ЗАКЛЮЧЭННЕ


Польскамоўная паэзія ўзнікла ў шматмоўнай беларускай літаратуры ў 50-х гг. XVI ст. і за кароткі час – да пачатку XVII ст. – прайшла шлях свайго станаўлення і развіцця, зрабіўшыся адной з найпрыкметнейшых з’яў у літаратурным ландшафце эпохі Рэнесансу. Значная частка польскамоўнай паэтычнай спадчыны Беларусі XVI - пачатку XVIІ ст. беззваротна страчана, але нават тая, якая дайшла да нашага часу, уражвае колькасцю твораў і аўтараў, жанравай і тэматычнай разнастайнасцю, разбурае стэрэатып старадаўняй беларускай паэзіі як аднастайна-панегірычнага вершаскладання і дазваляе зрабіць шэраг высноў, важных для далейшага вывучэння шматмоўнага пісьменства Беларусі эпохі Рэнесансу і для выпрацоўкі новага погляду на гісторыю беларускай літаратуры ўвогуле.

1. На станаўленне польскамоўнай паэзія Беларусі эпохі Рэнесансу плённа паўплываў рэфармацыйны рух, які выклікаў да жыцця масавае кнігадрукаванне ў Вялікім Княстве Літоўскім і ўскосна прычыніўся тым самым да развіцця паэзіі, якая заняла пачэснае месца ў кніжнай прадукцыі берасцейскіх, нясвіжскіх, лоскіх і віленскіх друкарняў. Пераважная большасць тагачасных паэтаў Беларусі была кальвінісцкага веравызнання і не здрадзіла сваім пераканнанням пад націскам Контррэфармацыі. Напачатку пратэстанцкія аўтары непасрэдна выкарыстоўвалі вершаваную форму дзеля папулярызацыі новых рэлігійных ідэй у грамадстве, але з цягам часу ў іхняй творчасці выразна стаў дамінаваць свецкі накірунак.

2. Жанравая сістэма польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу абапіралася на жанравую сістэму антычнай паэзіі, але ў рэдукаваным – пад уздзеяннем спецыфічных умоў тагачаснага літаратурнага жыцця і пад уплывам празаічных жанраў беларускай літаратуры (летапісу, хронікі, дыярыуша) – выглядзе. Найбольш папулярнымі, інстытуалізаванымі ў грамадстве відамі паэзіі былі: кніжна-эпіграматычная (геральдычныя, прэфацыйныя і дэдыкацыйныя вершы, звароты да Заіла) і сямейна-рытуальная (генеталіконы, матрыманіяльныя і фунеральныя творы); менавіта ў гэтых “утылітарных” жанрах дамінаваў панегірызм, які беспадстаўна лічыцца асаблівасцю ўсёй паэзіі XVI - XVII стст. Але найбольш значныя дасягненні польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу звязаны з развіццём іншых жанраў: рэлігійна-метафізічнай, палітычнай, сатырычный, гістарычнай, героіка-эпічнай, навуковай і маральна-дыдактычнай паэзіі.

3. Міметычная практыка тагачасных паэтаў Беларусі палягала найперш на адлюстраванні канкрэтных праяў грамадска-палітычнага і прыватнага жыцця чалавека, і ў значна меншай ступені – на ўзнаўленні легендарнага мінулага, на ўвасабленні вобразаў і сюжэтаў міфалагічнага ці літаратурнага паходжання. У люстэрку польскамоўнай паэзіі эпохі Рэнесансу адбіліся такія значныя падзеі і працэсы ў жыцці беларуска-літоўскага грамадства, як Люблінская унія 1569 г., прыняцце акту Варшаўскай канфедэрацыі 1573 г., рэлігійныя сутыкненні ў Вільні паміж каталікамі і пратэстантамі ў 1581 г., Лівонская вайна 1558 - 1582 г. і падпісанне “вечнага міру” паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскім княствам у 1601 г. Пераважная большасць твораў польскамоўнай паэзіі Беларусі напісана з нейкай канкрэтнай нагоды: калі не грамадска-палітычнага, то культурнага (выхад у свет кнігі), альбо сямейна-прыватнага (нараджэнне дзіцяці, шлюб, смерць) характару. Менш прыкметнае месца ў тэматычным полі паэзіі займалі маральна-этычныя праблемы (дабрачыннасць і эгаізм, патрыятызм і здрадніцтва) і рэлігійна-філасофскія рэфлексіі (Бог, Прырода, Смерць, Душа) – зазвычай, гэтая тэматыка выяўлялася не ў асобных творах, а ў аказіянальных, “прынагодных” вершах і паэмах. Польскамоўныя паэты Беларусі XVI - пачатку XVII ст. стварылі цэлую галерэю герояў і персініфікаваных постацяў, якія адрозніваюцца паміж сабой тыпалагічна і функцыянальна і з’яўляюцца каштоўным укладам у скарбонку літаратурных вобразаў беларускай літаратуры.: набожная пані Альжбета Радзівіл, міфалагічны бажок Пратэй, даводца Крыштаф Радзівіл, здраднік Рыгор Осцік, тыран Іван Грозны, гаротная Маці-Літва, Цнота і Слава, Паненка з румянамі, дрэва-Арэшнік, няўцешны Старац, Паляк Іван і Маскаль Ігнат, дыпламат Леў Сапега і інш. Багацце гэтай галерэі пераканаўча сведчыць пра развітасць і разнастайнасць польскамоўнай паэзіі эпохі Рэнесансу.

4. Польскамоўная паэзія Беларусі эпохі Рэнесансу знаходзілася ў полі ўздзеяння дзвюх вялікіх культурных традыцыяў: антычнай і біблійна-хрысціянскай, пры чым першая з іх аказала, як ні парадаксальна, значна большы ўплыў на творчасць пераважна пратэстанцкіх па-веравызнанні аўтараў, што сведчыць пра пэўную аўтаномію эстэтычных крытэрыяў ад рэлігійных перакананняў у тагачасным мастацтве. Наследаванні антычным узорам назіраецца ў польскамоўнай паэзіі Беларусі XVI - пачатку XVII ст. на розных структурных узроўнях: ад рэплантацыі асобных выразаў і спарадычнай стылізацыі да вольнага пераказу цэлага твора і агульнай арыентацыі жанра на тую ці іншую антычную мадэль (напрыклад, арыентацыя героіка-эпічнай паэзіі на луканаўскую мадэль эпасу). Хаця найчасцей у сваіх творах польскамоўныя паэты Рэнесансу згадвалі і цытавалі Гамера і Вергілія, але ў творчай практыцы найчасцей звярталіся да спадчыны Авідзія (С. Кулакоўскі, Я. Казаковіч, Радагляд Гладкатварскі), што было звязана як з сармацкай легендай пра рымскага паэта-выгнанніка, так і з тыпалагічнай блізкасцю ягонай творчасці жанравай сістэме польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу.

5. Цеснае перапляценне рэнесансавых тэндэнцыяў з рэшткамі сярэднявечнай эстэтыкі, асаблівасцямі беларускай ды літоўскай культуры, а ў апошняй фазе развіцця – яшчэ і з барочнымі ўплывамі з’яўляецца характэрнай прыкметай польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу. З дзвюх школаў у тагачаснай польскай паэзіі – школы М. Рэя і школы Я. Каханоўскага – польскамоўнай паэзіі Беларусі XVI - пачатку XVIІ ст. больш блізкай была школа М. Рэя, якая таксама не парвала яшчэ сувязяў з сярэднявечнай літаратурай, адчувала моцны ўплыў культуры “крэсаў” і рэпрэзентавала погляды сярэдніх слаёў шляхецкага грамадства. Рэнесансавыя, гуманістычныя рысы ў творчасці польскамоўных паэтаў Беларусі праяўляліся не так выразна, як у творчасці выхаванца Падуі Я. Каханоўскага і ягоных паслядоўнікаў, хаця індывідуальны ўплыў вялікага польскага паэта адчуваецца ў творах многіх аўтараў: П. Стаенскага, Ц. Базыліка, А. Рымшы, Я. Пратасовіча.

6. Розным жанрам польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу былі ўласцівыя адметныя рысы паэтыкі, але, калі абапірацца на найбольш агульныя, наджанравыя асаблівасці вершаваных твораў XVI - пачатку XVII стст., тагачасную паэтыку будзе правільна акрэсліць як паэтыку пераканання. Паэзія не мела яшчэ аўтаноміі ў грамадстве і выконвала функцыю, блізкую функцыям гісторыяграфіі і ўрачыстага красамоўства, ствараючы хроніку грамадскага жыцця і адначасова спрабуючы ўплываць на яго. Таму паэзія абапіралася на законы і правілы рыторыкі, імкнулася выклікаць у чытачоў прыхільнае альбо негатыўнае стаўленне да нейкай падзеі, справы, асобы; таму вершаваны твор будаваўся не адно з вобразна-мастацкіх элементаў, але і з паняційна-лагічных канструкцыяў, як прамовы на сеймах, судовых працэсах, рэлігійныя дыспутах і інш. Польскамоўная паэзія Беларусі эпохі Рэнесансу развівалася не ў рэчышчы арыстоцелеўскай традыцыі, якая важнейшай лічыла эстэтычную функцыю твора, а ў рэчышчы платонаўскай, якая галоўны акцэнт рабіла на прагматыцы літаратуры.

7. У польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу выразна адбілася эвалюцыя дзяржаўнай самасвядомасці тагачасных паэтаў Вялікага Княства Літоўскага. На першым этапе, у 50-60-х гг. XVI ст., у пераважнай большасці твораў назіраюцца праявы польскай самасвядомасці альбо абыякавасць да дзяржаўнай прыналежнасці і нацыянальных адрозненняў. Першае пакаленне польскамоўных паэтаў была перасяленцамі з Польшчы, не ўкаранілася думкамі ды пачуццямі ў палітычных рэаліях Княства, а таму “перанесла” з сабой на Беларусь сваю, чужую для чытачоў Бацькаўшчыну. На другім этапе, у 70-80-х гг. XVI ст. адбываецца прыход у паэзію мясцовых аўтараў і выяўляюцца тэндэнцыі да пошукаў уласнай Бацькаўшчыны. Паэты гэтага пакалення выраслі ў цяжкія часы Лівонскай вайны, калі пад пагрозаю апынулася само існаванне Княства як самастойнай дзяржавы. Крытычная сітуацыя паўплывала на фарміраванне іхніх палітычных поглядаў і грамадскіх ідэалаў, сваёй Бацькаўшчынай яны называлі Літву, маючы на ўвазе ўсё Вялікае Княства Літоўскае, і ў гэтай літвінскасці выяўляўся і беларускі, і літоўскі, і украінскі патрыятызм. На трэцім этапе, у канцы XVI - пачатку XVIІ ст. літвінская самасвядомасць яшчэ больш замацоўваецца ў творчасці тых паэтаў, якія прыйшлі ў літаратуру ў 80-х гг. Некаторыя з іх робяць спробы пісаць па-беларуску, альбо часткова выкарыстоўваюць старабеларускую мову ў сваіх польскамоўных творах. Але паралельна з гэтым, у творчасці маладзейшых паэтаў, назіраецца рост абыякавасці да ўласнай нацыянальнай і дзяржаўнай прыналежнасці альбо пасіўнае атаясамліванне сябе з Польшчай, што станецца характэрнай адзнакай польскамоўнай паэзіі эпохі Барока. Такім чынам, ёсць усе падставы сцвярджаць, што “літвінская плынь”, якая выразна прысутнічае ў беларускай літаратуры XІХ ст. (А. Міцкевіч, Я. Чачот, У. Сыракомля, А. Ходзька і інш.) і ў польскай літаратуры ХХ ст. (Ч. Мілаш, Т. Буйніцкі, А. Рымкевіч), мела свае вытокі ў шматмоўнай паэзіі Беларусі і Літвы эпохі Рэнесансу (М. Стрыйкоўскі, Ф. Градоўскі, А. Рымша, Я. Радван, Я. Казаковіч, Г. Пельгрымоўскі).

Ацэньваючы мастацкую вартасць твораў польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу, даводзіцца канстатаваць, што большасць з іх не выйшла за межы сваёй эпохі, не сталася набыткам “вялікага часу”, адметным, словам у тым вечным, няскончаным дыялогу, якім з’яўляецца, паводле трапнага вызначэння М. Бахціна (Бахтин 1975: 526 - 528), сусветная класічная літаратура. Прысвечаныя грамадска-палітычным, рэлігійным і культурным падзеям у Вялікім Княстве Літоўскім XVI - пачатку XVII ст., альбо падставовым сітуацыям у сямейным жыцці беларуска-літоўскіх магнатаў і шляхты, гэтыя творы ўяўляюць бясспрэчную цікавасць як мастацкі дакумент эпохі, як каштоўная крыніца звестак пра жыццё нашых продкаў у эпоху Рэнесансу, але аднамернасць іхняга зместу, адсутнасць паліфаніі патэнцыяльных сэнсаў робяць іх непрыдатнымі для чытацкай і даследчыцкай інтэрпрэтацыі ва ўніверсальных, “надгістарычных” катэгорыях, для актуалізацыі ў сучаснай беларускай культуры. Разам з тым, трэба адзначыць наяўнасць у польскамоўнай паэзіі Беларусі XVI - пачатку XVII ст., цэлага шэрагу выдатных твораў, такіх як ананімная паэмы “Пратэй, або Пярэварацень”, “Апісанне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл” Ц. Базыліка, “Пра слаўную вайну і шчаслівую бітву Ягайлы з прускімі крыжакамі...” і “Пра бітву з татарамі пад Клецкам...” М. Стрыйкоўскага, “Лямант няшчаснага Рыгора Осціка” С. Лаўрэнція, “Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў князя Крыштафа Радзівіла” А. Рымшы, “Чалавечы век” С. Кулакоўскага, “Патрыёт Айчыны да сенату і дзяржавы літоўскай” і “Пасольства да вялікага князя маскоўскага” Г. Пельгрымоўскага, “Румяны” Радагляда Гладкатварскага, “Inventores rerum...” Я. Пратасовіча і інш. Гэтыя творы належаць да найлепшых здабыткаў беларускай літаратуры і істотна змяняюць нашае ўяўленне пра яе развіццё ў далёкіх стагоддзях.


Загрузка...