Адной з адметных рысаў польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу быў дыдактызм, які ў той ці іншай ступені выяўляўся ва ўсіх творах 50-80-х гг. XVI ст. Паранетычная накіраванасць назіраецца ў такіх паэмах, як “Апісанне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл”, “Пратэй, або Пярэварацень”, “Лямант няшчаснага Рыгора Осціка”, у вершаваным трактаце “Ганец Цноты да сапраўдных шляхціцаў...” Аўтары пералічаных твораў крытыкавалі негатыўныя з’явы рэчаіснасці, прапаноўвалі пазітыўную праграму зменаў, давалі ўзоры годнага жыцця і прыводзілі адмоўныя прыклады, дбалі пра індывідуальны духоўны воблік сучаснікаў і пра агульны маральны клімат у грамадстве.
Але найбольш яскравым узорам маральна-дыдактычнай паэзіі ў рэчышчы традыцыяў Гесіода, Лукрэцыя і Авідзія з’яўляецца паэма “Wiek ludzki” (1584) Станіслава Кулакоўскага (Калакоўскага), які гэтым творам распачаў сваю літаратурную кар’еру.
Творчасць С. Кулакоўскага ставіць перад даследчыкам шматмоўнай паэзіі Беларусі праблему храналагічна-класіфікацыйнага характару: дэбютаваўшы ў 80-х гг. ХVI стагоддзя, свой апошні твор паэт выдаў каля 1621 г.; пачаўшы пісаць пад уплывам рэнесансавай паэтыкі, у пазнейшых творах ён прэзентаваў барочны стыль.
Дакладна невядома дзе і калі нарадзіўся і памёр паэт, адкуль ён паходзіў: з Польшчы ці з Вялікага Княства Літоўскага (творы С. Кулакоўскага выдаваліся як у Вільні, так і ў Кракаве). Цяжка адназначна сказаць да якога веравызнання ён належаў: на думку некаторых вучоных, С. Кулакоўскі быў кальвіністам (Grabowski 1906: 356-357; Lukaszewicz 1843: 187 - 188). Такое меркаванне нібыта пацвярджаецца і тэматыкай ягоных твораў, але прысвечаны некаторыя з іх заўзятым каталікам: Юрыю Радзівілу, Аляксандру ды Яну Хадкевічам.
Польскім бібліёграфам і гісторыкам літаратуры імя паэта вядома даўно: у 1820 г. Г. Юшыньскі назваў С. Кулакоўскага “знакамітым паэтам свайго часу” і падаў назвы трох ягоных арыгінальных твораў і аднаго перакладу (Juszyński 1820: 1, 197 - 198). Менавіта выдадзены Д. Лэнчыцкім ў 1592 г. у Вільні вершаваны пераклад С. Кулакоўскага “Wybranych zdań księgi” Феагніда з Мегары выклікаў найбольшае захапленне вучонага (на жаль, гэтая кніга не дайшла да нашага часу, а працытаваных Г. Юшыньскім 10 радкоў недастаткова, каб па-сапраўднаму ацаніць майстэрства Кулакоўскага-перакладчыка). Адным з лепшых вершапісцаў свайго часу назваў С. Кулакоўскага ў 1845 г. М. Вішнеўскі, якому былі вядомыя шэсць кніг паэта (Wisznewski 1845: 7, 130-131).
У 1852 г. У. Мацяёўскі згадаў два твора С. Кулакоўскага, неадзначаныя Г. Юшыньскім, але асцярожна ўстрымаўся ад ацэнкі таленту паэта-тэолага (Maciejowski 1852: 3, 359 - 360). Напачатку ХХ ст. Т. Грабоўскі сказаў колькі слоў пра С. Кулакоўскага як пра аўтара-кальвініста, але надзвычай крытычна ацаніў мастацкія вартасці ягоных твораў: “Паэтычнае рамяство не было прызначэннем Калакоўскага, і калі б Вішнеўскі ведаў яго лепш, убачыў бы ў ім не здольнага, але нуднага і драўлянага вершапісца” (Grabowski 1906: 357).
У бібліяграфічным даведніку “Nowy Korbut” называецца шэсць арыгінальных твораў С. Кулакоўскага і адзін пераклад: бракуе толькі выдадзенага ў 1595 г. у Кракаве вершаванага трактату “Postanowinie y życie domowe” (Bibliografia 1964: 2, 381 - 382). Імя паэта зрэдчас згадваецца ў працах сучасных польскіх, літоўскіх і беларускіх даследчыкаў (Л. Шчарбацкай, А. Анушкіна, Ю. Лабынцава, І. Саверчанкі), але да сённяшняга дня ў навуковым друку не з’явілася ніводнай публікацыі пра ягоную творчасць.
Найбольшую каштоўнасць у спадчыне С. Кулакоўскага ўяўляе паэма “Wiek ludzki” – першы твор паэта, які стаўся ягоным opus vitae. Паэма выйшла ў свет без указання месца друку. Але можна меркаваць, што выдадзена яна была ў Вільні, бо тут з’явіліся і тры наступныя кнігі С. Кулакоўскага. Улічваючы той факт, што сваю апошнюю кнігу С. Кулакоўскі выдаў каля 1621 г., можна таксама сцвярджаць, што “Чалавечы век” напісаны зусім юным аўтарам, які не хаваў свайго захаплення ад нядаўна прачытаных твораў грэцкіх ды рымскіх паэтаў.
Непасрэдным штуршком да напісання твора паслужыў, магчыма, выхад у свет сачынення Цыцэрона “O powinnościach” (Вільня, 1583, 1593) у перакладзе на польскую мову С. Кашуцкага. Адзначым, што кнігі пра маральнае ўдасканаленне чалавека, пра выхаванне добрага грамадзяніна і сем’янінана мяжы XVI - XVII стст. карысталіся вялікай папулярнасцю ў чытачоў Княства. Пра гэта сведчыць выданне ў Вільні маральна-дыдактычных трактатаў Цыцэрона “O powinnościach” (віленскія выданні Я. Карцана паўтаралі лоскае з 1576 ), “O starości” (1595), “O powinnościach. O starości. O przyjaźni” (1606), сачыненне нямецкага гуманіста Юстуса Ліпсіуса “O stałości” (1599), кніг Мікалая Рэя “Wizerunek ...” (1606), “Zwierciadło...” (1606). Несумненна, С. Кулакоўскі чытаў вышэйзгаданыя сачыненні Цыцэрона яшчэ раней па-лацінску і, магчыма, быў знаёмы з кракаўскімі выданнямі 60-х гг. твораў М. Рэя.
Паэма С. Кулакоўскага “Чалавечы век” прысвечана шляхціцу-кальвіністу Яну Вадзіньскаму: на адвароце тытульнай старонкі кнігі змешчана эпіграма на герб Вадзіньскіх, а далей – празаічная прадмова-дэдыкацыя, у якой тлумачацца задума твора. Паэт з захапленнем назіраў за боскім механізмам Сусвету і за парадкам ягонага руху, які называецца часам. Часу падуладныя ўсе з’явы, рэчы і істоты, а таксама чалавек, які з’яўляецца найшляхетнейшым упрыгожаннем Сусвету. Але чалавек не заўсёды ўсведамляе сябе ў часе, не можа прымірыцца з яго хуткаплыннасцю і навучыцца адпаведна паводзіць сябе ў розныя перыяды жыцця. Вось чаму паэт вырашыў напісаць вершам простую, але карысную кнігу, у якую б “...iako we zwierciadło weyrzawszy, mogł człowiek obaczyć, co iest za condycia wieku iego, a tym snadniey obyczaie y postępki swe wszelakie według powinności chrześcijańskiey Bogu ku chwale a sobie ku uczciwemu y pożytecznemu końcowi prowadzić y kierować mogł” (Kołakowski 1584: 3 - 4).
Ужытае С. Кулакоўскім параўнанне кнігі “Чалавечы век” з люстэркам прымушае згадаць зборнік М. Рэя “Zwierciadło albo Kształt, w którym każdy stan snadnie się może swym sprawam jako we zwierciadle przypatrzyć” (Кракаў, 1567/1568), у якім быў змешчаны вялікі празаічны трактат “Żywot człowieka poczciwego”. У “Жыцці пачцівага чалавека” М. Рэй таксама апавядаў пра розныя этапы чалавечага жыцця (ад нараджэння да сярэдняга веку, сталасць, старасць), падзяліўшы твор адпаведна на тры раздзелы. Паэма С. Кулакоўскага мае крыху іншую кампазіцыю: уступ (“Wiek człowieczy”) і чатыры асноўныя раздзелы: “Dzieciństwo”, “Młodzieństwo”, “Męstwo” i “Starość”. Напрыканцы кнігі змешчаны прэфацыйны верш “Do łaskawego Czytelnika”.
Ва ўступным раздзеле С. Кулакоўскі разважае пра таямнічую сутнасць часу, пра пераменлівасць лёсу чалавека, дае вызначэнне паняцця “чалавечы век”. Абапіраючыся ў асноўным на хрысціянскую традыцыю, паэт імкнецца разгледзець пытанне з розных бакоў, ілюструе разумовыя аргументы і высновы разгорнутымі мастацкімі параўнаннямі і метафарамі , каб паказаць, напрыклад, бязлітаснасць часу ў адносінах да чалавека:
Nieinaczey iak woda, chwieiąc sye wiatrami,
Drzewka y młode krzaczki podmywa wałami,
Wyrywaiąc ie z ziemie, niesie przesz bystrości
Y wyrzuca na brzegi zbite ku uschłości.
Уласныя разважанні паэт падмацоўвае выказваннямі пра чалавечы век біблейскіх мудрацоў Іова і Давіда, згадвае жыццё грэцкага філосафа Дыягена, які, ведаючы зменлівасць лёсу, не хацеў будаваць сабе дом і знайшоў прытулак у бочцы. Нарэшце, каб вычарпаць тэму, паэт звяртаецца па дапамогу да эмблематыкі і падрабязна апісвае алегарычную выяву чалавечага веку: на скалу, што вісіць над безданню, узлез Чалавек і зрывае яблыкі з адзінокага дрэва, трымаючыся адной рукой за галіну; галіну падгрызае незаўважаная Чалавекам Мыш, а ў бездані пад скалой цярпліва чакае няшчаснага Цмок. Менавіта Мыш увасабляла сабой Час, які скарачае жыццё прагнага да раскошаў Свету Чалавека. Аўтар не пазначае, з якога эмблематычнага зборніка запазычыў ён гэты вобраз, згадвае толькі, што: “tak drudzy Mędrcy malowali” (Kołakowski 1584: 6).
Падобная форма “спасылак на крыніцу” ўжываецца С. Кулакоўскім найчасцей (“іako mędrcy piszą”, “nauki mędrcow wzięte” і г. д.), значна радзей паэт згадвае канкрэтнае імя (“Dawid Swięty mowi o nim tymi słowy”, “gdy philozopha Falesa pytano”) i толькі ў асобных выпадках называе аўтара і твор (“Іako świadczy Cycero w księgach Powinności”). Такая манера “цытавання” дазваляла аўтару мінімальна загружаць твор немастацкім матэрыялам і ратавала паэму ад ператварэння ў навуковы трактат.
Напрыканцы уступнага раздзела С. Кулакоўскі распавядае пра два магчымыя варыянты падзелу чалавечага веку на: на шэсць перыядаў і на чатыры, і кансалідуецца з тымі “мудрацамі” (зноў-такі ананімнымі), якія параўноўвалі дзяцінства з вясной, маладосць – з летам, сталасць – з восенню, старасць – з зімой. З такога падзелу вынікае наступны падзел паэмы на чатыры часткі і агульная канцэпцыя алегарычнага прыпадабнення пораў чалавечага веку да чатырох пораў года, канцэпцыя асэнсавання жыцця чалавека праз прызму цыклічнага кругазвароту ў прыродзе.
Параўнанні таго ці іншага ўзросту чалавека з адпаведнай парой года (найчасцей маладосці з вясной, а старасці – з восенню) са старажытных часоў сталіся традыцыйнымі топасамі не толькі літаратуры, але чалавечай свядомасці ўвогуле, таму няма сэнсу шукаць першакрыніцу вобразнасці, якую выкарыстаў у сваім творы С. Кулакоўскі. Задумаемся над іншым: дзеля чаго мысляры і пісьменнікі праводзілі аналогію паміж жыццём прыроды і чалавека, што хацелі растлумачыць чытачам пры дапамозе гэтай аналогіі? Як ні парадаксальна гэта гучыць, прыпадабненне чалавечага жыцця да прыроднага цыклу служыла найчасцей для апраўдання старасці і прымірэння чалавека з немінучай смерцю. “Маладосць – гэта як бы вясна жыцця, яна паказвае нам у зародышы будучыя плады, збіранне і захоўванне якіх прызначана на іншыя поры жыцця”, – пісаў у сваёй апалогіі старасці Цыцэрон (Cicero 1960: 2, 49), які падзяляў чалавечы век на тры перыяды: маладосць, сталасць і старасць. Падобнымі аргументамі пераконваў чытача М. Рэй: “Widzisz, jako czasy idą każdego roku: wiosna nastawszy, ziemię ogrzawszy, zioła i drzewa rozliczne zazieleniwszy i kwiatki rozliczne umalowawszy, lato za sobą przywodzi <...>; za latem zasię błotna jesień przychodzi, a za jesienią zaziębła a niewdzięczna zima. <...> Także i ziemia wedle czasu każdą powinność swą okazać musi: z czasem się zazielenić, z czasem zazłocić, z czasem nazbyt zagorzeć, z czasem nazbyt rozmoknąć musi, także i zmarznąć a stwardzieć jako kość musi. <...> A czemużby też ty miał być dziwniejszy, mój miły bracie, gdyż widzisz, iż niebo, ziemia, rozliczne płanety, czasy i wszytki przypadki swym porządkiem już aż do skończenia świata tak się toczyć muszą, a tybyś tylko miał narzekać na przyrodzenie swoje?” (Rej 1914: 2, 126 - 127).
С. Кулакоўскі у сваёй паэме асобны раздзел прысвяціў вясне, да якой падобна дзяцінства, і гэты раздзел стаўся лепшым у творы. Калі ва ўступнай частцы адлюстроўваны, у асноўным, сярэдневечныя хрысціянскія ўяўленні пра Сусвет, то “Дзяцінства, падобнае да Вясны” прасякнута антычнай вобразансцю, з’яўляецца радасным, жыццясцвярджальным гімнам прыродзе і чалавеку, прызнаннем дасканаласці Боскага Сусвету. Надыход вясны пачынаецца з пераменаў на небе, пад цёплымі сонечнымі промнямі зямля абуджаецца з зімовага сну:
Ociec ziemskiey natury Phebus na swey spherze
Gdy sie z wielkich Ocean świat przeglądać bierze,
W złotoognistym wozie siedząc brunatnymi
Zorzami nieba mieni światło rumianymi.
Tam poyrzawszy po niebie swoim iasnym okiem,
Przenika asz do niskich cieniow bystrym wzrokiem.
A gdy z hartkimi końmi Phaeton iak trzeba
Poskoczy ku Europie w pierwszy stopień nieba,
Tam nagość niskiey ziemie słońce obaczywszy,
Obumarłem żywiołom iey sie przypatrzywszy
Rosmieie sie wesoło pałając iasnoscią,
Ze usiebłą zagrzeie wdzięczną gorącością. <...>
Tam że ziemia uyrzawszy Pheba roskosznego
Rosmieie sie też k niemu serca ochotnego,
Y w rozmaite barwy pilno sie ubiera,
Budząc każdą żywiołę ktora z nią obmiera:
Ptastwa, zwierze, robaczki, dzrzewka, latorośli,
Ziołeczka każde planty ktore na niey rosli.
Працытаваны ўрывак – лепшае апісанне прыроды ў польскамоўнай паэзіі Беларусі XVI стагоддзя, і адно з лепшых ва ўсёй беларускай літаратуры эпохі Рэнесансу. Выканана яно не ў натуралістычным, а ў міфалагічным ключы, у рэчышчы класічнай традыцыі, распачатай Гесіодам, і мае алегарычную функцыю: паказваючы надыход Вясны ў прыродзе, паэт перадае атмасферу Нараджэння чалавека. Жыццё з’яўляецца з кахання Сонца і Зямлі, па абуджаных лясах і палях ходзіць багіня кахання Венера і аздабляе іх сваімі дарамі. Зямля традыцыйна сімвалізуе жаночы пачатак, цяжарнасць жанчыны прыпадабняецца да “цяжарнасці” Зямлі пасля вясновых буйстваў, і з апісання прыроды натуральна вынікае паведамленне пра з’яўленне на свет дзіцяці:
Abowiem iako ziemia niżli pocznie rodzić,
Zwykła z swoim ciężarem obemglawszy chodzić
Aż sie iey Rzekom wrota otworzą do Morza,
Toż się pocznie radować zbywszy swego gorza.
Tak też młode dzieciństwo nastawa z ciężkości
Y czyni niewymowne rodzicom radości.
Нарадзіўшыся з лона маткі (з лона Прыроды), чалавек трапляе ў свет Культуры. Пасля бурлівай радасці з прычыны з’яўлення дзіцяці і нядоўгага ідылічнага любавання “анёлкам” бацькі пачынаюць думаць пра тое, як выхаваць свайго нашчадка сапраўдным грамадзянінам і хрысціянінам, годным Нябеснага Царства. Сціхаюць узнёслыя паэтычныя гімны і ў цішыні чуваць манатонны голас рытора, настаўніка, які дае парады бацькам, звяртаючыся да “навук мудрацоў”: да выказванняў Сакрата, Гарацыя, Тэрэнцыя, Фалеса, Цыцэрона, да прыкладаў з твораў Авідзія і Вергілія. Заканчэнне раздзела “Дзяцінства...” і наступны раздзел “Маладосць, падобная да Лета” прысвечаны педагагічным праблемам, бо дзяцінства і маладосць Чалавека – гэта час навучання, перыяд пазнання Сусвету. У паэме няма разгорнутага апісання летняй прыроды, як не будзе далей апісанняў восені і зімы, паэт пераносіць усю ўвагу з прыроднай сферы на свет культуры, цывілізацыі, хаця аналогіі паміж вегетатыўным і духоўным жыццём яшчэ захоўваюцца:
Iako pola ozdobne kwitną w tym to czasie,
Tak też człowiek na ten czas przychodzi k swey krasie.
A iak drzewo iżeby dobry owoc dało
Potrzeba opatrować by sye nie psowało,
Tak też rostropni ludzie synow opatruią
Naukami ktore być naprzednieysze czuią...
Большасць парадаў у паэме датычыцца выхавання хлопцаў, але не забываецца аўтар і пра дзяўчат: ім адрасаваны, напрыклад, словы Петраркі пра перавагу ўнутранай, духоўнай прыгажосці над знешняй, фізічнай (відаць, з вуснаў вялікага песняра кахання гэтая хрысціянская сентэнцыя гучала асабліва пераканаўча). Прысвечаны навучанню раздзел змяшчае найбольшую колькасць літаратурных цытатаў і гістарычных прыкладаў, і ўсё ж ён не перагружаны абстрактна-разумовай лексікай ды спасылкамі на крыніцы. Калі сціхае голас рытора-настаўніка, робіцца зразумела, што лекцыя была не столькі навукай, колькі услаўленнем навукі, гімнам Пазнанню.
У наступным раздзеле – “Сталасць, падобная да Восені” – услаўляецца праца, стваральная дзейнасць чалавека, якая з’яўляецца ягоным цяжкім абавязкам, але адначасова і шчаслівым прызначэннем:
Praca tedy potrzebna człowieku każdemu,
Ktory chce przyść na świecie ku czemu dobremu:
Człowiek ku pracey stworzon, a Ptak ku lataniu,
W pracy chleba pożywać, a nie w prożnowaniu,
Bowiem prożnuiącemu nie każą ieść chleba.
Dla lenistwa człek ginie, nie wchodzi do nieba.
Паэт прысвячае па некалькі радкоў прафесіям купца, жаўнера і фурмана, падкрэслівае важнасць працы святара, які апякуецца чалавечымі душамі і вядзе іх да Бога. Але асноўная ўвага ў паэме “Чалавечы век” скіравана на працу земляроба, што тлумачыцца як агульнай канцэпцыяй твора (земляробства непарыўна звязана са зменамі пораў года), так і моцным уплывам літаратурнай традыцыі. Зноў узнікаюць паралелі з паэмай Гесіода “Праца і дні” і трактатам М. Рэя “Жыццё пачцівага чалавека”, дзе ўслаўляецца размеранае сямейнае жыццё на ўлонні вясковай Аркадыі. “Bo gdy przypadnie wiosna, azaż owo nie rozkosz z żonką, z czeladką po sadkoch, po ogrodkoch sobie chodzić, szczepków naszczepić, drobne drzewka rozsadzić/ niepotrzebne gałązki obcinać, mszyce pozbierać, krzaczki ochędożyć, okopać, trzaskowiskiem osypać? <...> Więc też sobie pójdziesz potym do ogródeczków, do wirydarzyków, grządki nadobnie każesz pokapać. <...> To sobie z oną rozkoszą nasiejesz ziółek potrzebnych, rzodkiewek, sałatek, rzeżuszek, nasadzisz maluneczków, ogóreczków”, – раіць чытачу польскі пісьменнік (Rej 1914: 1, 298 - 299). С. Кулакоўскі таксама ўслаўляе сямейную ідылію, але звяртаецца найперш да алегарычна-эмблематычнага спосабу выяўлення:
Gdy iak drzewo dostałe z roskwitłym owocem
Sliczny mąż z dziateczkami stoi radząc o czym,
A przy nim oblubienica iak z latorostami
Albo winna macica roskoszna z gronami
Stoi iako oliwne drzewko uslachcona,
Przed nią śliczne coreczki a za nimi ona.
І толькі пасля таго, як эмблематычны малюнак сямейнага шчасця ўсталёўваецца у чытацкай свядомасці, ён пачынае ажываць, насычацца канкрэтнымі дзеяннямі земляроба:
W Wiosne sie gospodarstwem pięknym zabawiaią:
Tu sieią, owdzie orzą, winnice kopaią.
Teres żyznemi zierny ziemie opatruie,
A Aurora z Tytanem wczasem ie ratuie.
Маляўнічым апісаннем веснавых, летніх, а потым і восеньскіх сельскагаспадарчых прац, паэт не толькі кампенсуе недахоп вобразнасці ў папярэдняй, дыдактычнай частцы, але і стварае кантраст з суровай атмасферай апошняга раздзела “Старасць, падобная да Зімы”. Гэты раздзел, прысвечаны старасці і набліжэнню смерці, з’яўляецца важнейшым у паэме, бо праблема смерці – найбольш сур’ёзнае выпрабаванне філасофскай і мастацкай праграмы кожнага пісьменніка (Ziomek 1995: 246).
Уславіўшы радасці дзяцінства, хараство маладосці і абавязкі сталасці, С. Кулакоўскі мусіў паказаць аблічча старасці і растлумачыць немінучасць смерці. Безумоўна, аўтар “Чалавечага веку” мог пайсці ўслед за сваімі папярэднікамі і традыцыйныя нараканні чалавека на старасць суцяшаць згадкамі пра раскошы папярэдніх этапаў жыцця. Катэгарычна сцвердзіць, як Цыцэрон: “Прыемным у старасці, як я ўжо неаднойчы казаў, ёсць тое, што мы можам згадваць ранейшыя часы і карыстацца сабранымі пладамі” (Cicero 1960: 2, 49). Альбо спытацца з дакорам, як М. Рэй: “Azażeś już nie przetrwał wiosny onej nadobnej, zazieleniałej młodości swojej? Azażeś nie przetrwał lata i jesieni, z którymi wszytki żywności przypadają, onych wesołych a wdięcznych średnich czasów swoich? A gdyś już przyszedł do zimy a do chłodniejszych czasów swoich, a czemuzbyś też nie mial już uzyć wdzięcznego pokoiku swego?..” (Rej 1914: 2, 127).
І сапраўды, спасылаючыся на сачыненне Цыцэрона “Пра абавязкі”, С. Кулакоўскі адзначае, што старасць атаясамліваецца з мудрасцю і выклікае павагу ў маладзейшых, падкрэслівае высокі грамадскі статус старасці і нагадвае пра актыўны ўдзел мудрых старцаў у палітычным жыцці старажытнага Рыма. Але ў фізіялагічным аспекце старасць бачыцца паэту адназначна непрыемнай і брыдкай, гэта цяжкі і пакутлівы перыяд жыцця, бязрадаснае існаванне на парозе смерці:
W ten czas gnusność, lenistwo człowieka sie chwyta,
Czymby swą mdłość podpomoc mogł, pilnie sie pyta.
Ano chodzić po izbie iuż zaledwie może,
Niżli na czuły Koń wsieść, miley mu na łoże.<...>
Aż nawet do dziecińskiey własności przychodzi,
Że iuż nie może chodzić, aż go kto podwodzi.
Do matki, to iest w ziemię pragnie z tego świata:
Stąd poszedł tam przychodzi, wywiodły sie lata.
У паэме “Чалавечы век” мы не знойдзем апісанняў хараства зімовай прыроды, бо зіма для паэта – непрывабная, страшная пара, якая асацыіруецца не толькі са старасцю, але і са смерцю. Смерць можна прыняць, змірыцца з ёю, але ўслаўляць яе не выпадае ні паганскаму філосафу, для якога смерць – непазбежная з’ява ў Прыродзе, ні хрысціянскаму паэту, для якога яна – трагічны вынік грэхападзення чалавека.
У паэме С. Кулакоўскага антычная ідэя цыклічнага кругазвароту і вечнага аднаўлення Прыроды на дзіва гарманічна спалучаецца з хрысціянскай ідэяй уваскрашэння мёртвых і стварэння Новага Сусвету. Цяжка знайсці ў тагачаснай паэзіі яшчэ адзін твор, дзе б так паслядоўна выяўлялася ідэя непадзельнасці Зямлі і Чалавека: не толькі пры жыцці, але і ў смерці. Бо цела нябожчыка нібыта зерне кладуць у зямлю, і яно разам з зямлёй чакае пачатку новага Года, новага Жыцця, новага Сусвету:
Y przykryła go ziemia między groby ciemne,
Duszę w Niebo posłała, ciało w cienie ziemne
Iako ziarno ubogie aby tam leżało,
A gdy nowy Rok przyydzie aby zaś powstało:
Gdy sye Niebieska światłość ukaże z obłokow
A pałaiących ziemię napełni rostokow,
Gdy Niebieskie żywioły zaczną nowe biegi,
A ziemię ochędożą zebrawszy z niey śniegi.
Y ukażą nowy śwat: obumarłe z ziemię
Wypuszczą ciałka śliczne, cne człowiecze plemię
Przed obliczność wielkiego Bostwa nad bostwami
Aby iuż tam stanęli z swemi owocami.
У С. Кулакоўскага няма характэрнага для многіх хрысціянскіх аўтараў катэгарычнага супрацьпастаўлення: “грэшная зямля – душа чалавека”. Калі душа асобнага чалавека трапляе на Неба – гэта яшчэ не канец гісторыі, ён адбудзецца тады, калі Бог уваскрасіць памерлых і разам з людзьмі адновіцца і ўваскрэсне ўся Прырода. Так вырашае С. Кулакоўскі праблему смерці: у рэчышчы хрысціянскай тэалогіі, але абапіраючыся на антычную традыцыю.
Узнікшая пад уплывам твораў Цыцэрона і М. Рэя, паэма “Чалавечы век” у сваю чаргу аказала ўплыў на творчасць сучаснікаў і наступнікаў С. Кулакоўскага. Перш за ўсё згадваецца вершаваны трактат Яна Пратасовіча “Konterfet człowieka starego...” (Вільня, 1597), у якім разглядаюцца заганы і перавагі старасці, ды іншыя маральна-дыдактычныя творы гэтага паэта: “Kształt poczciwey Białogłowy” (Вільня, 1597), “Jałmużnik” (Вільня, 1597). На думку У. Мацяёўскага, у XVIII ст. паэма С. Кулакоўскага сталася ўзорам для наследавання Эльжбеце Дружбацкай, аўтарцы “Opisania czterech części roku” (Maciejowski 1852: 3, 359). У літоўскай літаратуры традыцыя “Чалавечага веку” працягваецца знакамітай паэмай К. Данелайціса “Чатыры пары года”, а ў беларускай – паэмамі Янкі Купалы “Адвечная песня” і “Яна і я” (гаворка ідзе пра тыпалагічнае падабенства твораў, а не пра факт канкрэтнага наследавання).
Высокі мастацкі ўзровень “Чалавечага веку” сведчыў пра вялікія патэнцыяльныя магчымасці маладога аўтара, прадвяшчаў яму хуткі ўзлёт да зорак першай велічыні, такіх як Мікалай Рэй ды Ян Каханоўскі. Але, на жаль, гэтага не адбылося: у сваіх зацікаўленнях С. Кулакоўскі рухаўся ад літаратуры да тэалогіі, ад творчай інспірацыі антычнай культарай да эпігонскай залежнасці ад біблейскіх тэкстаў. Паэзія з мэты рабілася сродкам, нізводзілася да вершаскладання, ператваралася ў “сціплую служку” тэалогіі.
Наступнае сачыненне С. Кулакоўскага – “Wóz niebieski albo Elegie o trzech cnotach teologicznych i czterech kardynalnych” (Вільня, 1586) – да нас не дайшло, але назва твора красамоўна сведчыць пра ягоны змест. Тэалагічным праблемам прысвечана большасць пазнейшых твораў пісьменніка: “О prawdziwey szczęśliwości y błagosławieństwie” (Вільня, 1593), “Postanowienie y życie domowe” (Кракаў, 1595), “Zegar Achasów” (Кракаў, 1612). Напрыклад, у апошнім з названых твораў намаганні паэта скіраваны выключна на тое, каб даказаць, што дванаццаць гадзін дня азначаюць дванаццаць пастулатаў веры.
Значна большую цікавасць выклікае паэма С. Кулакоўскага “Cathemerinon Księstwa Słuckiego z żałobliwym lamentem na pośpieszną smierć sławnej pamięci książąt słuckich: Jerzego, Jana Siemiona y Aleksandra, ostatnich dziedzicow” (Вільня, 1593) – самы грандыёзны па задуме фунеральны твор у шматмоўнай паэзіі Вялікага Княства Літоўскага XVI cт. Мэтаю аўтара было не толькі ўшанаванне памяці трох заўчасна памерлых братоў, але і аплакванне канчатковага выгасання ўсяго старадаўняга роду Алелькавічаў, а таксама – апраўданне пераходу спадчыны князёў слуцкіх да роду Хадкевічаў.
Паэт звярнуўся да драматызаванай формы, увёў у твор алегарычныя постаці Слуцкага Княства, Божай Моцы, Зефіра і інш; толькі напачатку ды напрыканцы твора прамаўляе ён ад свайго ўласнага імя. У першай частцы паэмы распавядаецца слаўная гісторыя роду Алелькавічаў ад князя Альгерда і да смерці братоў Юрыя, Яна Сімяона і Аляксандра, у другой частцы суцяшаюцца блізкія памерлых з выкарыстаннем традыцыйных топасаў хрысціянскай ars bene moriendi (навукі добрага памірання):
Nad wszystkie, ktore może świat mieć szcześliwości,
Nad wszytki zyski nasze, ozdoby, śliczności.
Nie mamy nic w tym wieku naszym nalepszego,
Jako brzegu dostąpić żeglarstwa naszego.
У фунеральнай паэме “Катамерынон Слуцкага Княства...” прысутнічаюць эпічныя элементы (радавод Алелькавічаў у кантэксце гісторыі Вялікага Княства Літоўскага). У апошнім з вядомых нам твораў С. Кулакоўскага – вершаваным трактаце “Wieża Dawidowa ze wszelaka Armatura, ku przyzbroieniu boiownikowi Chrzesciańskiemu” (Б. м. і г.) – таксама адчуваецца ўплыў гераічнай эпікі. На пачатку вайны Рэчы Паспалітае з Асманскай імперыяй аўтар імкнецца натхніць хрысціянскае воінства на барацьбу з паганымі, узняць воінскі дух шляхты прыкладамі з Бібліі: “Iż wojowaniem iest ludzkie życie na ziemi, iako nam Pismo święte pokazuje, y abyśmy mocnymi byli na takiey woynie roskazuje” (Kołakowski, Wieża: 6). Паэт рыхтуе для жаўнераў гетмана Яна Хадкевіча духоўную зброю і амуніцыю, разглядае ў гістарычным і алегарычным плане прызначэнне мяча, тарчы, кап’я, панцыра, шаблі, лука, стрэльбы, намёта, трубы, харугвы. На пачатку кнігі змешчана прадмова аўтара да Я. Хадкевіча. Ведаючы, што гетман Вялікага Княства Літоўскага Ян Кароль Хадкевіч памёр у 1621 г., можна сцвярджаць, што ”Вежа Давідава” выдадзена не пазней 1621-га года. Магчыма, надрукавана яна не ў Кракаве, а ў Вільні, дзе на працягу 1621-1622 гг. з’явіўся цэлы шэраг выданняў, прысвечаных Я. Хадкевічу (напрыклад, паэтычны збонік Мацея Сарбеўскага “Sacra Lihothesis”).
Познія творы С. Кулакоўскага выразна адрозніваюцца ад юнацкай паэмы “Чалавечы век” сваёй эмблематычнасцю, ускладнёнасцю формы і алегарычнасцю зместу – характэрнымі прыкметамі барочнага стылю. Храналагічна яны выходзяць за рамкі нашага даследавання рэнесансавай паэзіі Беларусі, але ўяўляюць бясспрэчную цікавасць для даследчыка літаратуры эпохі Барока.