І. 4. ARS BENE MORIENDI: ТВОРЧАСЦЬ Ц. БАЗЫЛІКА


Самай прыкметнай постаццю на берасцейскім Парнасе быў у 50 – 60-х гг. XVI ст. Цыпрыян Базылік. Для ягоных калегаў і равеснікаў – Сымона Зацыуса, Якуба Сільвіуса, Марціна Чаховіча, Тамаша Фальконіуса напісанне вершаў з’яўлялася другарадным заняткам, падпарадкаваным іхняй прапагандысцкай дзейнасці па распаўсюджванні ідэяў Рэфармацыі. У асобе Ц. Базыліка мы маем не выпадковага стваральніка аднаго-двух вершаў, але аўтара з саліднай творчай біяграфіяй, з індывідуальнай паэтычнай манерай. Цікава, што Ц. Базылік прычыніўся да ўсіх паэтычных праектаў 50 – 60-х гг., рэалізаваных у берасцейскіх друкарнях: да канцыяналу Яна Зарэмбы – як кампазітар і, напэўна, аўтар некаторых тэкстаў; да верша Андрэя Валяна ў трактаце “Размова Паляка з Літвінам” і да верша Яна Каханоўскага “Памятка графу Яну Тэнчынскаму” – як выдаўца, да паэмы “Пратэй, або Пярэварацень” – як выдаўца, рэдактар і, магчыма, адзін з аўтараў. Гэта сведчыць пра шчырую любоў Ц. Базыліка да паэзіі, пра шматграннасць ягонай асобы, якая выяўлялася адначасова ў дзейнасці музыканта, друкара і літаратара.

Польскім даследчыкам імя паэта вядома быццам бы даўно. У 1907 г. на асобу Ц. Базыліка звяртаў увагу А. Брукнер, прыпісваючы яму аўтарства “Пратэя...” (Brükner 1907: 484 – 490). Але толькі ў 1956 г. С. Кот апублікаваў шэраг твораў Ц. Базыліка і свой артыкул пад актуальнай да сённяшняга дня назвай: “Невядомы польскі паэт XVI ст.” (Kot 1956: 113 – 150). Пяру гэтага ж даследчыка належыць жыццярыс пісьменніка ў “Польскім слоўніку біяграфічным” (Kot 1935: 374 – 375). Аўтарытэтны вучоны высока ацаніў майстэрства Базыліка-перакладчыка, ставіў яго на першае месца сярод тагачасных польскіх празаікаў і хоць лічыў сярэднім паэтам, але менавіта за ім прызнаваў аўтарства “Пратэя...”, а паэму “Апісанне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл” называў адной з лепшых паэм сярэдзіны XVI ст. Нягледзячы на высокія ацэнкі С. Кота, больш ніхто з польскіх даследчыкаў творчасцю Ц. Базыліка не зацікавіўся. Толькі М. Владарскі скарыстаў прыклады з “Апісання...” ў сваёй кнізе “Ars moriendi ў польскай літаратуры XV i XVI ст.” (Кракаў, 1987).

У працах беларускіх літаратуразнаўцаў імя пісьменніка згадвалася шмат разоў, але пакуль што не з’явілася ніводнага спецыяльнага артыкула пра ягоную творчасць, ніводзін з ягоных паэтычных твораў не перакладзены на беларускую мову.

Ц. Базылік належаў да ліку тых рэлігійных і культурных дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага, якія паходзілі з Польшчы. Нарадзіўся ён каля 1535 г. у Серадзу (Вялікапольшча), на пачатку 50-х гадоў вучыўся ў Кракаўскім універсітэце, потым працаваў сакратаром вялікакняскай канцылярыі ў Вільні, нейкі час быў музыкам пры двары князя Мікалая Радзівіла Чорнага. У кракаўскіх і берасцейскіх выданнях другой паловы 50-х гг. змешчаны ягоныя рэлігійныя песні на вершы Мікалая Рэя, Анджэя Тшэцескага, Якуба Любельчыка, Сымона Зацыуса, а таксама на ўласныя словы. Не ўсе свае творы паэт і кампазітар падпісваў поўным імем, некаторыя пазначаў крыптанімам C. S. (Ciprianus Siradensis), а пасля 1557 году – крыптанімам C. B. (Cyprian Bazylik).

Уласны талент, падтрымка заможных апекуноў і шчаслівы выпадак прынеслі ў 1557 г. сыну сярадзкага месціча ганаровы тытул poeta laureatus і шляхецкі герб. Тытул, герб і прозвішча Цыпрыян атрымаў ад прэтэндэнта на малдаўскі трон, уладара выспы Самос Якуба Гераклідаса Базылікаса, які меў прывілей надавання такіх годнасцяў ад імператара Карла V. Неўзабаве сумнеўныя годнасці, атрыманыя з ласкі вандроўнага грэцкага авантурніка, былі пацверджаны каралеўскім прывілеем Жыгімонта Аўгуста.

Пасля 1560 г. мы не сустракаем слядоў кампазітарскай дзейнасці Ц. Базыліка, затое ён асвойвае друкарскую справу і ўсё больш актыўна выступае ў якасці паэта і перакладчыка з лацінскай на польскую мову. Даробак Базыліка-перакладчыка велізарны: трактат “Гісторыя пра жорсткія ганенні на царкву Божую” (Бярэсце, 1567), сачыненне М. Барлетыуса “Гісторыя пра жыццё і слаўныя справы Юрыя Кастрыёта, званага Скандэрбегам” (Бярэсце, 1569), падрыхтаваная, але не выдадзеная “Хроніка...” М. Кромера, сачыненне М. Олаха “Гісторыя спраў Атылы, караля венгерскага” (Кракаў,1574), трактат А. Фрыча-Маджэўскага “Пра выпраўленне Рэчы Паспалітай” (Лоск, 1577). Некаторыя пераклады былі досыць дакладнымі, блізкімі да арыгіналаў, а некаторыя з’яўляліся творчымі перапрацоўкамі, свабоднымі кампіляцыямі, як, напрыклад, драматызаваны трактат “Учынак чартоўскага права супраць роду чалавечага” (Бярэсце, 1570) на падставе рэлігійных сярэднявечных “Processus Sathani”. Перакладныя творы Ц. Базыліка карысталіся вялікай папулярнасцю ў Вялікім Княстве Літоўскім, некаторыя з іх былі перакладзены пазней на старабеларускую мову (“Аповесць пра Скандэрбега”, “Гісторыя Атылы”).

Заслугоўвае ўвагі і друкарская дзейнасць Ц. Базыліка ў Бярэсці з 1564 па 1570 гг., якая сталася годным працягам справы Б. Ваявудкі і С. Мурмэліуса. Акрамя ўласных твораў і перакладаў, Ц. Базылік выдаваў самыя розныя кнігі рэлігійнага, палітычнага і мастацкага зместу. На жаль, на пачатку 70-х гг. у выніку агульгага заняпаду рэлігійнага і культурнага асяродка ў Бярэсці друкарня Ц. Базыліка спыняе сваю дзейнасць. Пры дапамозе заможных апекуноў пісьменнік атрымлівае пасаду войта ў Мельніку на Падляшшы недалёка ад Бярэсця і перасяляецца туды разам з сям’ёй. Спачатку ён і на новым месцы не кідае займацца літаратурай, піша і перакладае для кракаўскіх ды лоскіх друкарняў, але неўзабаве сямейныя клопаты і службовыя абавязкі бяруць верх над творчасцю: пасля 1577 г. Ц. Базылік не публікуе больш ні вершаў, ні празаічных перакладаў, а пасля 1591 г. ягоныя сляды ўвогуле знікаюць. Кракаўскае выданне паэмы “Пра зацнасць гербу Варня і пра вялікую адвагу рыцараў з дому паноў Гнаінскіх...” (1600) з’яўляецца , хутчэй за ўсё, перадрукам невядомага нам берасцейскага выдання гэтага твора, напісанага Ц. Базылікам каля 1570 года (ніводнае з выданняў не захавалася).

Але нават без паэмы “Пра зацнасць герба Варня...”, якая да нас не дайшла, і паэмы “Пратэй...”, аўтарства якой не даказана, паэтычная спадчына Ц. Базыліка выглядае дастаткова саліднай для XVI ст. Складаецца яна з песенных тэкстаў 1556 – 1558 гг. (“Новая песня, у якой ёсць падзяка ўсемагутнаму Госпаду Богу...”, “Вельмі прыгожая песенька пра нараджэнне Госпада...”, “Ласка Госпада...” і інш.), паэмы “Апісанне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл” (Бярэсце, 1562), верша-пасляслоўя да паэмы “Пратэй...” (1564), эпіграмы на герб Мікалая Радзівіла Чорнага і прысвячэння Мікалаю Радзівілу Рудаму з кнігі Т. Фальконіуса “Другая кніга святога Лукі” (Бярэсце, 1566), вершаванага “Надпісу на магіле зацнага шляхціца Паўла Сецыгнёўскага” (Бярэсце, 1570). Усе вышэйзгаданыя творы падпісаны прозвішчам паэта альбо ягоным крыптанімам і несумненна належаць да спадчыны Ц. Базыліка. Ю. Лабынцаў прыпісвае паэту таксама аўтарства эпіграмы на герб Мікалая Радзівіла Чорнага ў Берасцейскай Бібліі 1563 г. (Лабынцаў 1990: 171), хаця С. Кот у сваёй публікацыі пра гэты верш не згадвае.

Самым значным творам у спадчыне Ц. Базыліка з’яўляецца напісаная трынаццаціскладовым сілабічным вершам паэма “Krotkie wypisanie sprawy przy śmierci i pogrzebie Oświeconej Księżny Paniej Halżbiety z Szydłowca Radziwiłłowej, wojewodzinej wileńskiej. Roku 1562” (Kot 1956: 127 – 145), якая налічвае 654 радкі. Гэта першы вядомы нам фунеральны твор у польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу.

Смерць жонкі магната – якраз той выпадак, каб паэт напісаў узнёслы панегірычны верш, уславіў сапраўдныя альбо ўяўныя цноты нябожчыцы, суцешыў па-магчымасці блізкіх, заслужыў іхнюю ўдзячнасць, а, можа, і шчодрую ўзнагароду. Вобраз галоўнага героя ў такім вершы малюецца, звычайна, яркімі фарбамі, пералічаныя паводле традыцыйнага трафарэту подзвігі і дабрачыннасці героя рэдка адпавядаюць ягоным асабістым заслугам і рысам характару. Але ў выпадку з Альжбетай Радзівіл, відаць па ўсім, было інакш: Ц. Базыліку не трэба было выдумляць уяўныя цноты сваёй гераіні, адыходзіць далёка ад арыгінала пры стварэнні мастацкага партрэта.

Княгіня Альжбета была для свайго часу асобай неардынарнай, карысталася павагай і ў прыдворным свеце, і ў пратэстанцкіх колах. Паходзіла яна з заможнага польскага роду Шыдлавецкіх, ейны бацька, Крыштаф, займаў важныя пасады кракаўскага кашталяна і кароннага канцлера. Замуж за Мікалая Радзівіла Альжбета была выдадзена ў пятнаццацігадовым узросце і за чатырнаццаць гадоў сумеснага жыцця нарадзіла князю пяцёх сыноў і чатырох дачок. З дзевяці дзяцей толькі адзін сын памёр у дзяцінстве, астатнія дажылі да сталага веку, што на тыя часы – часы жахлівай дзіцячай смяротнасці – было сапраўдным цудам. Плоднасць Альжбеты і здароўе ейных дзяцей сучаснікі звязвалі з набожным, цнатлівым ладам жыцця княгіні, якая з каталіцтва добраахвотна перайшла ў кальвінства і хутка зрабілася для радзівілаўскага атачэння ўзорам шляхетнай пратэстанткі, ідэалам жонкі і маці.

Паэма Ц. Базыліка – не адзіны літаратурны твор, прысвечаны Альжбеце Радзівіл. Я. Каханоўскі ахвяраваў ёй паэму “Сузана”, якая выйшла з друку незадоўга да смерці княгіні; у прадмове паэт адзначаў высокую маральнасць жонкі правадыра кальвінства ў Вялікім Княстве Літоўскім: “Wszytkich skarbów na swiecie i wszytkiego złota / Godna by, zacna pani, twa dobroć i cnota” (Kochanowski 1980: 85). На трагічны скон Альжбеты Радзівіл адгукнуўся лацінамоўнай эпітафіяй віленскі паэт гішпанскага паходжання Пётр Раізіуш (Royzii 1900: 512). На пахаванні княгіні было прачытана два надгробныя казанні.

Безумоўна, пэўная ідэалізацыя гераіні ў паэме Ц. Базыліка прысутнічае, але вынікае яна не столькі з панегірычнай прыроды твора, колькі з ягонай паранетычнай зададзенасці: паказаць жыццё Альжбеты Радзівіл як прыклад для пераймання ейным дзецям і ўсім набожным хрысціянам. Можна ўсумніцца, што княгіня “так абыходзілася са сваімі слугамі, як бы не паняй, але маткай была ім”, аднак, ахвотна верыцца, што з Мікалаем Радзівілам яны ўтваралі шчаслівую пару, і, сапраўды, “супругаў такіх было вельмі мала”. Панегірызм у “Апісанні...” адсунуты на другі план маральна-дыдактычнымі развагамі, метафізічнымі рэфлексіямі і экспрэсіяй пачуццяў, уласцівымі для фунеральных твораў. Прыналежнасць да фунеральнай паэзіі найбольш дакладна характарызуе генатып вершаванага твора Ц. Базыліка, абумоўлівае ягоную сістэму вобразнасці і набор адпаведных топасаў.

Сярод мноства іншых паэтычных твораў на тэму смерці ў польскай і беларускай літаратуры XVI – XVIII стст. “Апісанне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл” вылучаецца дакладнасцю і падрабязнасцю ў адлюстраванні смерці канкрэтнага чалавека. Адметнасць паэмы Ц. Базыліка не ў тым, што створана яна з нагоды заўчаснага скону Альжбеты Радзівіл (з той самай нагоды створаны і “Epithafium...” П. Раізіуша), а ў тым, што прысвечана яна апісанню самога працэсу памірання княгіні. Паэму можна разглядаць як паэтычную хроніку смерці і адначасова як вершаваны падручнік ars bene moriendi (навукі добрага памірання), вядомай са старажытных часоў. Канцэпцыя твора лаканічна выказана ў наступных радках:

Jeśli się kto nie umiał ku śmierci gotować,

Mogł się z niej uczyć, by się był chciał przypatrowac...

(Kot 1956: 142).

Паведаміўшы сумную навіну пра смерць княгіні, пра пачуцці, якія выклікала гэтая навіна ў блізкіх і знаёмых, у аўтара і ва ўсіх прававерных хрысціян, распавёўшы пра радавод гераіні, пра яе набожны лад жыцця і выдатныя чалавечыя якасці, Ц. Базылік пераходзіць да паказу апошніх дзён жыцця і абставінаў смерці Альжбеты Радзівіл. Вядома, што княгіня захварэла 4 чэрвеня 1562 г., і паэт падае ў паэме гэтую дату, але сваю хроніку распачынае толькі ад 17 чэрвеня. Затое ён апісвае апошнія пяць дзён жыцця Альжбеты з падрабязасцю дыярыуша, аж да смерці гераіні, у суботу 20 чэрвеня 1562 г., а таксама дзень яе пахавання – 7 ліпеня.

Апошнія дні Альжбеты праходзілі ў віленскім палацы Радзівілаў, у атачэнні слуг, лекараў, кальвінскіх міністраў і блізкіх. Прысутнасць слуг у паэме амаль незаўважная, не патрабавала дапамогі княгіня і ад лекараў. Муж і дзеці некалькі разоў падыходзяць да ложка хворай, княгіня дае ім апошнія настаўленні, развітваецца з імі. Мікалаю Радзівілу і дзецям адрасавана некалькі пранікнёных маналогаў гераіні. Блаславенне дзяцей Ц. Базылік падагульняе наступнымі словамі:

Daj Boże, aby każda matka tak czyniła,

Taki testament dziatkom swoim zostawiła.

(Kot 1956: 135)

Захапленне выклікае ў Ц. Базыліка і суцяшальны зварот княгіні да мужа:

O święte słowa, godne złotem napisania

I wiecznego poki świat stoi pamiętania!

(Kot 1956: 136)

Але важнейшымі сведкамі смерці Альжбеты Радзівіл, галоўнымі слухачамі яе натхнёных маналогаў, відавочцамі незвычайных цудаў былі прысутныя пры ёй кальвінскія міністры (напэўна, С. Зацыус, Т. Фальконіус і інш.). З імі княгіня вяла гутаркі пра таямніцы веры, разам з імі малілася, вызнавала сімвал веры і аддала сябе ў рукі Богу.

Хвораму чалавеку ў перадсмяротным стане ўласцівы галюцынацыі і трызненні. Альжбета, як чалавек глыбока рэлігійны, бачыла містычныя з’явы. Знаходзячыся на мяжы жыцця і смерці, яна вандравала з рэальнага свету ў метафізічны. Прысутныя назіралі дзвюх розных Альжбет, адна з якіх выклікала ў іх спачуванне і павагу, другая – захапленне і страх.

Кальвінскія дзеячы былі сведкамі змагання княгіні з д’яблам, які, паводле тагачасных уяўленняў, абавязкова прысутнічаў пры смерці чалавека. Міністры і тэолагі разгубіліся перад глыбокім пранікненнем Альжбеты Радзівіл у таямніцы хрысціянскай веры, якое выявілася падчас гутарак пра Святую Троіцу, Хрышчэнне, Вячэру Гасподнюю:

Tam każdy mogł obaczyć dziwne dary Boże,

Ktorych sam z siebie człowiek żadny mieć nie może,

By tak dowodnie o tym i mądrze mowiła,

Że prawie wszytkich, ktorzy tam stali, uczyła.

(Kot 1956: 137)

Здзіўленне і нават страх выклікаў у прысутных незвычайна моцны і чысты голас хворай, калі тая нечакана заспявала псалмы Давіда:

Bo dowodniej niż oni słowa wymawiała.

Słuchając rzekłbyś, iże z Bogiem rozmawiała.

Dziwna to rzecz, iż taki głos schorzałe ciało,

Jakiego od niej przedtym nikt nie slyszał, miało.

(Kot 1956: 137)

Але найвялікшы цуд здарыўся 19-га чэрвеня, за дзень да смерці Альжбеты Радзівіл. Раніцай княгіня была ў агоніі, ускоквала з ложка, біла сябе ў грудзі, потым супакоілася і страціла прытомнасць (адны думалі – што заснула, іншыя – што памерла), а прачнуўшыся, паведаміла радасным голасам:

<...> “Jużem wesoła barzo teraz była,

Miałam wdzięczne zjawienie od Boga samego,

Iżem już jest dziedziczką Krolestwa wiecznego.

A tak jemu dziękuję, iże mię wybawił

Od bałwanów, a przy swej wierze mię zostawił”.

(Kot 1956: 138)

Словы Альжбеты ўзрушылі святароў, якія адразу прыгадалі, што падобнае аб’яўленне меў перад сваёй смерцю святы Стэфан, і незвычайна ўсцешыліся. Радасць міністраў лёгка зразумець: яны атрымалі доказ правільнасці сваёй дактрыны, важкі аргумент у спрэчцы з ідэйнымі праціўнікамі. Альжбеце, якая перайшла з каталіцтва на кальвінства, з’явіўся перад смерцю Бог і паведаміў, што бярэ яе ў сваё царства (каталіцкія тэолагі сцвярджалі, што ўсе пратэстанты, як ерэтыкі і вераадступнікі, пасля смерці трапяць у пекла).

Паранетычныя, кальвінскія ноткі гучаць на працягу ўсёй паэмы Ц. Базыліка: можна пачуць іх у публічным вызнанні веры княгіняй і ў падкрэсліванні добраахвотнасці яе рэлігійнага выбару, заўважыць у апісанні сціплага пахавальнага абраду і ў поўнай адсутнасці ў творы згадак пра чысцец. Цэнтральнае месца ў сістэме пракальвінскай, антыкаталіцкай аргументацыі займае містычная з’ява, якую бачыла Альжбеты Радзівіл.

Выключнае значэнне мае гэтая цудоўная з’ява і для ідэйнай канцэпцыі паэмы. Княгіня вяла набожнае і цнатлівае жыццё, а таму не баялася смерці, яшчэ да скону яна даведалася ад самога Бога, што яе чакае Царства Нябёснае. Гарачая вера абярнулася спакойнай упэўненасцю для гераіні, а для чытачоў – светлай надзеяй, што калі яны будуць наследаваць прыклад Альжбеты Радзівіл, іх таксама чакае збавенне і невымоўная радасць яднання з Богам.

Нагадаем, што разуменне “добрай смерці” чалавекам XVI ст. – чалавекам з глыбока рэлігійнай свядомасцю – значна адрозніваецца ад нашага сённяшняга разумення, у значнай ступені сфармаванага матэрыялістычнай філасофіяй і геданістычнай этыкай. Найлепшая смерць для нас – смерць нечаканая, без пакутаў і болю, на схіле шчаслівага, напоўненага падзеямі жыцця. Згадкі пра смерць засмучаюць нас і палохаюць, мы спрабуем адагнаць іх ад сябе як найдалей (напрыклад, выносім могілкі за межы горада), дэвіз “memento mori” ўспрымаем толькі як заклік жыць больш інтэнсіўна, не адкладаць на заўтра тых радасцяў, якія можна спазнаць яшчэ сёння.

У аўтара, гераіні і тагачасных чытачоў паэмы “Апісанне...” было зусім іншае ўяўленне пра “добрую смерць”, іншае разуменне дэвіза “memento mori”. Хрысціянскае ars moriendi вучыла, што найгоршая смерць для чалавека – нечаканая, да якой ён не паспеў падрыхтавацца: ачысціцца ад грахоў ці хаця б шчыра пакаяцца ў іх. Чалавеку, які не выказаў жалю за свае грахі, пагражае смерць абсалютная, а для праведнага хрысціяніна імгненне скону – толькі пераход да іншай, вышэйшай формы экзістэнцыі, змена часовага пакутлівага існавання на вечнае шчаслівае быццё. З такога погляду на смерць вынікала разуменне жыцця як дарогі да смерці, перыяду выпрабаванняў і вызвалення душы ад грахоў. Пра смерць належала памятаць, каб паспець падрыхтавацца да яе малітвамі і намаганнямі усяго жыцця, не хавацца ад смерці, а выходзіць ёй насустрач з верай і надзеяй на спатканне з Богам. Хрысціянская ars moriendi аказвала на паміраючага моцнае тэрапеўтычнае ўздзеянне: змяншала страх перад смерцю, прывучала ўспрымаць смерць як натуральны элемент быцця (Aries 1992; Nowicka-Jeżowa 1992).

Узнікае пытанне: ці не пярэчыць такому погляду на смерць слёзны смутак па нябожчыцы ў паэме Ц. Базыліка? Ці павінен хрысціянін выказваць скруху па страце блізкай асобы, калі ён ведае, што смерць – не канчатковае знікненне, але пераход да жыцця вечнага?

Плач па нябожчыку тлумачыўся некалькімі прычынамі, галоўнай з якіх быў момант расстання (калі праводзяць у дарогу – таксама плачуць). У меншай ступені адбіваўся страх перад смерцю, спрадвечным ворагам роду чалавечага, і момант невядомасці вынікаў Божага суда над нябожчыкам (шчыры плач блізкіх змываў з ягонай душы частку грахоў).

Плач па Альжбеце Радзівіл у паэме “Апісанне...” не тлумачыцца страхам перад смерцю і трывогай за душу гераіні, ён народжаны выключна перажываннем расстання з княгіняй, стратай пачцівай пані блізкімі і знаёмымі. Гэта слёзы не па Альжбеце, а слёзы тых і па тых, хто застаўся без Альжбеты: вектар скрухі скіраваны не на памерлую, якая прайшла ўсе выпрабаванні і нарэшце далучылася да Бога, а на жывых людзей, якіх яшчэ чакаюць на зямлі цяжкія выпрабаванні:

Ona się do niebieskiej chwały wprowadziła,

Nam wielki płacz i smętek cięzki zostawiła.

Ona tam już rozkoszy zażywa niebieskiej,

A my tu zażywamy w smętku nędze ziemskiej.

(Kot 1956: 143)

Альжбету, якая цяжка захварэла і развітвалася з жыццём у росквіце сіл, не трэба было суцяшаць. Яна сама падбадзёрвала блізкіх і прыяцеляў, часта ўдвая старэйшых за яе, сваімі паводзінамі ўмацоўвала іх у веры:

A gdy ci przychodzili, co ją nawiedzali,

By jej wdzięczną pociechę jako chorej dali,

Ona ich tak wesołym sercem uprzedzała,

Że każdemu o sobie dobrze potuszała,

A co ją mieli cieszyć, to ona cieszyła,

Smętnym ona weselszą dobrą myśl czyniła.

(Kot 1956: 135 – 136)

Ц. Базылік з павагай адзначае, што набліжэнне смерці не выклікала ў княгіні пачуцця страху. Нельга, аднак, пагадзіцца з думкаю М. Владарскага, нібыта Альжбеце Радзівіл была ўласціва прага смерці, як некаторым раннехрысціянскім святым, нібыта расстанне з гэтым светам напаўняла яе пачуццём радасці (Włodarski 1987: 78).

Cupido mortis, ідэал пажадання смерці, з’яўляўся найвышэйшай ступенню авалодання навукай добрага памірання. Смерць у метафізічнай перспектыве бачылася як заканчэнне цяжкага перыяду выпрабаванняў, апошні крок да збавення і сустрэчы з Ісусам Хрыстом. Зразумела, што многія хрысціянскія аскеты, святыя-пустэльнікі імкнуліся прыспешыць гэты крок, як мага хутчэй пакінуць грэшную зямлю і з’яднацца з Госпадам у Царстве Нябесным. Але ў дваццацідзевяцігадовай Альжбеты Радзівіл, маці васьмі дзяцей, не было і не магло быць жадання хутчэй развітацца з гэтым светам – з мужам, дзецьмі, прыяцелямі-аднаверцамі, бо адмаўленне ад выканання сваіх зямных абавязкаў таксама лічылася грахом для хрысціяніна. У адносінах да смерці Альжбета займала пазіцыю пакорлівага, але пасіўнага прымання яе, цалкам пакладаючыся на волю Бога ў вызначэнні часу яе прыходу: “Niech się dzieje wola twa, jam się na cię zdała, / Gotowam żyć i umrzeć, niech będzie co ty chcesz...” (Kot 1956: 135); “<...> Niechajże będzie co ty raczysz, / Wszak czego mnie potrzeba, ty sam lepiej baczysz...” (Kot 1956: 138); “<...> Dziękujmyż Bogu słowy nabożnemi, / Iż nas przez tę noc raczył zachować zdrowemi” (Kot 1956: 139).

Ц. Базылік, паказваючы ў паэме жыццё і смерць княгіні як узор для наследавання чытачам, адначасова падкрэслівае, як сама гераіня імкнулася наследаваць Ісуса Хрыста: не толькі ў жыцці, але і ў смерці. Асабліва выразна выявілася гэта ў апошніх словах Альжбеты, якія яна выгукнула перад сконам:

“Boże, Boże, Boże mój dla syna twojego

Zmiłuj się, nie opuszczaj mnie, stworzenia swego.

Jezu, Jezu wspomoż mię, przyjmi duszę moję,

Ktorą ja już poruczam w święte ręce twoje”.

To rzekla, a natychmiast jej siła ustała,

A ona cichuczko swą duszę Bogu dała

O szostej popołudniu. <...>

(Kot 1956:140)

Словы Альжбеты Радзівіл, з якімі яна даручыла сваю душу Госпаду, відавочна ўзыходзяць да словаў Ісуса Хрыста, прамоўленых ім на крыжы: “Божа Мой! Божа Мой! Навошта мяне пакінуў?” (Мцв., 27,46) і “Айцец, у рукі Твае аддаю дух Мой” (Лк., 23, 46). М. Владарскі на падставе аналізу старапольскіх тэкстаў адзначыў традыцыйнасць ужывання вышэйзгаданых словаў Хрыста ў якасці перадмсяротных хрысціянамі XV – XVI стст., іх свядомае імкненне да таго, каб словы даручэння душы Богу сталіся апошнім уздыхам (Włodarski 1987: 123 – 125). Заўважым, што ў адпаведнасці са зменай сітуацыі і героя, біблейскія цытаты ў паэме Ц. Базыліка істотна перайначаны: Альжбета выказвае цвёрдую надзею, што Госпад яе не пакіне і звяртаецца не толькі да Бога Айца, але і да Ісуса Хрыста.

М. Владарскі лічыць вынікам наследавання паводзінаў Хрыста і адказ Альжбеты Радзівіл на паведамленне пра тое, што падчас яе містычнай мроі муж абедаў: “... Niechaj zdrow je. Mnie już dźiś wezwano / Na on obiad, który mi w niebie zgotowano” (Kot 1956: 139) Польскі даследчык знаходзіць у адказе княгіні “свядомую спасылку на сітуацыю ў садзе, калі Хрыстос, рыхтуючыся да смерці, тройчы звяртаецца да вучняў, якіх пакінуў чуваць і тройчы застаў іх спячымі; тады кажа ім: “Вы ўжо спіцё і адпачываеце; вось надыходзіць гадзіна, і Сын Чалавечы будзе выданы ў рукі грэшнікаў” (Мцв. 26, 45). У адным і другім выпадку асобы, абраныя на чуванне, у найбольш неадпаведны момант адмаўляюцца ад яго на карысць больш прыемных патрэбаў.”(Włodarski 1987: 128). С. Кот, які ўбачыў у рэакцыі Альжбеты праяву рэалізму аўтара і велікадушнасці гераіні (Kot 1956: 117), не заўважыў, на думку М. Владарскага, больш глыбокага сэнсу гэтага эпізоду, яго сувязі з евангельскімі падзеямі. Не заўважаем такой сувязі і мы: цяжка пагадзіцца, што словы Альжбеты вынікалі са свядомага прыпадабнення сваёй сітуацыі да сітуацыі Ісуса Хрыста ў Гефсіманскім садзе. Думаецца, простая трактоўка гэтага эпізоду С. Котам бліжэй да ісціны, чым складаная і штучная М. Владарскага.

З свайго боку падкрэслім мастацкую выразнасць словаў Альжбеты Радзівіл і ўсёй сцэны, дзе рэалізм суседнічае з метафізікай, канкрэтнае жыццёвае здарэнне набывае алегарычнае значэнне. Імкненне пераводзіць жыццёвыя падзеі і з’явы прыроды ў алегарычны план увогуле было ўласціва княгіні, тлумачылася яно як рэлігійным выхаваннем, так і прыроджанай вобразнасцю яе мыслення. Напрыклад, даведаўшыся раніцай 20 чэрвеня (у дзень смерці), што ўзышло сонца, усхваляваная княгіня ўзнялася з ложка і прамовіла:

Wszedł Krystus, ono słońce wiecznej wszechmocności,

Ktore mnie ma domieścić niebieskiej radości,

Już przyszło, aby duszę moję prowadziło,

Nędzę ziemską w niebieską rozkosz przemieniło.

(Kot 1956: 139)

Побач з падрабязным апісаннем абставінаў скону і пахавання Альжбеты Радзівіл шмат месца займаюць у паэме агульныя метафізічныя рэфлексіі на тэму смерці (асабліва на пачатку і напрыканцы твора), дыдактычна-маралізатарскія разважанні пра жыццё, якія ў кантэксце хрысціянскай тэалогіі не вылучаюцца асаблівай арыгінальнасцю (“Апісанне...” перанасычана біблейскімі і сярэдневечнымі хрысціянскімі топасамі). Але значна ажыўляе паэму выяўленне асабістых пачуццяў аўтара, ягоны шчыры жаль з прычыны смерці маладой княгіні:

Ja acz wypowiedzieć swej nie mogę żałości,

Ktora opanowała serdeczne wnętrzności,

Płacz mi przerywa mowę, wszakże ten żal mając,

Tak mowię, oczy smętne łzami oblewając:

O żałosna to słusznie nam godzina była,

Gdy tę świętą panią śmierć z światem rozłączyła.

(Kot 1956: 129)

Два апошнія радкі выконваюць у паэме ролю рэфрэна, але паўтараюцца ў некалькіх варыянтах, што дазволіла аўтару развіваць тэму твора, змяняючы за кожным разам адно-два словы (відавочна, тут праявіліся кампазітарскія здольнасці Ц. Базыліка). Пачыналася паэма радкамі, якія заяўлялі, але не раскрывалі тэму, наўмысна не канкрэтызавалі яе:

O żałosna zaprawdę to nam jest godzina,

Kiedy się pojawiła ta smętna nowina...

(Kot 1956: 127)

Пазней чатач даведваўся, што сумная навіна – гэта смерць княгіні Альжбеты, рэфрэн набываў свой завершаны выгляд, паўтараючыся ў тэксце адзінаццаць разоў. Калі аўтару спатрэбілася напрыканцы паэмы яшчэ раз падкрэсліць сваё асабістае ўзрушэнне і апраўдаць ім магчымыя недахопы твора, ён зноў звярнуўся да рэфрэна, замяніўшы тым разам займеннік “для нас” на “для мяне”:

Ja com słyszał z daleka, z mojej powinności

Pisałem w wielkim smętku i w wielkiej żałości.

Nie dziw, iż ledajako i mniej niż słuszało,

Gdyż mi się wtenczas było wszystko pomieszało.

Bo to dziwnie żałosna mnie nowina była,

Gdy tę święta panią śmierć z światem rozłączyła...

(Kot 1956: 142 – 143)

Выразная прысутнасць аўтара ў паэме, адкрытае выяўленне ім сваіх пачуццяў значна ажыўляла твор, спрыяла актыўнаму чытацкаму суперажыванню. Парадаксальнасць сітуацыі заключалася ў тым, што прысутны на старонках паэмы аўтар адсутнічаў у Вільні ў апошнія дні жыцця Альжбеты Радзівіл, не было яго і на пахаванні. Паводле прызнання самога Ц. Базыліка, асноўнай крыніцай інфармацыі служылі яму чуткі і нататкі відавочцаў (Kot 1956: 142). Такія нататкі, пад назваю “O nieuwiarowaniu śmierci...”, былі знойдзены нядаўна Е. Піражынскім (Karpłuk , Pirożyński 1990: 65 – 91) у тым самым Вольфэнбютэльскім архіве (Германія), дзе калісьці С. Кот знайшоў “Апісанне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл”.

Празаічны тэкст быў напісаны дзеля выхавання дзяцей Альжбеты кімсьці з пратэстанцкіх дзеячаў, набліжаных да Мікалая Радзівіла Чорнага: С. Зацыусам, М. Чаховічам, Т. Фальконіусам альбо М. Вендрагоўскім. Усе яны прысутнічалі пры апошніх днях княгіні, вялі з ёй натхнёныя тэалагічныя размовы, чулі яе развітальныя словы, двое з іх чыталі казанні на пахаванні Альжбеты. Знаёмства з нататкамі “Пра няўхільнасць смерці” дае падставы сцвярджаць, што Ц. Базылік несумненна скарыстаў іх для напісання сваёй паэмы, адтуль чэрпаў канкрэтныя факты і рэальныя падрабязнасці абставінаў смерці Альжбеты Радзівіл, на падставе дакументальных запісаў будаваў шматлікія маналогі гераіні.

Здавалася б, празаічны твор напісаны на тую ж самую тэму, што і паэтычны, павінен адрознівацца ад апошняга большай дакладнасцю, рэалістычнасцю, прастатой апісанняў. Сапраўды, некаторыя абставіны смерці і пахавання Альжбеты Радзівіл ў празаічных нататках апісаны больш падрабязна, дэталёва, але гэтыя цікавыя падрабязнасці і яскравыя дэталі губляюцца сярод шматлікіх цытат і алюзій з Бібліі, антыкаталіцкіх палемічных выпадаў і разгорнутых тэалагічных разважанняў, якімі перанасыціў свае нататкі экзальтаваны аўтар. Паэма Ц. Базыліка напісана стылем больш стрыманым і ўраўнаважаным, вылучаецца лірызмам, глыбокім аўтарскім суперажываннем лёсу гераіні. Празаічныя нататкі заканчваюцца паведамленнем пра смерць Альжбеты Радзівіл, у вершаваным тэксце апісана яшчэ і пахаванне. З гэтага вынікае, што “Пра няўхільнасць смерці” – не адзіная крыніца інфармацыі, выкарыстаная Ц. Базылікам для напісання паэмы “Апісанне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл”. Але на падставе параўнання гэтых двух тэкстаў можна меркаваць пра творчы падыход паэта таксама да іншых магчымых крыніц.

Дакументальная аснова з’яўляецца той важнейшай асаблівасцю, якая вызначае фенатып вершаванага твора Ц.Базыліка. Да паэмы з поўным правам можна аднесці словы Е. Піражынскага, сказаныя пра той празаічны допіс: “Дазваляе ён у пэўнай ступені ўгледзецца ў сцэнічнае афармленне апошніх дзён жыцця Альжбеты Радзівіл у ейным віленскім палацы, нават часткова робіць магчымым пазнанне яе псіхалагічнага партрэту. У апісанні знаходзім падрабязнасці, якія дазваляюць убачыць некаторыя аспекты ментальнасці гэтай незвычайнай жанчыны, яе эмацыйныя рэакцыі на розныя здарэнні, адносіны да сям’і, блізкіх, знаёмых, а перадусім своеасаблівую жыццёвую філасофію, вельмі глыбока прасякнутую адчувальнай рэлігійнасцю” (Karpłuk , Pirożyński 1990: 68).

Паэма Ц. Базыліка, напісаная з выпадку смерці Альжбеты Радзівіл, з’яўляецца першым вядомым нам фунеральным творам у польскамоўнай паэзіі Беларусі. Праз некалькі дзесяцігоддзяў надмагільныя надпісы, эпіцэдыумы, ляманты, трэны і іншыя фунеральныя жанры занялі трывалае месца ў літаратуры Вялікага Княства Літоўскага.

Пазнейшыя паэтычныя творы Ц. Базыліка працягваюць тэму смерці, узнятую ў паэме “Апісанне...”. У кнізе Т. Фальконіуса “Другая кніга святога Лукі” (1566) змешчаны верш Ц. Базыліка на герб Мікалая Радзівіла Чорнага (26 радкоў) і прысвячэнне Мікалаю Радзівілу Рудаму (52 радкі). Першы твор адносіцца нібыта да геральдычнай паэзіі, але толькі на самым пачатку аўтар гаворыць некалькі слоў пра радзівілаўскі герб і нават не спрабуе апісаць яго выяву ні ў гістарычным кантэксце, ні ў алегарычным плане, як таго вымагала традыцыя. Паэт адразу паведамляе чытачу, што ўладальнік герба памёр (хоць эпіграмы рэдка пісаліся на гербы памерлых людзей), выказвае жаль з прычыны ягонай заўчаснай смерці і спадзяецца, што справы Радзівіла годныя вечнай славы, а сам ён – Царства Нябёснага. Далей, ужо зусім насуперак канонам геральдычнай паэзіі, Ц. Базылік згадвае смерць жонкі князя і натуральным чынам працягвае паэму “Апісанне...”, быццам і не мінула восем гадоў з дня скону Альжбеты:

A tak nam z świata zeszła, by kwiatek w południe,

Ktory gdy słońce wnidzie, rozkwitnie się cudnie

I kwitnie do wieczora. Lecz ten śmierć urwała

W południe a wieczora doczekać nie dała.

(Kot 1956: 149)

Нават алегарычнае параўнанне Альжбеты з цудоўнай кветкай, якую ў поўдзень жыцця сарвала смерць, выкарыстоўвалася раней у паэме. Зрэшты, паэт не дбаў асабліва пра арыгінальнасць і скончыў свой верш пажаданнем для дзяцей Мікалая і Альжбеты... квітнець, нібы майскія кветкі да вечара.

Верш на герб Мікалая Радзівіла Чорнага, які на першы погляд належыць да геральдычнай паэзіі, насамрэч з’яўляецца, як і паэма “Апісанне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл”, творам фунеральным. Таксама і прысвячэнне Мікалаю Радзівілу Рудаму мае ў сабе шмат элементаў, уласцівых фунеральнай паэзіі, хоць намінальна адносіцца да паэзіі дэдыкацыйнай. Толькі ў сярэдзіне верша Ц. Базылік непасрэдна звяртаецца да князя, заклікае яго працягваць слаўныя справы памерлага нядаўна брата і, галоўнае, цвёрда трымацца праўдзівай веры:

Że, acz świętej pamięci Pana brata twego

Wziął nam już do żywota onego wiecznego,

Dał cię na jego miejsce, abyś jego chwały

Pomnażał a przy jego słowie tak był stały

Jako i on. <...>

(Kot 1956: 150)

Першая палова, а таксама апошняя частка верша насычана дыдактычнымі разважаннямі пад агульным дэвізам “memеnto mori”: пра немінучасць смерці і неабходнасць падрыхтоўкі да яе, пра сумленныя ўчынкі і шляхі да збаўлення, пра нябёснае жыццё і вечную славу. Штораз паўтараюцца ў розных спалучэннях словы “смерць”, “гроб”, “крэс”, “памяць”, “слава”, “вечнасць”, – твор густа перасыпаны хрысціянскімі топасамі.

Прысвячэнне Мікалаю Радзівілу Рудаму відавочна не адносіцца да ліку лепшых твораў Ц. Базыліка. Празмерны дыдактызм, хаатычнасць кампазіцыі, таўталогія думак і вобразаў вынікалі, напэўна, з недахопу шчырых пачуццяў, з адсутнасці ў аўтара асабістай сімпатыі да князя. Ствараецца ўражанне, што паэт сумняваўся ў здольнасці Мікалая Радзівіла Рудага быць правадыром кальвінізму ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Значна цікавейшы верш Ц. Базыліка “Napis na grobie zacnego szlachcica Pawła Secygniowskiego” (1570), які вылучаецца якраз моцнай экспрэсіяй пачуццяў, выразнай аўтарскай сімпатыяй да свайго героя, натхнёнасцю ў раскрыцці тэмы. Польскі шляхціц Павел Сецыгнёўскі праславіўся сваёй мужнасцю і рыцарскімі здольнасцямі ў войнах супраць турак на баку венграў. Услаўляючы ягоныя подзвігі, паэт адно шкадуе, што Сецыгнёўскі аддаў свой жаўнерскі досвед і спрыт на службу чужой бацькаўшчыне:

A jeśli przeciw obcym tak był potężliwy,

Coś się zda, do ojczyzny swej jak był chętliwy?

Bo by ku temu męstwu możność przystąpiła,

Iścieby Ukraina bezpieczniejsza była.

(Kot 1956: 147)

Верш насычаны антычнымі вобразамі, што зусім не было характэрна для ранейшых твораў паэта, прасякнутых біблейскімі матывамі (толькі ў “Апісанні...” аднойчы згадваўся Авідзій). “Надпіс на магіле...” быццам створаны адразу пасля наведвання лекцый па старажытнай міфалогіі, пасля першага прачытання Гамера і Вергілія. Згадваюцца імёны рымскіх багоў (Марса, Тытана), грэцкіх герояў (Тэзея, Пірыта), пад мянушкай польскага Уліса крыецца Яраслаў Ласкі, а самога Паўла Сецыгнёўскага паэт узнагароджвае тытулам Геркулеса.

Гераічныя і патрыятычныя матывы ў творы суіснуюць з танаталагічнымі, побач з вобразам мужнага шляхціца паўстае вобраз ваяўнічай смерці, магутнейшай за татараў і турак. Менавіта яна перамагла непераможнага ў бітвах з ворагамі рыцара, паклала ў труну ягонае цела, затупіла шаблю і дзіду, пакрыла іржой даспехі. Але трыумф смерці – не канчатковы, бо вечную славу асягнулі подзвігі героя, запісаныя “ў каменных кнігах і на цвёрдай скале”, дух апынуўся ў Божых руках і некалі вернецца ў даверанае труне цела.

Верш Ц. Базыліка з’яўляецца класічным узорам надмагільнага надпіса, створанага па антычных канонах, ад першага традыцыйнага радка (“Tu Secygniowski Paweł leży, szłachcic zacny...”) да велічнага фіналу, дзе да шляхты Рэчы Паспалітай прамаўляе з труны сам нябожчык:

Ty cny polski szlachcicze, który żyw zostawasz,

Weźmi ten miecz, weźmi koncerz i ten pewny pancerz,

Weźmi moją kopiją, weźmi i świetny bechterz,

Wsiądź na mój koń, a wejrzy żem już porażony,

Dokończ za mię, com ja był umyślil z mej strony.

Nie mogł mię nieprzyjaciel pożyć czasu wojny,

Nie pożył mię Tatarzyn ani Turczyn zbrojny,

Pożyła mię sroga śmierć z dekretu Bożego.

Toć nie dziw, lecz pokiś wżdy ty wolen od niego,

Czyń mężnie dla ojczyzny, która cię spłodziła,

By się z twych spraw sława jej na wieki szyrzyła.

(Kot 1956: 148)

“Надпіс на магіле зацнага шляхціца Паўла Сецыгнёўскага” належыць да фунеральнай паэзіі, але гэты твор засведчыў наяўнасць у Ц. Базыліка не толькі лірычнага, але і эпічнага таленту, выявіў здольнасці не толькі аплакваць нябожчыкаў, але і ўслаўляць подзвігі герояў. Магчыма, менавіта ў героіка-эпічным кірунку развіваўся далей талент паэта, вынікам чаго быў верш “O zacności herbu Warnia, i o wielkiej dzielności ludzi rycerskich w domu panów Gnoińskich...”, прысвечаны подзвігам паплечніка Паўла Сецыгнёўскага, Крыштафа Гнаінскага. На жаль, апошні вядомы нам вершаваны твор Ц. Базыліка, напісаны недзе на пачатку 70-х гг. XVI ст., да нас не дайшоў. Няма ніякіх звестак пра паэтычную творчасць Ц. Базыліка пазнейшага часу: пра тое, у якім жанры ён пісаў і ці пісаў увогуле. Але калі б з усёй спадчыны Ц. Базыліка да нашага часу захавалася толькі паэма “Апісанне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл” – імя паэта усё роўна заслугоўвала б быць названым сярод імёнаў лепшых паэтаў Беларусі эпохі Рэнесансу.


Загрузка...