ІІІ. 4. НАВУКОВА-ДЫДАКТЫЧНАЯ ПАЭМА РАДАГЛЯДА ГЛАДКАТВАРСКАГА “РУМЯНЫ ДЛЯ АЗДОБЫ ДЗЯВОЧАГА ТВАРУ”


У 1605 г. у Вільні пабачыў свет адзін з самых незвычайных твораў польскамоўнай паэзіі Беларусі XVI – XVII стст.: паэма “Barwiczka dla ozdoby twarzy Panienskiey”. На тытульнай старонцы кнігі пазначана, што напісана яна “na pilne żądanie Panny Daygoty Miełostroyskiey <...> przez Radopatrzka Gładkotwarskiego z Lekarzewic”. Невядома хто з тагачасных паэтаў Вялікага Княства Літоўскага схаваўся пад гэтым дзіўным псеўданімам, які разам з іменем уяўнай адрасаткі выразна сігналізуе аб прыналежнасці твора да сатырычнай літаратуры.

Першую інфармацыю ў друку пра “Румяны...” падаў у 1916 г. К. Бадэцкі (Badecki 1916: 82 - 83), якому належыць заслуга адкрыцця твора, невядомага датуль бібліёграфам. К.Бадэцкі займаўся даследаваннем мяшчанскай літаратуры і натуральна, што знойдзеную ў адной з львоўскіх бібліятэк паэму ён успрыняў як яшчэ адно звяно ў доўгім ланцугу “белагалоўскіх” брашур, распачатым слыннай сатырай Марціна Бельскага “Sejm nieweści” (1586). Праўда, крытычны запал Радагляда Гладкатварскага падаўся вучонаму недастатковым на фоне іншых твораў гэтага жанру: “Калі іншыя пісьменнікі і паэты, сучаснікі Гладкатварскага, з усёй сілы выступілі супраць модніц XVII ст., выкрываючы іх заганы ў шэрагу сатыр, прысвечаных спецыяльна белагаловым, віленскаму рыфмапісцу зрабілася шкада бедных паненак, якім ён, як сам прызнаецца, “гатовы служыць на кожным пляцы”. Калі Пётр Збылітоўскі ў сваёй “Przyganie...”, упершыню выдадзенай у 1600 годзе, паўстае супраць “шыкоўных белагалоўскіх строяў” і раіць жанчынам апранацца прыгожа, але сціпла, Гладкатварскі пяццю гадамі пазней, больш паблажлівы да “выхаваных у раскошы” польскіх мяшчаначак, жадаючы ім “ва ўсім дагадзіць”, прыдумляе лекі для ўпрыгожвання дзявочага твару ў адпаведнасці з гамераўскім прынцапам “forma mulieres ornat” (Badecki 1916: 83).

Не дзіўна, што ў сваёй вялікай манаграфіі “Literatura mieszczańska w Polsce XVII wieku” (1925) К. Бадэцкі прысвяціў “Румянам...” усяго тры старонкі (Badecki 1925: 29 - 31), паўтараючы, у асноўным, бібліяграфічнае апісанне з вышэйзгаданага артыкула. У пасляваенны час польскі вучоны апублікаваў тэкст паэмы Радагляда Гладкатварскага ў змястоўнай анталогіі “Polska satyra mieszczańska. Nowiny sowiżrzalskie” (1950) (Polska satyra 1950: 53 - 59), змясціўшы “Румяны...” ў раздзеле “Сатыры польскіх савізжалаў” сярод такіх “белагалоўскіх” сачыненняў як “Sejm białogłowski” (каля 1617), “Pieśń nowa o szynkarkach i szafarkach” (каля 1650), “Nowe zwierciаdło modzie...” (1678) Якуба Лончнавольскага, “Prerogatywa abo wolność mężatkom” (каля 1684) Ерамяна Нявесцінскага, “Wiersz o fortelach i obyczajach białogłowskich” (каля 1684) і інш.

Напэўна, у такой “непрыстойнай” кампаніі “Румяны...” пачуваліся не вельмі ўтульна, бо ў прадмове польскі вучоны зноў наракае на недахоп сатырычных элементаў у віленскім творы: “Мала сатырычных закідаў у гэтай брашурцы, якая датычыць жанчын, што не пайшлі за прыкладам даўнейшых працавітых і сумленных нявестаў, але, упадабаўшы раскошу і каханне, пажадалі дбаць пра сваю прыгажосць дзеля тых, хто на іх “рады глядзець” (Polska satyra 1950: XVIII).

Нягледзячы на публікацыю тэкста паэмы К. Бадэцкім, “Румяны...” да гэтага часу не прыцягнулі да сябе ўвагі даследчыкаў, у лепшым выпадку згадваліся адным абзацам, як у кнізе А. Анушкіна “На заре книгопечатания в Литве” (1970). А. Анушкін выказаў слушнае меркаванне, што “Румяны...” выдадзены ў друкарні Я. Карцана, вядомага аматара паэзіі і папулярызатара антычнай культуры. Літоўскі даследчык назваў твор медыцынскім сачыненнем, але ўслед нечакана заявіў, што “ў ім высмейваецца марнатраўства і пагоня шляхцянак за ўборамі” (Анушкин 1970: 107).

Па-сутнасці, унікальны твор шматмоўнай літаратуры Вялікага Княства Літоўскага ні разу не быў прадметам спецыяльнага аналізу. Вызначаючы фенатып “Румян...” у кантэксце польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу, неабходна ў першую чаргу звярнуць увагу на тое, што адрасаваная паэма не чытачам, а выключна чытачкам. Пра гэта сведчыць як жартаўлівае прысвячэнне кнігі панне Даўгоце Міластройскай, так і змест асноўнай часткі твора: падрабязнае апісанне рэцэптаў макіяжу і масак для твару. Лёгка можна ўявіць сабе набожнага кальвініста, які чытае паэму Ц. Базыліка “Апісанне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл” (1562) альбо засцянковага шляхціца, які ўзяў у рукі вершаваны трактат Я.Пратасовіча “Узор сумленнай белагаловай” (1597), крытычна паглядаючы на сваю жонку. Але немагчыма ўявіць сабе мужчыну пачатку XVII ст., які чытаў бы “Румяны для аздобы дзявочага твару”. Па свайму функцыянальнаму прызначэнню сачыненне Радагляда Гладкатварскага ўяўляе сабой параднік па касметыцы – першы ў Вялікім Княстве Літоўскім і ва ўсёй Рэчы Паспалітай.

У той жа час аўтар кнігі меў і выразныя літаратурныя амбіцыі, паслядоўная рэалізацыя якіх зніжала чыста медыцынскую каштоўнасць ягонай кнігі, рабіла яе нецікавай для лекараў-спецыялістаў. Эпіграфам да паэмы ўзятае лацінскае трохрадкоўе, якое прыпісваецца Гамеру: “Forma mulieres ornat, virum aute robur, / Pulchra, iucunda est visu delectabilis auditu: / Sensus omnes formosa delectat” (Barwiczka 1605: 1). Аўтарскі погляд на праблему прыгажосці выкладзены ў вершаванай “Прадмове да паненак”, па зместу непадзельна звязанай з асноўнай частакай твора. Радагляд Гладкатварскі паведамляе, што ў цяперашнім свеце прыгажосць з’яўляецца важнай умовай для шчасця жанчыны, і выказвае спачуванне тым дзяўчатам, якія з прычыны свайго непрывабнага выгляду не маюць ні сяброў, ні каханых, ні жаніхоў:

Więc nie rad ociec widzi, pogotowiu matka,

Przyczyny inszey nieda, iedno żeś nie gładka.

Do klasztora chcą wprawić, mniszką zową sprosne,

Chocia y nie do kapice chce serce miłosne.

Nie wiedzą o tym pono, że Cupido mały

Jednakie ma na żadne y na gładkie strzały.

(Barwiczka 1605: 2)

Менавіта брыдкім дзяўчатам адрасуе Радагляд Гладкатварскі сваё сачыненне, каб яны навучыліся даглядаць за сваім тварам і з дапамогаю касметычных сродкаў зраўняліся “гладкасцю” з прыгажунямі ад нараджэння.

Першая частка паэмы пачынаецца з нечаканага ў кантэксце прадмовы сцвярджэння, што па-сапраўднаму чалавека ўпрыгожвае толькі цнота. Але ў цяперашняга свету – свае законы, і таму – лічыць паэт – найлепей для жанчыны спалучаць цнатлівасць і знешнюю прывабнасць. Як садоўнік даглядае дрэўцы, як ткач апрацоўвае тканіну, так і дзяўчына мусіць дбаць пра свой твар. У “Румянах...” услаўляецца культура (культуры земляробства, жытла, адзення) і мастацкая, чалавекам створаная прыгажосць. Звернем увагу на тое, што падобны погляд на хараство быў далёкі ад ідэалаў шляхецкага грамадства канца XVI - пачатку XVII ст., дзе цаніліся найперш прастата і натуральнасць.

У другой частцы паэмы даюцца падрабязныя рэцэпты бяліл, румян і мазі ад прышчоў. Менавіты выклад гэтых рэцэптаў займае асноўнае месца ў структуры твора.

У трэцяй частцы намалявана ідылічная будучыня тых чытачак, якія будуць рэгулярна карыстацца прапанаванымі Радаглядам Гладкатварскім сродкамі:

A ktоry drzewіey patrzać nie myślił w twe oczy,

Zdziwi się w ten czas twarzy, gdzie cię iedno zoczy.

Już nie twarżą , zwierciadłem raczey twarz zwać będą,

Uyrzą z twarzy twey swoie, ktorzy cię przysiędą. <...>

Powagi też zażyway, obacz się, ześ gładka,

Domyślą się, czego chcesz, ociec, także matka.

Zwać cię mniszką nie będą, każdy to utwierdzi,

Zeć chłop siedzi na sercu, a kapica śmierdzi.

(Barwiczka 1605: 7 - 8)

Разгледзіўшы кампазіцыю і змест паэмы, паспрабуем вызначыць яе жанр. Пачатак і канец твора напісаныя ў жартаўлівым ключы і нібыта адпавядаюць канвенцыянальным уласцівасцям сатыры. Пра прыналежнасць “Румян...” да сатырычнай паэзіі сведчыць, як мы ўжо адзначалі, семантыка імені адрасаткі і псеўданіма аўтара. Але вострых крытычных выпадаў у адрас тагачасных жанчын ва ўступнай і ў заключнай частках паэмы няма, зусім далёкая ад сатыры асноўная частка паэмы, дзе даюцца сур’ёзныя парады і сапраўдныя рэцэпты (многія кампаненты касметычных сродкаў “ад Радагляда” былі вядомыя спрадвеку і да сённяшняга дня актыўна выкарыстоўваюцца ў медыцынскай практыцы). Паэма Радагляда Гладкатварскага выразна адрозніваецца ад белагалоўскіх (антыбелагалоўскіх) памфлетаў XVІІ ст., да якіх залічыў яе некалі К. Бадэцкі. Змест асноўнай часткі твора дазваляе аднесці “Румяны...” да навукова-дыдактычный, а канкрэтна – да медыцынскай паэзіі, якая ўзнікла ў антычную эпоху (сачыненні Сервілія Дамакрата, Дыяскарыда, Квінта Серэна Самоніка) і плённа развівалася ў Сярэднявеччы (“Садок” Валафрыда Страбона, “Пра ўласцівасці зёлаў” Ода з Мэна, “Салернскі кодэкс здароўя” Арнольда з Вілановы і інш.).

Шукаючы першаўзор “Румянаў...” у класічнай літаратуры найперш прыгадваеш славутую паэму Публія Авідзія Назона “Навука кахання”. У трэцім раздзеле “Навукі кахання”, адрасаваным жанчынам, Авідзій змясціў шэраг парадаў касметычнага характару. Менавіта як водгук выказванняў рымскага паэта ўспрымаецца ўслаўленне ў паэме Радагляда Гладкатварскага культуры і штучнай прыгажосці, несугучнае з ідэямі шляхецкага грамадства XVI - XVII стст..

Але падабенства “Румян...” да “Навукі кахання” не з’яўляецца вынікам непасрэднага наследавання, першаўзорам для паэмы віленскага аўтара стаўся іншы твор рымскага паэта: “Касметыка для жаночага твару”. З антычных часоў захавалася ўсяго сто радкоў “Касметыкі...”, менавіта яны пакладзены ў аснову “Румян...”, што выразна бачна пры супастаўленні двух твораў.

На думку А. Анушкіна, касметычныя рэцэпты былі запазычаны Радаглядам Гладкатварскім з трактатаў старажытнарымскага медыка Галена і з мясцовай практыкі (Анушкин 1970: 107). Сапраўды, распавядаючы пра спосаб прыгатавання бяліл аўтар “Румян...” згадвае Кнігі Галенавы, а спосаб прыгатавання румянаў апісваецца так, нібыта ён узяты з мясцовай практыкі альбо вынайдзены самім паэтам:

Łatwiuchną drogę podam do twarzy gładkości,

Nie trzeba Indu zwiedzić y Libiyskich włości,

Szukaiąc farb wytwornych. Takie Polska rodzi,

A nie wątpcie: potrzebie oyczyzna dogodzi.

Jeczmień obfity w Polszcze y w Litwie miewacie,

Pospolicie y piwo z niego więc rabiacie.

Ten się w lekarstwo przyda ku twarzy ozdobie

Y niemałą ma cnotę w takowym sposobie...

(Barwiczka 1605: 5)

Здавалася б, у падобных радкоў няма і не можа быць антычнага першаўзора, што віленскі аўтар распавядае пра традыцыйны народны сродак, якім карысталіся нашыя прапрабабкі. Але звернемся да адпаведнага месца ў “Касметыцы...” Авідзія:

От шелухи и мякины очисть ячменные зерна,

Те, что из Ливии к нам шлют на судах грузовых,

Выбей десяток яиц на горох журавлиный, по весу

Взяв, сколько чистый ячмень весил – два фунта сполна.

(Овидий 1994: 1, 228).

Далей Авідзій пералічвае іншыя кампаненты румян, якія таксама згадваюцца ў паэме Радагляда Гладкатварскага. Віленскі паэт адвольна перакладаў асобныя месцы “Касметыкі...”, але ўзбагачаў змест арыгінала не шляхам дадавання невядомых раней парадаў ды рэцэптаў, а за кошт разгортвання вобразаў, зададзеных старажытнарымскім аўтарам: напрыклад, замест двух радкоў, як у арыгінале, ён прысвяціў парашку з аленевага рога ажно дзесяць (Barwiczka 1605: 5 - 6).

З 1-га па 120-ы радок паэма Радагляда Гладкатварскага ўяўляе сабой вольны пераклад “Касметыкі...” Авідзія; “Прадмова да паненак” і заканчэнне “Румян...” прыдуманыя самім віленскім аўтарам, які адмыслова аправіў медыцынскі трактат у жартаўліва-іранічныя рызы.

Вольнае абыходжанне з тэкстам Авідзія вынікала ў Радагляда Гладкатварскага перш за ўсё з кардынальна іншага падыходу да тэмы твора, з іншага стаўлення да жаночага хараства. Аўтар “Навукі кахання”, якую больш правільна было б назваць “Навукай флірту”, безумоўна ўспрымаў свае парады, выкладзеныя ў “Касметыцы...”, усур’ёз, бо лічыў пагоню жанчын за прыгажосцю адной з праяваў імкнення чалавека да хараства і дасканаласці. Віленскі паэт пачатку ХVII ст. ставіўся да тэмы свайго твора з прыкметнай іроніяй; у тагачасных паэтычных творах вобраз жанчыны падаваўся альбо ў паранетычным, альбо ў сатырычным плане, любоўная тэматыка поўнасцю адсутнічала. Напрыклад, Я. Пратасовіч у “Вобразе сумленнай белагаловай” зусім не згадвае прыгажосць сярод рысаў узорнай пані, а ў вершаваным трактаце “Inventores rerum...” разважае, ці патрэбна жанчыне люстэрка, падкрэсліваючы негатыўны ўплыў гэтага вынаходніцтва на норавы і паводзіны жанчын:

Nadobna chce być gładszą, stara uść za młodą,

Szpetna chce się popisać też swoją urodą.

Owa wszystko zwierciadło to tak sztucznir broi,

Że się każda w nie patrząc, bardzo rada stroi. <...>

Radniej, jeśli twarz widzisz w zwierciadle nadobną,

Staraj się, byś na duszy była jej podobną.

Bo to jest nacudniejszą przyprawą na twarzy,

Kiedy wstydem opłonąć której się więc zdarzy.

(Protasowicz 1973: 89)

Пераказваючы змест авідзіеўскай “Касметыкі...” Радагляд Гладкатварскі дыстансуецца ад яе сваім псеўданімам, прысвячэннем Даўгоце Міластройскай, “Прадмовай...” і, самае галоўнае, іроніяй, жартаўлівым ладам апавядання. Аўтар “Румян...” дае карысныя парады касметычнага характару і адначасова іранізуе з тых нядошлых нявест, якім яны прызначаны. Адносіны аўтара да адрасатак неадназначныя. З аднаго боку паэту шкада абдзеленых прыгажосцю дзяўчат: “Żal mi was panny dobre, które przez gładkości /Nie możecie żądzy swej dość czynić w miłości” (Barwiczka 1605: 8). З другога боку ён пасмейваецца з іхняй празмернай палкасці і прапануе свае паслугі не толькі ў якасці лекара. “W. m. wszego dobra zyczliwy przyjaciel y z wielką a serdeczną chęcią służyć gotow na każdym placu” – падпісваецца ён пад прадмовай (Barwiczka 1605: 2). Аднак, аўтарская іронія не перарастае ў сатыру; Радагляд Гладкатварскі не бярэцца парадыраваць змест асноўнай, медыцынскай часткі твора, не змяняе пазітыўнае стаўленне да рэчаіснасці на негатыўнае. Таму нельга пагадзіцца з сцвярджэннем А. А. Анушкіна, што паэме нададзена сатырычнае гучанне (Анушкин 1970: 107), няма падстаў залічваць услед за К. Бадэцкім “Румяны...” да савізжальскай сатыры.

Не падзяляючы галоўную ідэю твора, які перакладаў, Радагляд Гладкатварскі свядома ці падсвядома падкрэсліваў тыя моманты ў паэмы Авідзія, якія больш адпавядалі ягоным уласным уяўленням пра ідэал жанчыны. Так досыць нечаканае ў агульным кантэксце паэмы сцвярджэнне рымскага паэта пра перавагу цноты над знешняй прыгажосцю – на думку гісторыкаў антычнай літаратуры, гэтым выказваннем Авідзій імкнуўся завуаліраваць заганную мараль твора (Morawski 1917: 114; Stabryła 1989: 134) – Радагляд Гладкатварскі выносіць на пачатак “Румян...” і з энтузіязмам апісвае ўслед за Авідзіем стрыманы і цнатлівы лад жыцця жанчын даўнейшых стагоддзяў, ператвараючы гэтае апісанне ў гімн прастаце і натуральнасці:

Piękny zwyczay był starych, iż wolały robić,

Niżli ciało mizerne k woli światu zdobić.

Wstydliwa pani siedząc przedła za swym stołem ,

Używając prace rąk z dziatki swemi społem.

Sama statku doyrzała, sama do obory

Zapędzała iagnięta, ktore pasły cory.

Sama ogień wzniecała, sama drwa rąbała,

W robocie się kochając, wstydu zaniechała.

(Barwiczka 1605: 3 - 4)

Пад гэтымі радкамі смела падпісаўся б і Ян Пратасовіч: намаляваны вобраз цалкам адпавядае ягонаму “Вобразу сумленнай белагаловай” і калектыўным ўяўленням тагачаснай беларуска-літоўскай шляхты пра суровае патрыярхальнае жыццё продкаў. Калі гіпатэтычна ўявіць, што за пераклад “Касметыкі для жаночага твару” узяўся б Я. Пратасовіч, з пад ягонага пяра выйшла б сачыненне вельмі падобнае на “Румяны...”

Заканамерна, што лацінская паэма Авідзія, трапіўшы на польска-беларускую культурную глебу, атрымала фому “Румян...”: не даслоўнага перакладу і не пародыі, але форму парафразы, у якой эстэтычныя ідэі і маральныя перакананні арыстакратычнага рымскага асяроддзя часоў Аўгуста пераламіліся ў люстры эстэтычных ідэяў і маральных уяўленняў шляхты Рэчы Паспалітай пачатку XVII стагоддзя.


Загрузка...