ІІІ. 3. МАРАЛЬНА-ДЫДАКТЫЧНАЯ І ЭЎРЫСТЫЧНЫЯ ТВОРЫ Я. ПРАТАСОВІЧА


Шматмоўная паэзія Беларусі 70-80-х гг. XVI cт. была моцна заангажавана ў палітычнае жыццё грамадства і асабліва жыва адгукалася на падзеі Лівонскай вайны 1558 - 1581 гг., пра што выразна сведчаць творы М. Стрыйкоўскага, Ф. Градоўскага, А. Рымшы, Я. Казаковіча, Я. Радвана, Г. Пельгрымоўскага. На мяжы XVI – XVII стст. старэйшых паэтаў таксама хвалявалі дыпламатычныя стасункі Вялікага Княства Літоўскага з Масковіяй (“Пасольства да Вялікага Князя Маскоўскага” Г. Пельгрымоўскага) ды агульны палітычны лад у дзяржаве (“Італійскі арэшнік” Я. Казаковіча), але маладзейшае пакаленне на стварэнне вершаў больш натхнялі ўжо сціплыя сямейныя радасці, праблемы філасофскага і рэлігійна-этычнага характару .

Яскравым прадстаўніком гэтага маладзейшага пакалення паэтаў быў беларускі шляхціц з-пад Пінска Ян Пратасовіч, , аўтар шасці паэтычных кніг на польскай мове, выдадзеных у Вільні ў канцы XVI - пачатку XVII ст. Сёння імя паэта ў Беларусі практычна невядома, няма пра яго артыкула ў біябібліяграфічным слоўніку “Беларускія пісьменнікі”, не з’явілася ніводнай публікацыі ў друку пра ягоную творчасць. Крыху лепшае стаўленне да спадчыны Я. Пратасовіча ў Польшчы: яшчэ у ХІХ ст. імя паэта згадвалі ў сваіх працах такія вядомыя даследчыкі як А. Ёхер, Г. Юшыньскі, А. Мацяёўскі, М. Вішнеўскі, у ХХ ст. Я. Пратасовіч быў на нейкі час забыты і не трапіў на старонкі грунтоўнага бібліяграфічнага даведніка “Новы Корбут”, але ў 1973 г. К. Свяркоўскі перавыдаў “Inventores rerum” (Protasowicz 1973), пазней з’явіўся інфармацыйны артыкул пра Я. Пратасовіча ў “Польскім біяграфічным слоўніку” (Lulewicz 1985: 521 - 522). Імя паэта згадваецца ў некаторых найноўшых працах польскіх і беларускіх аўтараў: Л. Слянковай, К. Мрочак, Ю. Лабынцава, І. Саверчанкі, але невялічкі ўступ К. Свяркоўскага да перавыдання “Inventores rerum” да сённяшняга дня застаецца адзінай навуковай публікацыяй пра творчасць Я. Пратасовіча (Swierkowski 1973: 5 - 23).

Ян Пратасовіч не належаў да той катэгорыі засцянковай шляхты, якую ў ХІХ ст. таленавіта апісаў у сваёй камедыі “Пінская шляхта” В. Дунін-Марцінкевіч. Бацька паэта, Бенедыкт Пратасовіч, паводле перапісу 1567 г. выстаўляў у войска 9 вершнікаў і 7 пешых жаўнераў, сваім сынам – Яну і Мацею – ён пакінуў у спадчыну маёнтак Магільна над Гарынню. Маці паэта, Марына, паходзіла з княскага роду Палубінскіх, даводзілася сястрою наваградскаму кашталяну Аляксандру Палубінскаму. У жонкі Ян Пратасовіч узяў сабе дачку берасцейскага кашталяна Рыгора Войны, парадніўшыся такім чынам з вядомым у княстве магнацкім родам. Заможнасць і дастаткова высокую сацыяльную пазіцыю Я. Пратасовіча пацвярджаюць не толькі ягоныя сямейныя сувязі, але і прыяцельскія: з падскарбіем Княства Фёдарам Скуміным-Тышкевічам, з вядомым віленскім друкаром Янам Карцанам. Бацькі паэта былі праваслаўныя, сам Ян хутчэй за ўсё перайшоў пасля 1596 г. ва ўніяцтва альбо адразу ў каталіцтва. З паходжання і месца жыхарства Я. Пратасовіча зусім не вынікаў факт адарванасці яго ад культурных цэнтраў краіны і ізаляванасці ад грамадска-палітычнага жыцця. Тое, што Я. Пратасовіч не займаў, наколькі нам вядома, ніякай дзяржаўнай пасады, не шукаў шчасця пры двары Хадкевічаў ці Радзівілаў, тлумачыцца асаблівасцямі характару палескага шляхціца, схільнасцю да спакойнага сямейнага жыцця, да чытання кніг па філасофіі, геаграфіі, гісторыі і, вядома, да пісання вершаў (у некаторых працах згадваецца, праўда, што паэт выконваў абавязкі віленскага суддзі (Swierkowski 1973: 6; Анушкин 1970: 99; Саверчанка 1992: 41), але больш верагодна, што гэтую пасаду займаў дзядзька паэта, таксама Ян Пратасовіч (Lulewicz 1985: 521)).

Час надзіва літасціва абыйшоўся са спадчынай Я. Пратасовіча, да нас дайшло ажно шэсць кніг паэта – значна больш, чым ведaў К. Эстрэйхер і іншыя польскія бібліёграфы ХІХ - пачатку ХХ ст. Калі зыходзіць з колькасці выдадзеных кніг, можна падумаць, што Я. Пратасовіч быў адным з самых пладавітых паэтаў Княства эпохі Рэнесансу. Але на самой справе аб’ём ягонай друкаванай спадчыны невялікі: каля 120 старонак (прыкладна, як вершаваны трактат М. Стрыйкоўскага “Ганец Цноты”). Храналогія выдання ягоных твораў выглядае наступным чынам: 1595 – першы, 1597 – чатыры наступныя, 1608 – апошні. Наколькі нам вядома, ніводнаму з калегаў Я. Пратасовіча не ўдавалася на працягу года выдаць ажно чатыры кнігі; гэта ўвогуле выключны выпадак у тагачаснай літаратурна-выдавецкай практыцы. Чым тлумачыцца творчы выбух 1597 г. – нечаканым збегам акалічнасцяў, падтрымкай прыяцеляў-мецэнатаў, добразычлівасцю друкара Я. Карцана – невядома. Яшчэ больш дзіўна выглядае дзесяцігадовае маўчанне паэта пасля такога выдавецкага поспеху.

Дэбютаваў Я. Пратасовіч сціплым віншавальным вершам з нагоды шлюбу Януша Скуміна з Барбарай Нарушэвіч: “Paranimphus” (Вільня, 1595). Як сведчыць назва верша, паэт выконваў на вяселлі пачэсную ролю свата (гр. “paranimphus” – сват, дружка). У ягоныя абавязкі ўваходзіла падводзіць жаніха да алтара, кіраваць парадкам цырымоніі і першаму прамаўляць віншавальнае слова. Калі б Я. Пратасовіч на самой справе не з’яўляўся сватам, ён вымушаны быў бы выдаць верш ананімна: так вымагала традыцыя напісання матрыманіяльных твораў (Mroczek 1989; Ślękowa 1991).

Вершаваная прамова Я. Пратасовіча вылучаецца прадуманай кампазіцыяй і прыгожым, хаця простым стылем, адпавядае важнейшаму патрабаванню рыторыкі: спалучае ў сабе яснасць, выразнасць і змястоўнасць. Нагадаўшы ў невялічкай прадмове пра сваю ролю і абавязкі, аўтар-прамоўца просіць гасцей з прыхільнасцю выслухаць ягоныя словы і па чарзе звяртаецца да бацькоў маладых (просіць іх блаславіць сына і дачку), да жаніха з нявестай (жадае ім дачакацца не толькі дзяцей, але ўнукаў ды праўнукаў) і да прысутнай на вяселлі моладзі (тлумачыць мэты хрысціянскага шлюбу і заклікае хлопцаў хутчэй узяць прыклад з Януша).

У адрозненні ад Я. Каханоўскага, які свой шаферскі верш “Dziewosłąb” насыціў антычнымі вобразамі і алюзіямі, Я. Пратасовіч абапіраецца, у асноўным, на біблейскія матывы: напрыклад, пароўноўвае Фёдара Скуміна, які аддаў свайго сына ў рукі Барбары, з ... Аўраамам, які збіраўся ахвяраваць свайго сына Богу. Толькі ў фінальнай частцы верша, запрашаючы гасцей заспяваць і патаньчыць, Я. Пратасовіч згадвае бога Апалона і іншых міфалагічных персанажаў, але заклік узняць келіхі за здароўе маладых падмацоўвае не згадкаю пра Бахуса, а спасылкаю на аўтарытэт Саламона:

Przy czym też y trunek mierny nie zawadzi,

Wszak i Salomon mądry o tym znacznie radzi.

Przeto y mnie po pracy daycie wina czasze,

Ktorą chętnie wypiję iuż za zdrowie wasze.

(Protasowicz 1595: 6).

Праз год Я. Пратасовічу давялося прысутнічаць яшчэ на адной сямейнай цырымоніі, гэтым разам жалобнай: у маладым узросце памерла швагерка паэта, жонка наваградскага шляхціца Яна Калантая Маруся. Паэт адгукнуўся на яе смерць невялікай фунеральнай паэмай “Epicedium” (Вільня, 1597), адрасаванай бацьку нябожчыцы, берасцейскаму кашталяну Рыгору Войну. На адвароце тытульнай старонкі кнігі змешчаны герб Войнаў і верш, у якім тлумачыцца мэта напісання паэмы: суцешыць няшчаснага бацьку ў ягоным горы.

Першая частка “Эпіцэдзіума” – суцяшэнне філасофіяй, выказваннямі Геракліта, Дэмакрыта, Сакрата, Сенэкі, Цыцэрона і іншых антычных мысляроў пра нетрываласць чалавечага існавання і непазбежнасць смерці, пра неабходнасць падрыхтоўкі да згону яшчэ пры жыцці, пра неразумнасць скрухі па нябожчыку і г. д. Паэт не можа схаваць свайго захаплення мудрасцю старажытных філосафаў:

A wszakże to iest wielce godno podziwienia

W ludziach pogańskich, chocia mieli dość wątpienia,

Y chocia wiadomości o Bogu nie mieli,

A przedsię każdey rzeczy dochodzić umieli.

(Protasowicz , Epicedium 1597: 7)

Другая частка твора – суцяшэнне рэлігіяй, прыкладамі з Бібліі, выказваннямі прарокаў і святых айцоў пра марнасць усяго зямнога, пра смерць як пачатак вечнага жыцця і г. д. Набожны вернік бярэ ў паэце верх над прыхільнікам антычнай мудрасці, ён падкрэслівае перавагу хрысціянскіх тэолагаў над паганскімі філосафамі і салідарызуецца з думкаю святога Ераніма, што Арыстоцель з ягонай мудрасцю трапіў у пекла, бо не ведаў Бога. Антычная топіка ў другой частцы твора саступае месца хрысціянскім ідэям, зрэшты, па волі аўтара яны цудоўна спалучаюцца і падпарадкаваныя агульнай мэце. Заканчваецца паэма ўяўным маналогам нябожчыцы, якая заклікае свайго бацьку не плакаць над яе магілай, а радавацца з прычыны ўз’яднання дачкі з Богам.

Як і папярэдні твор паэта, “Эпіцэдзіум” уяўляе сабой вершаваную прамову, больш разгорнутую і аргументаваную, але менш эмацыянальную і вобразную за “Паранімфус”. Немагчыма ўявіць сабе, каб гэтую доўгую прамову сапраўды чыталі над магілай нябожчыцы. Здзіўляе, што аўтар адрасуе свае суцяшэнні выключна бацьку Марусі і нават не згадвае пра яе мужа ды іншых блізкіх людзей. Адсутнічае ў паэме і ўсхваленне цнатлівага жыцця гераіні, чаго вымагала традыцыя напісання падобных твораў (Ślękowa 1991; Włodarski 1987).

Фунеральная паэма Я. Пратасовіча па многіх крытэрыях саступае не толькі славутым “Трэнам” Я. Каханоўскага, але і “Апісанню смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл” Ц. Базыліка. У “Эпіцэдыуме” Я. Пратасовіч зарэкамендаваў сябе не як чуллівы лірык, але як эрудыраваны мараліст, што выявілася таксама і ў ягоных наступных творах.

Роля суцяшыцеля спадабалася паэту, наступнае вершаванае суцяшэнне ён адрасаваў свайму дзядзьку, наваградскаму кашталяну А. Палубінскаму. Праўда, ніхто з блізкіх А. Палубінскага не памёр, але ў сувязі з тым, што князь дасягнуў пажылога ўзросту, пляменнік вырашыў маральна падтрымаць дзядзьку і пераканаць яго ў прывабнасці старасці. “Konterfet człowieka starego...” (Вільня, 1597) – лепшы маральна-дыдактычны твор Я. Пратасовіча, паэт патрапіў спалучыць тут сваю багатую эрудыцыю з творчымі здольнасцямі, знайсці для рэлігійна-філасофскіх аргументаў адпаведную літаратурную форму.

Кампазіцыя “Вобраза старога чалавека” вылучаецца строгай прадуманасцю, цалкам падпарадкаваная аўтарскай задуме. Пасля эпіграмы на герб Палубінскіх і вершаванага прысвячэння князю ў кнізе змешчана гравюра з выяваю нямоглага старца на мыліцах. Ад імя гэтага Старца і вядзецца аповяд у першай частцы твора, якую аўтар у вершы-прысвячэнні слушна называе “лямантам”. З ляманту Старца паўстае непрывабны малюнак гаротнага існавання чалавека на схіле ягоных дзён, ва ўладзе цяжкіх хваробаў і маркотных думак, перад абліччам хуткай смерці. Герой наракае не толькі на фізічныя, але і на маральныя пакуты з прычыны старасці, жаліцца на адзіноту і на пагардлівыя адносіны да яго з боку грамадства:

Nawet u własney żony y w swoich dzieci

Miłości żadney nie mam, y u prostych kmieci.

Bo dzieci radziby mie co narychley zbyli,

Aby tym rychley po mnie w dobrach moich żyli.

(Protasowicz, Konterfet 1597: 12)

Выпрабаванні і крыўды, якія выпалі на долю Старца, прыводзяць яго да расчаравання ў сэнсе жыцця наогул, да песімістычнага погляду на чалавечае існаванне як на паступовы працэс распаду і гніення арганізму. Ці ж не лепей у такім разе як мага хутчэй памерці і далучыцца да вечнага жыцця на нябёсах, без пакутаў і бедаў? У разважаннях Старца чуюцца галасы і антычных філосафаў-скептыкаў, і сярэднявечных хрысціянскіх аскетаў, але ў значнай ступені яны адлюстроўваюць тыя рэальныя настроі, што агортваюць чалавека на схіле ягоных дзён.

На шчасце для Старца-песіміста і чытачоў кнігі з’яўляецца Старац-аптыміст, які па просьбе аўтара абараняе старасць ад несправядлівых абвінавачванняў і ўслаўляе яе прывабныя рысы. Сустрэча двух герояў паказана на гравюры, змешчанай перад пачаткам другой часткі твора. Розніцу маральна-філасофскіх паставаў старцаў адлюстроўвае розніца ў іхнім фізічным выглядзе: Старац-аптыміст абапіраецца не на мыліцы, а толькі на кій, трымаецца бадзёра і ўпэўнена. Спасылаючыся на ўласны жыццёвы досвед, Старац з кіем лёгка разбівае аргументы Старца на мыліцах: 1) здароўе залежыць не толькі ад узросту, бо неразумны чалавек падрывае яго сабе яшчэ ў маладосці заганным ладам жыцця; 2) павага да старых бацькоў у дзяцей не знікае, калі яна выхавана з маленства; 3) сівога чалавека людзі паважаюць за мудрасць, яму належыць першае слова ў грамадзе; 4) доўгае жыццё дае магчымасць пазбыцца грахоўных страсцей і падрыхтавацца да сустрэчы з Богам і г. д. Свае разважанні другі Старац падмацоўвае выказваннямі біблейскіх прарокаў (Давіда, Саламона, Самуіла і інш.), прыкладамі з жыцця патрыярхаў (Аўраама, Ісака, Ноя і інш), а потым яшчэ сягае і да антычнай мудрасці: да выказванняў і прыкладаў з жыцця Платона, Салона, Сафокла (дзіўна аднак, што Я. Пратасовіч не разу не спасылаецца на знакамітае сачыненне Цыцэрона “Пра старасць”, выдадзенае ў 1595 г. па-польску ў той самай друкарні, што і “Вобраз старога чалавека”).

Пасля такіх пераканаўчых аргументаў першаму Старцу застаецца адно падзякаваць сябру за адкрыццё шматлікіх радасцяў старасці, а заканчваецца твор супольнай малітвай двух герояў да Бога: “Tobie dzięki dawami, że wieku takiego / Raczyłeś nam uzyczyć z miłosierdzia swego” (Protasowicz,. Konterfet 1597: 33).

Увядзенне постацяў двух старцаў у якасці герояў-прамоўцаў прыкметна ажыўляла кнігу, спрыяла лепшаму ўспрыманню яе рэлігійна-філасофскіх ідэяў, таксама як і наяўнасць дзвюх гравюраў. У мастацкіх адносінах больш цікавая першая частка твора, якую ўмоўна можна назваць маральна-дыдактычнай паэмай, у той час як другая – усяго-толькі вершаваны кампілятыўны трактат, старанна нашпігаваны шматлікімі аргументамі і прыкладамі. У плане зместу выразна відаць, што пачаўшы з суцяшэння чалавека ў старасці, Я. Пратасовіч скончыў яе гарачым услаўленнем, а фактычна – услаўленнем універсальнай філасофскай мудрасці і хрысціянскіх цнотаў наогул.

Наступнае сачыненне Я. Пратасовіча – “Kształt poczciwey Białogłowy” (Вільня, 1597) – таксама можна разглядаць як своеасаблівае суцяшэнне: “суцяшэнне” ў няпростай долі жанчыны. Паэт засяроджваецца на ўслаўленні цнотаў “белагаловай”, малюе ідэальны ўзор тагачаснай пані – жонкі, маці, гаспадыні; падмацоўвае свае ўласныя ўяўленні выказваннямі пра жанчын Саламона і Эклізіяста, прыкладамі з цнатлівага жыцця біблейскіх і антычных гераіняў (Сары, Руфі, Сузаны; Гіпсікраты, Хілоніі, Валерыі і інш.).

Прысвечаны “Узор сумленнай белагаловай” Кацярыне з Ласкіх, жонцы Фёдара Скуміна і матцы Януша Скуміна – прыяцеляў і добразычліўцаў паэта ( з нагоды вяселля Януша, як мы памятаем, напісаны “Паранімфус”). На адвароце тытульнай старонкі кнігі змешчаны герб Ласкіх і эпіграма на яго, а перад асноўнаю часткай твора – дэдыкацыйны верш, у якім аўтар звяртаецца да жонкі наваградскага ваяводы як да сваёй “міласцівай сястры”. На пачатку кнігі выразна бракуе гравюры з выяваю ідэальнай Пані, (накшталт гравюры з выяваю Старца ў “Вобразе старога чалавека”), бо пачынаецца твор уласна з алегарычнага апісання жанчыны, якая сядзіць пад вінаграднай лазой у вянку з зёлак і працягвае свайму мужу духмяную кветку. Характэрна, што ў гэтым слоўным партрэце адсутнічаюць указанні на прыгажосць кабеты; далей Я. Пратасовіч таксама ні разу не згадвае знешнюю прыгажосць сярод рысаў узорнай “белагаловай”. Можа, Кацярына з Ласкіх не вылучалася гожай знешнасцю і аўтар наўмысна не закранаў небяспечную тэму? Многія тагачасныя паэты ўслаўлялі ў сваіх вершах дзявочую прыгажосць (Я. Каханоўскі, М. Семп-Шажынскі) і нават такія строгія маралісты як М. Рэй і Л. Гурніцкі лічылі хараство жанчыны важнай умовай для сямейнага шчасця (Wyrobisz 1992: 405 - 421).

У астатнім погляды Я. Пратасовіча на жанчыну, на яе месца ў грамадстве не вылучаліся арыгінальнасцю, супадалі ў цэлым з поглядамі аўтара паэмы “Апісання смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл” Ц. Базыліка і фактычна адлюстроўвалі стэрэатыпныя ўяўленні эпохі: “Адпаведна з галоўнай грамадскай роляй, якая прызначалася старапольскай кабеце – роляй жонкі і маці – вымаганні, што перад ёй ставіліся , датычылі, акрамя агульнага пастулату набожнасці, у асноўным гэтых дзвюх функцыяў” (Bogucka 1998: 153).

Каталог жаночых цнот, укладзены Я. Пратасовічам, не выклікаў, напэўна, пярэчанняў у тагачасных чытачак, але ўжо ў эпоху Асветніцтва наўрад ці задаволіў бы такіх паняў як Францішка Уршуля Радзівіл і Саламея Пільштынова-Русецкая: 1) багабаязнасць; 2) працавітасць; 3) плоднасць; 4) разважлівасць; 5) сціпласць; 6) лагоднасць; 7) паслухмянасць. Пад паслухмянасцю разумелася выкананне загадаў не толькі мужа, але і ягоных бацькоў. Сваёй лагоднасцю і пакорлівасцю жанчына мусіла дабратворна ўздзейнічаць на мужа, суцішваць раптоўныя прыпадкі ягонага гневу:

Ona od utrat marnych męża pohamuie,

Kiedy z brzegow wylewa, a w tym się nie czuje.

A chocia czasem będzie o co rozgniewany,

Przed się od oney bywa rychło ubłagany.

Gdy go zmiękczy swoimi łagodnymi słowy,

Nie biorąc przed się iego popędliwey mowy.

(Protasowicz, Ksztalt 1597: 7)

Сярод пералічаных у творы жаночых цнотаў мы не знойдзем такіх як смеласць, цвёрдасць духа, любоў да Бацькаўшчыны – тыпова мужчынскіх, на думку аўтара. Праўда, згадваючы старажытных гераінь – Дэбору, Гіпсікрату, якія праславіліся сваімі воінскімі подзвігамі, Я. Пратасовіч адзначае іх мудрасць, адвагу, спрыт. Але, напрыклад, Юдзіф для яго – найперш увасабленне багабаязнасці, праведнасці і аскетызму, а не любові да Бацькаўшчыны, мужнасці і адвагі:

Judith ta też nie mnieyszą ma w piśmie pochwałę

Za swe uczynki dobre i za cnoty stałe.

To iest: będąc wdową mieszkała w czystości

Pilnując przez wszytek czas prawey pobożności.

Abowiem z kilką dziewek w zamknieniu mieszkaiąc,

A modlitwy gorące do Boga działając.

Chodząc we włosiennicy ustawnie pościła,

Jakoż potym wszytek lud z miaztem wyzwoliła.

(Protasowicz, Ksztalt 1597: 12)

У прысвечаным Юдзіфі васьмірадкоўі няма ані слова пра яе знакаміты подзвіг – забойства вавілонскага палкаводца Алаферна, чытач так і не даведваецца, якім чынам і ад каго самаахвярная гераіня “увесь люд з горадам вызваліла”. Я. Пратасовіч зусім па-іншаму трактуе вобраз Юдзіфі, чым Ф. Скарына ў сваёй знакамщтай прадмове да “Кнігі Юдзіф”; для беларускага першадрукура і гуманіста Юдзіф з’яўлялася ўвасабленнем патрыятызму, мужнасці і самаахвярнасці: ”... дозволена нам сия книга Іудиф чести к нашему научению, абыхом, яко зеръцало, жену сию преславную пред очима имеюще, в добрых делех и в любви отчины не толико жены, но и мужи наследовали и всякого тружания и скарбов для посполитого доброго и для отчины своея не лютовали” (Скарына 1990: 45).

У беларускай літаратуры XVI - XVII стст. не шмат твораў, прысвечаных жанчыне, таму вершаваны трактат Я. Пратасовіча “Kształt poczciwej Białogłowy” мае асаблівае значэнне, як крыніца звестак пра ўяўленні нашых продкаў аб прадстаўніцах слабога полу.

З выдадзеных Я. Пратасовічам у 1597 г. твораў самым вялікім па аб’ёму і найменш цікавым па зместу з’яўляецца “Jałmużnik” – вершаваная перапрацоўка сачынення італьянскага вучонага Юлія Фолька (лацінскі арыгінал пабачыў свет у 1574 г. у Рыме, пасля неаднаразова перавыдаваўся). Праўда, Я. Пратасовіч не трымаўся блізка лацінскага першаўзору і дадаў у свой твор яшчэ мноства іншых разумных выказванняў – пра ахвяраванні, міласэрнасць, любоў да бліжняга і да Бога – узятых з Бібліі і з прац антычных мысляроў: Дэмакрыта, Арыстоцеля, Піфагора, Геракліта, Цыцэрона і інш. Як і ў папярэдніх творах Я. Пратасовіча, тэарэтычныя аргументы падмацаваны ў “Ахвярадаўцы” прыкладамі з жыцця славутых асобаў (паганцаў і хрысціян), традыцыйна выглядае кампазіцыя кнігі: 1) выказванні біблейскіх аўтараў і сярэднявечных тэолагаў; 2) прыклады з жыцця біблейскіх герояў і хрысціянскіх святых; 3) выказванні антычных філосафаў і гісторыкаў; 4) прыклады з жыцця старажытных грэкаў і рымлян.

Надзвычай разбудаваная ў кнізе ўступная частка, поўнасцю напісаная вершам. На адвароце тытульнай старонкі выдання змешчана пад выяваю радзівілаўскага герба эпіграма, а далей – два прысвячэнні князю М. К. Радзівілу (Сіротцы) і прадмова да чытача. У дэдыкацыйных вершах Я. Пратасовіч выказвае князю шчырую падзяку за аказаную некалі маральную і матэрыяльную падтрымку і просіць шчодрага і велікадушнага магната ўзяць пад сваю апеку “Ахвярадаўцу”, княскім аўтарытэтам засведчыць слушнасць выказаных у творы ідэяў.

З прысвячэнняў да М. К. Радзівіла і прадмовы да чытача выразна відаць, што паэт як ніколі раней баяўся недобразычлівых водгукаў і нападак на сваю кнігу. І гэта зразумела: адрасавалася яна ў першую чаргу тым, хто шкадаваў грошай на ахвяраванні ў храме, не даваў міласціны жабракам і адварочваўся ад людзей, якія трапілі ў бяду. Пасля кожнага з падраздзелаў твора паэт звяртаецца з заклікам да скнары: “Jeśliby nie obeszły ciebie Pisma Swięte, / Niech zawstydzą pogańskie te powieści wzięte” (Protasowicz, Jałmużnik 1597: 26). У двух апошніх падраздзелах папрокам да скнары заканчваецца кожнае выказванне і кожны прыклад: “Wstydź się skępcze poganów, a day chocia troche, / Nie łamiąc obietnic, gdyż to rzeczy płoche” (Protasowicz, Jałmużnik 1597: 26). А напрыканцы кнігі Я. Пратасовіч змяшчае вялікі верш “Do skąpego”, у якім падагульняе сказанае ў асноўнай частцы твора, але не сваімі ўласнымі словамі, а зноў-такі з дапамогаю выказванняў Сакрата, Дэмакрыта і сентэнцыяў з Бібліі: “Wspomni iz rychley wielbląd przez uszko / iglane Przeydzie, niż bogatemu niebo będzie dane!” (Protasowicz, Jałmużnik 1597: 29)

Як “Узор сумленнай белагаловай” і “Вобраз старога чалавека”, “Ахвярадаўца” Я. Пратасовіча з’яўляецца тыповым прыкладам вершаванага маральна-дыдактычнага трактату, створанага пры дапамозе кампіляцыі на падставе антычных і хрысціянскіх крыніцаў і дададаткова аздобленага некалькімі дэдыкацыйнымі і прэфацыйнымі вершамі напачатку і ў канцы кнігі. Яскравы ўзор падобнага вершаванага трактату мы знаходзім у творчасці польскага пісьменніка М. Рэя: “Wizerunek własny żywota człowieka poczciwego”(1558).

У сваім апошнім творы – “Inventores rerum albo Krótkie opisanie kto co wynalazł i do używania ludziom podał” (Вільня, 1608) – Я. Пратасовіч таксама выявіў схільнасці да маралізатарства, але гэтым разам з-пад пяра паэта выйшаў не проста чарговы вершаваны трактат, а першая ў Рэчы Паспалітай энцыклапедыя. За аснову кнігі ўзята лацінскае сачыненне італьянскага пісьменніка Палідора Вергілія “De inventoribus rerum” (Венецыя, 1499), якое ў XVI - XVII стст. сталася еўрапейскім бестселерам. Па звестках К. Свяркоўскага, яшчэ пры жыцці аўтара кніга “De inventoribus rerum” перавыдавалася 26 разоў, была перакладзена практычна на ўсе важнейшыя еўрапейскія мовы і пабачыла свет у Францыі, Галандыі, Швейцарыі, Англіі, Германіі, Іспаніі; у бібліятэках Польшчы захавалася звыш 100 экзэмпляраў сачынення П. Вергілія ў розных выданнях XVI - XVII cтст (Swierkowski 1973: 15 - 17).

Цяжка растлумачыць, чаму польскамоўная вершаваная адаптацыя папулярнай кнігі, выкананая Я. Пратасовічам, не сталася выдавецкім бестселерам у Рэчы Паспалітай і нават ні разу не была пазней перавыдадзена (смерць у 1611 г. Я. Карцана не можа быць адзінай таму прычынай, бо не бракавала ў Вільні і іншых друкароў).

“Inventores rerum, альбо Кароткае апісанне, хто што вынайшаў і даў людзям для ўжытку” прысвечана пісару Княства, браслаўскаму старасце Янушу Скуміну – герою першага твора паэта, “Паранімфуса”. Як і ў ранейшых выданнях Я. Пратасовіча, перад асноўнаю часткай кнігі змешчана вялікая ўступная: эпіграма на герб Скумінаў, прысвячэнне дабрадзею-Янушу, прадмова і пасляслоўе да чытача – ні радка прозы, усё напісана вершам. Сам “Inventores rerum” уяўляе сабой вершаваны энцыклапедычны даведнік пра вынаходніцтвы чалавечай цывілізацыі, заснаваны не столькі на дакладных гістарычных фактах, колькі на звестках з міфалогіі і літаратуры. Аматар падлікаў, К. Свяркоўскі так характарызуе змест працы палескага энцыклапедыста: “У алфавітным парадку, у аб’ёме 147 артыкулаў назваў Пратасовіч 174 “вынаходніцтвы” і падаў імёны 180 “вынаходнікаў”; з іх 30% – гістарычныя постаці, што жылі на працягу дваццаці аднаго стагоддзяў, ад VII ст. да н. э. пачынаючы, а Гутэнбергам заканчваючы, звыш 60% – постаці з сяміцкай, егіпецкай, а перад усім грэцкай міфалогіі, у невялікай ступені таксама з рымскай; урэшце нешматлікія жыхары канкрэтных гарадоў альбо краінаў і героі Бібліі, “Іліяды”, “Энеіды” (Swierkowski 1973: 19).

Трэба адзначыць, што з вялізнага празаічнага трактату П. Вергілія Я. Пратасовіч выбраў толькі найбольш цікавыя і важныя, на ягоную думку, артыкулы, некаторыя скараціў, а некаторыя, наадварот, дапоўніў уласнымі заўвагамі і разважаннямі пра тагачасныя звычаі і норавы ў Рэчы Паспалітай. У выніку “Inventores rerum” вызначаецца як тэматычнай стракатасцю артыкулаў (звесткі пра вынаходніцтвы паперы, алфавіта, цыркуля, пораха, шкла, календара, друкарскага станка перамяжоўваюцца з паведамленнямі пра внаходнікаў спеваў, пацалункаў, вырывання зубоў, разгадвання сноў, карчмы, прастытуцыі і г.д.), так і вялікай розніцай іх аб’ёмаў (напрыклад, “вынаходніку” музыкі Амфіону прысвечаны ўсяго адзін радок, а безыменнаму вынаходніку рушніцы – ажно сорак шэсць).

Магчыма, менавіта суб’ектыўныя заўвагі і рэфлексіі Я. Пратасовіча зашкодзілі поспеху ягонай кнігі як папулярнай энцыклапедыі сусветных вынаходніцтваў, але як літаратурны твор “Inventores rerum” цікавы якраз прыўнесеным у яго аўтарам мясцовым каларытам i асабістым пачаткам. Напрыклад, паэт выказвае удзячнасць вынаходніку калыскі Асклепіаду, бо ў калысцы дзеці спяць спакойна і можна ў гэты час ... пісаць вершы.

Некаторыя артыкулы ў “Inventores rerum” можна разглядаць як самастойныя вершы сатырычнага характару: “Пацалункі”, “Запрагаць чатырох коней”, “Рушніца”, “Страляць з прашчы”. У вершы “Пацалункі” аўтар спрабуе высветліць, адкуль паходзіць звычай цалавацца: ці то ад старажытных габрэеў, ці то ад уцекачоў з Троі (паводле легенды траянскія жанчыны так упадабалі Італію, што вырашалі не плысць далей, спалілі караблі сваіх мужоў і потым суцішвалі іхні гнеў пацалункамі), ці то ад рымлянаў (Плутарх апісвае звычай рымскіх патрыцыяў, вярнуўшыся дадому цалаваць сваіх жонак, каб даведацца, ці не пілі тыя падчас іхняй адсутнасці віна). Уявіўшы на месцы старажытных рымлянак сучасных шляхцянак, паэт з сарказмам заўважае:

Lecz tu rychlej niż wino gorzałkę poczuje,

Bowiem się takich siła białogłów najduje,

Iz się gorzałką miła nadobnie uraczą,

Że czasem ledwie mężów swych przed sobą baczą.

Przeto takich bynajmniej nie trzeba całować

Ale raczej sporego kija nie żałować,

Okładając po grzbiecie, aby jej nie piła,

Lecz raczej gospodarstwa swego pilna była.

(Protasowicz 1973: 64)

Па гэтых радках лёгка пазнаць аўтара “Узору сумленнай белагаловай” – рэзанёра-мараліста, прыхільніка суровага выхавання жанчын, але чалавека, відавочна не пазбаўленага гумару.

На старонках “Inventores rerum” мы знаходзім шмат крытычных заўвагаў не толькі пра паводзіны шляхцянак, але і пра норавы тагачасных шляхціцаў, якія, вядома больш уплывалі на маральны клімат эпохі. У вершы “Рушніца” паэт негатыўна ацэньвае вынаходніцтва пораху, бо яно прывяло да заняпаду рыцарства і воінскага майстэрства, а асабліва абураецца новамодным звычаем шляхты паўсюль браць з сабой агнястрэльную зброю і з яе дапамогай зводзіць паміж сабой парахункі:

A jeśli nieprzyjaciół z onych zabijamy,

Tedy na co na swoich wżdy one chowamy?

Albo co za potrzeba w mieście z nimi chodzić,

A jeden do drugiego jako do pnia godzić?

Przeto niechaj się wstydzą, co ich używają,

A po ulicach męstwo swoje więc udają.

(Protasowicz 1973: 81)

У вершы “Запрагаць чатырох коней” паэт кпіць з тых шляхціцаў, якія замест чацвёркі коней запрагаюць у вазок шасцёрку:

Więcby nie dziw, by ciężar wżdy jaki wozili,

Ale to tylko kwoli pysze wystroili,

Bowiem czasem na wozie tylko jeden będzie,

Którego by wiatr zdmuchnął i mógl zanieść wszędzie.

A co więtsza, i chudzi panom się przeciwią,

Bacząc, że się poszósnej liczbie więcej dziwią.

Przeto chocia już drudzy sześć chłopów nie mają,

A przedsię na poszósny cug się zdobywają.

(Protasowicz 1973: 65)

Працытаваныя вышэй урыўкі выразна сведчаць пра наяўнасць у Я. Пратасовіча сатырычнага таленту, на жаль, не рэалізаванага ім у папярэдніх – маральна-дыдактычных – творах. У “Inventores rerum” каларытныя, але рэдкія замалёўкі шляхецкіх нораваў і звычаяў таксама не вызначаюць генатып твора, апошняе сачыненне Я. Пратасовіча адносіцца не да сатырычнай, а да эўрыстычнай паэзіі.

Творчасць Я. Пратасовіча – паэта, філосафа, эцыклапедыста – яскрава сведчыць пра змены, якія адбыліся ў жанравай сістэме і ў тэматыцы шматмоўнай паэзіі Беларусі напрыканцы XVI cт., калі замест героіка-эпічнай паэзіі, якая ўслаўляла подзвігі “літвінскіх Аяксаў і Гектараў” на першы план выйшлі такія віды паэзіі, як сямейна-рытуальная і маральна-дыдактычная, прысвечаныя падзеям штодзённага жыцця чалавека, праблемам маральнага ўдасканальвання і пазнання Сусвету.

Развіццё паэзіі дакладна адлюстроўвала парадыгму настрояў шляхецкага грамадства Рэчы Паспалітай пасля заканчэння Лівонскай вайны, на сутыку дзвюх эпохаў: Рэнесансу і Барока.


Загрузка...