Раздзел І НА ХВАЛІ РЭФАРМАЦЫЙНАГА РУХУ: ПОЛЬСКАМОЎНАЯ ПАЭЗІЯ Ў БЕРАСЦЕЙСКІХ І НЯСВІЖСКІХ ВЫДАННЯХ 50 – 60-Х ГГ. XVI СТ.


Першыя польскамоўныя паэтычныя творы з’явіліся ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі ў сярэдзіне XVI ст.: значна пазней, чым беларускамоўныя вершы Ф. Скарыны) і лацінамоўныя (вершы і паэмы Я .Вісліцкага і М. Гусоўскага). Польскамоўная паэзія ўзнікла ў беларускай культуры на хвалі Рэфармацыі ў другой фазе Рэнесансу. Рэфармацыйны рух выклікаў да жыцця масавае кнігадрукаванне на тэрыторыі Беларусі і Літвы і прычыніўся тым самым да развіцця паэзіі, якая заняла належнае месца ў кніжнай прадукцыі берасцейскіх, нясвіжскіх, лоскіх і віленскіх друкарняў. Нярэдка пратэстанцкія дзеячы непасрэдна выкарыстоўвалі вершаваную форму дзеля папулярызацыі новых рэлігійных ідэй у грамадстве.

На жаль, насуперак патрыятычным спробам С. Буднага і В. Цяпінскага выдаваць пратэстанцкія кнігі па-беларуску, мовай Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім стала польская мова. Часткова прычыніліся да гэтага браты Мікалай Радзівіл Чорны (1515 – 1565) і Мікалай Радзівіл Руды (1512 – 1584), правадыры кальвінізму – найбольш магутнай у Польшчы, Беларусі і Літве пратэстанцкай плыні. Шчырыя ліцвіны ў палітыцы, прыхільнікі дзяржаўнай незалежнасці і самастойнасці Княства, абодва Мікалаі па-польску размаўлялі і пісалі (хаця ведалі і беларускую мову), былі пабраныя з полькамі і пачуваліся ў пэўнай ступені носьбітамі польскай культуры.

Акрамя суб’ектыўных прычын былі і аб’ектыўныя: кальвінскія ідэі даходзілі да Літвы праз Малапольшчу і Падляшша, пратэстанцкія дзеячы суседніх рэгіёнаў трымаліся разам, выступаючы агульным фронтам супраць каталіцкага касцёла. Нейкі час кальвінскія зборы ў Кароне і Княстве мелі агульную арганізацыю, беларускія і літоўскія пратэстанты высылалі сваіх прадстаўнікоў на генеральны сінод у Польшчу (Kosman 1973: 54). Зразумела, што братам па веры для паразумення патрэбна была нейкая агульная мова, а паколькі польскіх братоў было больш і да праўдзівай веры яны далучыліся крыху раней – менавіта польская мова “выбіраецца на ўсходзе Еўропы пратэстантамі розных краін у якасці міжнароднай, і таму не варта здзіўляцца, што ў друкарнях Бярэсця, Нясвіжа, Лоска і іншых кнігі друкавалі амаль выключна на польскай мове” (Лабынцаў 1990: 166 - 167).

У 1553 г. берасцейскі стараста, віленскі ваявода, канцлер вялікі літоўскі Мікалай Радзівіл Чорны парваў з каталіцкім касцёлам і арганізаваў у Бярэсці першы на тэрыторыі Княства кальвінскі збор. На кароткі час – да канца 60-х гг. XVI ст. – Бярэсце ператвараецца ў адзін з інтэлектуальных цэнтраў Еўропы, куды з’язджаюцца вядомыя вучоныя, пісьменнікі, музыканты, а таксама – ў буйны выдавецкі цэнтр, які прызначаў сваю прадукцыю не толькі чытачам Беларусі і Літвы, але і Польшчы (імкненне друкароў рэалізоўваць частку накладаў за Бугам – яшчэ адна прычына дамінацыі ў літаратуры Княства польскай мовы). Спачатку з ініцыятывы канцлера ў Бярэсці наладжвае выдавецкую справу вучань Эразма Ратэрдамскага, кракаўскі друкар Бернард Ваявудка. Пасля трагічнай смерці Б. Ваявудкі ў 1564 г. друкарня спыніла сваю дзейнасць, але праз чатыры гады пачала працаваць друкарня Станіслава Мурмэліуса і Цыпрыяна Базыліка, таксама пры падтрымцы М. Радзівіла.

Сёння вядомы больш за сорак берасцейскіх старадрукаў XVI cт. Сярод іх ёсць некалькі паэтычных кніг, у некаторых выданнях сустракаюцца асобныя вершы (напрыклад, у славутай радзівілаўскай Бібліі 1563-га года). Ю. Лабынцаў выказаў меркаванне, што колькасць берасцейскіх выданняў насамрэч значна большая, і што ў асноўным гэта былі польскамоўныя вершы панегірычнага характару, якія выдаваліся ў невялікай колькасці асобнікаў і таму да нас не дайшлі (Лабынцаў 1990: 170). З тых паэтычных твораў, што захаваліся да нашага часу, найбольш цікавыя вершаваныя тэксты з выдадзенага ў 1558 г. кальвінскага канцыянала Яна Зарэмбы, верш Андрэя Валяна “Да Палякаў і да Літвы” з трактата Аўгуста Ратундуса “Размова Паляка з Ліцвінам” (1564 / 1565), ананімная паэма “Пратэй, або Пярэварацень” (1564), вершы і паэма “Апісанне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл” (1562) Цыпрыяна Базыліка.

Напачатку 60-х гг. XVI ст. на тэрыторыі Беларусі ўзнікла яшчэ адна пратэстанцкая друкарня – ў Нясвіжы. Заснавана яна была Мацеем Кавячынскім, друкавала кнігі па-польску і па-лацінску, а вядомая перш за ўсё тым, што выдала дзве кнігі Сымона Буднага на беларускай мове: “Катэхізіс” (1562) і “Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам” (1562). Дзейнасць нясвіжскай друкарні мела выключна прапагандысцкі, службова-канфесійны характар. Сярод выдадзеных тут кніг мы не знойдзем паэтычных зборнікаў, і на старонках нясвіжскіх старадрукаў, наколькі нам вядома, у адрозненні ад берасцейскіх няма вершаў. Цікавасць для даследчыка паэзіі ўяўляе толькі арыянскі канцыянал 1563 г. і дадатак да яго з 1564-га года, выдадзеныя Даніэлем Лэнчыцкім.

Разгледзім у першым раздзеле працы найбольш значныя творы польскамоўнай паэзіі Беларусі 50 – 60-х гг. XVI cт., якія дайшлі да нас у берасцейскіх і нясвіжскіх старадруках.



Загрузка...