І. 2. ПЕРШЫ ЎЗОР ПАЛІТЫЧНАЙ ПАЭЗІІ: “ДА ПАЛЯКАЎ І ДА ЛІТВЫ” А. ВАЛЯНА


Першым узорам палітычнай паэзіі ў шматмоўнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу з’яўляецца верш “Do Polaków i do Litwy”, змешчаны ў кнізе “Rozmowa Polaka z Litwinem”. Кніга была выдадзена ананімна , без указання даты і месца выдання. Напісаў яе, паводле меркаванняў як польскіх, так і беларускіх даследчыкаў, вядомы гісторык і юрыст, віленскі войт Аўгуст Ратундус, а надрукаваў у 1564 - 1565 гг. у Бярэсці паэт, кампазітар і друкар Цыпрыян Базылік (Nowak-Dłużewski 1966: 271 – 272; Лабынцаў 1990: 169). Верш “Да Палякаў і да Літвы”, падпісаны крыптанімам “А.W.”, належаў пяру Андрэя Валяна, на той час – сціплага сакратара Мікалая Радзівіла Рудага, а ў будучым – выбітнага пісьменніка-палеміста, арыгінальнага ў сваіх поглядах тэолага і філосафа, дасведчанага юрыста і дыпламата.

Імя Андрэя Валяна (1530 – 1610, нарадзіўся ў Новым Мясце, што ў Вялікапольшчы , па іншых звестках – у Біюцішках каля Ашмян) можна сустрэць у шматлікіх працах, прысвечаных гісторыі рэфармацыйнага руху ў Польшчы і ў Вялікім Княстве Літоўскім. Найбольшую славу прынеслі пісьменніку філасофскія трактаты “Пра палітычную, або грамадзянскую свабоду”, “Пра шчаслівае жыццё, або найвышэйшую чалавечую цноту”, “Пра ўладара і ўласцівыя яму цноты”, а таксама гучная палеміка з езуітам Пятром Скаргам у 70 – 80-х гг. ХVI ст. Свае творы А. Валян пісаў на лацінскай мове (у тым ліку і вершы). Па-польску пісаў прыватныя лісты і браўся за пераклад з лацінскай мовы кнігі М. Барлетыуса “Гісторыя пра жыццё і слаўныя справы Юрыя Кастрыёта, звычайна званага Скандэрбергам”, даперакладзеную потым і выдадзеную ў 1569 г. у Бярэсці Ц. Базылікам.

Верш “Да Палякаў і да Літвы” з’яўляецца літаратурным дэбютам А. Валяна, адзіным вядомым нам польскамоўным паэтычным творам пісьменніка. Ужо таму ён заслугоўвае ўвагі даследчыкаў, але перадусім – як яскравае мастацкае выяўленне незалежніцкіх, патрыятычных настрояў у беларуска-літоўскім грамадстве напярэдадні заключэння Люблінскай уніі 1569 г.

Складаны працэс узаемазбліжэння Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага знайшоў адлюстраванне ў многіх творах 50 – 60-х гг. XVI ст.: у эпіграмах Мікалая Рэя, у вершах і паэмах Яна Каханоўскага, у ананімнай паэме “Пратэй, або Пярэварацень”. Найбольшы ж розгалас выклікалі трактат Станіслава Ажахоўскага “Quincunx, гэта значыць узор Кароны Польскай” (Кракаў, 1564) і, напісаная як палемічны адказ на гэты трактат, кніга Аўгуста Ратундуса “Размова Паляка з Ліцвінам”.

У сваім сачыненні С. Ажахоўскі выклаў тэндэнцыйныя погляды на унію Польшчы з Літвой, прапанаваў уласнае разуменне свабоды і роўнасці народаў. Паводле С. Ажахоўскага, сапраўдная свабода можа квітнець толькі ў каралеўстве, бо кароль узводзіцца на трон духоўным уладыкам, а ў княстве пануе няволя, бо князь ужо ад нараджэння лічыцца ўладаром краіны. Польшча – каралеўства, грамадзяне яго свабодныя, Літва – княства, жыхары яго паднявольныя, і таму “аніводзін ліцвін, хоць бы найзначнейшы і найвыбітнейшы, найніжэйшаму паляку ні ў чым роўным быць не можа” (Orzechowski 1919: 235).

З гэтых пазіцый будучая унія выглядае не як саюз дзвюх раўнапраўных дзяржаваў, не як уз’яднанне братніх народаў з захаваннем уласных традыцый, а як далучэнне варварскай, таталітарнай дзяржавы да цывілізаванай, дэмакратычнай, як вызваленне палякамі ліцвінаў з няволі. Расчулены сваёй дабрынёй, сваёй месіянскай веліччу, Паляк С. Ажахоўскага заклікае: “О, нявольны Ліцвіне! Мяне, вольнага слухай Паляка, клічу цябе да сябе, вольнасцю сваёй прыроджанай і блаславенствам сваім шчодра і зычліва цябе надзяляю, не дзеля сябе, але дзеля цябе самога ў грамадства сваё бяру цябе: з нявольніка вольным чыню...” (Orzechowski 1919: 236).

Тэндэнцыйны трактат С. Ажахоўскага з беcпадстаўнымі высновамі і правакацыйнымі заявамі выклікаў гарачае абурэнне ў асяроддзі патрыятычна настроеных беларуска-літоўскіх магнатаў і шляхты, асабліва ў Мікалая Радзівіла Чорнага, супраць якога ў кнізе меліся асабістыя выпады. Відаць, менавіта ён даручыў віленскаму войту А. Ратундусу напісаць палемічнае сачыненне ў адказ на “Quincunx...”, а таксама далучыў да гэтае акцыі Андрэя Валяна, сакратара свайго стрыечнага брата. Заўважым, што гонар Вялікага Княства Літоўскага ад нападаў каталіка і ўкраінца па паходжаннi С. Ажахоўскага баранілі разам каталік А. Ратундус і кальвініст А. Валян, абодва па паходжанні палякі. Інтарэсы дзяржаўныя стаялі ў тыя часы відавочна вышэй за канфесійныя ды этнічныя.

Невядома, ці паспеў Мікалай Радзівіл Чорны прачытаць перад сваёй раптоўнай смерцю ў траўні 1565 г. “Размову Паляка з Ліцвінам”, але вынікам працы А. Ратундуса і А. Валяна ён, пэўна, застаўся б задаволены. З-пад пяра А. Ратундуса сапраўды выйшла кніга, “з якой кожны лёгка можа ўбачыць, чым ёсць праўдзівая вольнасць або свабода, і якую б унію Карона Польская з Княствам Літоўскім мела прыняць...” (Rozmowa Polaka 1890: II). У спрэчцы са сваім палітычным апанентам, Палякам, Ліцвін А. Ратундуса ўпэўнена перамагае, паспяхова бароніць уласную грамадзянскую годнасць і суверэнітэт Kняства: “Мы хочам разам з вамі быць, хочам вольнасці, якую з ласкі Божай даўно маем, ужываць, але сваёй дзяржавы паспалітай, здаўна ўтворанай і ўпарадкаванай, да вашай далучаючы, страціць не хочам...” (Rozmowa Polaka 1890: І).

Справіўся са сваёй задачай і А. Валян, напісаўшы традыцыйным для сілабікі трынаццаціскладовікам досыць вялікі верш (54 радкі), у якім не толькі пазнаёміў чытача з кнігай А. Ратундуса, але даў таксама сваю ацэнку трактату С. Ажахоўскага і выказаў уласныя погляды на унію Польшчы з Вялікім Княствам Літоўскім. Твор А. Валяна вылучаецца выразнай інтэртэкстуальнасцю: ён знаходзіцца ў сілавым полі двух вышэйназваных тэкстаў і актыўна ўзаемадзейнічае з імі. Калі б верш “Да Палякаў і да Літвы” быў змешчаны на пачатку “Размовы Паляка з Ліцвінам”, ён паспяхова мог бы выконваць ролю прадмовы да кнігі, калі б напрыканцы – ролю пасляслоўя, бо ўжо сам загаловак сведчыць пра генетычную прыналежнасць твора да прэфацыйнай і дэдыкацыйнай паэзіі, куды ўваходзілі рознага роду вершаваныя прадмовы, пасляслоўі і прысвячэнні. Але верш А. Валяна знаходзіцца ў сярэдзіне сачынення А. Ратундуса, з чаго вынікае меркаванне, што ён ствараўся ўжо ў працэсе набору кнігі, і адразу па напісанні быў устаўлены друкаром на першае ж магчымае месца: у якасці паэтычнага адступлення паміж першым і другім раздзеламі.

Назваўшы свой верш “Да Палякаў і да Літвы”, А. Валян заняў зручную для сябе пазіцыю ў спрэчцы двух персанажаў з кнігі А. Ратундуса і ў канфлікце двух народаў: пазіцыю суддзі-міратворцы, які хоча дапамагчы канфліктуючым бакам прыйсці да паразумення і згоды. Свае аргументы ён чэрпае з пазітыўнага вопыту мінуўшчыны: з вопыту сумеснага палітычнага жыцця Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага на працягу двух стагоддзяў пасля Крэўскай уніі. Аўтар падтрымлівае ідэю уніі і нагадвае, што гэтая вялікая ідэя нарадзілася не ў легкадумных галовах цяперашніх палякаў ды літвінаў, але ў мудрых галовах іхніх продкаў:

Próżnoby to kto ganił, że waszy przodkowie

Wiele myśląc i to w swej rozbierali głowie,

Aby na wieki państwa swoje zjednoczyli

A braterską miłością w jedną się łączyli...

(Rozmowa Polaka 1890: 53)

На думку А. Валяна, братэрскія адносіны павінны складаць аснову з’яднання двух народаў, а мэтай саюза дзвюх краін мусіць быць мір, узаемадапамога, узмацненне парадку ў агульнай дзяржаве, каб “адна галава кіравала ўсімі членамі”. Так было ў нашых продкаў, так павінна быць у ідэальным грамадстве (зварот да гістарычнай традыцыі стаўся, насамрэч, нагодай для выказвання ўласных поглядаў пісьменніка на грамадства, развітых ім пазней у філасофскіх трактатах). На жаль, зусім інакш выглядае сітуацыя цяпер, бо парушаны галоўны прынцып уніі: прынцып роўнасці, без захавання якога немагчыма ані братэрства народаў, ані парадак у дзяржаве:

Więc równy z równym zawżdy nadobnie się zgodzi,

A dobry z dobrym zawsze rad też spólnie chodzi.

Lecz gdy jeden wylata a drugiego depce

I mówi, iże to łotr, chocia też i szepce,

Tam miedzy takiemi już trudna bywa zgoda

A nie może nic urość, jedno zła przygoda.

(Rozmowa Polaka 1890: 53)

Ад усхвалення шчаслівага жыцця продкаў “у любові ды згодзе” пад адным уладаром, А. Валян у другой частцы верша пераходзіць да крытыкі цяперашніх стасункаў паміж палякамі і ліцвінамі, асуджае іх узаемныя інтрыгі і звады, імкненне узвысіцца за кошт прыніжэння другога, захапіць лепшае месца пад сонцам. Прыхільнік ідэі уніі ў прынцыпе, А. Валян вымушаны канстатаваць абсалютную непадрыхтаванасць польскага і ліцвінскага грамадства да яе заключэння:

Tu obaczcie, jeśliże i wam to nie szkodzi,

Iż wam do spólnej zgody jeszcze nie przychodzi,

Że tak jeden przed drugiem buja, chce mieć górę,

Więc temu ogon, a sam całą bierze skórę...

(Rozmowa Polaka 1890: 53)

Працытаваныя вышэй радкі сведчаць пра паступовы адыход аўтара ад першапачатковай пазіцыі бясстраснага суддзі-міратворцы, які аднолькава ставіцца і да Паляка, і да Ліцвіна. Не цяжка здагадацца, што менавіта Паляк бярэ сабе цэлую скуру, а Ліцвіну пакідае хвост. Аўтар адмаўляецца ад ролі суддзі, каб прамаўляць як пракурор і абвінавачваць Паляка. Апошні ж для А. Валяна – гэта не толькі персанаж з кнігі А. Ратундуса, не толькі абстрактны грамадзянін Кароны Польскай, але таксама надзвычай канкрэтны Ажахоўскі, які сваімі недарэчнымі сачыненнямі замінае народам дзвюх краін ісці па дарозе да згоды і ўзаемнай павагі:

Wiedzie Polak z niewolą hańbę na Litwina

A za cnego matki swej niechce go mieć syna,

Pisze o nim Quincunxy i dziwny wymysły,

Które tak z płochej głowy nierozmyślnie wyszły.

(Rozmowa Polaka 1890: 54)

Выказваючы свае адносіны да “Quincunx-a...”, А. Валян неўзабаве пераходзіць ад гарачага абурэння кнігай да з’едлівага сарказму ў адрас самога аўтара. Дыпламат і філосаф па натуры, А. Валян разумеў, што абвінавачванне ўсіх ва ўсім не мае сэнсу, што ў вершы, адрасаваным не толькі да чытачоў-літвінаў, але ў першую чаргу да чытачоў-палякаў, трэба шукаць шляхі да паразумення з апошнімі, і таму наўмысна акцэнтаваў увагу на несупадзенні поглядаў С. Ажахоўскага з поглядамі ўсяго польскага грамадства, выказваў спадзяванне, што самі палякі скептычна ставяцца да аўтара “Quincunx-a” і не прымаюць ягоных ідэй усур’ёз. А. Валян меў падставы так меркаваць: на памяці палякаў былі нядаўнія выступленні С. Ажахоўскага супраць папы рымскага Паўла IV, прымаса Уханьскага, пісьменніка-гуманіста А. Фрыча-Маджэўскага, ды і сам лад жыцця жанатага ксяндза (!) і аматара моцных напояў не выклікаў пашаны ў грамадстве.

Негатыўная ацэнка “Quincunx-a” непасрэдна пераходзіць у пазітыўную ацэнку “Размовы Паляка з Ліцвінам”, А. Валян ганарыцца годным адказам ліцвінаў на выпады С. Ажахоўскага:

Aleć mu z Litwy słuszną tu odpowiedz dano,

Aby tym snadniej, jaka to plotka, poznano.

Pozna, że sylogizmy w Litwie rozumieją,

I z błazna, gdy mędruje, dobrze się naśmieją;

Obaczy, jaki ma błąd w swych propozycyjach,

A zatym znakomity falsz i w swych konkluzyjach,

Bo tu prawdziwiej, co jest wolność wystawiono

A ją własnościami jej pięknie ozdobiono.

Która, Boże daj, aby wam zasmakowala,

Żeby swawola miasto niej nie panowała...

(Rozmowa Polaka 1890: 54)

Свой паэтычны твор А. Валян заканчвае перасцярогай палякаў і ліцвінаў ад сваволі ды распусты, якія не адно каралеўства загубілі (зноў алюзія да ідэй С. Ажахоўскага): не варта шляхецкую сваволю і анархію выдаваць за ўзор свабоды і дэмакратыі. Сапраўдная свабода спрыяе ўзмацненню дзяржавы, анархія ж прыводзіць да заняпаду, безабароннасці перад ворагамі і ўрэшце – да палітычнага небыцця.

Фінальная частка верша А. Валяна прасякнута гэткай самай трывогай за лёс нашчадкаў, якая гучыць у “Сатыры” Я. Каханоўскага, “Ляманце няшчаснага Рыгора Осціка” С. Лаўрэнція, “Сеймавых прамовах” П. Скаргі ды ў многіх іншых паэтычных і публіцыстычных творах XVI – XVII ст. “Сцеражыцеся палітычнай анархіі, рэлігійных канфліктаў і нацыянальных міжусобіц!” – папярэджвалі грамадства Рэчы Паспалітай мысліцелі і пісьменнікі яшчэ напрыканцы XVI ст., але яны засталіся непачутымі. Напрыканцы XVIII ст. дзяржава знікла з карты Еўропы. Польшча, краіна справядлівасці і свабоды, куды так горача заклікаў прыгнечаных і бяспраўных ліцвінаў С. Ажахоўскі, трапіла ў тую самую няволю, што і Вялікае Княства Літоўскае, а палякі вымушаны былі са зброяй у руках змагацца поплеч з літоўцамі, беларусамі, украінцамі “за нашу ды вашу свабоду” і гінуць у шматлікіх паўстаннях.

Банальная і неарыгінальная ў кантэксце тагачаснай літаратуры ідэя паэтычнага твора А. Валяна аказалася вельмі актуальнай і трывалай у кантэксце гісторыі Рэчы Паспалітай.

У ацэнцы мастацкіх вартасцяў паэтычнай спробы А. Валяна (паводле гэтага верша можна меркаваць пра паэтычныя здольнасці пісьменніка ўвогуле) трэба быць асцярожным. Адзін з першых біёграфаў А. Валяна, М. Балінскі, уважаў, што верш зусім не мае паэтычных вартасцяў, але адначасова прызнаваў, што гэты твор “дэманструе не толькі здаровы погляд на справу і дасведчанасць, але даводзіць таксама, што ягоны аўтар натуральна і спрытна валодаў роднай мовай, маючы значны запас сатырычнага досціпу, якім шчодра запраўляў усе свае пісьмовыя працы і потым” (Baliński 1843:3, 13). Пазнейшыя даследчыкі таксама не мелі адназначнага меркавання адносна верша “Да Палякаў і да Літвы”, называлі яго то “няўмелым”, то “цалкам зграбным”.

Безумоўна, неабходна ўлічваць жанравую спецыфіку твора, якая не дала аўтару магчымасці выявіць талент паэта-эпіка альбо паэта-лірыка, навязала яму пэўную стылістычную канвенцыю. Палітычная накіраванасць і рэпрэзентацыйная функцыя верша загадзя абумовілі многія яго мастацкія асаблівасці, прадвызначылі выбар выяўленчых сродкаў. Паэтычны дэбют А. Валяна ўяўляе сабой тыповы прыклад урачыстага красамоўства, апранутую ў паэтычныя шаты прамову. Гэтая прамова адносіцца да асуджальнага тыпу (узнімае праблемы сучаснасці), але на пачатку сустракаюцца элементы ацэнкі (згадкі пра мінуўшчыну), а напрыканцы – дарадчыя (прадказанне будучыні). Адпаведна выглядае кампазіцыя твора:

І. Пахвала мудрасці продкаў;

ІІ. Асуджэнне сучаснікаў;

ІІІ. Перасцярога нашчадкаў.

Аўтар добра засвоіў адно з класічных правілаў рыторыкі: “Выкарыстоўвай вопыт мінуўшчыны дзеля стварэння лепшай будучыні!”

Мастацкая прастора верша “Да Палякаў і да Літвы” ўмоўна-рытарычная. У цэнтры знаходзіцца аўтар-прамоўца, вакол яго групуюцца слухачы: палякі і ліцвіны. Не адбываецца ні развіцця дзеяння, як у эпіцы, ні змены пачуццёвага стану суб’екта, як у лірыцы. У часе разгортваецца толькі аргументацыя. Аўтар апелюе да розуму чытачоў і ў значна меншай ступені звяртаецца да іхніх пачуццяў: гонару (за продкаў), сораму (за сябе), страху (за нашчадкаў). Акрамя сур’ёзных аргументаў ужываюцца і забароненыя прыёмы, так званыя “штучкі сафістаў”. Напрыклад, замест таго, каб спрачацца з поглядамі С. Ажахоўскага, А. Валян накіроўвае вастрыё крытыкі на асобу пісьменніка, высмейвае яго як звычайнага пляткара і блазна.

Адразу бачна, што верш “Да Палякаў і да Літвы” створаны ў часы, калі падручнік па рыторыцы з’яўляўся практычным дапаможнікам для напісання любога тэксту: як навуковага, так і мастацкага, як празаічнага, так і вершаванага. Паэты былі на службе ў караля ды заможных магнатаў, паэзія – на службе ў рэлігіі ды палітыкі, а рыторыка – на службе ў паэзіі.

Паэтычны твор А. Валяна цікавы перадусім сваім актуальным зместам, а не мастацкай формай. Гэта не толькі першы ўзор польскамоўнай палітычнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу, але ўвогуле першы палітычн верш у гісторыі беларускай літаратуры.


Загрузка...