Развіццю польскамоўнай паэзіі спрыяў рэфармацыйны рух, прадстаўнікі якога актыўна выкарыстоўвалі вершаваную форму дзеля папулярызацыі новых рэлігійных поглядаў у грамадстве. У 1558 г. у берасцейскай друкарні Станіслава Мурмэліуса пабачыў свет кальвінскі канцыянал “Pieśni chwał Boskich”, падрыхтаваны Янам Зарэмбам. Кніга не захавалася да нашага часу, але 38 песень з яе перадрукаваў Ян Секлюцыян у свой спеўнік “Pieśni chrześcijańskie” (Крулевец, 1559), а ў 1937 г. першыя старонкі арыгіналу знайшоў у бібліятэцы Кёнігсбергскага універсітэта і апублікаваў польскі вучоны Станіслаў Кот (Kot 1937 – 1939: 443 – 456). Паводле выдання Я. Секлюцыяна і публікацыі С. Кота можна дакладна рэканструяваць структуру берасцейскага канцыяналу.
Пачыналася кніга з вершаванай прадмовы “Do wszech pana Boga miłujących”, у якой укладальнік тлумачыў канцэпцыю зборніка і шукаў прыхільнасці чытачоў. З першых радкоў прадмовы бачна, што ў адрозненні ад аўтараў-каталікоў, якія прызначалі свае канцыяналы выключна для святочных набажэнстваў у касцёле, Я. Зарэмба ахвярваў свой спеўнік усім праўдзівым вернікам для штодзённага ўжытку, выказваючы спадзяванне:
Abowiem się z tąd nauczą jako wierzyć mają,
A społem się i modlitwam świętym przyzwyczają,
A po tym też panu Bogu ku czci zaśpiewają,
Ty Piosneczki które tuta swem porządkiem mają:
Na każdy czas dnia i nocy z pilnością zebrane...
Дэмакратычнасць, уласцівая пратэстанцкім аўтарам, у Я. Зарэмбы асабліва выразная, свядомая. Некалькі разоў падкрэслівае ён у прадмове, што сабраў песні “dla ludu prostego”, “człowieku prostemu”, ды й называе сабраныя ім творы сціпла: “piosneczki”. Затое ўвесь свой крытычны запал скіроўвае супраць прыдворнага асяроддзя і асабліва – супраць свецкіх дам:
Acz to wmówic trudno w takie co radzi prożnują,
Bo ci z Krześciańskich Piosnek sobie więc kuglują,
A zową ję żebraczymi, śpiewać się ich wstydzą,
Iż się nimi białe głowy owy świeckie brzydzą.
Цяжка паверыць, але ў першым паэтычна-музычным зборніку, выдадзеным на тэрыторыі Беларусі, мы сустракаем нараканні на засілле любоўных песень пры дварах беларуска-літоўскіх магнатаў, чуем папрокі ў адрас легкадумных паненак, якія ахвотна спяваюць песні пра сардэчныя пакуты закаханых (“łotrowskim śpiewaniem” называе такія спевы Я. Зарэмба) і пагарджаюць духоўнымі спевамі на славу Бога (“świat z pobożności szydzi”, – канстатуе ўкладальнік брэсцкага канцыяналу).
Я. Зарэмба асуджае этычныя нормы і эстэтычныя густы прыдворнага асяроддзя, але спадзяецца, што з’яўленне канцыянала выправіць нарэшце сітуацыю, што сабраныя ім песні будуць цікавымі як для простых людзей, так і для рафінаваных аматараў паэзіі і музыкі:
Dla tych którzy w figurnym się śpiewaniu kochają,
A radszej się takowymi piosnkami zabawiają,
Niż owemi o Wenusie a zdradnej miłości,
Kórych się już byli jęli i ludzie też prości.
Сваю заклапочанасць панаваннем свецкай культуры Я. Зарэмба выказвае і ў празаічнай прадмове “Zacnie urodzonemu panu Stanisławowi Piekarskiemu...”, адрасаванай упраўляючаму двара Мікалая Радзівіла Чорнага. Аўтар меркаваў, што з дапамогаю Станіслава Пякарскага канцыянал трапіць у рукі да набожнай жонкі князя Альжбеты і яе прыдворных паненак, каб тыя замест “świeckich firlejów, radszej sobie takiemi Duchownemi piosnkami krotofile czyniły”.
С. Пякарскаму прысвечана таксама эпіграма “Na Topór Herb pana Piekarskiego zbożnego Prawdzica krótki napis”, што сведчыць хутчэй за ўсё пра фінансавы ўдзел упраўляючага ў выданні кнігі. Вершаваная і празаічная прадмовы Я. Зарэмбы ды эпіграма невядомага аўтара на герб Праўдзіч складаюць уступную частку зборніка “Pieśni chwał Boskich”. Заўважым, што прэфацыйныя (вершы-прадмовы) і геральдычныя (эпіграмы на гербы) паэтычныя творы зробяцца неўзабаве самымі папулярнымі відамі паэзіі, традыцыйнымі элементамі кніжнай культуры Беларусі эпохі Рэнесансу.
Асноўная частка берасцейскага канцыяналу ўяўляла сабой зборнік вершаваных тэкстаў з нотамі і называлася “Piosnki”. У зборнік увайшло каля 140 розных песень, ноты да якіх напісалі прыдворныя музыканты Мікалая Радзівіла Чорнага: Вацлаў з Шаматул і Цыпрыян Базылік, словы – Сымон Зацыус, Мікалай Рэй, Анджэй Тшэцескі, Цыпрыян Базылік, Якуб Сільвіус, Станіслаў Семідаліус. Я. Зарэмба ўключыў у спеўнік некалькі вядомых раней твораў (напрыклад, верш М. Рэя) і некалькі перакладаў з розных моваў (аўтарам двух перакладаў з чэшскай мовы з’яўляўся сам укладальнік), але большасць тэкстаў была напісана спецыяльна для берасцейскага канцыяналу (напрыклад, творы С. Зацыуса і С. Семідаліуса).
Да асноўнай часткі канцыяналу ў берасцейскім выданні 1558 г. далучаны дзве дадатковыя: кароткі катэхізіс “Nauka wiary krześciańskiej” (магчыма, аўтарства С. Зацыуса) і невялічкі зборнік духоўных парад і малітваў на кожны дзень “Pasterstwo domowe” Я. Сільвіуса. Пратэстанты, як вядома, значна пашырылі функцыі канцыяналу: са звыклага зборніка літургічных спеваў ператварылі яго ў дзейсны паэтычна-музычны сродак засваення біблейскага зместу і новых тэалагічных дагматаў. Каб дапамагчы простаму верніку рацыянальна ўсвядоміць тыя ісціны, якія ён ужо ўспрыняў эмацыянальнам шляхам падчас выканання песень, да спеўнікаў дадаваўся, звычайна, катэхізіс. Кальвінскі канцыянал Я. Зарэмбы наследаваў структуру канцыянала Марціна Лютэра з 1524 г., які заставаўся нязменным узорам для пратэстанцкіх канцыяналаў на працягу некалькіх стагоддзяў.
Даволі вялікі аб’ём і высокі мастацкі ўзровень берасцейскага канцыяналу сведчыць пра тое, што задуманы ён быў даўно і старанна рыхтаваўся да выдання калектывам прыяцеляў-аднадумцаў. Друкар Станіслаў Мурмэліус, укладальнік і перакладчык Ян Зарэмба, паэт і музыкант Цыпрыян Базылік, музыкант Вацлаў з Шаматул, паэт і перакладчык Анджэй Тшэцескі, тэолагі, паэты і перакладчыкі Сымон Зацыус, Якуб Сільвіус, Станіслаў Семідаліус – усе яны пратэстанцкія дзеячы з атачэння Мікалая Радзівіла Чорнага, якія прыехалі з Польшчы і аселі ў Вільні альбо Бярэсці. Наўрад ці сам віленскі ваявода і берасцейскі стараста быў ініцыятарам выдання канцыяналу: кніга прысвечана не Радзівілу, а ягонаму падскарбію Пякарскаму. Найбольш зацікаўленай у з’яўленні спеўніка асобай быў С. Зацыус, суперінтэндат кальвінскага збору ў Беларусі і Літве. На думку С. Кота, менавіта С. Зацыус даручыў Я. Зарэмбу скласці канцыянал і арганізаваў пры фінансавай падтрымцы С. Пякарскага выданне кнігі ў друкарні С. Мурмэліуса (Kot 1937-1939: 447). Нельга, аднак, недаацэньваць ролі самога Я. Зарэмбы, шляхціца беларускага паходжання з Падляшша, які прадумаў канцэпцыю зборніка, напісаў дзве прадмовы да яго, сабраў вершаваныя тэксты і ноты, сам пераклаў некалькі вершаў з чэшскай мовы.
“Pieśni chwał Boskich” – першы пратэстанцкі канцыянал, выдадзены ў Вялікім Княстве Літоўскім. Наступным быў арыянскі канцыянал “Katechism, albo krotkie w jedno miejsce zebranie wiary i powinności Krześcijańskiej...”, выдадзены ў 1563 г. ў Нясвіжы Даніэлем Лэнчыцкім у друкарні, якая належала Мацею Кавячынскаму.
Нясвіжскі канцыянал яшчэ перад вайной адшукала ў бібліятэцы Упсальскага універсітэта польская даследчыца А. Кавецкая, якая падрабязна апісала знаходку і прапанавала вышэйпаданую назву (тытульны аркуш кнігі не захаваўся) на падставе пазнейшага віленскага выдання (Kawecka-Gryczowa 1926: 128 – 139). Сёння даследчыкі маюць магчымасць карыстацца фотакопіяй кнігі ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве (Kancjonał 1563).
Нясвіжскі канцыянал складаўся з наступных частак:
І. “Przedmowa do pobożnego Krześcianina”;
II. “Pierwszy Katechism”;
II. “Wtory Katechism”;
III. “Pastеrstwo domowe”;
IV. “Psalmy Dawidowe”;
V. “Piosnki”.
Як бачым, ён меў больш разбудаваную структуру, чым берасцейскі канцыянал (ажно два катэхізісы, асобны раздзел з псалмамі, спеўнік апынуўся напрыканцы кнігі, а частка песень увайшла ў 4-ы раздзел). Акрамя таго, нясвіжскі канцыянал быў ці не ўвесь ананімны: невядома, хто склаў кнігу і напісаў да яе прадмову, хто падрыхтаваў катэхізісы і “Pastеrstwo domowe”, не вядомы імёны кампазітараў і аўтараў многіх вершаваных тэкстаў. Праўда, значная частка з 54-х псалмоў і 110-ці песень запазычана з ранейшых польскіх канцыяналаў, таму дакладна вядома, што ў нясвіжскім канцыянале прысутнічаюць творы Я. Любельчыка, М. Рэя, А. Тшэцескага, Б. Ваявудкі. Нібыта выступаючы супраць ананімнасці, двое паэтаў зашыфравалі свае імёны ў акравершах: Тамаш Сакалоўскі (песня “To słusza z wiernych każdemu”) і Тамаш Хадоскі (песня “Tobie Panie grzech swоj wyznać muszę”). Увогуле, па сваёй арыгінальнасці і мастацкім узроўні нясвіжскі спеўнік 1563 г. значна саступаў берасцейскаму 1558 г. Магчыма, адчуваючы недахопы кнігі, Д. Лэнчыцкі друкуе праз год дадатковы зборнік “Pieśń... o pobożnej a cnotliwej Niewieście...”,куды акрамя вядомых раней песень на вершы М. Рэя і Я. Каханоўскага ўвайшло некалькі новых твораў, арыгінальных па зместу (разам 5 псалмоў і 8 песен). Толькі пад адной з песень (“Pieśń ćwiczenia i doświadczenia Pańskiego”) было падпісана імя аўтара – Марціна Чаховіча, астатнія творы, як і ў папярэднім спеўніку, ананімныя.
Марцін Чаховіч – лідэр арыянскага руху ў Вялікім Княстве Літоўскім, відаць, з’явіўся ініцыятарам выдання нясвіжскага канцыяналу і ўзяў чынны ўдзел ў яго падрыхтоўцы. Ягонаму пяру належыць не толькі “Pieśń ćwiczenia i doświadczenia Pańskiego” ў дадатковым зборніку, але, магчыма, і шэраг вершаў у асноўным спеўніку, а таксама “Pastеrstwo domowe”. Аўтарам катэхізісаў, на думку А. Кавецкай, быў Сымон Будны, які ў 1562 г. выдаў аналагічны тэкст па-беларуску (Kawecka-Gryczowa 1926: 129). “Pieśń ... o pobożnej a cnotliwej Niewieście...” ў некаторых бібліяграфічных даведніках залічваецца ў даробак Ц. Базыліка (Bibliografia 1964: 17), але хутчэй за ўсё ягоны ўдзел у працы над зборнікам абмежаваўся напісаннем музыкі да чужых вершаваных тэкстаў. У аўтарскі калектыў уваходзілі таксама Тамаш Фальконіус (Сакалоўскі) і Тамаш Хадоскі, што дакладна вядома з акравершаў. Акрамя друкара Даніэля Лэнчыцкага, да выдання канцыяналу непасрэдна прычыніўся ўладальнік нясвіжскай друкарні Мацей Кавячынскі, які сфінансаваў праект.
Такім чынам нясвіжскі канцыянал, падобна як і берасцейскі, быў падрыхтаваны даволі вялікім творчым калектывам пераважна польскіх пратэстанцкіх дзеячоў, якія перабраліся ў Вялікае Княства Літоўскае і ўнеслі важкі ўклад у развіццё культуры.
Шырокі тэматычны абсяг вершаваных тэкстаў з берасцейскага і нясвіжскага канцыяналаў адлюстроўвае намер іх стваральнікаў сакралізаваць штодзённы побыт чалавека, напоўніць атмасферай набожнасці жыццё верніка ва ўсіх ягоных праявах: з раніцы да вечара, ад нараджэння да смерці.
Рэкамендавалася пачынаць духоўныя песнапенні з узыходам сонца, калі чалавек толькі прачынаўся (“Piosnka zaranna gdy zorze wschodzą”, “Piosnka na rane powstanie”, “Druga piosnka na rane powstanie gdy się rozdniewa”). Раілася праспяваць адпаведную песню перад тым, як сядаеш за стол (“Modlitwa przed jadłem”), а таксама пад’еўшы (“Trzecie pożegnanie stołu”). Да паслуг вернікаў былі песні-споведзі (“Znamy Ojcze nasz niebieski...”, “Tobie Panie grzech swоj wyznać muszę...”), песні-настаўленні (“Pieśń ćwiczenia i doświadczenia Pańskiego”, “Pieśń albo napominanie ku wszelkiemu krześciańskiemu Rycerzowi”), а найбольш песні-гімны (“Dziękujem tobie wszechmogący Panie”, “Bądż chwała Bogu na wysokości...”, “Radujmy się wszyscy Krześcianie...”). Перад тым, як класціся спаць, таксама неабходна было выканаць песню (“Pożegnanie krześciańskie na każdy dzień”, “Hymnu druga pieśń na noc”).
Нават тэматычна звязаныя з царкоўным календаром песні, спявался не толькі ў тыя дні, на якія прыпадалі святы Божага Нараджэння або Вялікадня. І толькі творы з нагоды важных сямейных падзеяў (нараджэння дзіцяці, шлюбу, пахавання) выконваліся ў адпаведных сітуацыях.
Прэтэндуючы на трывалае месца ў традыцыйным укладзе жыцця чалавека, паэзія пратэстанцкіх канцыяналаў XVI ст. была насамрэч вельмі слаба звязана з рэальным побытам. Вершаваныя тэксты берасцейскага і нясвіжскага спеўнікаў належалі да рэлігійнай метафізічнай паэзіі, якая вылучалася герметычнасцю мастацкага сусвету, пазачасавай універсальнасцю. У цэнтры ўвагі метафізічнай паэзіі знаходзіліся ўзаемаадносіны чалавека з Богам, сутнасныя праблемы чалавечай экзістэнцыі. Засяроджаная на ўнутраных духоўных перажываннях чалавека, гэтая паэзія не закранала знешніх праяваў жыцця, чалавечых узаемадачыненняў.
Але ў дадатковым спеўніку 1564 г. з’яўляюцца вершаваныя тэксты зусім іншага характару, цесна звязаныя з кантэкстам тагачаснага грамадскага жыцця: “Pieśń zebrana z Zjawienia ś. Jana ... iż Papież jest prawdziwym Antykrystem, a już prożno mamy inszego Antykrysta czekać” i “Pieśń nowa w ktоrej się zamyka prośba ludzi wiernych, aby ich Pan od Moskwicina uchować raczył”. Гэтыя творы таксама адносяцца да рэлігійнай паэзіі, але не да метафізічнай, а да палемічнай: першы верш мае выразную антыпапскую скіраванасць, другі – антымаскоўскую (своеасаблівая малітва з палітычным падтэкстам).
Ад такіх рэлігійных публіцыстычных твораў зуім блізка было да свецкай палітычнай паэзіі, ад ужывання вершаванай формы як сродку рэлігійнага выхавання – да выкарыстання паэзіі ў грамадскіх мэтах. Такі крок, ад духоўнага універсалізму да грамадскага прагматызму, быў неўзабаве зроблены А. Валянам у палітычным вершы “Do Polaków i do Litwy” (1564) і ананімным аўтарам у сатырычнай паэме “Proteus, abo Odmieniec”(1564).
Значэнне пратэстанцкіх канцыяналаў для культуры Беларусі эпохі Рэнесансу бачыцца перш за ўсё ў тым, што, актыўна выкарыстоўваючы паэзію і музыку дзеля сакралізацыі штодзённага побыту чалавека, аўтары зборнікаў тым самым паэтызавалі, умузычнялі побыт, насычалі жыццё нашых продкаў праявамі высокага мастацтва.