Знаёмства з лоскімі і віленскімі старадрукамі 70-80-х гг. XVI ст. прыводзіць да высновы, што ў колькасных адносінах польскамоўная паэзія Беларусі гэтага перыяду не вылучалася асаблівым багаццем: нам вядомы імёны пяці аўтараў, чатыры асобна выдадзеныя паэмы і каля трох дзесяткаў вершаў у розных іншых выданнях. На першы погляд, не вылучалася разнастайнасцю і жанравая палітра: як і ў папярэдні перыяд найчасцей сустракаюцца эпіграмы на гербы, прэфацыйныя і дэдыкацыйныя вершы, з’яўляюцца першыя прыклады маральна-філасофскай, рэлігійна-палемічнай і героіка-эпічнай паэзіі, затое адсутнічаюць палітычная, рэлігійна-метафізічныя і фунеральныя творы.
Каб адэкватна ацаніць дасягненні польскамоўнай паэзіі 70 - 80-х гг. трэба, аднак, улічыць наступныя моманты. Па-першае, у лоскіх і віленскіх выданнях багацейшая творчасць М. Стрыйкоўскага прадстаўлена толькі адным вершам: “На тыя ж Лелівы” ў кнізе А. Фрыча-Маджэўскага “Пра выпраўленне дзяржавы” (Лоск, 1577). Нават, калі дапусціць у якасці гіпотэзы, што пяру М. Стрыйкоўскага належыць верш “Заклік да людзей рыцарскіх шукаць славу” з кнігі А. Рымшы “Дзесяцігадовая аповесць... ” (Вільня, 1585), і што ў Лоску надрукаваны верш “На герб В. Княства Літоўскага Пагоня і князёў Слуцкіх...”, (каля 1576) і паэтычная хроніка “Люстра літоўскай хронікі...”(1577), усё роўна даводзіцца канстатаваць, што асноўная частка спадчыны пісьменніка альбо засталася ў рукапісах, альбо выдадзена па-за межамі Княства. З улікам твораў М. Стрыйкоўскага польскамоўная паэзія Беларусі 70-80-х гг. выглядае зусім інакш і ў колькасных, і ў жанравых адносінах (у спадчыне пісьменніка мы знаходзім узоры палітычнай, гістарычнай, героіка-эпічнай, геральдычнай, фунеральнай, прэфацыйнай і дэдыкацыйнай паэзіі). Па-другое, дасягненні польскамоўнай паэзіі гэтага перыяду заключаюцца не ў колькасці выдадзеных твораў, засвоеных жанраў і ўзыйшоўшых на Парнас аўтараў, а ў адметным адлюстраванні важнейшых падзеяў тагачаснага жыцця, у ідэйна-мастацкай значнасці такіх паэм, як “Чалавечы век”, “Лямант няшчаснага Рыгора Осціка”, “Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў князя Крыштафа Радзівіла”, у станаўленні творчай індывідуальнасці такіх паэтаў, як М. Стрыйкоўскі і А. Рымша.
Яскравым узорам маральна-дыдактычнай паэзіі з’яўляецца паэма “Чалавечы век” (1584) Станіслава Кулакоўскага, якая нарадзілася на скрыжаванні юнацкай захопленасці аўтара антычнай літаратурай і ўласцівай яму глыбокай рэлігійнасці. Хрысціянская топіка гарманічна спалучаецца ў гэтым творы з міфалагічнай вобразнасцю, дыдактыка суседнічае з высокай паэзіяй. Звяртае на сябе ўвагу адсутнасць у паэме С. Кулакоўскага палітычных алюзій і замалёвак з штодзённага жыцця, характэрных для тагачаснай маральна-дыдактычнай літаратуры. Але адсутнасць мясцовага каларыту і аўтабіяграфічных момантаў спрыяла універсальнасці гучання паэмы, касмаганічная і антрапалагічная тэматыка не здрабнялася палітычнымі актуаліямі публіцыстычнага характару. Высокі мастацкі ўзровень “Чалавечага веку” сведчыў пра вялікія патэнцыяльныя магчымасці маладога аўтара, але, на жаль, у пазнейшых творах рэлігійны мараліст перамог у С. Кулакоўскім паэта-філосафа.
Важнейшай, магістральнай тэмай паэзіі Беларусі 70 - 80-х гг. сталася тэма Лівонскай вайны і, шырэй, тэма гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Каб падкрэсліць сваю незалежнасць ад тагачаснай літаратурнай моды, ананімны аўтар рэлігійна-палемічнай паэмы “Апалагетык, гэта ёсць Абарона канфедэрацыі...” (Вільня, 1582) вымушаны быў спецыяльна папярэджваць чытача:
Nie wojnę wam moskiewską ni zamkow pobranie
Opisuje me pioro, nie ziem spustoszenie.
Macie o tym pisarzow bardzo dosyć wiele,
Co o tych rzeczach mądrze pisali i śmiele,
I nie wadzi ich czytać, gdy piorem rysują,
Prawdy pamięć wieczystą drugim zostawują.
Гэтыя радкі пісаліся яшчэ да таго, як у Вільні пабачылі свет паэмы А. Рымшы і Я. Радвана, а ў Кракаве паэмы Г. Пельгрымоўскага і Я. Каханоўскага. Напэўна, аўтар “Апалагетыка...” меў на ўвазе паэму Ф. Градоўскага і нейкія іншыя, невядомыя нам сёння героіка-эпічныя творы. Характэрна, што і ў “Апалагетыку...” насуперак дэкларацыям аўтара згадваюцца некаторыя эпізоды Лівонскай вайны, хаця асноўнаю тэмаю паэмы з’яўляецца іншая “вайна”: сутычкі паміж каталікамі і пратэстантамі на вуліцах Вільні ў жніўні 1581 г. і, шырэй, глабальная небяспека рэлігійных войнаў у Рэчы Паспалітай.
Аднаму з эпізодаў Лівонскай вайны прысвечана і паэма С. Лаўрэнція “Лямант няшчаснага Рыгора Осціка”, але не пераможным бітвам і паходам, а гісторыі здрады радавітага беларускага шляхціца на карысць Масковіі. Гэта не героіка-эпічны, а ліраэпічны па сваёй прыродзе твор, маральна-філасофская паэма на біяграфічнай аснове і з палітычным падтэкстам. С. Лаўрэнці прасочвае ў паэме заблытаны шлях чалавека, усё жыццё якога ўяўляла бесперапынны ланцуг здрад. Пачаўшы са здрады свайму сумленню, ён паступова, крок за крокам здрадзіў yciм i ўсяму, што робіць чалавека чалавекам i ратуе ад поўнай маральнай дэградацыі: сябрам, блізкім, шматвяковай славе продкаў, закону i ўрэшце – Айчыне. У вобразе Рыгора Осціка адлюстраваны агульны крызіс рэнесансавага індывідуалізму, паказана да чаго прыводзіць неабмежаваная свабода і ўседазволенасць, пагарда да грамадскіх абавязкаў і занядбанне традыцый продкаў.
На прыкладах “Апалагетыка...” і “Ляманту...” відаць, што ўсе значныя творы польскамоўнай паэзіі Беларусі 80-х гг. XVI ст. незалежна ад жанру так ці інакш звязаны з падзеямі Лівонскай вайны, якая доўжылася з 1558-га па 1581-ы год і пакінула глыбокі след у свядомасці сучаснікаў. Але напасрэдна ваеннай тэматыцы прысвечаны героіка-эпічныя творы М. Стрыйкоўскага і А. Рымшы, а таксама ананімны панегірычны верш “Слава...” са зборніка “Радзівіліяда” (1588).
Напісаўшы яшчэ ў другой палове 60-х гг. паэму “Пра паражэнне 30 000 Масквы на чале з князем Пятром Шуйскім над ракой Улай у 1564 годзе”, М. Стрыйкоўскі, па-сутнасці, першы сярод паэтаў Княства звярнуўся да тэмы барацьбы беларускага і літоўскага народаў супраць маскоўскай агрэсіі, да паказу воінскіх подзвігаў літвінскіх Гектараў і Ахілаў. Падрабязна спыняецца М. Стрыйкоўскі на часах панавання Жыгімонта Аўгуста ў сёмым раздзеле свайго вершаванага сачынення “Ганец Цноты да сапраўдных шляхціцаў” (1574), выказваючы незадавальненне ходам ваенных дзеянняў і занепакоенасць лёсам дзяржавы. Але Лівонская вайна былі для М. Стрыйкоўскага толькі адным з фрагментаў багатай гісторыі краін Усходняй Еўропы. Марай паэта-гісторыка было стварэнне першай у свеце вершаванай хронікі Вялікага Княства Літоўскага. Важкімі крокамі на шляху да здзяйснення гэтай задумы сталіся такія творы, як “Ганец Цноты...”, “На герб В. Княства Літоўскага і князёў Слуцкіх Пагоня...”, “Люстра літоўскай хронікі...”, “Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія і грамадзянскія справы слаўнага народу літоўскага, жамойцкага і рускага...” І хаця канчатковы варыянт opus vitae пісьменніка пад назвай “Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі” (Кралевец, 1582) напісаны пераважна прозай, але ў паэтычных партыях М. Стрыйкоўскі выявіў сябе як адзін з лепшых тагачасных паэтаў-эпікаў, уславіўшы подзвігі Вітаўта і Ягайлы, Астрожскага і Радзівіла, пакінуўшы маляўнічыя апісанні бітваў пад Грунвальдам і Оршай. Для творчасці М. Стрыйкоўскага было характэрна арыгінальнае спалучэнне традыцыяў антычнага эпасу з традыцыямі беларуска-літоўскага летапісання, сімбіёз дакладнага гістарычнага апавядання з яскравым паэтычным апісаннем падзеяў.
У рэчышчы, пракладзеным М. Стрыйкоўскім, крочыў А. Рымша, ствараючы “Дзесяцігадовую аповесць ваенных спраў князя Крыштафа Радзівіла”. Паэма была задумана як хроніка подзвігаў і дзеянняў Крыштафа Радзівіла Перунана з 1571 па 1581 г., але ў асноўным паэт прасочвае шлях радзівілаўскіх харугваў па тылах рускіх войскаў восенню 1581 г. “Дзесяцігадовая аповесць... " вылучаецца сярод іншых эпічных твораў, прысвечаных легендарнаму радзівілаўскаму паходу, найперш рэалістычнасцю, а нават натуралістычнасцю адлюстравання ваенных дзеянняў, увагай да суровага, будзённага жыцця жаунераў, пераўзыходзіць творы Ф. Градоўскага, Г. Пельгрымоўскага і Я. Каханоўскага па дакладнасці і маляўнічасці апісанняў. Адметнай рысай “жаўнерскай паэмы” А. Рымшы з’яўляецца высокі для таго часу ўзровень гістарызму, які вынікаў з арыентацыі паэта на праўдзівасць, як на важнейшы прынцып адлюстравання рэчаіснасці.
На фоне героіка-эпічнай паэмы “Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў князя Крыштафа Радзівіла”, багатай на канкрэтныя дэталі і маляўнічыя сцэнкі, размытым, абстрагаваным ад рэчаіснасці выглядае ананімны панегірычны верш “Слава на шчаслівую перамогу князя Мікалая Радзівіла... над дваццаццю чатырма тысячамі Масквы пад Кессю дня 21 кастрычніка 1578 года ... за справай паручніка свайго Андрэя Сапегі” са зборніка “Радзівіліяда”. Уся непасрэдная інфармацыя пра бітву пад Кессю змешчана ў загалоўку, з самога твора, даволі вялікага па аб’ёму, мы нічога канкрэтнага пра гэтую падзею не даведваемся. Верш напісаны ад імя Славы, якая абяцае герою-адрасату за здзейсненыя ім подзвігі бессмяротнасць у памяці нашчадкаў. Аўтар, а быў ім, хутчэй за ўсё, малады Я. Казаковіч (у “Радзівіліядзе” змешчаны тры ягоныя вершы-прысвячэнні ў гонар Юрыя, Януша і Крыштафа Радзівілаў), запоўніў твор шматлікімі рытарычнымі фігурамі і антычнымі алюзіямі, якія не маглі, аднак, кампенсаваць адсутнасць апісанняў самой бітвы.
Трэба адзначыць, што ва ўсіх творах, прысвечаных Лівонскай вайне, прысутнічае выразны палітычны падтэкст, звязаны з успрыманнем вайны паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай, як сутыкнення “... адной з самых жорсткіх і спусташальных тыраній у гісторыі” (Лихачев 1973: 162) з “... дэмакратызмам і верацярпімасцю шляхецкай рэспублікі, парадкі якой праслаўляліся гуманістамі Захаду на чале з Эразмам Ратэрдамскім” (Липатов 1982: 71).
У паэме А. Рымшы “Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў князя Крыштафа Радзівіла” паны-рада Вялікага Княства Літоўскага ў адказ на пагрозы Івана ІV з гонарам заяўляюць царскаму ганцу:
“I niech to wie Hospodar wasz Wielki Moskiewski,
Że niewoli nie przywykł nigdy lud litewski.
Wolność święta, ta u nas jest na wielkiej pieczy,
Niewolą zamiatamy, boby to nie k rzeczy
Groźby się bać – ano gdzieś przed niewodem ryby –
Bośmy są slachcicami wolnymi bez chyby,
Ktorzy jarzma cudzego na sobie nie nosim,
Wojny nie potrzebujem, pokoju nie prosim”.
Перамога над Маскоўскім княствам узмацніла дзяржаўны патрыятызм беларуска-літоўскага грамадства; другой прычынай, якая спрыяла ажыўленню незалежніцкіх настрояў ў асяроддзі магнатаў і шляхты, была незадаволенасць вынікамі Люблінскай уніі. Польскамоўная паэзія 70 - 80-х гг. выдатна адлюстравала змены, якія адбыліся ў палітычнай свядомасці беларуска-літоўскай шляхты ў параўнанні з 60 - 70-мі гадамі. У адрозненні ад паэтычных твораў з берасцейскіх і нясвіжскіх старадрукаў, у паэмах і ў многіх вершах з лоскіх і віленскіх выданняў выразна відаць, што падзеі, якія апісваюцца, адбываюцца ў Княстве, і што тут гэтыя вершы і паэмы напісаныя.
С. Лаўрэнці неаднаразова падкрэслівае, што дзеянне “Ляманту няшчаснага Рыгора Осціка” адбываюцца “tu, w Litwie”, “tu, w Wielkim Księstwie Litewskim”, што Літву збіраўся прадаць маскоўскаму князю Івану ІV здраднік Рыгор Осцік. У той жа час паэт піша пра верную службу брата Рыгора, мсціслаўскага ваяводы Юрыя Осціка “Matce swojej miłej, RzeczyPospolitej”. Бацькаўшчына для паэта – гэта Літва (Вялікае Княства Літоўскае), але ён не забываецца, што ўваходзіць яна ў склад Рэчы Паспалітай. Перад смерцю Рыгор Осцік звяртаецца з прамовай спачатку да Літвы: “A ty, o mężna Litwo, ktoraś wszędzie sławna, / Ktora w zacności swojej kwitniesz sławnie z dawna” (Laurenci 1972:116), а потым да Рэчы Паспалітай: “A ty uczciwa matko, Pospolita Rzeczy (Laurenci 1972:116). Характэрна, што Польшча ў “Ляманце...” ўвогуле не згадваецца.
Аўтар паэмы “Апалагетык, гэта ёсць Абарона канфедэрацыі...” не адносіўся да заўзятых патрыётаў Літвы, але старанна захоўваў палітычную субардынацыю. Свой твор ён адрасуе “Do Ich Miłości panow rad i wszytkiego koła rycerskiego tak Korony Polskiej, jako i Wielkiego X. Litewskiego i do każdego z osobna czytelnika krześcijańskiego...”, а на старонках паэмы звяртаецца да чытачоў наступным чынам: “Patrzcież, Polacy z Litwą...”, “Czujcież sie, o Polacy, czuj sie też i Litwa...” (Apologeticus 1932: 8; 9). Паэт усведамляе, што існуюць дзве дзяржавы: Карона Польская і Вялікае Княства Літоўскае, і два народы: Палякі і Літва; ён не падмяняе паняцця “Рэч Паспалітая” паняццем “Польшча”. У сярэдзіне паэмы, аўтар, праўда, не заўсёды згадвае Літву ўслед за Польшчай, але пераважна ў такіх выпадках ён мае на ўвазе менавіта Карону Польскую. Толькі аднойчы ўжывае паэт найменне “сарматы” у дачыненні да палякаў і літвінаў (Apologeticus 1932: 24). Некалькі разоў ён канкрэтызуе ўласнае месцазнаходжанне і месца дзеяння паэмы: “tu, w Wilnie” (Apologeticus 1932: 49; 56).
Падобныя палітычна-геаграфічныя ўяўленні меў і М. Стрыйкоўскі, які адначасова быў патрыётам і Польшчы, і Літвы. Калі б даследчыкі не ведалі дакладна, дзе нарадзіўся паэт, то на падставе зместу ягоных твораў адназначна запісалі б яго да карэнных ураджэнцаў Княства. Сапраўды, цяжка паверыць, што паляк мог прысвяціць ажно два вершы гербу Вялікага Княства Літоўскага і так высока ўзносіць Пагоню:
Litwa sławna masz za swe, a snadź nad wszitkimi
Państwy, herb swój wyniosłaś dzielnościami cnymi <...>
Pogonią go przezwano, nie ucieka, goni.
Mężnie ojczyzny miłej od złych sąsiad broni.
Паляк па-паходжанні, М. Стрыйкоўскі ўхваляў заключэнне Люблінскай уніі (“Ганец Цноты...”) і ганарыўся палітычным ладам Польшчы (“Пра вольнасць Кароны Польскай...”). Але Вялікае Княства Літоўскае ён уважаў сваёй другой радзімай і імкнуўся да аб’ектыўнасці ў апісанні супярэчлівых узаемаадносінаў палякаў і літвінаў на працягу стагоддзяў. Напрыклад, згадваючы заслугі князя Кейстута ў войнах з крыжакамі, М. Стрыйкоўскі адзначаў таксама, што той “Lachów, Mazurów płoszał, a za się kryć tuta” (Stryjkowski 1846: ІІ: 534), а апісваючы няўдалую каранацыю Вітаўта на падставе польскіх крыніц, каментаваў гэтую падзею з пазіцыяў Літвы (Wojtkowiak 1990: 216-217). “У сваіх заўвагах ён прэзентуецца хутчэй як перасяленец, што ў значнай ступені – калі не цалкам – асіміляваўся з культурным асяроддзем, у якое трапіў” (Wojtkowiak 1990: 217 -218). Можна меркаваць, што польская шляхта была не задаволеная зместам “Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі”, пра што сведчаць і з’едлівыя чытацкія заўвагі на старонках аднаго з экзэмпляраў кнігі (Sajkowski 1969: 249 -251).
Варта адзначыць, што М. Стрыйкоўскі ў сваіх творах ужываў не толькі распаўсюджаныя ў той час назвы “Літва”, “Жамойць”, “Русь”, “Вялікае Княства Літоўскае”, “Рэч Паспалітая”, “Сарматыя”, але і даволі рэдкую – “Белая Русь”. Праўда, “Белай Руссю” пісьменнік называў найчасцей Русь Маскоўскую і толькі ў асобных выпадках, і вельмі неакрэслена – тэрыторыю сучаснай Беларусі (Улащик 1985: 85).
Самым патрыятычным творам польскамоўнай паэзіі Беларусі 70 - 80-х гг. з’яўляецца “Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў князя Крыштафа Радзівіла” А. Рымшы. У прадмове аўтар выказвае надзею, што ягоную паэму “... ludzie rycerscy w Polszcze, w Litwie i indziej, gdzie język sławny słowieński swoim torem (acz niektorych słow z odmienianiem według rożności narodow) idzie, ochotnie czytać będą” (Rymsza 1972: 141), прызначае яе “ku pochwale Wielkiego Księstwa Litewskiego i Rzeczy pospolitej”. Далей Польшча і Рэч Паспалітая згадваюцца ў “Дзесяцігадовай аповесці...” ўсяго некалькі разоў, затое назва “Літва” ў розных значэннях – краіна, дзяржава, народ – сустракаецца ледзь не на кожнай старонцы твора: князь маскоўскі “...posłał gońca do Litwy żądając ugody”, Крыштаф Радзівіл імкнуўся да таго, каб “...moskiewskiego ludu w Litwie nie postał krok...”, жыхары знішчаных рускіх вёсак папракаюць Івана Жахлівага, што той “... był choteł wsiu Litwu wziat niesprawiedliwie...”, пасля дваццацігадовай вайны “... nastał pokoj w Litwie”, людзі дзякуюць Богу “iż Litwa z łaski jego ma spokojne lato” і г.д. А. Рымша не абыходзіць увагай факт незадаволенасці польскіх жаўнераў тым, што даводцам над імі быў пастаўлены польны гетман літоўскі (“Dziw to był u Polaków, Litwin im hetmani”), і ганарыцца Крыштафам Радзівілам, які мужнымі справамі давёў сваё права на булаву і перамяніў насцярожанасць ганарлівых палякаў у поўную адданасць. Апафеозам літвінскага патрыятызму паэта з’яўляюцца радкі ў адрас віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла, бацькі героя паэмы:
Niechajże Pan Bog ciebie długo chowa zdrowym
K podporze wszystkiej Litwie z tym owocem twoim.
A poki Litwa Litwą, imię twe niech słynie,
Świat ominie, cna sława twych synow nie zginie.
Палітычныя перакананні А. Рымшы былі блізкія і ягонаму прыяцелю, Я. Казаковічу. У вершы “Слава ў гонар шчаслівай перамогі князя Мікалая Радзівіла...” аўтар не забывае падкрэсліць, што дзеянне адбываецца “tu w Litwie”, а персініфікаваная Слава абяцае герою ўдзячнасць за ягоныя подзвігі “...z strony pana twego Y od polskiej korony, y z Xięstwa wielkiego”.
Нацыянальная і дзяржаўная самасвядомасць А. Рымшы і Я. Казаковіча выяўлялася таксама і ў тым, што, падпісваючы свае творы, яны абодва дадавалі да імя і прозвішча палітонім “Літвін” (“Andrzej Rymsza Litwin”, “A. R. L”, “Jan Kozak Litwin”, “Joannis Cosacouicij Lit.”, “Jan Kozakowicz Litwin”). Раней з паэтаў Княства прыдомак “Літвін” дадаваў да свайго подпісу толькі Вацлаў (Іван) Агрыпа, аўтар лацінамоўнага панегірыка ў гонар Яна Радзівіла “Oratio funebris de illustrissimi principis et domini Johannis Radzivili...” (Б. м. г., 1553), у 90-х гг. XVI cт. самаакрэсленне “Літвін” стаў ужываць і Я. Радван, які карыстаўся таксама прыдомкам “Віленчук”.
А. Рымша, Я. Казаковіч, В. Агрыпа, Я. Радван – усе гэтыя паэты належалі да пратэстанцкага веравызнання (кальвіністы і лютэране), былі цесна звязаны з дваром Радзівілаў біржайскай лініі: віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла Рудага і ягонага сына, польнага гетмана літоўскага Крыштафа Радзівіла Перуна. Пасля смерці Мікалая Радзівіла Чорнага і пераходу ў каталіцызм ягоных сыноў менавіта біржайскія Радзівілы робяцца галоўнымі ініцыятарамі незалежніцкіх настрояў у Княстве, вакол іх гуртуюцца мясцовыя паэты, якія з гонарам называюць сябе “літвінамі”, а свае творы прысвячаюць, у асноўным, падзеям Лівонскай вайны. Усе яны выраслі і сфарміраваліся як творцы ў трагічныя для краіны часы, калі пад пагрозаю апынулася само існаванне Княства як самастойнай дзяржавы. Крытычная сітуацыя ўзмацніла іхняе пачуццё дзяржаўнага патрыятызму, паўплывала на фарміраванне палітычных поглядаў і грамадскіх ідэалаў. Незалежна ад свайго этнічнага паходжання, ад таго, на якой мове – польскай, лацінскай, беларускай – яны пісалі свае творы, гэтыя паэты называюць сваёй Бацькаўшчынай Літву, маючы на ўвазе ўсё Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае. Менавіта Літву, а не Польшчу, не Рэч Паспалітую, не міфічную Сарматыю, і ў гэтай ліцвінскасці выяўляў сябе ў XVI ст. і літоўскі, і беларускі патрыятызм.