Эпоха Адраджэння ў беларускай культуры традыцыйна звязваецца з першай трэцяй XVI ст., з імёнамі Ф. Скарыны, Я. Вісліцкага, М. Гусоўскага. Але на першую трэць XVI ст. прыпадае ранняя фаза Рэнесансу, свайго апагею Рэнесанс дасягнуў у беларускай культуры ў 70 – 80-х гг. XVI ст., пра што сведчыць росквіт кнігадрукавання, пашырэнне мецэнацтва, узнікненне літаратурных гурткоў гуманістычнага кірунку. Менавіта ў гэты час з’яўляюцца ў беларускай літаратуры першыя гісторыка-мемуарныя творы (сямейныя запісы Уніхоўскіх, падарожныя дзённікі Ю. Радзівіла і М. К. Радзівіла), першыя драматычныя тэксты (тэатралізаваныя дэкламацыі К. Пянткоўскага), рыцарскія раманы (“Бава”, “Трышчан”), героіка-эпічныя паэмы (творы Ф. Градоўскага, А. Рымшы, Я. Радвана). У грамадстве ўзмацняецца цікавасць да сусветнай і айчыннай гісторыі, у літаратурным ландшафце ўсё больш прыкметнае месца займае паэзія.
Такога яскравага выяўлення нацыянальна-адраджэнскай ідэі, як у неапублікаванай прадмове В. Цяпінскага да “Евангелля” (70-я гг. XVI ст.), беларуская літаратура не ведала да часоў К. Каліноўскага і Ф. Багушэвіча. Адметнай праявай позняга Рэнесансу сталася выданне ў 1588 г. “Статута Вялікага Княства Літоўскага” з патрыятычнай прадмовай Л. Сапегі і вершам А. Рымшы.
Хаця менавіта ў 70 – 80-х гг. XVI ст. у пісьменстве Беларусі з’яўляецца шэраг выдатных помнікаў на старабеларускай мове, але ў паэзіі па-ранейшаму дамінуе польская мова, другое месца займае лацінская. Польская мова ў гэты час ужо не з’яўляецца выключна мовай рэфармацыйнага руху (С. Будны і А. Валян у палеміцы з каталікамі ахвотней карысталіся лацінскай мовай), затое робіцца пасля Люблінскай уніі 1569 г. універсальнай мовай зносінаў паміж рознымі народнасцямі Рэчы Паспалітай.
“Была гэта тыповая для часоў Рэнесансу з’ява, што, хаця ў справах нацыянальных і палітычных пераважаў партыкулярызм, лінгвістычны фактар з’яўляўся элементам, які з’ядноўваў вялікую, складзеную з некалькіх супольнасцяў дзяржаву” (Topolska 1984: 27 – 28).
Як мова міжнацыянальных зносінаў польская мова мае значна шырэйшую сферу ўжывання, чым мова кальвінісцкай прапаганды, паступова яна ператвараецца ў мову па-над канфесійную, зразумелую прадстаўнікам усіх веравызнанняў. Расце яе значэнне як літаратурнай мовы, пашыраецца кола чытачоў польскамоўных тэкстаў. У Вялікім Княстве Літоўскім, а не ў Польшчы былі выдадзены першыя пераклады на польскую мову Цыцэрона, Кальвіна, Э. Ратэрдамскага, А. Фрыча-Маджэўскага, А. Паляка. Заўважым, што пры ўсім пры гэтым, ні ў Княстве, ні ў Кароне польская мова ў той час не мела статуса дзяржаўнай: дзяржаўнымі мовамі там былі адпаведна старабеларуская і лацінская.
Дзякуючы з’яўленню лацінскіх вершаў С. Буднага і паэм Ф. Градоўскага, Я. Радвана, беларускіх вершаў А. Рымшы, паэзія Беларусі ў 70 – 80-х гг. XVI ст. ператвараецца з польскамоўнай ў шматмоўную, але па колькасці апублікаваных твораў польскамоўная паэзія значна апярэджвае лацінамоўную і беларускамоўную.
Пасля таго, як спынілі сваю дзейнасць берасцейскія і нясвіжская друкарні, на тэрыторыі Княства назіралася часовае зацішша ў кнігавыдавецкай справе. Праўда, на пачатку 70-х гг. у Заблудаве працавалі І. Фёдараў і П. Мсціславец, а ў Заслаўі была выдадзена польскамоўная Біблія С. Буднага, але дзейнасць заблудаўскай (кірылічнай) і заслаўскай друкарняў не мела рэгулярнага характару. Невыпадкова раннія паэтычныя творы М. Стрыйкоўскага засталіся ненадрукаваныя, а напісаны на Беларусі “Ганец Цноты” быў выдадзены ў 1574 г. у Кракаве.
Ажыўленне кнігавыдавецкай справы ў Вялікім Княстве Літоўскім назіраецца з сярэдзіны 70-х гг., калі ў Лоску з’явілася замкавая друкарня Я. Кішкі, дзе працаваў спачатку Д. Лэнчыцкі, а потым Я. Карцан.
Паэзія ў лоскіх выданнях прадстаўлена лацінамоўнымі эпіграмамі і прысвячэннямі С. Буднага, Т. Гарлінія, Я. Намыслоўскага; адзіны вядомы нам польскамоўны верш – гэта эпіграма М. Стрыйкоўскага на герб М. Монвіда-Дарагастайскага ў кнізе А. Фрыча-Маджэўскага “Пра выпраўленне дзяржавы” (1577). Можна меркаваць, што ў лоскіх старадруках былі і іншыя польскамоўныя вершы. Усяго на працягу 70 – 80-х гг. лоская друкарня выдала звыш дзесяці кніг на лацінскай і польскай мовах (Kawecka-Gryczowa 1959: 79 – 80, 109 – 111, 145); тыя, што захаваліся да нашага часу, сведчаць пра звычай выдаўцоў змяшчаць напачатку кнігі эпіграму на герб яе фундатара. Напэўна, былі вершы ў польскамоўным выданні трактата Цыцэрона “Пра абавязкі людзей усіх станаў” (1574), як і ў пазнейшых віленскіх перавыданнях гэтага твора. Магчыма, менавіта ў Лоску, а не ў Кракаве выдаў М. Стрыйкоўскі свой вершаваны трактат “Люстра літоўскай хронікі” (1577) і збіраўся пры фінансавай падтрымцы князя Юрыя Алелькавіча выдаць тут паэтычную хроніку “Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія і грамадзянскія справы слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага...”
Лоская друкарня была друкарняй пратэстанцкай, але, як сведчыць выданне сачыненняў Цыцэрона і А. Фрыча-Маджэўскага, яна не абмяжоўвала сваю праграму выключна рэлігійнай прапагандай. Вакол друкарні ў другой палове 70-х гг. склаўся своеасаблівы літаратурны гурток, куды ўваходзілі С. Будны, А. Валян, М. Чаховіч, Ц. Базылік, С. Кашуцкі, М. Стрыйкоўскі.
На пачатку 80-х гг. Д. Лэнчыцкі і Я. Карцан засноўваюць друкарні ў Вільні, дзе існавалі ўжо з сярэдзіны 70-х гг. друкарні Мамонічаў і М. К. Радзівіла (апошні ў 1586 г. перадаў сваю друкарню Віленскай езуіцкай акадэміі). Менавіта Вільня робіцца з гэтага часу выдавецкім, навуковым і літаратурным цэнтрам Вялікага Княства Літоўскага. Як і раней, выдавецкая справа падпарадкоўвалася спачатку мэтам рэлігійнай прапаганды, таму друкарня Мамонічаў спецыялізавалася на праваслаўных кірылічных кнігах, друкарня М. К. Радзівіла – на каталіцкай лацінамоўнай літаратуры, друкарні Д. Лэнчыцкага і Я. Карцана – на пратэстанцкіх польскамоўных і лацінамоўных выданнях. Але разам з богаслужэбнай і рэлігійна-палемічнай літаратурай пачынаюць выходзіць кнігі навуковага і мастацкага зместу; друкарні Д. Лэнчыцкага і Я. Карцана паступова страчваюць свой вузкаканфесійны характар і выдаюць кнігі прадстаўнікоў розных веравызнанняў.
Развіццё польскамоўнай паэзіі ў 80-х гг. XVI ст. звязана пераважна з дзейнасцю друкарняў Я. Карцана і Д. Лэнчыцкага. У тагачасных выданнях Мамонічаў польскамоўныя паэтычныя творы яшчэ не сустракаюцца, а ў выданнях радзівілаўскай друкарні з’яўляюцца толькі ў панегірычных зборніках у гонар Стэфана Баторыя і Жыгімонта Вазы, аснову якіх складалі вершы на лацінскай мове ( “Gratulationes...”, 1579; “Gratulationes...”, 1589). Польскі даследчык З. Новак выказаў меркаванне, што менавіта з друкарні М. К. Радзівіла выйшла ў свет у 1580 – 1581 гг. польскамоўная паэма С. Лаўрэнція “Лямант няшчаснага Рыгора Осціка” (Nowak 1972: 96), але з такой жа доляй верагоднасці можна сцвярджаць, што яна выйшла з друкарні Я. Карцана.
Я. Карцан, якога А. А. Анушкін трапна назваў віленскім Альдам Мануцыем за ягоную любоў да антычнай літаратуры і гуманістычны накірунак дзейнасці (Анушкін 1970: 80), займае першае месца сярод друкароў Княства па колькасці выдадзеных кніг, і па разнастайнасці іхняга зместу. Як і ў лоскіх выданнях, Я. Карцан у сваіх віленскіх друках змяшчаў звычайна эпіграмы на герб фундатара кнігі, вершаваныя прысвячэнні і прадмовы да чытача. Напрыклад, у кнізе М. Т. Цыцэрона “Пра абавязкі” (Вільня, 1583) змешчана вершаваная прадмова С. Грахоўскага, у кнізе Э. Ратэрдамскага “Хрысціянскае рыцарства” (Вільня, 1585) – ананімныя эпіграмы на гербы Крыштафа Радзівіла, Валентыя Раўнацкага і Марціна Палонскага, у кнізе C. Высоцкага “Нябесныя весніцы” (Вільня, 1588) – ананімная эпіграма на герб Катажыны з Тэнчынскіх. Найбольш значным літаратурна-мастацкім выданнем Я. Карцана 80-х гг. з’яўляецца зборнік, прысвечаны памяці памёрлага ў 1584 г. віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла: “Радзівіліяда ...” (Вільня, 1588). Акрамя лацінамоўнай паэмы Я. Радвана “Радзівіліяда... альбо пра жыццё і справы... князя Мікалая Радзівіла” ў кнігу ўвайшлі празаічныя прысвячэнні Я. Абрамовіча, А. Валяна, Я. Руцкага, лацінамоўныя вершы Я. Радвана, П. Раізіуша, польскамоўныя вершы-прысвячэнні Я. Казаковіча і ананімны верш на польскай мове “Слава на шчаслівую перамогу князя Мікалая Радзівіла” (Е. Юшыньскі, а ўслед за ім З. Флорчак лічаць аўтарам гэтага верша Андрэя Сапегу (Juszyński 1820: 2, 163; Fłorczak 1967: 243), хаця ёсць больш падстаў меркаваць, што твор выйшаў з-пад пяра Я. Казаковіча).
Д. Лэнчыцкі спецыялізаваўся ў асноўным на выданні рэлігійна-палемічных сачыненняў на лацінскай і польскай мовах (пратэстантаў, каталікоў, а пазней і уніятаў), але надрукаваў у 80-х гг. і некалькі значных паэтычных твораў: лацінамоўную паэму Ф. Градоўскага “Апісанне маскоўскага паходу князя Крыштафа Радзівіла” (Вільня, 1582) ды польскамоўную паэму А. Рымшы на гэтую ж тэму “Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў князя Крыштафа Радзівіла” (Вільня, 1585). У апошнім выданні акрамя паэмы А. Рымшы змешчаны таксама вершы на лацінскай і польскай мове А. Рымшы, Я. Радвана, Я. Казаковіча і паэта, што схаваўся за крыптанімам “M. J” (магчыма, гэта быў М. Стрыйкоўскі). На нашу думку, менавіта ў друкарні Д. Лэнчыцкага была надрукавана ананімная антыкаталіцкая паэма “Апалагетык, гэта ёсць Абарона канфедэрацыі” (1582 г; месца выдання на вокладцы не пазначана).
Прысутнасць у выданнях паэм А. Рымшы і Я. Радвана вершаў іншых аўтараў выразна сведчыць пра цесныя творчыя кантакты паміж тагачаснымі літаратарамі, пра існаванне ў 80-х гг. віленскага гуртка паэтаў (Ф. Градоўскі, А. Рымша, Я. Радван, Я. Казаковіч) накшталт берасцейскага 60-х гг. і лоскага 70-х гг. Пра гэта ж сведчаць і згадкі А. Рымшы пра Ф. Градоўскага (Rymsza 1972: 140 – 141), Я. Казаковіча пра А. Рымшу (Rymsza 1972: 135 - 136) на старонках “Дзесяцігадовай аповесці...”, прысвячэнне шэрага твораў тым самым мецэнатам – Радзівілам біржайскай лініі.
Разгледзім у другім раздзеле працы найбольш значныя творы польскамоўнай паэзіі Беларусі 70 – 80-х гг. XVI ст.: паэтычную спадчыну М. Стрыйкоўскага, паэму С. Лаўрэнція “Лямант няшчаснага Рыгора Осціка”, ананімную паэму “Апалагетык, гэта ёсць Абарона канфедэрацыі”, паэму С. Кулакоўскага “Чалавечы век” і “Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў князя Крыштафа Радзівіла” А. Рымшы.