Раздзел ІІІ НА СУТЫКУ ЭПОХ: ПОЛЬСКАМОЎНАЯ ПАЭЗІЯ КАНЦА XVI – ПАЧАТКУ XVII СТ.


Напрыканцы XVI ст. у шматмоўнай літаратуры Беларусі вызначальным напрамкам робіцца барока (Мальдзіс 1980: 17). Цалкам слушна будзе і эпоху, у якую дамінаваў гэты напрамак, назваць эпохай Барока, як гэта прынята ў свеце (пад уплывам рускай літаратуразнаўчай школы беларускія вучоныя называюць “барокам” пераважна напрамак (стыль), у крайнім выпадку – перыяд паміж дзвюма “сапраўднымі” эпохамі: Рэнесансам і Асветніцтвам (Гісторыя 1998). Менавіта з 90-х гг. XVI ст. трэба пачынаць даследаванне польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Барока, але разгляд польскамоўнай паэзіі эпохі Рэнесансу неабходна давесці да першага дзесяцігоддзя XVI І ст.


Такі падыход не з’яўлякцца супярэчлівым, як не з’яўляюцца супярэчлівымі вызначэнні межаў Рэнесансу і Барока двума найлепшымі знаўцамі літаратуры гэтых эпох у Польшчы: Е. Зёмэк у кнізе “Літаратура Адраджэння” разглядаў творы ад другой паловы XV ст. – да 1629 г., года смерці “апошняга рэнесансавага паэта” Ш. Шымановіча (Ziomek 1987: 25), а Ч. Гэрнас у кнізе “Літаратура барока” аналізаваў творчасць пісьменнікаў ад 80-х гг. XVI ст. да 30-х гг. XVIІІ ст. (Hernas 1995: 18 - 21).

“Эпохі не пачынаюцца і не заканчваюцца як стагоддзі, днём 1 сакавіка 1601 альбо 1701 г. Тое, што называюць эпохай у літаратуры, гэта перад усім крытэрый стылю ў найшырэйшым значэнні слова, а стылі могуць суіснаваць хаця б таму, што суіснуюць пакаленні. Большасць пісьменнікаў можа карыстацца яшчэ ранейшым стылем, але ўжо з’яўляюцца першапраходцы, якія пішуць іначай. І наадварот: ёсць пісьменнікі, неабавязкова эпігоны, якія і далей пішуць так, як пісалі, у той час калі большасць астатніх перайшлі ўжо на новы стыль” (Vincenz 1989: IV).

На мяжы XVI - XVIІ стст. польскамоўная паэзіі Беларусі развіваецца на сутыку дзвюх эпох: Рэнесансу і Барока. У гэты час у літаратуры Вялікага Княства Літоўскага сустракаюцца два пакаленні: народжаныя ў сярэдзіне XVI ст. і выхаваныя на рэфармацыйных поглядах Я. Л. Намыслоўскі, А. Рымша, Г. Пельгрымоўскі, Я. Казаковіч і цэлы шэраг маладых аўтараў, навучэнцаў і выпускнікоў Віленскай езуіцкай акадэміі, якія падзялялі ідэі Контррэфармацыі: С. Шляскі, В. Скаравец, Г. Белазор, К. Кeрнавіскі, Х. Гашнеўскі, Э. Жатоўскі, Я. Краеўскі, М. Вітаслаўскі, Я. Эйсмант і інш.

Калі лічыць паэтам кожнага, хто напісаў і апублікаваў адзін-два вершы, давядзецца канстатаваць, што Віленская езуіцкая акадэмія за першыя тры дзесяцігоддзя свайго існавання спарадзіла сотні паэтаў, творчасць якіх прадстаўлена ў шматлікіх панегірычных зборніках, выдадзеных друкарняй акадэміі: “Gratulationes ...Stephano I ... Regi Poloniae ...” (1579), “Gratulationes ... Georgio Radivilo ... Episkopo Vilnen ...” (1581), “Gratulationes ... Sigismundo III ... Regi Poloniae...” (тры зборнікі, выдадзеныя ў 1589), “Threnodiae in obitum ... Alberti Radivili ...” (1593), “Parathenicae sodalitatis <...>. Threni ... Philonis Kmitae Czarnobylski ...” (1594), “Parentalia in obitum ... Georgii Chodkievicii...” (1595), “Threni in obitum ... Nikolai Szymanowski Studiosi Philosophiae ...” (1596), “Theatrum S. Casimiri ...” (1604), “Funebris laudatio, et threnodia ... Joannis Barcii...”, (1605) і інш.

“Замест таго, каб паглыбляцца ў інтэлектуальныя спрэчкі, да якіх большасць люду яшчэ не дарасла, езуіты правялі рэформу падрыхтоўкі святароў, узялі ў свае рукі школьную адукацыю, а прыхільнасць магнатаў здабыліі праз панегірыкі, якія раздзьмухалі радавую пыху. Праўда, і ў гэтай галіне дзейнасці пачатак паклалі пратэстанты, доказам чаго з’яўляецца твор Цыпрыяна Базыліка ў гонар Альжбеты Радзівіл, але не развілі яны гэтага літаратурнага жанру” (Kosman 1973: 167).

Складанне панегірычных вершаў уваходзіла ў праграму навучання, амаль кожны выпускнік калегіумаў і акадэміі быў здольны напісаць вершаваны твор, прысвечаны нейкай канкрэтнай жыццёвай падзеі: нараджэнню сына ў магната-апекуна, шлюбу дачкі суседа-шляхціца, заўчаснай смерці вядомага чалавека. Зразумела, што далёка не ўсе падобныя “віршы” можна назваць паэзіяй у сапраўдным значэнні гэтага слова: “Вершаваная форма была ў штодзённым амаль ужытку, як у хатнім, так і ў публічным жыцці, лёгка таму здагадацца, што пры такім становішчы рэчаў ёй неставала той узвышанасці, якая кранае сэрца, сілы і энергіі, словам – умоў, якія складаюць паэзію” (Кондратович 1862: 253).

Пераважная большасць вершаў у езуіцкіх панегірычных зборніках была на лацінскай мове, толькі зрэдку сустракаліся польскамоўныя творы. Такім чынам, можна гаварыць пра відавочную “лацінізацыю” паэзіі Беларусі на мяжы XVI - XVIІ стст. Заўважым, што шырокае распаўсюджанне лацінскай мовы з’явілася адным з істотных вынікаў дзейнасці езуітаў Вялікім Княстве Літоўскім. Да гэтага часу веданне “лаціны” як мовы антычнай і агульнаеўрапейскай культуры было прывілеяй вузкага кола асветнікаў-гуманістаў, а як мова каталіцкага богаслужэння – прафесійным абавязкам святароў у касцёлах. Толькі пасля адкрыцця ў Беларусі і Літве шматлікіх калегіумаў, заснавання ў 1579 г. Віленскай езуіцкай акадэміі лацінская мова зрабілася здабыткам адносна шырокіх слаёў арыстакратыі, шляхты і гараджан, прайшоўшых праз езуіцкую, найлепшую ў тыя часы, сістэму адукацыі.

Напісанне панегірычных вершаў мела, аднак, не толькі далёкія палітычныя мэты (выклікаць прыхільнасць караля і магнатаў, замацаваць уплыў ордэна і Контррэфармацыі ў цэлым), але і вельмі простыя, навучальна-дыдактычныя: авалоданне лацінскай мовай, а пазней і іншымі (нямецкай, італьянскай, гішпанскай). Вось чаму вершаў на лацінскай мове складалася ў сценах калегіумаў і акадэміі так шмат, хаця рэальны попыт на лацінамоўную вершаваную прадукцыю ў тагачасным шляхецкім грамадстве быў значна меншы, чым на польскамоўную: характэрна, што калектыўныя панегірычныя зборнікі ў гонар караля і магнатаў выдаваліся акадэмічнай друкарняй па-лацінску, а невялікія сямейна-рытуальныя віншаванні магнатам і прадстаўнікам заможнай шляхты пісаліся навучэнцамі ці выпускнікамі акадэміі па-польску і часта выдаваліся ў іншых друкарнях: М. Вітаслаўскага “Lutnia na wesele ... Ierzego Chodkiewicza ... i Sofiey Radziwiłówny ...” (Вільня, друк. Я. Карцана,1594). К. Кернавіскага “Epithalamium na wesele ... Piotra Kroszyńskiego ... i Anny Sokolińskiey...” (Вільня, друк. Я. Карцана, 1595), Г. Белазора “Epicedium na pogrzeb ... Anny Dorohostayskiey ...” (Вільня, друк. Акадэміі, 1596), В. Скараўца “Winszowanie ... Zofiey Chodkiewicowey z nowourodzonego syna Hieronima” (Вільня, 1598), Я. Сапегі “Epitalamium na wesele ... Leona Sapiehy ... i Elzbiety Radziwiłlowny” (Вільня, друк. Я. Карцана, 1599), Ш. Шляскага “Satyr wesoły z Kraiów Litewskich na kolęde... H. Chodkiewiczowi” (Вільня, 1606) і інш.

У новага пакалення паэтаў з’яўляюцца новыя куміры і новая магістральная тэма твораў: калі ў 80-х гг. XVI ст. самай папулярнай тэмай была вайна з Масковіяй і подзвігі Крыштафа Радзівіла Перуна (паэмы Ф. Градоўскага, Г. Пельгрымоўскага, А. Рымшы), то напачатку XVIІ ст. – вайна са Швецыяй і перамогі Яна Караля Хадкевіча: “Pieśń nowa Kalliopy Sarmackiej...” (1605) Х. Гашнеўскага, “Pamiątka, albo Cołumny niesmiertelności... (1605) Ш. Шляскага, “Sława losu szczęsliwego w Inflanciech...” (1605) Э. Жатускага, “Carolomachia...” (1606) В. Бойера. А Крыштаф Радзівіл Пярун з прычыны няўдач ў Інфлянтах стаўся нават незадоўга да сваёй смерці (1603 г.) аб’ектам насмешак і кпінаў у ананімных сатырычных вершах “Wojna Inflancka” (1601), “Inflancka litania (1601/1602).

На мяжы XVI - XVIІ стст. польскамоўная паэзія Беларусі выразна пачынае развівацца пад знакам Барока, ёсць усе падставы гаварыць пра бурлівы ўсплёск езуіцкай паэзіі ў гэты перыяд. Але ў гэты ж час шэрагам яскравых твораў у апошні раз заявіла пра сябе паэтычная плынь, якая выводзілася з эпохі Рэнесансу.

Па-першае, гэта творчасць Я. Казаковіча і Г. Пельгрымоўскага – паэтаў, якія дэбютавалі ў 80-х гг. XVI ст., а найбольш значныя свае творы напісалі напрыканцы XVI - напачатку XVIІ стст. Па-другое, гэта творчасць маладзейшых паэтаў, звязаных з друкарняй гуманіста Я. Карцана: Я. Пратасовіча, Б. Буднага, Я. Пятровіча, Радагляда Гладкатварскага. Друкарня “віленскага Альда Мануцыя” нават ва ўмовах Контрэфармацыя выдавала шмат свецкай літаратуры, перакладаў антычных аўтараў, спаборнічала з Акадэмічнай друкарняй у выданні вершаваных твораў. На жаль, пасля смерці Я. Карцана, ягоны сын, Язэп, кардынальна змяніў накірунак дзейнасці друкарні з незалежна-гуманістычнага на каталіцка-клерыкальны, адразу ж выдаўшы “Wzywanie do jedney zbawiennej wiary” (1611) П. Скаргі (Анушкин 1970: 111). І калі Е. Зёмэк умоўна пазначыў канец эпохі Рэнесансу ў Польшчы 1629 г. – годам смерці Шымона Шымановіча, то для Вялікага Княства Літоўскага такой умоўнай датай можа быць 1611 г. – год смерці Яна Карцана.

У заключным раздзеле працы разгледзім апошні этап развіцця польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу: творчую эвалюцыю Я. Казаковіча і Г. Пельгрымоўскага, паэтычную спадчыну Я. Пратасовіча і паэму “Румяны для аздобы дзявочага твару” Радагляда Гладкатварскага.


Загрузка...