўскі прысвяціў трыумфу “польскага Уліса” вялікі ўрывак у сваёй “пасольскай паэме”, нібы нагадваючы чытачу, што хоць услаўляе ён гэтым разам цярністы шлях да міру, але і ваенныя подзвігі апяваць умее.

Зброя Замойскага аказала дзейсную падтрымку красамоўству Сапегі: здароўе Барыса Гадунова адразу паправілася і ён міласціва пагадзіўся прыняць паслоў Рэчы Паспалітай. Змяніліся і паводзіны баяр, перамовы сталіся больш плённымі, і хоць Масква не прыняла ні дзяржаўнай уніі, ні вечнага міру, але пагадзілася на дваццацігадовае перамір’е. З радасным, але трывожным настроем пакідалі паслы Маскву: некалі Іван IV двойчы парушаў падобныя перамір’і і распачынаў ваенныя дзеянні, не было даверу і да цяперашняга маскоўскага ўладара. Супярэчлівыя настроі паслоў выдатна адлюстраваў у сваім творы Г. Пельгрымоўскі:

Daj Boże byśmy rychło braterstwo przyjęli,

Z tym narodem moskiewskim przyjaźń wieczną wzięli.

Bodaj w szczęsną godzinę zgodę zawierano

I traktatów zaczętych koniec udziałano.

Lecz że jeszcze są trudne zawady do tego,

Słuchaćby przypowieści: patrzaj każdy swego.

Szczęśliwy to, za czasu kto o wojnie radzi;

Gotowym być, sposobnym, nikomu nie wadzi.

(Brückner 1896: 439)

Зноў погляды Г. Пельгрымоўскага супадаюць з поглядамі М. Гусоўска, які ў “Песні пра зубра” ставіў Вітаўту ў заслугу ягоную звычку загадзя рыхтаваць войска да вайны, каб захаваць мір з суседзямі.

У рэчышчы агульнай эпічнай традыцыі, якая ў лацінамоўнай паэзіі Беларусі бярэ свой пачатак у творах Я. Вісліцкага і М.Гусоўскага, а ў польскамоўнай паэзіі XVI ст. плённа развіваецца М. Стрыйкоўскім і А. Рымшам, Г. Пельгрымоўскі у сваёй “пасольскай паэме” ўславіў новага героя – дыпламата Льва Сапегу, подзвіг якога заключаўся не ў выйграных бітвах, а ў дасягненні так неабходнага для Айчыны міру. “Пасольства да вялікага князя маскоўскага” падагульняла не толькі творчасць Г. Пельгрымоўскага, але і з’яўлялася выдатным эпілогам да цэлага шэрагу паэтычных твораў эпохі Рэнесансу, прысвечаных складаным узаемаадносінам Вялікага Княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай.


Загрузка...