На мяжы XVI - XVII ст. самымі папулярнымі ў грамадстве відамі паэзіі з’яўляліся кніжна-эпіграматычная (геральдычныя, прэфацыйныя і дэдыкацыйныя вершы, звароты да Заіла) і сямейна-рытуальная (генеталіконы, матрыманіяльныя і фунеральныя творы).
Кніжныя эпіграмы мы знаходзілі ўжо на старонках берасцейскіх і нясвіжскіх выданняў 50-60-х гг., зазвычай сустракаліся яны ў лоскіх і віленскіх друках 70-80-х гг., зрабіўшыся амаль неад’емным элементам кнігі. Не дзіўна, што менавіта кніжныя эпіграмы замаўляюць выдаўцы ў Я. Казаковіча, а Г. Пельгрымоўскі, Я. Пратасовіч, Б. Будны і Я. Пятровіч старанна аздабляюць выданні сваіх кніг эпіграмамі на гербы магнатаў і дэдыкацыйнымі вершамі. У гэтым сэнсе ніякіх радыкальных зменаў у польскамоўнай паэзіі канца XVI - пачатку XVII ст. не адбываецца, можна гаварыць адно пра працяг традыцыяў папярэдніх этапаў развіцця.
Што датычыцца сямейна-рытуальнай паэзіі, то менавіта на сутыку Рэнесансу і Барока адбываецца яе шпаркае распаўсюджанне і, фактычна, інстытуалізацыя ў грамадстве. Друкаваная сямейна-рытуальная паэзія (вершаваныя творы з нагоды нараджэння, шлюбу і смерці чалавека) адыгрывала ў жыцці вышэйшых слаёў грамадства тую самую ролю, што вусна-паэтычныя творы (радзінныя, вясельныя і пахавальныя песні) у жыцці простага народа.
Першыя ўзоры сямейна-рытуальнай паэзіі ў пісьменстве Вялікага Княства Літоўскага стварыў у 40-х гг. XVI ст. Пётр Раізіуш (дзве лацінамоўныя эпіталамы з нагоды шлюбу каралевіча Жыгімонта Аўгуста з прынцэсай Альжбетай і лацінамоўная эпіталама на вяселле Мікалая Радзівіла), у 60-х гг. два фунеральныя творы выдаў, як мы памятаем, у Бярэсці Ц. Базылік (“Апісанне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл”, “Надпіс на гробе зацнага шляхціца Паўла Сецыгнёўскага”). Спачатку заказчыкамі на творы падобнага роду выступалі выключна прадстаўнікі заможнай арыстакратыі (Радзівілы, Хадкевічы, Сапегі, Кміты), а аўтарамі з’яўляліся іншаземныя паэты (гішпанец П. Раізіуш, немец Ё. Мыліуш, палякі Я. Каханоўскі і Ц. Базылік). Але з 90-х гг. на магнатаў пачала раўняцца і сярэдняя шляхта, аздабляючы вершамі сямейныя ўрачыстасці і жалобы, прычым ужо не было патрэбы звяртацца да іншаземцаў: за напісанне святочных і жалобных вершаў ахвотна браліся навучэнцы і выпускнікі калегіумаў і Віленскай езуіцкай акадэміі (М. Вітаслаўскі, К. Кярноўскі, В. Скравец, Г. Белазор, Ш. Шляскі і інш.), не адставалі ад малодшых калег, як мы пераканаліся, С. Кулакоўскі (“Катамерынон Слуцкага княства”), Я. Казаковіч (зборнік “Дух Данііла”) і Я. Пратасовіч (“Паранімфус”, “Эпіцэдзіум”). Яшчэ больш інтэнсіўна выдаюцца сямейна-рытуальныя творы ў XVII ст.: паводле падлікаў К. Мрочак, у XVI ст. у Польшчы і Княстве было надрукавана 92 эпіталамы, а ў XVII ст. – ажно 530 [Mroczek 1989; 61].
Існаваў традыцыйны трафарэт для напісання генеталіконаў (вершы з нагоды нараджэння дзіцяці), матрыманіяльных віншаванняў (вершы з нагоды шлюбу) і фунеральных твораў (вершы з нагоды смерці), таму іхні змест, як правіла, не вылучаўся разнастайнасцю, а мастацкі бок арыгінальнасцю. Але адрозніваліся формы выкладу матэрыялу ў вершаваных тэкстах (эпічная, лірычная, драматычная), а таксама спосабы іх выканання на ўрачыстасцях: чытанне, спевы, тэатральнае дзеянне. Друкаваная сямейна-рытуальная паэзія (асабліва матрыманіяльная) была непасрэдна звязана з абрадам, са сцэнарыем урачыстасці, нярэдка функцыянавала ў слоўна-музычнай форме, што прыпадабняла яе да фальклору. Аднак паэтыка кніжнага варыянта прыкметна адрознівалася ад паэтыкі вусна-паэтычных твораў, таму што, як і паэтыка урачыстых празаічных дэкламацый, узыходзіла да асноўных правілаў рыторыкі.
Геральдычныя, прэфацыйныя і дэдыкацыйныя вершы, матрыманіяльныя і фунеральныя творы мы знаходзім і ў творчасці Я. Казаковіча, Г. Пельгрымоўскага, Я. Пратасовіча, але разам з тым іхняя творчасць адлюстроўвае наступную заканамернасць: хаця кніжна-эпіграматычныя і сямейна-рытуальныя вершы былі найбольш запатрабаваныя шляхецкім грамадствам канца XVI - пачатку XVII стст., але самыя значныя дасягненні польскамоўнай паэзіі Беларусі гэтага перыяду звязаны з развіццём іншых жанраў: палітычнай, маральна-дыдактычнай і навуковай паэзіі.
Палітычныя праблемы прыцягвалі ўвагу прадстаўнікоў старэйшага пакалення паэтаў: Г. Пельгрымоўскага і Я. Казаковіча. Першы з іх, як пісар Княства, знаходзіўся ў гушчыні палітычных падзеяў і дыскусіяў і адлюстраваў іх у сваіх паэтычных творах (“Дыялог літоўскага шляхціца ... пра Інфлянцкую вайну”, “Патрыёт Айчыны да сенату і дзяржавы літоўскай”, “Размова аднаго паляка з маскалём”, “Пасольства да вялікага князя маскоўскага”). Непасрэдны ўдзельнік Лівонскай вайны, Г. Пельгрымоўскі да канца жыцця заставаўся верны тэме складаных узаемаадносінаў Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы, але выяўлялася гэтая магістральная тэма ў розных жанрах, увасаблялася ў адметных мастацкіх структурах. “Патрыёт Айчыны...” – гэта палітычна-публіцыстычная кампазіцыя з 23 вершаў, своеасаблівая гістарычная геаграфія Вялікага Княства Літоўскага. У “Дыялогу...” і “Размове...” Г. Пельгрымоўскі ў рэчышчы традыцый М. Рэя і Л. Гурніцкага звярнуўся да дыялагічнай формы выкладу матэрыялу, а “Пасольства...” мае дыярыушавую аснову і ўключае ў сябе як вершаваныя часткі, так і празаічныя ўстаўкі ў выглядзе розных дакументаў, спісаў, пералікаў. Менавіта на прыкладзе творчасці Г. Пельгрымоўскага яскрава відаць, што тэарэтычнай базай паэтычнай творчасці з’яўляліся ў тыя часы законы і прынцыпы рыторыкі, і таму паэтыку польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу будзе слушна назваць паэтыкай пераканання.
Я. Казаковіча цікавілі не канкрэтныя гістарычныя падзеі і палітычныя актуаліі, а універсальныя грамадска-сацыяльныя праблемы, агульны стан дзяржавы. Узяўшы за аснову лацінскую элегію “Арэшнік”, якая традыцыйна прыпісваецца Авідзію, Я. Казаковіч зрабіў вольны пераклад лацінскага першаўзора, прыўнёсшы ў “Італійскі арэшнік” крыху мясцовых рэаліяў і ўласных заўваг пра становішча простага чалавека ў грамадстве, пра адсутнасць належнай павагі да дзяржаўнай уласнасці. Услед за сваімі папярэднікамі, А. Валянам і аўтарам паэмы “Пратэй, або Пярэварацень”, Я. Казаковіч засцерагаў суайчыннікаў перад небяспекай дзяржаўнай анархіі ў Рэчы Паспалітай.
Сямейныя радасці і няшчасці, маральна-этычныя пытанні і праблемы пазнання Сусвету знаходзіліся ў цэнтры творчасці Я. Пратасовіча. Працягваючы традыцыі М. Рэя і С. Кулакоўскага, Я. Пратасовіч даў яскравыя ўзоры вершаванага маральна-дыдактычнага трактату, створанага на падставе антычных і хрысціянскіх крыніц (“Вобраз старога чалавека”, “Узор сумленнай белагаловай”, “Ахвярадаўца”). Палескі паэт з’яўляецца аўтарам першай у Рэчы Паспалітай энцыклапедыі “Inventores rerum, альбо Кароткае апісанне, хто што вынайшаў і даў людзям для ўжытку”, напісанай на падставе лацінскага сачынення італьянскага пісьменніка Палідора Вергілія “De inventores rerum”. Заснаваны не столькі на дакладных гістарычных фактах, колькі на звестках з міфалогіі і літаратуры лацінскі першаўзор Я. Пратасовіч шчодра дапоўніў уласнымі суб’ектыўнымі заўвагамі і рэфлексіямі, насыціў мясцовым каларытам. Некаторыя фрагменты з “Inventores rerum...” можна разглядаць як самастойныя вершы: яны паказваюць норавы і звычаі тагачаснай шляхты, адлюстроўваюць агульны маральны клімат эпохі і сведчаць пра наяўнасць у Я. Пратасовіча сатырычнага таленту, не рэалізаванага ім у ранніх маральна-дыдактычных творах.
Тыпалагічна і стылістычна да вершаванай энцыклапедыі Я. Пратасовіча блізкая паэма “Румяны для аздобы дзявочага твару” Радагляда Гладкатварскага (цалкам верагодна, што за гэтым дзіўным псеўданімам схаваўся менавіта Я. Пратасовіч). “Румяны...” ўзніклі як наследаванне “Касметыцы...” Авідзія і з’яўляюцца першым у Рэчы Паспалітай параднікам па касметыцы, адной з рэдкіх кніг у тагачаснай літаратуры, адрасаванай не чытачам, а выключна чытачкам. Функцыянальна “Румяны...” адносяцца да навуковай паэзіі, але маюць і некаторыя сатырычныя рысы: пераказваючы змест “Касметыкі...”, аўтар “Румян...” свядома дыстансаваўся ад яе сваім псеўданімам, прысвячэннем Даўгоце Міластройскай, арыгінальнай “Прадмовай да паненак” і, самае галоўнае, жартаўлівым ладам апавядання. Заканамерна, што трапіўшы на польска-беларускую культурную глебу, паэма Авідзія атрымала форму не даслоўнага перакладу і не пародыі, а іранічнай парафразы, у якой эстэтычныя ідэі і маральныя перакананні арыстакратычнага рымскага асяроддзя часоў Аўгуста пераламіліся ў люстры эстэтычных ідэяў і маральных уяўленняў шляхты Рэчы Паспалітай пачатку XVII ст. “Чалавечы век” С. Кулакоўскага, “Італійскі арэшнік” Я. Казаковіча і паэма “Румяны...” Радагляда Гладкатварскага сведчаць, што менавіта творы Авідзія, а не паэмы Гамера і Вергілія найчасцей браліся для наследавання паэтамі Беларусі эпохі Рэнесансу.
У канцы XVI – пачатку XVIІ ст. у творчасці тых паэтаў, што прыйшлі ў літаратуру яшчэ ў 80-х гг., назіраюцца выразныя праявы ліцвінскай самасвядомасці. Але паралельна з гэтым, у творчасці маладзейшых паэтаў, праяўляецца абыякавасць да ўласнай нацыянальнай і дзяржаўнай прыналежнасці альбо пасіўнае атаясамліванне сябе з Польшчай, што станецца характэрнай адзнакай польскамоўнай паэзіі эпохі Барока.
Як даніну павагі да слаўнай мінуўшчыны Вялікага Княства Літоўскага можна разглядаць паэму С. Кулакоўскага “Катамерынон Слуцкага княства” (1593). Невядома дакладна дзе нарадзіўся паэт – у Княстве ці ў Польшчы, невядома ці сам ён выбраў тэму для свайго чарговага твора, ці атрымаў замову кагосьці з Хадкевічаў, але зварот паэта да гісторыі старадаўняга беларускага роду Алелькавічаў і годнае ўшанаванне памяці трох заўчасна памерлых слуцкіх князёў Юрыя, Яна Сімяона і Аляксандра трывала звязваюць С. Кулакоўскага з культурай Беларусі і забяспечваюць яму месца на Парнасе побач з такімі патрыётамі Вялікага Княства Літоўскага, як М. Стрыйкоўскі, А. Рымша, Г. Пельгрымоўскі. Характэрна, што ў сваю паэму С. Кулакоўскі ўвёў алегарычную постаць Слуцкага Княства, тыпалагічна блізкую да вобраза Радзімы з ананімнай паэмы “Пратэй, або Пярэварацень” і вобраза Літвы з вершаванй кампазіцыі Г. Пельгрымоўскага “Патрыёт Айчыны да сенату і дзяржавы літоўскай”, а аповяд пра подзвігі і заслугі прадстаўнікоў роду Алелькавічаў перад Бацькаўшчынай распачынае ад князя Альгерда, што набліжае фунеральную паэму “Катамерынон...” да вершаваных хронік М. Стрыйкоўскага.
У творчасці Я. Казаковіча выразныя праявы беларуска-літоўскага дзяржаўнага патрыятызму назіраюцца і ў 80-х гг., і ў 90-х XVI – пачатку XVIІ ст. Выказваючы ў звароце да Януша Радзівіла (“Радзівіліяда...”, 1588 г.) спадзяванне, што ў асобах маладых Радзівілаў Літва будзе мець сваіх Курцыяў, паэт у эпіграме на герб Мікалая Зяновіча (“Новы Запавет”, 1593) з гонарам падкрэслівае, што старадаўні род Дэспатаў-Зяновічаў належыць Літве, а ў прысвячэнні Станіславу Кішку (“Італійскі арэшнік”, 1603) наракае на недахоп у Літоўскім краі “шчырага золата” для ўзнагароды мецэната за ягоныя дабрачыннасці. І ў геральдычных эпіграмах, і ў дэдыкацыйных вершах Я. Казаковіч найперш адзначае заслугі сваіх герояў-адрасатаў перад Айчынай (на полі бітвы, на культурна-асветніцкай ніве), і ў значна меншай ступені цікавіцца сімволікай гербаў і падрабязным зместам кнігі, якую прадстаўляе чытачам. Каб не ўзнікала ніякіх сумненняў наконт ягонага паходжання і дзяржаўнай прыналежнасці, Я. Казаковіч, як мы ўжо адзначалі, дадаваў да свайго прозвішча прыдомак “Ліцвін”, як і ягоны прыяцель А. Рымша, а таксама лацінамоўныя паэты В. Агрыпа і Я. Радван.
Не меншым, чым Я. Казаковіч, патрыётам Вялікага Княства Літоўскага быў Г. Пельгрымоўскі, які пад “Дыялогам літоўскага шляхціца пра Інфлянцкую вайну...” падпісаўся “E. P. Philalethes Lithuanie” і ананімна выдаў зборнік вершаў пад красамоўнай назвай: “Патрыёт Айчыны да сенату і дзяржавы літоўскай”. У гэтых і іншых сваіх творах Г. Пельгрымоўскі піша пра слаўную мінуўшчыну і сучаснасць Літвы, яе дзяржаўных дзеячаў і палкаводцаў, адстойвае тэрытарыяльныя інтарэсы Княства не толькі перад Масковіяй, але і перад Польшчай (праўда, пяру Г. Пельгрымоўскага належыць і “Размова аднаго паляка з маскалём...”, але ягоны Паляк уваходзіць у склад Літоўскага пасольства, ужывае ў размове рускія ды беларускія словы, і адгукаецца на імя Іван). Менавіта ў творчасці Г. Пельгрымоўскага ліцвінскі патрыятызм выяўляецца найбольш паслядоўна: выказванні на вобразна-эмацыянальным узроўні (пранікнёныя маналогі Мілосніка Айчыны і Літвы ў “Патрыёце...”) спалучаюцца з гістарычнай і палітычнай аргументацыяй (разважанні Ганца і Рыцара ў “Дыялогу літоўскага шляхціца...”, прамовы Льва Сапегі ў “Пасольстве да вялікага князя маскоўскага”). Услед за А. Рымшам, які ў 80-х гг. XVI ст. разам з лацінамоўнымі і польскамоўнымі вершаванымі творамі даў некалькі ўзороў беларускамоўных, Г. Пельгрымоўскі напачатку XVIІ ст. актыўна выкарыстоўвае старабеларускую мову ў сваіх польскамоўных творах, калі прамаўляе ад імя персанажаў беларускага і рускага паходжання (“Размова паляка з маскалём...”, “Пасольства да вялікага князя маскоўскага”).
Безумоўна, у палітычных дыялогах і героіка-эпічных паэмах дзяржаўнай самасвядомасць і патрыятызм аўтараў праяўляўся яскравей, чым у сямейна-рытуальных, маральна-дыдактычных і эўрыстычных творах. Але, з другога боку, выбар тэмы і жанра твора пэўным чынам залежыў ад ступені заангажаванасці паэта ў палітычнае жыццё, ад ягонай грамадскай пазіцыі.
Пра прыналежнасць аўтара “Румянаў...” да культуры Вялікага Княства Літоўскага мы можам меркаваць толькі на падставе заўвагі, што ячмень расце не ў заморскіх краінах, а ў Польшчы і Літве, дзе з яго вырабляюць дабрае піва. Хутчэй за ўсё аўтар паэмы жыў на тэрыторыі Княства, але сваю Бацькаўшчыну называў Польшчай, бо раіў чытачкам: “Nie trzeba Indu zwiedzić y Libiyskich włości / Szukając farb wytwornych. Тakie Polska rodzi / A nie wątpcie potrzebie oyczyzna dogodzi” [Barwiczka 1605; 5]. Падобныя палітычна-геаграфічныя ўяўленні меў і Ян Пратасовіч, калі меркаваць па некаторых ускосных выказваннях з ягоных твораў. Так, згадваючы ў вершаванай энцыклапедыі “Пра вынаходніцтвы рэчаў...” самую старажытную прафесію свету, паэт з веданнем рэаліяў паведамляў, што прастытутак поўна ў кожным горадзе, але асабліва шмат іх у варшаўскіх прадмесцях. Беларускі шляхціц з-пад Пінска відавочна пачуваўся носьбітам польскай культуры, калі падкрэсліваў, што звычай цалавацца пры сустрэчы “... prawie ustał u Polaków, / Lecz tylko jeszcze został u Rusi prostaków” [Protasowicz 1973; 63], альбо з гонарам адзначаў, што ў навуцы танца “... naszy Polacy, choć pózniej poczęli / Tańcować, tedy Włochom naprzod nic nie dadzą” [Protasowicz 1973; 85].
Выразны ліцвінскі патрыятызм Я. Казаковіча і Г. Пельгрымоўскага на фоне творчасці паэтаў малодшага пакалення (Я. Пратасовіча, Радагляда Гладкатварскага, выпускнікоў Віленскай езуіцкай акадэміі) выглядаў хутчэй рудыментам мінулага, чым тэндэнцыяй новага часу. Я. Казаковіч і Г. Пельгрымоўскі сфарміраваліся як асобы яшчэ ў 80-х гг. XVI ст. у патрыятычным асяродку пры двары Радзівілаў біржайскай лініі, галоўных ініцыятараў “ліцвінскіх”, незалежніцкіх настрояў у Вялікім Княстве Літоўскім (Г. Пельгрымоўскі пазней знаходзіўся пад уплывам “памяркоўнага незалежніка” канцлера Льва Сапегі). Амаль усе паэты-ліцвіны XVI ст. (Ф. Градоўскі, А. Рымша, Я. Радван, Я. Казаковіч, Г. Пельгрымоўскі) вызнавалі кальвінізм, як і іхнія мецэнаты-Радзівілы, а на сутыку Рэнесансу і Барока ў паэзію прыйшло шмат аўтараў каталіцкага веравызнання, нарадзіўшыхся пасля Люблінскай уніі, якія лічылі сваёй Айчынай Рэч Паспалітую і называлі яе проста “Польшчай”.