І. 3. САТЫРАВАЯ ПАЭМА “ПРАТЭЙ, АБО ПЯРЭВАРАЦЕНЬ”


У 1564 г. вядомы, але яшчэ не славуты паэт Ян Каханоўскі выдаў у Кракаве паэму “Satyr, albo Dziki mąż”, заснаваўшы новы жанр у польскай літаратуры: жанр сатыравай паэмы. Вострую крытыку заганаў тагачаснага грамадства паэт уклаў у вусны міфалагічнага бажка Сатыра, які з пракаветных часоў жыў самотна ў польскіх пушчах, але быў выгнаны адтуль неразумнай гаспадарчай дзейнасцю чалавека. Ідэю ўвесці ў паэму постаць Сатыра ў якасці суровага суддзі-рэзанёра Я. Каханоўскі запазычыў, напэўна, у Вергілія: у VI-й эклозе рымскага паэта ёсць вобраз Сілена-мараліста, блізкага крэўнага Сатыра. У сваю чаргу твор Я. Каханоўскага выклікаў шматлікія наследаванні сучаснікаў і наступнікаў. Адны аўтары для выяўлення сваіх палітычных, рэлігійных і сацыяльных поглядаў таксама выкарыстоўвалі вобраз Сатыра (ананімны “Satyr podgórski”, “Satyr na twarz Rzeczypospolitej” Самуэля Твардоўскага, “Satyr polski” Шымона Старавольскага). Іншыя ўводзілі новага героя-прамоўцу, узятага з антычнай літаратуры альбо з легендарнай гісторыі Польшчы (ананімны “Tymatas Skotopas...”, “Lech wzbudzony...” i “Chorągiew Wandalina” J...Jurkowskiego).

Першым і найбольш плённым наследаваннем “Сатыру” Я. Каханоўскага з,яўляецца паэма “Proteus, abo Оdmieniec”, выдадзеная ананімна, без указання месца і года выдання. Паэма напісана трынаццаціскладовым сілабічным вершам, налічвае 1104 радкі (асноўны тэкст – 976 радкоў). Высветліць месца і год выдання твора – Бярэсце, 1564 г. – польскім вучоным удалося яшчэ напрыканцы XIX ст., калі ў Кракаве У. Віслоцкі апублікаваў паэму паводле экзэмпляра з львоўскай бібліятэкі Асалінскіх (Proteus 1890). А вось адносна аўтарства “Пратэя...” вялася дыскусія на працягу амаль цэлага стагоддзя, якая так і не прынесла плёну: у найноўшых польскіх падручніках і навуковых працах паэма згадваецца як ананімная (Pelc 1994: 123 - 124; Ziomek 1995: 362 - 363).

Здавалася б, цяжкасцяў з высвятленнем аўтарства быць не павінна: імя аўтара можна знайсці ў самім берасцейскім выданні, як і ўскосную згадку пра час напісання паэмы. Адкрывае кнігу вершаванае прысвячэнне Мікалаю Радзівілу Чорнаму, у якім аўтар ахвяруе сваю паэму князю ў якасці каляднага падарунка і просіць яго ўзяць пад сваю абарону вешчага Пратэя, бо ў Польшчы не любяць тых, хто гаворыць праўду. Напрыканцы кнігі змешчаны верш Пятра Стаенскага “Do Odmieńca”, дзе паэт дакарае непаслухмянага героя, што той свавольна выйшаў з пад ягонай апекі перад самымі маразамі, не чакаючы надыходу вясны. Кампазіцыя берасцейскага выдання “Пратэя...” відавочна ўзыходзіць да кампазіцыі “Сатыра...”: перад асноўным тэкстам паэмы Я. Каханоўскі змясціў вершаваную прадмову да караля Жыгімонта Аўгуста, а скончыў вершаваным зваротам да свайго героя – Сатыра. Праўда, у берасцейскім выданні ёсць яшчэ “Zamknienie do poetów polskich” і ў самым канцы кнігі, пасля вершаванага зварота П. Стаенскага “Да Пратэя” – верш Цыпрыяна Базыліка “Do tegoż”. У “Заключэнні...” аўтар дэманструе добрае веданне тагачаснай польскай літаратуры, адзначае заслугі Мікалая Рэя, Анджэя Тшэцескага і асабліва Яна Каханоўскага, якому складае ўзнёслы панегірык. Выдаўца паэмы, Ц. Базылік, выказвае спачуванне Пратэю, распачаўшаму ўслед за сваім настаўнікам Сатырам новую вайну з заганамі грамадства.

Такім чынам, на падставе вершаў, якія суправаджаюць асноўны тэкст “Пратэя...”, можна зрабіць дзве высновы: паэма напісана напрыканцы 1563-га – на самым пачатку 1564 года (гэта значыць, што яе аўтар чытаў “Сатыра...” яшчэ ў рукапісы), а яе аўтарам з’яўляецца Пётр Стаенскі. Аднак, калі першая выснова ўспрымалася даследчыкамі як відавочная, то другая шмат у каго выклікала сумненні і не ўлічвалася як сур’ёзны аргумент у дыскусіі. Пэўна, прычына недаверу і выразнай непрыхільнасці многіх польскіх вучоных да асобы П. Стаенскага як да магчымага аўтара “Пратэя...” тоіцца ў ягоным французскім паходжанні.

Пётр Статорыус (Стаенскі) перабраўся ў Польшчу з Жэневы ў 1556 г., спачатку апублікаваў некалькі рэлігійна-палемічных трактатаў па-лацінску, а неўзабаве авалодаў польскай мовай у такой ступені, што ўдзельнічаў у 1562 – 1563 гг. у перакладзе славутай Берасцейскай Бібліі, а ў 1568 г. выдаў першую польскую граматыку. Негледзячы на відавочныя заслугі Пятра Статорыуса перад польскай культурай, аўтарытэтныя вучоныя пачатку ХХ ст. не верылі, што з-пад пяра французскага эмігранта магла выйсці такая вялізная паэма на польскай мове, як “Пратэй...”, і шукалі іншых, больш верагодных з іхняга пункту гледжання, аўтараў.

У 1904 г. Я. Чубэк апублікаваў невялікую нататку, у якой прывёў яшчэ адзін доказ аўтарства П. Стаенскага: у адной з рукапісных палітычных брашур XVI ст. згадваецца, што паэму “Пратэй...” напісаў француз Статорыус, вялікі прыхільнік польскай мовы (Czubek 1904: 272 – 273). Кандыдатуру П. Стаенскага лічыў найбольш верагоднай Т. Грабоўскі (Grabowski 1907: 3 – 4). Але А. Брукнер спачатку прапанаваў кандыдатуру Андрэя Валяна (Brükner 1905: 132), а потым змяніў свой погляд і прапанаваў аўтарам “Пратэя...” лічыць Ц. Базыліка (Brükner 1907: 484 – 490). На думку вучонага, П. Стаенскі не мог напісаць “Пратэя...” , таму што ў недастатковай ступені валодаў польскай мовай, не быў заангажаваны ў польскія палітычныя справы і не настолькі добра арыентаваўся ў польскай літаратуры, каб узносіць Я.Каханоўскага вышэй за ўсіх тагачасных і старажытных паэтаў. Перакананы ў тым, што аўтарам паэмы мог быць толькі паляк па паходжанні, А. Брукнер аднак сумленна назваў яшчэ адзін вядомы яму факт на карысць П.Стаенскага: у набілітацыйным лісце для сыноў Статорыуса з 1591 г. згадваецца, што іхні бацька апошнія гады жыцця прысвяціў навуцы дасканалага маўлення па-польску і складанню на гэтай мове вершаў.

Дыскусія вакол праблемы аўтарства “Пратэя...” ўзнавілася з новай сілай праз паўстагоддзя. Е. Старнаўскі на падставе цьмянай згадкі ў кнізе Шымона Старавольскага з 1627 г. назваў магчымым аўтарам паэмы малавядомага філосафа Яна Парэмбнага (Starnawski 1956: 461 – 463), але Т. Вітчак лёгка абверг гэтую памылковую гіпотэзу: свае трактаты Я. Парэмбны пісаў выключна па-лацінску і ўвогуле нарадзіўся, хутчэй за ўсё, пасля 1564 г. (Witczak 1957: 505 – 510). У 1956 г. С.Кот апублікаваў знойдзеныя ім у нямецкіх архівах паэтычныя творы Ц.Базыліка, невядомыя А. Брукнеру, і ўпэўнена назваў выдаўца паэмы “Пратэй...” яе адзінамагчымым аўтарам (Kot 1956: 113 – 150). На думку даследчыка, паставіць сваё прозвішча на тытульнай старонцы твора, у якім паказваўся заняпад польскай шляхты, перашкаджала сыну сярадскага месціча Ц. Базыліку ягоная сумніўная набілітацыя з ласкі вандроўнага грэцкага авантурніка Якуба Гераклідаса Базылікаса. Пра аўтарства Ц. Базыліка сведчыць нібыта і ягоны вершаваны зварот да героя паэмы, змешчаны ў самым канцы кнігі – па аналогіі з вершам Я. Каханоўскага напрыканцы “Сатыра...” ( зрэшты, традыцыю звяртацца ў канцы твора да свайго героя і тым самым дыстансавацца ад уласнага твора ўвёў не Каханоўскі – яна была вядома з часоў Авідзія). Але чаму тады сорам за сумніўнае шляхецтва не перашкодзіў Ц. Базыліку паставіць сваё прозвшча пад вершам і прызнацца тым самым у дачыненні да твора хаця б у якасці друкара? І як растлумачыць ў такім разе прысутнасць у берасцейскім выданні верша П. Стаенскага і радкі з яго, адрасаваныя да Пратэя: “ Mnie w tem nie winuj, tak się tobie chciało. / Gdyżeś swowolnie wyszedł z mej opieki, / Pana takiego nie najdziesz na wieki” (Proteus 1890: 34).

У 1961 г. мовазнаўца У. Любас апублікаваў вялікі артыкул пад назваю “Моўныя аргументы ў справе аўтарства “Пратэя, або Пярэваратня” (Lubaś 1961: 109 – 160). Старанна параўнаўшы мову паэмы з моваю іншых паэтычных твораў Ц.Базыліка, даследчык прыйшоў да адназначнай высновы: Базылік не з’яўляецца аўтарам “Пратэя...”. Ніякіх пазітыўных прапаноў вырашэння праблемы ў артыкуле няма. У. Любас адзначыў толькі, што моўныя асаблівасці паэмы сведчаць пра паходжанне яе аўтара з Усходняй Малапольшчы, у той час як Ц. Базылік рэпрэзентаваў сярадзкі дыялект. У сваім грунтоўным даследаванні польскі мовазнаўца чамусьці зусім не ўлічваў факту працяглага знаходжання таго ж Ц. Базыліка на Беларусі (з канца 50-х гг.), чым мог бы тлумачыцца ўплыў на мову аўтара “Пратэя...” “руськой” (старабеларускай) мовы.

Пасля артыкула У. Любаса, наколькі нам вядома, не было больш спробаў разгадаць загадку аўтарства “Пратэя...” Усведамляючы безвыніковасць як ранейшых дыскусій, так і далейшых пошукаў, гісторык М. Косман прапанаваў вярнуцца да даўняй, яшчэ з 1891 г., высновы А. Брукнера: аўтарам “Пратэя...” быў несумненна паляк-пратэстант (Kosman 1973: 73). Такое простае рашэнне праблемы зноў выключае аднак з ліку магчымых аўтараў француза П. Стаенскага, не прымаецца да веры найважнейшы аргумент: сведчанне самога тэкста. Абсалютна відавочна, што няма патрэбы шукаць аўтараў недзе збоку, па-за асобамі П. Стаенскага і Ц. Базыліка, імёны якіх ясна ўказаны ў берасцейскім выданні. Таму варта вярнуцца не да высновы А. Брукнера з 1891 г., а да меркавання Т. Вітчака з 1957 г.: аўтарам “Пратэя...” быў Пётр Статорыус (Стаенскі) пры супрацоўніцтве з Цыпрыянам Базылікам , які выпраўляў мову і стыль сатыры (Witczak 1957: 506).

Ц. Базылік з’яўляўся не толькі выдаўцам паэмы, але і яе рэдактарам, фактычна – сааўтарам П. Стаенскага. Супрацоўніцтва іх вытлумачвае невыразнасць канфесійнай пазіцыі ў творы, рэдкае для таго часу імкненне да аб’ектывізму і талеранцыі (кальвініст Базылік змягчаў палемічныя акцэнты арыяніна Статорыуса), хоць паўплывала тут і арыентацыя на паэму каталіка Я. Каханоўскага. Такі погляд на праблему аўтарства “Пратэя...” ўяўляецца нам найбольш слушным, але паколькі П. Стаенскі і Ц. Базылік не пажадалі паставіць свае імёны на тытульнай старонцы твора і дакладна невядома ступень удзелу кожнага з іх у працы над тэкстам – правамерна і найдалей разглядаць “Пратэя...” як ананімную паэму.

На жаль, ад моманту публікацыі “Пратэя...” ў 1890 г. і да 60-х гг. нашага стагоддзя даследаванне твора зводзілася выключна да высвятлення праблемы ягонага аўтарства. У лепшым выпадку аўтарытэтныя польскія вучоныя давалі агульныя ацэнкі мастацкай каштоўнасці паэмы, часам – зусім процілеглыя. Так, Т. Грабоўскі адзначыў, што з пункту гледжання формы “Пратэй...” стаіць не на шмат ніжэй “Сатыра...” (Grabowski 1907: 3). А. Брукнер лічыў, што аўтар “Пратэя...”выказваўся смялей за Каханоўскага і лепей разумеў сутнасць праблемаў (Brükner 1907: 484). Ю. Кжыжаноўскі, наадварот, вельмі нізка ацэньваў паэму ў параўнанні з іншымі сатырычнымі творамі XVI ст.: “Абстрактныя і невыразныя высновы, пазбаўленыя афарыстычнай сцісласці і дасціпнасці Каханоўскага, адсутнасць сюжэтных замалёвак, як у Рэя, Бельскага ці Кляновіча, прыводзяць да таго, што “Пратэй” з’яўляецца хутчэй гладка рыфмаваным публіцыстычным артыкулам, чым мастацкім творам. Празмернае нагрувашчванне занадта разнастайных тэм, змешванне важных і нязначных рэчаў, жаданне выказацца па ўсіх адразу палітычных і грамадскіх справах, пазбаўляе яго вартасці выдатнай пазіцыі ў гісторыі польскай сатыры” (Krzyżanowski 1958: 28). Паспешлівая ацэнка Ю. Кжыжаноўскага абсалютна не стасуецца з меркаваннем С. Кота: “У паэме шмат смелых засцярог і трапных заўваг, аздобленых фразеалагічнымі зваротамі, жывы стыль, багатая мова. Перадусім чытача прываблівае ў “Пратэю” высокая пісьменніцкая культура аўтара (Kot 1956: 122).

Толькі Ю. Новак-Длужэўскі ў 1962 г. разгледзіў нарэшце ідэйна-мастацкі змест паэмы “Пратэй...” у даследаванні “Сатыравая паэма ў польскай літаратуры XVI – XVII стст. З гісторыі мастацкай ініцыятывы Яна Каханоўскага” (Nowak-Dłużewski 1962: 9 - 51). Апроч унікальнага ў гісторыі літаратуры падабенства кампазіцыяў “Сатыра...” і “Пратэя...” вучоны адзначыў таксама трохступенчаты ўклад зместу ў абодвух творах, характэрны для ўсіх сатыравых паэм: 1) негатыўны малюнак рэчаіснасці; 2) пошук сродкаў выпраўлення становішча; 3) песімістычны гараскоп на будучыню. Ю. Новак-Длужэўскі вылучыў тры асноўныя матывы “Сатыра...”, якія дакладна паўтараюцца ў “Пратэю...”: 1) заняпад рыцарскай традыцыі ў шляхецкім асяроддзі; 2) крызіс грамадска-палітычнага жыцця і, як вынік , адсутнасць парадку і справядлівасці ў дзяржаве; 3) рэлігійныя спрэчкі і звады (на рэлігійна-дагматычных справах і на этыцы грамадскага жыцця берасцейскі аўтар акцэнтуе асаблівую ўвагу). Ацэньваючы мастацкую каштоўнасць паэмы ананімнага аўтара, даследчык адзначыў пэўную хаатычнасць і празмерны аб’ём твора, але прызнаў, што напісана паэма “... моваю, як у Каханоўскага, простай, натуральнай, бадай што вытанчанай, здольнай нават да афарыстычнага сінтэзавання пэўных жыццёвых з’яў, у чым таксама нагадвае Каханоўскага” (Nowak-Dłużewski 1962: 29). Некалькі старонак адвёў Ю. Новак-Длужэўскі “Пратэю...” і ў чарговым томе сваёй фундаментальнай працы, прысвечанай польскай палітычнай паэзіі (Nowak-Dłużewski 1966: 290 - 292), разгледзіўшы адлюстраванне ў паэме канкрэтных палітычных падзеяў 60-х гг. XVI ст. (варшаўскага сойма 1563 – 1564 гг., барацьбы шляхты і караля з магнатамі і духавенствам за экзекуцыю каронных праў і інш.). Нагадаўшы, што з мастацкага боку “Пратэй...” з’яўляецца наследаваннем “Сатыру...” Я. Каханоўскага, польскі вучоны гэтым разам звярнуў увагу не на падабенства двух твораў, а на элементы навізны ў паэме берасцейскага аўтара: “Анонім умее абгрунтаваць перанятыя ідэалагічныя матывы па-свойму, на падставе надзвычай багатага фактычнага матэрыялу, які з’яўляецца цалкам ягонай уласнасцю. “Пратэй” – гэта ідэалагічнае, а не мастацкае клішэ “Сатыра” Каханоўскага. <...> Анонім здольны нават мацней, з мастацкага пункту гледжання, чым гэта зрабіў Каханоўскі, падкрэсліць змрочную палітычную будучыню Польшчы...” (Nowak-Dłużewski 1966: 292).

З беларускіх літаратуразнаўцаў толькі Я. І. Парэцкі прысвяціў у 1979 г. паэме “Пратэй...” невялікі артыкул, назваўшы яго, у адпаведнасці з духам часу, “Антырэлігійная сатыра Брэсцкага друкарскага двара XVI ст.” (Парэцкі 1979: 177 – 187). Беспадстаўнасць самой назвы артыкула і такога вызначэння жанру твора – відавочная (паэма напісана шчырым вернікам і наскрозь прасякнута хрысціянскімі ідэаламі), як відавочна і тэндэнцыйнасць беларускага вучонага там, дзе ён, зноў-такі ў адпаведнасці з духам часу, перакручвае погляды берасцейскага аўтара на вайну Вялікага Княства Літоўскага з Масковіяй. Паэт зусім не вінаваціў у развязванні ваенных дзеянняў ліцвінаў і ляхаў, як гэта вынікае з перакладаў і каментарыяў Я. І. Парэцкага, але з прыкрасцю адзначаў няздольнасць шляхецкага войска бараніць краіну ад арміі Івана Жахлівага і задаваў суайчыннікам справядлівае пытанне: “Azaby nie przystojniej za Dźwiną wojować? (Proteus 1890:15). Нягледзячы на асобныя недарэчнасці, што вынікалі з пануючай ідэалогіі, артыкул вядомага філолага-лацініста каштоўны як першая і да гэтага часу адзіная публікацыя пра паэму “Пратэй....” у беларускім навуковым друку. Я. І. Парэцкі слушна адзначыў, у прыватнасці, падабенства поглядаў берасцейскага аўтара і ідэяў беларускага гуманіста, рэфармацыйнага дзеяча Сымона Буднага (Парэцкі 1979: 185 – 187). Дарэчы, на блізкасць рэлігійных і палітычных поглядаў аўтара “Пратэя...” да поглядаў М. Чаховіча, Л. Крышкоўскага, С. Буднага, а таксама А. Фрыча-Маджэўскага звяртаў увагу і польскі вучоны С.Кот (Kot 1956: 119 – 120).

Бясспрэчна, паэма “Пратэй, або Пярэварацень” з’яўляецца самым вядомым і найлепш даследаваным творам польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу, але як мы пераканаліся, даследаванне зводзілася пераважна да: 1)пошукаў аўтара; 2)параўнання з “Сатырам...”; 3)разгляду адлюстравання ў паэме канкрэтных палітычных падзеяў і агульных настрояў эпохі. Вучоных цікавілі найперш шматлікія інтэртэкстуальныя сувязі “Пратэя...” ( запазычанні з паэмы Я. Каханоўскага, перагукі з ідэямі С. Буднага і г. д.) , у той час як па-за ўвагаю заставаліся мастацкія асаблівасці паэмы, індывідуальная непаўторнасць твора.

Шукаючы мастацкую дамінанту, якая вызначае фенатып гэтага твора, абумоўлівае яго адрозненне і ад “Сатыра...”, і ад сатыравых паэм, і ад іншых паэтычных твораў ХVI ст., трэба звярнуць увагу не на палітычныя, рэлігійныя і сацыяльныя ідэі аўтара, а на вобраз героя паэмы – Пратэя – і на раскрытую праз яго тэму ўзаемаадносінаў паэта і грамадства.

Пратэй – брат Сатыра, але не блізнятка. Аўтар берасцейскай паэмы шукаў постаць, якую б можна было, так як і Сатыра, выкарыстаць у ролі крытыка і настаўніка грамадства і выбраў з грэцкай міфалогіі марскога бажка Пратэя, надзеленага дарам прадказваць будучыню. Вобраз Пратэя быў вядомы паэту, напэўна, з Гамера: цар Менелай, вяртаючыся з Троі, заўважыў крылатага цмока ў марскіх хвалях і запытаўся пра свой далейшы лёс. Прарочы дар як найлепш пасаваў да ролі Пратэя ў задуманай паэме, але ў марскога бажка была яшчэ адна здольнасць: мяняць абліччы, як хамелеон мяняе афарбоўку. Каб даведацца пра сваю нешчаслівую будучыню, Менелай мусіў спачатку злавіць Пратэя і моцна трымаць, пакуль той бавіўся ператварэннямі ў льва, змея, пантэру, дзіка, дрэва і ваду. Ці адпавядала такая здольнасць Пратэя канцэпцыі паэмы, ці не пярэчыла аўтарскай задуме? У паэта было два выйсця: альбо прыхаваць заганную ўласцівасць свайго героя і поўнасцю акцэнтаваць увагу на ягоным прарочым дары, альбо абыграць зменлівасць Пратэя і звязаць яе з ідэяй твора. Самыя першыя радкі паэмы сведчаць пра тое, што аўтар пайшоў менавіта другім шляхам:

Odmianę wieku tego myślę wam powiedzieć,

O której miałbych słusznie mojem zdaniem wiedzieć,

Gdyż o tem imię moje wam świadectwo daje,

Bo często za przezwiskiem idą obyczaję.<...>

Widzę, że się szkodliwsza stała dziś odmiana,

Która za przodków waszych była niesłychana,

Z niej prawie jak z studnice ty nieszczęścia płyną,

Prze które namocniejsze państwa często giną.

(Proteus 1890: 3)

Прычынай цяперашніх няшчасцяў людзей з’яўляюцца нядобрыя перамены (у адзенні, звычаях, веры і г. д), і каму, як не Пратэю – увасабленню зменлівасці – заўважыць іх і пра гэта распавесці. Пярэварацень – адначасова суддзя, сведка і віноўца бедаў шляхецкага грамадства. Ён выконвае ў паэме функцыі прамоўцы, апавядальніка і героя, прычым – адмоўнага. Як бачым, берасцейскі аўтар усклаў на Пратэя значна цяжэйшую задачу, чым Я. Каханоўскі на Сатыра: лягчэй крытыкаваць іншых, чым прызнавацца ва ўласных грахах. Разумее гэта і герой паэмы: “Wiem dobrze, jak to trudno na się co powiedać...” (Proteus 1890: 5), але адважна бярэцца распавядаць уласную гісторыю, перад тым як асуджаць норавы і звычаі сваіх слухачоў: “Potem o sprawach waszych powiem swoje zdanie ...” (Proteus 1890: 5).

Аповяд Пратэя прыўносіць у паэму элементы сюжэта. Мы даведваемся пра легендарнае мінулае героя ў вобразе крылатага цмока і пра цяперашняе жыццё ў постаці польскага шляхціца. Калісьці Пратэй служыў марскому цару Няптуну, але вымушаны быў пакінуць свой край, заняты Магаметам, і перабраўся ў Польшчу. Тут ён быў спачатку прыняты гасцінна, але пры ўмове, калі перастане бясконца змяняць абліччы, а выбера сабе каторае і застанецца ў ім назаўсёды. Шчырае, сумленнае жыццё не адпавядала наскрозь фальшывай натуры Пярэваратня: “Zły zwyczaj, rzecz gwałtowna i nałóg niezbyty, / Tego wy macie we mnie przykład znamienity” (Proteus 1890: 8), і ён доўгі час вымушаны быў хавацца ў пячорах пад Кракавам (алюзія да легенды пра кракаўскага цмока?). Неўзабаве ў Польшчы насталі новыя часы і на змену цнатлівым і непадкупным продкам прыйшлі разбэшчаныя пагоняй за золатам нашчадкі. Пратэй пакінуў сваё сховішча і стаў жыць сярод людзей як звычайны шляхціц, не мяняючы болей абліччаў, але штодзень мяняючы строі (польскія на нямецкія, нямецкія на італьянскія, італьянскія на венгерскія і г. д.), веравызнанні (каталіцтва на лютэранства, лютэранства на кальвінства, кальвінства на арыянства), якасці характару i паводзіны: “Skąpy dziś, aż mierziono, jutro nazbyt hojny...” (Proteus 1890: 11); “Dziś sąsiada obłapiam, jutro z nim za włosy...” (Proteus 1890: 11).

Паганскі бажок вельмі лёгка ператварыўся ў польскага шляхціца-хрысціяніна, бо яшчэ на службе ў Няптуна ён паводзіў сябе хутчэй як баязлівы шляхціц, а не як крылаты цмок:

Zniknąłem niewidomy, gdy przyszła potrzeba,

Chociam hojnie używał królewskiego chleba.

Gdym się nie chciał zasłaniać, miałem swe wymówki,

Nie pojadę na wojnę, bom jest chorej główki;

Jeśliby mi to nie szło, to ja na plac z żona,

Doma siedziem, a naszy towarzyszy toną.

Gdy groził nieprzyjaciel, nie czekałem trwogi,

Zagony poprzedawszy, to ja zaraz w nogi.

(Proteus 1890: 6)

Куды цяжэй Пратэю было выканаць наступнае заданне паэта: ператварыцца з авантурніка і махляра ў суддзю і настаўніка польскага грамадства, выклікаць калі не павагу, то хаця б давер і спагаду ў слухачоў. Адразу адзначым, што ў поўным аб’ёме задача гэтая была невыканальная і менавіта несумяшчальнасць двух роляў героя з’яўляецца самым супярэчлівым месцам паэмы “Пратэй, або Пярэварацень”. С. Кот лічыў выбар Пратэя ў якасці прамоўцы адназначна няўдалым (Kot 1956:122). Аўтарытэт Сатыра як мараліста-рэзанёра палягаў на ягоным старадаўнім паходжанні, натуральнасці і прастаце паводзінаў, глыбокай набожнасці і шчырым патрыятызме (Я. Каханоўскі “хрысціянізаваў” і “знацыяналізаваў” свайго героя). Пратэй мог пахваліцца толькі паходжаннем (але не сваім мінулым) ды прарочым дарам, усе іншыя ўласцівасці ды ўчынкі сведчылі супраць яго. Калі, напрыклад, у сваёй прамове Пратэй сцвярджае: “ W Boga wierzę, którego Krystus Ojcem zowie, / Którego sposobieni jesteśmy synowie. / Tego mię Pismo uczy” (Proteus 1890: 19), чытач адразу згадвае зусім іншае прызнанне з ягонага аповяду: “ Jam się prawdziwie temu nigdy nie ukorzył, / Który niebo i ziemię i człowieka stworzył” (Proteus 1890: 11).

Берасцейскі аўтар адчуваў супярэчнасць паміж дзвюма функцыямі вобраза Пратэя ў паэме, таму імкнуўся рознымі спосабамі дапамагчы свайму герою.

Па-першае: паэт намагаўся выклікаць у чытачоў не толькі асуджэнне паводзінаў Пярэваратня, але і спагаду да нядошлага грэцкага бажка, які, нягледзячы на ўсе свае штукі, так і не зрабіў у Польшчы кар’еры, бо навакол раіліся махляры ды ашуканцы значна вышэйшага палёту. Пратэй – не монстр і не пачвара, а прайдзісвет-недарэка – постаць камічная, якая не выклікае захаплення, але калі-нікалі выклікае ўсмешку. Не атрымалася ў Пярэваратня зрабіць духоўную кар’еру, бо не ўмеў ён “узбірацца па драбінах на неба” і не прачынаўся на ранішнюю імшу. Не ўдалося яму таксама заняць важную дзяржаўную пасаду, бо не меў грошай, каб яе купіць: “Drugim też zaszkodziła ich szczyra prostota, / Co wiele cnoty mieli, ale mało złota” (Proteus 1890: 10). Урэшце ён “апусціўся” да таго, што стаў крытыкаваць і павучаць грамадства, а такі занятак ніколі не прыносіў прыбытку, бо людзі не любяць слухаць пра сябе праўду. У вобразе Пратэя сярэдні польскі ці беларускі шляхціц лёгка мог пазнаць сябе, а ў няўдалых спробах героя “стаць панам у гэтым свеце” убачыць уласныя намаганні “выбіцца ў людзі”, зраўняцца з магнатамі. Характэрна, што Пратэй увесь час падкрэслівае сваё “прастацтва”, неадукаванасць: “Retoryki nie umiem, niech ze mnie nie szydzą...” (Proteus 1890: 22); “Ale mnie się nie godzi sięgać tak głęboko...” (Proteus 1890: 13); “Nie jestem teologiem, jako i ty bracie...” (Proteus 1890: 19). У сваёй прамове герой аперуе выключна паняццямі і ўяўленнямі шляхецкага асяроддзя ды і звяртаецца да сваіх слухачоў па-простаму: “браце”, “суседзе”.

Па-другое, паэт апраўдваў свой выбар Пратэя ў якасці прамоўцы самой тэмай прамовы: “O nieporządnych sprawach kto porządnie mówi?” (Proteus 1890: 22), спасылаючыся пры гэтым на прыклад Сатыра: “Zdanie swoje powiedzieć wolno tu każdemu, / Jako się przedtem zeszło mężowi dzikiemu...” (Proteus 1890: 13), і падкрэсліваючы неўнікнёнасць крытыкі ўвогуле: “Ale jeśli się wam zda płoche ich ćwiczenie, / Nakoniec mówić będzie to nieme kamienie...” (Proteus 1890: 3).

Падтрыманы ў сваіх намерах важкімі аргументамі аўтара і спагадаю слухачоў, Пратэй заканчвае непрыемны для яго аповяд пра ўласныя грахі і смела перахадзіць да выкрыцця заганаў і хваробаў грамадства:

Ale iż się przedłuża to nasze kazanie,

Niech się tu kończy spraw mych prawdziwe wyznanie,

Których kiedy się dowie, będzie się dziwował

Przyszły wiek, że tak długo Pan mię tu zachował.

Lecz gdyby on każdą złość chciał piorunem karać,

Musiałby się natychmiast o nowy świat starać,

Miałby w Polszcze co czynić, ja to wam ślubuje,

A tak juz do spraw waszych teraz przystępuję.

(Proteus 1890: 11 – 12)

Выступаючы з прамовай нібы пасол на сойме, Пярэварацень паказвае невясёлы малюнак грамадска-палітычнага жыцця ў Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім (барацьбу шляхты з магнатамі, а магнатаў з каралём; парушэнне законаў і агульных прынцыпаў справядлівасці; вынясенне уласных альбо груповых інтарэсаў над дзяржаўнымі і г. д.), звяртае ўвагу на няўдачы ў вайне з Масковіяй (з-за нежадання шляхты выконваць свае вайсковыя абавязкі перад Айчынай), асуджае рэлігійныя міжусобіцы і праявы неталеранцыі ў краіне (каталікі змагаюцца з пратэстантамі, а ў лагеры пратэстантаў таксама няма згоды), наракае на заняпад маралі і выміранне традыцыяў продкаў (цяперашні шляхціц больш дбае пра грошы, чым пра славу, розум чэрпае з бочкі віна, а не з мудрых кніг; ва ўзаемаадносінах людзей няма ранейшай шчырасці і добразычлівасці, сусед баіцца суседа і г. д.).

Па-за некалькімі алюзіямі да канкрэтных падзеяў (сабатаж магнатамі соймавага пасяджэння 23 лістапада 1563 г., спрэчкі вакол кандыдатуры новага кароннага гетмана і інш.) палітычны і маральна-этычны змест “Пратэя...” не вылучаецца арыгінальнасцю: такія самыя альбо блізкія ідэі сустракаюцца ў публіцыстычных трактатах А. Фрыча-Маджэўскага, С. Буднага, у паэтычных творах М. Рэя, М. Бельскага і ў “Сатыры...” Я. Каханоўскага. Зрэшты, “Сатыр...” не вылучаўся навізной палітычных ідэяў ці арыгінальнасцю маральных пастулатаў: “Закіды ў адрас, напрыклад, шляхецкага саслоўя ці таксама нараканні на заняпад звычаяў, на пагоню за прыбыткамі вядомы ў еўрапейскай літаратуры яшчэ з класічнага перыяду рымскай літаратуры (дастаткова прыгадаць тут крытычныя выказванні Вергілія ў “Георгіках” і “Сатыра” Гарацыя)” (Lichański 1992: 232).

Больш арыгінальнымі з’яўляюцца погляды берасцейскага аўтара на рэлігійныя справы, на праблему ўзаемаадносінаў паміж рознымі канфесіямі. На падставе зместу “Пратэя...” досыць цяжка вызначыць канфесійную прыналежнасць паэта, бо ў паэме няма адкрытай прапаганды альбо крытыкі якога-небудзь веравызнання і толькі “заступніцтва” аўтара за арыян, якіх лютэране і кальвіны імкнуліся выдаліць з краіны, дазваляе меркаваць, што і сам ён быў арыянінам. У той жа час вуснамі свайго героя паэт асуджае зацятыя спрэчкі на рэлігійна-дагматычныя тэмы (пра Боскую сутнасць Святой Тройцы, пра сімвалічнае значэне Гасподняй Вячэры і г.д.), ініцыятарамі якіх найчасцей выступалі менавіта арыянскія тэолагі (М. Чаховіч, С. Будны і інш.). Гэтыя малазразумелыя для простага верніка дыскусіі паміж ідэолагамі розных пратэстанцкіх плыняў надзвычай шкодзілі рэфармацыйнаму руху ў цэлым, адштурхоўвалі магнатаў і шляхту ад новых веравызнанняў, спрыялі вяртанню іх ва ўлонне каталіцкага касцёла.

Пратэй, падкрэсліваючы сваю неадукаванасць у тэалагічных пытаннях, перакананы, што да Бога вядзе просты шлях, адкрыты не толькі дактарам багаслоўя, але і звычайным людзям, а таму навука збавення павінна быць простай і зразумелай, павінна з’ядноўваць вернікаў, а не падзяляць іх: “Przeto mówić nie umiem o boskiej istności, / Dla której miedzy nami nie masz juz miłości...” (Proteus 1890: 13); “My tedy, co o wierze mało rozumiemy, / Nie brodżmy tam, skąd potem wybrnąć nie możemy” (Proteus 1890: 20). Былы паганскі бажок выказвае ў сваёй уяўнай прамове ісціны, якія не ўсвядомілі, на сваю бяду, дзеячы Рэфармацыі ў Польшчы і ў Вялікім Княстве Літоўскім: “Заклік гэты застаўся слынным голасам, гукаючага ў пустыні. <...> Выдатныя тэарэтыкі кальвінства і арыянства нярэдка адмаўляліся на нейкі час ад барацьбы з каталіцтвам, каб найперш расправіцца адзін з адным у вучоных лацінскіх трактатах” (Kosman 1973: 74).

У часы вострых рэлігійных палемік і непрымірымасці ў пытаннях веры рэдка можна было пачуць хаця б абстрактны заклік да ўзаемаразумення паміж каталікамі і пратэстантамі, да прыняцця імі агульнай адказнасці за лёсы краіны. А менавіта на такі заклік адважваецца берасцейскі аўтар ў сваёй паэме, схаваўшыся за постаццю прастака Пратэя:

To śmieszna, że tu jeden drugiego winuje,

Tem się przyczyna złego nigdy nie najduje,

Bo nasz katolik łaje ludziem różnej wiary,

Ci zasię narzekają na rzymskie przywary.

Członki mówią o głowie a sobie folgują,

A dziwna to, że swojej choroby nie czuja.

(Proteus 1890: 25)

Пратэй не толькі пералічвае цяперашнія хваробы шляхецкага грамадства і выкрывае іхнія прычыны, але як вяшчун-прарок прадказвае таксама сумную будучыню Польшчы, што гучыць надзвычай пераканаўча. Паэма прасякнута выразнымі песімістычнымі матывамі, прадчуваннем немінучай катастрафы: “Przeto są miedzy wami nieskończone gniewy, / Rozproszy was gniew boży jako lekkie plewy! (Proteus 1890: 27). Узнікае традыцыйны, вядомы з часоў антычнасці, вобраз-топас тонучага карабля, які сімвалізуе гібель дзяржавы: “Acz gdy się przypatruję tej sławnej Koronie, / Widzę okręt na morzu, co bez mała tonie” (Proteus 1890: 14).

Як і ў выпадку з вершам А. Валяна “Да Палякаў і да Літвы”, дзе таксама прагучала засцярога шляхты ад палітычнай анархіі і маральнай сваволі, далейшае развіццё падзеяў надало прадказанням і папярэджанням Пратэя асаблівую актуальнасць і злавеснасць. Гісторыя спраўдзіла найгоршыя прадчуванні берасцейскага паэта і іншых мысліцеляў эпохі Рэнесансу: у XVII ст. Польшчу і Вялікае Княства Літоўскае захлынула хваля рэлігійных канфліктаў і нацыянальных міжусобіц. Напрыканцы XVIII ст. агрэсіўныя суседзі спрытна скарысталі ўнутраныя канфлікты ў Рэчы Паспалітай, каб падзяліць расколатую краіну паміж сабой. У такім гістарычным кантэксце надзвычай прароча гучаць словы з паэмы “Пратэй...”, напісанай напярэдадні Люблінскай уніі:

A jeśli Bóg z obłoków nie spuści nam wody,

Sami się nie obroniem prze nasze niezgody,

Które nieprzyjaciołam otworzywszy wrota,

A trudno się im oprą nasze różne wota.

(Proteus 1890: 34)

У сваёй прамове Пратэй не прапануе канкрэтных шляхоў выратавання дзяржавы, не выдае рэцэптаў на хваробы грамадства. Ён толькі крытыкуе і прадказвае, пазітыўная праграма аўтара выкладзена ў асобнай частцы паэмы, якую ўмоўна можна назваць “Навука Уладара свайму сыну” (яна адпавядае “Навуцы Хірона Ахілесу” ў “Сатыру...” Я. Каханоўскага. У абедзвюх паэмах гэтыя кампазіцыйныя часткі з’яўляюцца найслабейшымі месцамі твораў і мала чым адрозніваюцца паміж сабой па зместу: мудрэц-філосаф (кентаўр Хірон, старажытны Уладар) вучыць маладога каралевіча (Ахілеса, Сына), як разумна і справядліва кіраваць дзяржаваю (своеасаблівая палітычная утопія, якая ўзыходзіць да ідэяў Платона). Вінавацячы ва ўсіх няшчасцях Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага шляхту, берасцейскі паэт – услед за Я. Каханоўскім – раптам бярэцца павучаць караля. І толькі напрыканцы паэмы ён вяртаецца да галоўнай ідэі твора, выказваючы вуснамі ці то Ўладара, ці то Пратэя, ці то, нарэшце, уласнымі свой маральны запавет слухачам-чытачам:

Ja też mili sąsiedzi o to proszę Boga,

Aby tu wieczna wolność, ona perła droga,

Miedzy nami mieszkała, kiedy będę w niebie,

Żeby tez twój potomek mógł to mieć od ciebie,

Co tobie dziad i pradziad dziedzicznie zostawił.

Nie proszę cię, abyś mu lepszą suknię sprawił.

(Proteus 1890: 31)

У якасці панацэі ад нядобрых пераменаў у грамадстве прапануецца вернасць слаўным традыцыям продкаў (зноў узнікае алюзія з уласцівасцямі натуры галоўнага героя). Варта адзначыць, што Пратэй у паэме выступае не толькі ў ролі апавядальніка ўласнай гісторыі, не толькі ў ролі прамоўцы, які крытыкуе шляхецкае грамадства, але яшчэ і ў ролі пераказчыка: прамовы Ўладара, размовы двух суседзяў-шляхціцаў, уяўнага маналогу маці-Радзімы, урэшце – уласнага сну. Такая разнастайнасць формы выкладу матэрыялу ў паэме берасцейскага аўтара стварае ўражанне хаатычнасці структуры “Пратэя...” і заўважна абцяжарвае вобраз галоўнага героя. Сон Пратэя, падчас якога нейкі таямнічы Голас раіць герою звярнуцца да махлярства, каб дасягнуць поспеху ў жыцці, выглядае ў паэме элементам неапраўданым і лішнім. Тое самае можна сказаць і пра размову двух шляхціцаў, якая сведчыць пра ўплыў на аўтара “Пратэя...” польскай палітычнай літаратуры 40 – 50-х гг. (у першую чаргу – твораў М. Рэя). Значна цікавейшым і цалкам апраўданым у агульным кантэксце паэмы выглядае ўяўны маналог Айчыны, з нараканнямі на няўдзячных сыноў, у якіх згасла любоў да сваёй маці (адразу згадваюцца пазнейшыя шэдэўры беларускай літаратуры: барочны “Трэнас...” М. Сматрыцкага з вобразам маці-Царквы і рамантычны “Шляхціц Завальня...” Я. Баршчэўскага з вобразам Плачкі).

Самымі арыгінальнымі ўстаўнымі часткамі паэмы “Пратэй, або Пярэварацень” у кантэксце як польскай, так і беларускай літаратуры з’яўляюцца ўступная, якую можна было б умоўна назваць “Уступ ад імя польскіх паэтаў” і заключная, якую сам аўтар назваў “Заключэнне да польскіх паэтаў”. Ад імя паэтаў прамаўляе Пратэй (зварот змешчаны паміж выкладам тэмы твора і гісторыяй Пярэваратня). Да паэтаў звяртаецца непасрэдна аўтар, які хоць і застаецца ананімным, але не хаваецца болей за свайго героя.

Увагу даследчыкаў прыцягвала дагэтуль пераважна “Заключэнне...”, у якім берасцейскі паэт прадэманстраваў выдатнае веданне тагачаснай польскай літаратуры, адзначыў заслугі М. Рэя, А. Тшэцескага і Я. Каханоўскага, называючы сябе сціплым вучнем гэтых славутых паэтаў, ды асабліва ўзносіў апошняга з іх (Пратэй, як памятаем, таксама называў сябе ў паэме вучнем, малодшым братам Сатыра). Вылучыўшы Я. Каханоўскага на першае месца не толькі сярод польскіх, але і сярод сусветных паэтаў: “ Niech już milczą Grekowie, niech już milczą Włoszy, / I cóż mają lepszego nad polskie rozkoszy?” (Proteus 1890: 33), упэўнена прадказваючы яму паэтычную бессмяротнасць: “Pirwej tam wznidzie słońce, gdzie jest póżna zorza, / Pirwej ku górze Wisła wróci się od morza, / Niż zgaśnie jego sława na tej niskiej ziemi...” (Proteus 1890: 33), берасцейскі аўтар выявіў не толькі веды, але й не абы які густ і зайздросную інтуіцыю: малады Каханоўскі у той час толькі распачынаў паэтычную кар’еру як здольны панегірыст і не напісаў яшчэ найлепшых сваіх твораў, што прынеслі яму славу вялікага нацыянальнага паэта. У “Заключэнні...” польская паэзія, бадай, упершыню адважылася на самаацэнку, на падсумаванне сваіх датыхчасовых здабыткаў, нечакана ўсвядоміла сябе як аўтаномную літаратурную тэму.

Яшчэ больш цікавым з’яўляецца “Уступ ад імя польскіх паэтаў”, у якім берасцейскі аўтар вуснамі Пратэя выказвае сваё разуменне ролі і месца паэзіі ў грамадстве, характарызуе стаўленне да паэтаў тагачасных чытачоў. Пратэй катэгарычны ў сваіх сцвярджэннях: у Польшчы паэтаў не любяць, бо баяцца праўды. Шляхта не жадае, каб нехта пісаў пра іхнія норавы і ўчынкі, хоць і так усе пра гэта шэпчуцца:

O was przy pełnej mówią chłopi (jako wiecie),

O was jawnie gadają i baby na trecie;

Lecz tego uszy wasze na wieki nie słyszą,

Tych cirpieć nie możecie, którzy o was piszą.

(Proteus 1890: 4)

Відавочна, што тут гаворка ідзе не пра паэзію ўвогуле, а канкрэтна пра паэзію сатырычную, задача якой – змагацца з заганамі грамадства і выпраўляць іх, паказваць людзям іх недахопы і навучаць мудрасці: “I owszem się to dzieje dla waszej przestrogi, / Abyście się wrócili do prawdziwej drogi...” (Proteus 1890: 4); “Bo wam, nie cudzoziemcom, piszą swoje rymy / I ostrem piórem walczą z nierządy waszymi” (Proteus 1890: 5). Роля паэта ў грамадстве разумеецца як роля настаўніка і прарока, нялюбага за свае суровыя словы, але патрэбнага людзям як лекар. Аўтар “Пратэя...” адрознівае яшчэ два віды паэзіі: жартаўлівую і панегірычную, і, адпаведна, вылучае яшчэ дзве функцыі літаратуры: забаўляць і ўсхваляць. Жартаўлівую паэзію берасцейскі аўтар ставіць значна ніжэй за сатырычную (“праўдзівую”), і з прыкрасцю адзначае, што лёгкадумныя, забаўляльныя вершыкі больш даспадобы чытачам, чым сур’ёзныя, павучальныя творы: “Póki im fraszki piszesz, to radzi czytają, / Piszże co statecznego, srodze się gniewają ...” (Proteus 1890: 4). Зусім іншае стаўленне ў паэта да панегірычных твораў, тут аўтарская прыхільнасць супадае з чытацкімі сімпатыямі (вядома, людзям больш падабаецца, калі іх прыгожа хваліш, чым востра крытыкуеш). Берасцейскі аўтар не лічыць усхваленне подзвігаў і цнотаў заняткам менш годным, чым асуджэнне злачынстваў і недахопаў. Наадварот, услед за старажытнымі аўтарамі ён разглядае панегірычную і асабліва героіка-эпічную паэзію як вяршыню творчасці, як жаданае спалучэнне абавязку і прыемнасці. На жаль, для польскіх паэтаў вяршыня гэтая пакуль недасягальная, бо рэчаіснасць вымагае не ўзнёслых гімнаў, а вострай сатыры, норавы і ўчынкі шляхты заслугоўваюць не ўхвалы, а гнеўнага асуджэння:

Chcecieli tego po nas, byśmy was chwalili,

To snadnie otrzymacie, moi bracia mili.

Bądżcież nie słowem rządni, ale rządni w rzeczy,

Niech dobrej sławy waszej żadna rzecz nie szpeci.

Chciwościam swym niemądrym każcie mówić ciszej,

Wyniesiem was swem pisaniem pod niebo i wyższej.

(Proteus 1890: 5)

Нагадаем, што словы гэтыя належаць колішняму паганскаму бажку, а цяперашняму пярэваратню і махляру Пратэю. Гэта ён ад імя ўсіх польскіх паэтаў абяцае чытачам некалі “ўзнесці іх сваім пісаннем пад неба і вышэй”. Некалі – у лепшыя часы, калі зменяцца людзі і грамадскія парадкі, а пакуль што Пратэй бачыць свой абавязак у тым, каб смела казаць людзям нялюбую для іх праўду: “Prawdę powiem, by mi z nią i rok siedzieć w wieży...” (Proteus 1890: 4). Відавочна, што Пратэй выступае ў паэме не толькі як міфалагічная істота, не толькі як звычайны шляхціц, але яшчэ і як паэт-вяшчун, такі самы, як ягоны папярэднік Сатыр. Хацеў таго берасцейскі аўтар ці не, але ўзорнага адмоўнага героя з Пратэя не атрымалася, занадта блізкі ён да асобы самога аўтара. Характэрна, што ў “Заключэнні...” паэт выказвае тыя самыя думкі і перакананні, што і ягоны адмоўны герой ва “Ўступе...”: “Darmo się za tą pracą łaski mam spodziewać, / Bo się ludzie o prawdę muszą zawżdy gniewać” (Proteus 1890: 32).

Шматаблічнасць вобраза галоўнага героя і пэўная супярэчнасць паміж рознымі ягонымі ўвасабленнямі толькі на першы погляд здаецца слабым месцам твора, недаглядам нявопытнага аўтара. Насамрэч розныя функцыі, якія выконвае Пратэй у паэме, адпавядаюць супярэчнасці ягонай натуры і неадназначнасці разумення гэтага міфалагічнага вобраза культурай эпохі Рэнесансу.

Найбольш традыцыйным было ўспрыманне вобраза Пратэя як алегарычнага ўвасаблення няшчырасці і зменлівасці (у пераносным сэнсе Пратэй – кожны ілжывы, фальшывы чалавек). З польскамоўных паэтаў Беларусі гэты вобраз выкарыстаў пазней Ян Казаковіч у сваёй вершаванайанай прадмове да кнігі Сымона Тэафіла “Zwierciadło nabożeństwa chrześciańskiego...” (Вільня, 1594) пагардліва называючы “сапраўднымі Пратэямі” ксяндзоў-езуітаў.

Але ў культуры Рэнесансу можна сустрэць і іншую, гуманістычную трактоўку вобраза Пратэя: як сімвала чалавека-творцы, свядомага стваральніка ўласнай індывідуальнасці, узора няспыннага развіцця і самаўдасканалення. Вядома, што Пратэем сябры і прыхільнікі называлі Эразма Ратэрдамскага, з Пратэем параўноўваў сябе ў “Фрашках” Ян Каханоўскі (Pelc 1994: 18).

Безумоўна, выказаныя ў паэме палітычныя погляды і маральныя перакананні аўтара, праўдзіва і таленавіта намаляваныя сцэнкі са штодзённага жыцця шляхты ўяўляюць вялікую цікавасць для даследчыкаў грамадска-палітычнага, рэлігійнага і культурнага жыцця Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага ў эпоху Рэнесансу. Але менавіта выбар неардынарнага героя і тэма літаратуры, узнятая ў “Пратэі...”, робяць гэты твор адметнай з’явай не толькі ў кантэксце польскамоўнай паэзіі Беларусі XVI ст., але і ў кантэксце гісторыі славянскіх літаратур увогуле.


Загрузка...